«Малю тых, хто вядзе справу, дазволіць маме прагулкі». Яўгенія Чарняўская — пра месяц хатняга арышту і лёс Tut.by
Месяц таму, 18 мая, затрымалі ўдаву заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера Юлію Чарняўскую. Тады ж заблакавалі сайт Tut.by і затрымалі многіх супрацоўнікаў. «Свабода Premium» пагутарыла з Яўгеніяй Чарняўскай пра ўмовы хатняга арышту для яе маці, культуролага, пісьменніцы, выкладчыцы Юліі Чарняўскай і лёс Tut.by, заснаванага бацькам — Юрыем Зісерам.
«Людзі ў СІЗА маюць паўтары гадзіны прагулкі ў дзень, мама такой магчымасьці ня мае»
— Што вам вядома пра стан здароўя, настрой маці пад хатнім арыштам? Як часта вы можаце атрымліваць ад яе інфармацыю праз адваката, што можаце ёй перадаваць самі?
— Мама адчувае сябе цярпіма, стараецца шмат хадзіць. Яна фактычна інвалід паводле фізычнага стану, у яе праблемы са сьпінай і нагамі. Усё, што цяпер адбываецца, найперш жахліва для яе здароўя. Ёй трэба рухацца, выходзіць, а такой магчымасьці ў яе цяпер няма. Мама можа хадзіць толькі па кватэры. Я ведаю, што яна ходзіць проста туды-сюды. Гэтага мала. Людзі ў СІЗА маюць паўтары гадзіны прагулкі ў дзень, яна такой магчымасьці ня мае.
Але ў асноўным яна адчувае сябе ніштавата, наколькі гэта магчыма. Ведаю, што ёй аказвалі мэдычную дапамогу, калі ў яе былі канкрэтныя праблемы, якія трэба вырашыць. Наколькі часта я зь ёй маю зносіны? Ня часта. Гэта выглядае такім чынам — я расказваю адвакату, што думаю, адчуваю, што хачу маме перадаць. Адвакат гэта ёй пераказвае на словах. Такім чынам арганізаваныя маміны зносіны з вонкавым сьветам, што, уласна, азначае поўную ізаляцыю, бо, акрамя адваката, яна паводле закону ня мае права мець зносіны зь ніводным чалавекам. Гэта ўсё кантралюецца. У яе няма тэлефона з інтэрнэтам, няма кампутара з інтэрнэтам… Я маму ня бачыла і ня чула ўжо месяц.
«Для яе самая жахлівая частка арышту — абсалютная сацыяльная і эмацыйная ізаляцыя»
— Праз хатні арышт 10 гадоў таму прайшлі Ірына Халіп і Ўладзімер Някляеў, і ўвесь гэты час зь імі ў кватэры знаходзіліся супрацоўнікі спэцслужбаў. У Някляевых былі адносна нэўтральныя адносіны зь імі, у Ірыны Халіп — дастаткова напружаныя. Выглядае, што з маці нехта ўвесь час знаходзіцца ў кватэры. Ведаючы яе, можаце ўявіць, як яна на гэта рэагуе?
— Таты ня стала год таму. Маці жыве адна. Ёй няма з кім мець зносіны, няма чалавечага цяпла побач. Неяк «закрытыя» фізычныя патрэбы — бытавыя рэчы, прадукты, вынас сьмецьця. Я не магу даваць пра гэта падрабязнасьці, як і не магу расказваць, хто ў яе знаходзіцца і як знаходзіцца. Гэта таямніца сьледзтва. Але зыходзячы з таго, што расказалі Ўладзімер Някляеў і Ірына Халіп, наўрад ці ў мамы будзе адрозьнівацца сытуацыя. Калі гэта так, то для мамы гэта вельмі няпроста, бо ёй трэба вельмі шмат чалавечага цяпла і эмоцый. Звычайна яна мела магчымасьць кантактаваць зь людзьмі, даносіць ім цяпло і атрымліваць яго.
Мне падаецца, што для яе самая жахлівая частка гэтага арышту — абсалютная сацыяльная і эмацыйная ізаляцыя. Я ня думаю, што калі б хто там знаходзіўся, то гэта людзі з доктарскімі ступенямі, зь якімі можна было б шмат і падрабязна размаўляць на цікавыя тэмы.
«Я малю тых, хто вядзе справу, каб маме дазволілі прагулкі»
—У Фэйсбуку зьявілася старонка «Юлія Чарняўская пад арыштам», у камэнтарах да пастоў вельмі шмат людзей хочуць падтрымаць яе. Ці ёсьць магчымасьць перадаць ёй словы падтрымкі тысячаў людзей?
— Ад першага дня задаваліся пытаньні, што можна прыслаць, прывезьці, дзе яна жыве, ці можна ёй памахаць пад вокнамі, ці можна дасылаць кветкі, паштоўкі, перадачы і піражкі. Гэтага ўсяго рабіць нельга. І калі б людзі гэта рабілі ці зрабілі, гэта паставіла б пад пагрозу яе хатні арышт і пагоршыла яе ўмовы. Таму нічога нельга, акрамя словаў падтрымкі, якія людзі могуць пісаць. Нічога ёй перадаваць нельга.
Я была б шалёна рада і малю тых, хто вядзе справу, каб маме дазволілі прагулкі. Там, дзе яна цяпер жыве, ёсьць цалкам закрытая прыватная тэрыторыя, дзе можна проста гуляць, і там ня будзе ніводнага чалавека. Гэтае абсалютна закрытае месца не ўяўляе ніякай небясьпекі для нашай дзяржавы. Я б найперш настойвала на гэтым і на праве на карэспандэнцыю, гэта б палегчыла сытуацыю.
— Як перажывае гэта ўсё ваша бабуля? Ці ёсьць у яе хоць якая магчымасьць кантакту з дачкой?
— Бабуля ні разу ня бачыла мамы, гэтаксама як і я. Ні разу ня чула мамы праз тэлефон, гэтаксама як і я. Мне падаецца, што гэта так проста — даць пяць хвілін ім пагаварыць. Я лічу гэта абсалютна бесчалавечным. Бабулі 83 гады, і неабходная ўмова выжываньня іх абедзьвюх, каб яны маглі стэлефанавацца і пагаварыць. Але не, такога не адбываецца. Толькі праз адваката бабуля перадае словы падтрымкі.
Мне і бабулі застаецца здагадвацца, як маці там праводзіць дні. Ведаю, што яна малюе, што яна паступова распакоўвае каробкі, бо яна пераехала літаральна за некалькі дзён да ўсяго гэтага. Ведаю, што яна чытае і стараецца перакладаць тэксты з ангельскай мовы. Гэта новае для яе хобі. Нічога ёй перадаваць нельга. Я прасіла слоўнік перадаць — нельга. Я нават букет кветак не магу ёй даслаць.
— Сабачка зь ёй, але ж сабачку выгульваць трэба…
— Гэтае пытаньне нейкім чынам вырашылася, але гэта ня мама сабачку выгульвае. Сабачка моцна ратуе, ня злазіць з маміных ног, аблізвае з ног да галавы.
«Я імкнуся дзейнічаць так, як бы дзейнічаў тата»
— Націск на Tut.by, спробы адабраць, перафарматаваць гэты праект былі неаднойчы ў мінулым. Што вам бацька казаў, раіў, пра што папярэджваў, ведаючы, што гэты ціск ня спыніцца? Які быў ягоны галоўны запавет наконт Tut.by?
— Не было ніякіх прыгожых словаў і перадсьмяротных пажаданьняў. Тата быў абсалютным аптымістам, верыў у тое, што ўсё будзе добра, што здаровы сэнс пераможа. Ён вялікі адэпт усяго, што зьвязана са здаровым сэнсам і рацыянальнасьцю. Ён ня мог сабе ўявіць такога разьвіцьця падзеяў.
Часам я думаю, што вельмі шкада, што ён не пабачыў 200 тысяч людзей на вуліцах Менску, не пабачыў соцень людзей пад офісам, якія крычаць «Жыве Tut.by». У той жа час я шчасьлівая, што ён не пабачыў таго, што цяпер адбываецца з Tut.by, як нахабна, мярзотна, беспадстаўна, на надуманых падставах развальваюць тое, што ён будаваў дваццаць гадоў. Я імкнуся дзейнічаць так, як бы дзейнічаў ён.
Я думаю, што ён не хацеў, каб мама была ў небясьпецы, і таму ягоную долю ў Tut.by атрымала ў спадчыну я. Адпаведна, гэта значыць, што пры цяперашнім рэжыме я ніколі ня траплю ў Беларусь.
Мама ня мае да Tut.by увогуле ніякіх адносінаў, таму гэта абсалютнае вар’яцтва, што яна пад арыштам. Яна ніколі не ўплывала на рэдакцыйную палітыку… Тата заўсёды казаў, што рэдакцыя сама ведае, што рабіць, і калі я буду загадваць, што рабіць і як асьвятляць навіны, у гэты дзень рэдакцыя разьвернецца і сыдзе.
Падобна, што дзяржава так і не зразумела, што нічым не запраўляў ані Юры Зісер, ані Юлія Чарняўская, ані я. Усё вызначалі навінавыя нагоды, і калі б дзяржава спрабавала зрабіць гэтыя нагоды больш аптымістычнымі, радаснымі, дэмакратычнымі і эканамічна пасьпяховымі, то і навіны на Tut.by зьмяніліся б. Для іх, выглядае, было прасьцей закрыць. Думаю, што тата не ўяўляў, што могуць пасадзіць 15 чалавек, закрыць наглуха, арыштаваць рахункі і ня даць людзям выплаціць заробкі, пакінуўшы іх з пражытковым мінімумам… І то мы дагэтуль яго ня выплацілі.
«Гэта была настойлівая агрэсіўная ідэя — закрыць Tut.by»
— Вы ўладальніца асноўных актываў Tut.by. Ці спрабуюць з вамі негалосна выйсьці на сувязь, пачаць нейкія перамовы, пэўны торг?
— Калі гэта ўсё адбылося, у мяне была думка, што на мяне пачнуць ціснуць і шантажаваць маміным здароўем і здароўем людзей, якія сядзяць. Была вялікая колькасьць кансьпіралягічных ідэяў, але падобна, што ідэя ва ўладаў была простая — выключыць усё нафіг. Канечне, у нас былі бэкапы. Людзі пыталіся, чаму мы не запусьцім Tut.by. Мы не запусьцім, бо павінны быць перакананыя, што ніхто ад гэтага не пацерпіць больш, чым ужо пацярпеў.
З аднаго боку, мы хочам гаварыць праўду і будзем гаварыць праўду, з другога боку, мы хочам, каб больш ніводзін чалавек не адправіўся на допыт праз нашы дзеяньні. Гэта была настойлівая агрэсіўная ідэя — закрыць Tut.by, глоткі ўсім заткнуць, адрэзаць, перарэзаць, каб заткнуліся ўсе. І таму, напэўна, так шмат людзей пасадзілі. Зь іх, акрамя некалькіх чалавек, нават ускосна ніхто ня мог быць зьвязаны зь бягучым абвінавачваньнем. Чаму журналісты сядзяць? Чаму мама сядзіць? Чаму дырэктар Hoster.by сядзіць? Чаму СЕО стартапа RocketData, мая найлепшая сяброўка, сядзіць? Як гэта зьвязана з падаткамі, ад якіх Tut.by мог бы «ўхіляцца»?
— Зьяўляецца інфармацыя, што ўлады спрабуюць зрабіць новы Tut.by. Некаторыя журналісты, якім прапаноўвалі там пасады, расказвалі пра такія спробы. Што вы думаеце пра рэалістычнасьць і пасьпяховасьць такога праекту ўладаў?
— Зразумела, што ўлада можа намаляваць наш лягатып, запусьціць сайт пад дамэнам (я ня ведаю, як гэта тэхнічна працуе). Мы ж разумеем, што людзі пачытаюць два дні і зразумеюць парадак дня. Другім БТ цяпер не заахвоціць ужо ніводную бабулю ў вёсцы. Нават калі яны гэта зробяць, сьцяг ім у рукі і барабан на шыю. Я ня бачу іх здольнымі рабіць навіны хаця б напалову абʼектыўнымі і прафэсійнымі, як мы.
— Ці ёсьць у вас перапіска, сувязь са зьняволенымі супрацоўнікамі парталу? Што самае галоўнае вы б хацелі ім данесьці?
— Гэта вельмі сумна і балюча, але, на жаль, для траціны тых, хто цяпер за кратамі, арышт ня быў нечаканасьцю. Астатнія, ніяк не датычныя да сытуацыі, у жаху і шоку, напэўна. Думаю, што ў Беларусі любы чалавек патэнцыйна гатовы за нешта «прысесьці» — за колер шкарпэтак, ці проста выйшаўшы ў краму па хлеб, ці працуючы ў СМІ. Такая рэальнасьць…
«На жаль, Tut.by становіцца часткай сухой рэпрэсіўнай статыстыкі»
— Якая дапамога патрэбная вам?
— Мне вельмі важна, каб людзі, якія хочуць падтрымаць Tut.by, рабілі ролікі, запісы, плякаты ў нашу падтрымку, наколькі гэта будзе бясьпечна для іх. Так было першы тыдзень, потым крыху згасла, і, на жаль, Tut.by становіцца часткай сухой рэпрэсіўнай статыстыкі. Нам бы вельмі дапамагала, каб людзі зьвярталі ўвагу сусьветнай супольнасьці на тое, што адбываецца, каб гэта былі ня толькі словы ад нас, каб людзі гаварылі, што для іх значыць Tut.by. Гэта і нашым супрацоўнікам вельмі дапамагае.
У нас ёсьць 8 плятформаў, на якіх ёсьць 10 сацыяльных сетак — два каналы ў Тэлеграм (адзін зь іх нядаўна стаў другім паводле колькасьці падпісчыкаў і першым паводле ахопу ў краіне), «Аднаклясьнікі», цікток, вайбэр, інстаграм, ютуб. Мы заклікаем падпісвацца. Калі будуць перамены ў краіне, вы зможаце даведвацца пра гэта першымі.
— Калі і пры якіх умовах можа быць адноўленая больш-менш паўнавартасная праца Tut.by?
— У поўным памеры гэтага не адбудзецца. Tut.by — вялізарная арганізацыя з 260 чалавек, якіх ніхто ніколі ня зможа забясьпечыць, калі ня будзе ў ранейшым памеры грошай рэклямадаўцаў. Наша кампанія працавала 20 гадоў, напрацоўвала сабе імя. Калі мы адкрыемся нанава, то гэта будзе абмежаваны фармат, толькі навінавы, найхутчэй. Праз гэта даводзіцца разьвітвацца з большай часткай каманды. Але мы верым, што гэта ненадоўга.
Каментары