Кіно

«Венецыя, Берлін, Каны праяўляюць інтарэс». Расійскі рэжысёр з дапамогай Шклярава зняў у Таліне фільм аб пратэстах у Беларусі

Расійскі рэжысёр Барыс Гуц адсправаздачыўся аб завяршэнні здымак фільма Minsk. Знятая адным кадрам карціна распавядае пра беларускія падзеі мінулага жніўня. «Першы ігравы фільм пра пратэсты ў Беларусі, пра збіванне і катаванне, пра тое, як невінаватыя люді траплялі ў гэтую мясарубку», — напісаў Віталь Шкляраў, што стаў адным з прадзюсараў праекта. Карціна здымалася ў Таліне і рабілася высілкамі шматнацыянальнай каманды, у якой сабраліся прафесіяналы з Беларусі, Расіі, Эстоніі, Украіны, Польшчы, Італіі і ЗША. Цяпер Minsk рыхтуецца да найбуйнейшых кінафестываляў свету. Пра падрабязнасці распыталі ў рэжысёра.

Рэжысёр Барыс Гуц. Фота з акаунта ў фэйсбуку

— Чаму вы вырашылі ўзяцца за тэму жнівеньскіх падзей у Беларусі?

— Як і многія людзі, 9-га, 10-га, 11-га жніўня мінулага года я сачыў за падзеямі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі, і гэта не магло пакінуць мяне абыякавым. Па-першае, я нецярпімы да гвалту, асабліва паліцэйскага, да таго ж я напалову беларус. Я вырашыў, што ў гэтым выпадку, калі немагчыма маўчаць, у маіх сілах зрабіць кіно і расказаць у ім пра пачуцці, адчай і шок, якія зведалі беларусы. Я даўно хацеў зняць фільм адным кадрам, у мяне была фабула сюжэта, але не было матэрыялу — і вось ён, на жаль, здарыўся. Увесь гэты час я не пакідаў ідэю карціны, яна мяне непакоіла, фільм сніўся мне па начах — гэта мая чацвёртая поўнаметражная работа і чатырнаццаты сцэнарый, але такое ў маім жыцці ўпершыню. Заўсёды, калі ўзнікалі перашкоды, мне было прасцей напісаць іншы сцэнарый і пачаць прасоўваць яго. У гэтым выпадку я зразумеў, што тэма мяне не пакідае. Напэўна, гэтае дзікае жаданне расказаць, пракрычаць, выказацца і дазволіла сабраць людзей з розных краін у Эстоніі.

— А якія перашкоды былі ў працы над фільмам?

— Нам не далі здымаць у Расіі, дзе я жыву, прыкрыўшыся паперкамі пра складаную эпідэміялагічную сітуацыю. У кулуарах жа прамым тэкстам казалі, што не трэба рабіць гэта кіно, а бел-чырвона-белы сцяг у ім будзе знакам нечага рэвалюцыйнага і нават экстрэмісцкага.

— Фільм называецца Minsk. Які Мінск у вашай карціне?

— Ціхі, спакойны, дружалюбны горад, у якім ты можаш сустрэцца з сябрамі, разам сесці ў машыну і ў чыстай атмасферы цёплага лета паехаць катацца. І дзе раптам па загадзе нейкіх незразумелых люзей уся цеплыня і ўтульнасць разбураецца выбухамі і стральбой. Зразумела, Мінск тут выступае практычна як хадзячая назва, людзі наверсе робяць усё, каб і горад, і сама краіна па ўсім свеце працягвалі асацыявацца з нечым вар’яцкім, дыктатарскім, бязмежным. Я ўпэўнены, гэтаму прыйдзе канец, але пра гэта трэба гаварыць. Мне хацелася выказацца не толькі пра палітыку і паліцэйскае бязмежжа — фільм таксама пра каханне і тое, як шчасце маладых людзей, якія толькі што ажаніліся і плануюць дзіця, можа быць растаптанае не за месяц, не за гады, а за паўтары гадзіны.

Кадр з фільма

— Прыём здымкі адным кадрам прыйшоўся дарэчы?

— Так, у мяне не было сумневаў, што трэба рабіць менавіта так. Многія сцэны ў фільме рэканструююць апублікаваныя ў тэлеграм-каналах відэа. Калі склаўся сцэнарый, я зразумеў, што гэтую гісторыю трэба расказваць не мантажна, а максімальна набліжана да рэальнасці, каб камера не выключалася і глядач пераўтвараўся ў саўдзельніка падзей. Гэта складаны прыём, але аказалася, што з сучаснымі тэхналогіямі яго можна рэалізаваць дастаткова проста. Зрэшты, да здымак мы рыхтаваліся дзевяць месяцаў — гэта раскошны тэрмін, і ён дазволіў нам зняць кіно літаральна за чатыры здымачныя змены. Мы зрабілі сем дубляў, самае складанае цяпер — выбраць той самы адзін дубль. Прынцыпова не хочацца схаваных мантажных склеек, я забараніў сабе іх выкарыстоўваць.

— На адным з апублікаваных кадраў бачыцца адсылка да Аляксандра Тарайкоўскага. Якія яшчэ адсылкі можна будзе знайсці?

— Хацелася б, каб глядач глядзеў кіно з абсалютна чыстай свядомасцю, не важна, ці пазнае ён нешта альбо не. Гэта ігравы фільм, у ім ёсць месца мастацкаму вымыслу, недзе гратэску, але некаторыя сцэны будуць пазнавальнымі — нават не па канкрэтным увасабленні. Проста гэта сумныя і жорсткія элементы многіх пратэстаў, якія адбываліся ў Мінску, Маскве ці Піцеры. Магу толькі сказаць, што аматарам беларускага футбола будзе цікава ўбачыць некаторыя праявы фанацкіх рухаў.

— У вас шматнацыянальная каманда. Раскажыце пра беларускую частку. 

— У нас дастаткова шмат людзей з Беларусі, якія па розных прычынах цяпер жывуць у Таліне. Некаторыя нават прасілі не называць свае імёны ў цітрах, каб пазбегнуць пераследу. Беларуская частка звязаная з акцёрамі, але галоўнае — адным з прадзюсараў з’яўляецца Віталь Шкляраў, які ў мінулым годзе тры месяцы адседзеў на Валадарцы. Ён наш даўні сябар, і пасля вызвалення і пэўнай псіхалагічнай рэабілітацыі праявіў жаданне зняць фільм разам з намі. Ён стаў нашым галоўным кансультантам і, калі можна так сказаць, натхняльнікам, бо ведае пра тыя падзеі як грамадзянін Беларусі, паліттэхнолаг і іх актыўны ўдзельнік — гэта дазваляе фільму не хлусіць.

— Фільм рыхтуецца для фестываляў ці пракату?

— Паколькі тут ёсць доля эксперыменту, гэта ў першую чаргу фестывальны фільм. Мы яшчэ да здымак пачалі весці перамовы: дыстрыб’ютары, сэйлс-агенты, буйныя кінафестывалі, у прыватнасці, Венецыя, Берлін, Каны, праяўляюць да карціны вялікі інтарэс. Зараз мы зробім чарнавую версію і будзем з імі ўсімі працаваць, каб прадставіць фільм максімальна шырока, гучна і ярка. Прэзентацыя праекта запланаваная на кінарынку Канскага кінафестывалю, а прэм’ера, думаю, адбудзецца ўвосень. Я спадзяюся, што адсутнасць мантажу дазволіць нам хутчэй данесці кіно не толькі да фестывальных эстэтаў і кінакрытыкаў, але і да шырокага кола гледачоў. Не ўпэўнены, што Беларусь і Расія ўбачаць яго ў найбліжэйшы час на вялікіх экранах, але інтэрнэт ніхто не адмяняў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе9

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе

Усе навіны →
Усе навіны

Польшча адкрые новы будынак пасольства ў Мінску28

Варшава аслабляе дыпламатычны ігнор Мінска. Упершыню пасля 2020‑га сустрэліся міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы 14

Які вінаград больш карысны: цёмны ці зялёны, з костачкай ці без?5

За сцяной грабніцы Тутанхамона можа хавацца яшчэ адна грабніца. Магчыма, Неферціці3

Брэсцкі губернатар прапанаваў перастаць імпартаваць замежныя яблыкі8

Каб перамагчы сацыяфобію, гомельская дзяўчына наважылася на незвычайны крок2

Коўл не падымаў з Лукашэнкам пытанне дэмакратызацыі. «Можа, калі-небудзь падыму»12

Джон Коўл зоймецца выцягваннем з турмаў расійскіх палітзняволеных1

Трамп не баіцца, што калійная здзелка з Беларуссю можа ўзмацніць пазіцыі Расіі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе9

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць