Дацэнт журфака БДУ прааналізавала тэксты Мукавозчыка і даказала: гэта прапаганда

Дацэнт кафедры медыялогіі журфака БДУ Інга Воюш правяла лінгвістычную экспертызу артыкулаў Андрэя Мукавозчыка і даказала, што тэксты калумніста «Советской Белоруссіі» ўяўляюць сабой прапаганду.
Інга Дзмітрыеўна прааналізавала 200 тэкстаў Мукавозчыка за летні перыяд гэтага года з яго аўтарскай калонкі «Накіпела» ў СБ, у якіх ён аналізуе выбарчую кампанію.
Толькі паглядзіце, якімі выразамі Мукавозчык апісвае ў сваіх калонках грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў, журналістаў, грамадзян іншых краін:
- убогие;
- петюни-петушки;
- врушки- тутбаевки;
- обезумевшие крысы;
- стервятники;
- падальщики;
- «свободные нехты» с «мотольками головного мозга»;
- стоящие в очереди, чтобы нами всеми поруководить;
- белоцепкальные;
- приколисты и придуривающеся;
- карикатура на самих себя;
- свора интеллектуальных бомжей;
- главный штабист;
- польские покровители нехт и мотолек;
- каждое ничтожество;
- наша флейтистка;
- человек, страстно хотящий порулить;
- вице-король для хорошего сумасшедшего;
- клоуны новоявленной рады.
«Наша Ніва» спытала ў самой Інгі Дзмітрыеўны, чаму яна абрала такую тэму для канферэнцыі і ці не баіцца выкладчыца наступстваў:
«Тэму я абрала яшчэ ў жніўні, за некалькі месяцаў да канферэнцыі. Гэта штогадовая канферэнцыя БДУ, па выніках якой рыхтуюцца зборнікі. Чаму абрала такую тэму? Гэта вельмі яркія тэксты, іх цяжка не заўважыць. Мы ўсе іх чытаем, усе з імі знаёмімся. Гэта актуальна — чаму не аналізаваць тое, што на слыху?
Такія тэксты заўсёды былі ў журналістыцы. Справа ў тым, што зараз не вельмі праяўленыя такія сатырычныя жанры, як фельетон, дапусцім. І хаця б адзін такі сучасны прыклад у нас ёсць. Яшчэ падобнае ёсць на тэлебачанні — праграма «Як ёсць».
Вось гэта рэдкія прыклады, на якіх мы можам навучыць студэнтаў, як трэба і як не трэба ствараць сатырычныя тэксты.
Што прыемна ў маёй сітуацыі — відаць, цікавасці да навукі стала болей. Бо канферэнцыі яшчэ не было, а аналіз мой ужо адшукалі. Я рада: калі гэта папулярызуе навуку, то на здароўе».
Інга Дзмітрыеўна кажа, што ніякіх перашкод для публікацыі аналізу ў яе не было.
«У нас не прынята абмяжоўваць навуковую дзейнасць, навуковую думку. Справа ў тым, што калі мы ў навуцы не будзем асэнсоўваць нейкія феномены, то што будзе тады з наступнымі пакаленнямі навукоўцаў? Яны ж павінны ведаць усе цяперашнія з’явы. Вось навукоўцы і звяртаюцца да тых тэм, якія зараз іх хвалююць».
Інга Дзмітрыеўна — адна з той паўсотні выкладчыкаў БДУ, што 9 лістапада падпісалі зварот.
«За звальненне не баюся і падтрымліваю студэнтаў як магу. Пакуль ніякіх наступстваў маёй дзейнасці не было», — удакладняе выкладчыца.
Каментары