Літаратура

Святлана Алексіевіч павіншавала сяброўку і пісьменніцу Марыю Вайцяшонак з 80-годдзем: Мілая Маша, пішы доўга

Cёння — 80 гадоў паэтцы і аўтарцы прозы Марыі Вайцяшонак. Адмыслова да дня нараджэння сяброўкі нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч напісала віншавальнае эсэ. Яно з'явілася на сайце Саюза беларускіх пісьменнікаў. 

У Марыі Вайцяшонак адметны голас і ў паэзіі, і ў прозе, я думаю, што і тое, і другое ў яе паэзія. Такі ў яе погляд на свет — усё пад гэтым поглядам пераўтвараецца, у любой дробязі, у самым звыклым імгненні штодзённасці бачыцца штосьці вечнае. Напэўна, гэта святло.

Мы з Марыяй ужо ведаем адна адну паўстагоддзя, аднак я не перастаю захапляцца, як радасна яна ўмее жыць, браць сілы і веру, якім, здавалася б, няма адкуль узяцца. Аднекуль з самой сябе, з уласных сховаў. Як нядаўна яна напісала: «Трэба жыць, жыць». Усё яе жыццё — супраціўленне.

Нарадзілася ў сібірскіх рудніках ў сям’і сасланага перад вайною асадніка: бацька — паляк, маці — беларуска.

Сям’я там загінула, а яна вучылася голасу і роднай мове ў цёткі Марылі, сястры маці, якая яе маленькую ўратавала. Непісьменная, аднак змагла дамагчыся, каб дзіцё ёй аддалі, вярнулі. Здаўна назапашваўся ў гэтым родзе талент, бо цётка Марыля была таленавітая пявуння, яна добра спявала, часцей адпявала «нябожчыкаў», тых, хто пакінуў гэты свет, але яшчэ не паспеў дайсці да Бога, распавесці яму сваё жыццё. Цётка Марыля дапамагала яму і ягонай радні, якая сіратліва ўзіралася ў нябёсы. А куды яшчэ было глядзець?

Я не паспела пабачыць цётку Марылю, за год да нашае сустрэчы з Машай яна памерла, але мне здаецца, што душа ў Машы цётчына. І справа на зямлі цётчына — здзіўляцца і смуткаваць.

Не сустракала іншага чалавека, які б так, як Маша, востра, амаль хваравіта адчуваў недасканаласць нашага свету: як пакутуюць людзі, птушкі, звяры — усе ажно да кветачкі. На лецішчы ў нас нікому нельга сарваць кветачку проста так, дзеля прамільгнулага настрою. У Машы любяць бываць вясковыя дзеці, і я не раз чула яе ўрокі — «Навошта ты сарваў кветачку? Ёй жа балюча!» І божай кароўцы таксама балюча… Ва ўсіх ёсць душа.

Гэта філасофія ўсіх Машыных тэкстаў. Людзі яшчэ не навучыліся радаваць свайго аслабелага ад жорсткасці і нянавісці ў свеце анёла. Анёла можна парадаваць толькі тым, што хочаш быць чалавекам. Чалавекам дабрыні.

Марыя Вайцяшонак — пісьменніца, якая сама па сабе традыцыя, стыль і мова, яна — вялікая падзея ў нашай літаратуры. Лёгкасць яе мовы ад паўнаты пачуццяў, а паўната пачуццяў ад таго, што яна ведае, яшчэ маленькай і адзінокай дзяўчынкаю ў Сібіры здагадалася, — жыць страшна і ў той жа час цікава. Героі Марыі Вайцяшонак пастаянна пра гэта думаюць. За кожнае сваё слова яна сумленна плоціць.

Мне ўсё менш падабаюцца юбілеі. Усё можна прыняць у жыцці, прынамсі, шмат што, акрамя аднаго — занадта хутка ідзе час. Толькі б не стаміцца.

Цяпер Марыя Вайцяшонак вядзе ў інтэрнэце старонку «На прызбе ў Сілічах». Калі чытаеш яе, адразу трапляеш у іншую прастору, расшыраюцца твае зрэнкі. Ты бачыш больш, ты пачынаеш чуць інакш, вакол цябе ўжо іншы свет. У гэтым свеце нікому не хочацца рабіць балюча. Важнейшага ўрока я не ведаю.

Мілая Маша, пішы доўга.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Следам за «Еўраоптам» вобшукі адбыліся і ў «Дабраноме»5

Следам за «Еўраоптам» вобшукі адбыліся і ў «Дабраноме»

Усе навіны →
Усе навіны

Рагачоўскі прапагандыст паўгода не можа ўладкавацца на працу

Чаму аднушка пана Ежы можа вырашыць лёс выбараў прэзідэнта Польшчы. Што трэба ведаць пра першы тур галасавання9

«Утопія, заснаваная на эмпатыі». На амерыканскім фестывалі Burning Man будзе беларускі лагер

У жодзінскай турме прайшлі вучэнні з удзелам АМАПа3

У Брэсце дзяўчына пабачыла арыенціроўку на зніклага чалавека — і знайшла яго за пару хвілін1

Праект зайшоў у тупік? Што з самалётам, які хацелі выпускаць у Беларусі1

Wildberries адказаў на сітуацыю з беларускай, якая заказала 34 купальнікі3

«Паперка, а не падстава для выезду». Беларуса з польскім праязным дакументам не пусцілі на самалёт

У якіх гарадах Беларусі будуюць найбольш жытла? Розніца паміж усходам і захадам уражвае10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Следам за «Еўраоптам» вобшукі адбыліся і ў «Дабраноме»5

Следам за «Еўраоптам» вобшукі адбыліся і ў «Дабраноме»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць