Грамадства

Больш за 2000 мігрантаў спрабуюць прарвацца праз беларуска-польскую мяжу. Што там адбываецца? АНЛАЙН

Каля 10:20 раніцы 8 лістапада з'явіліся першыя відэа з Гарадзеншчыны, на якіх бачна, як калона мігрантаў рухаецца па праезнай частцы дарогі ў бок пункта пропуска «Брузгі», што на беларуска-польскай мяжы. Па ацэнках беларускіх памежнікаў на вечар, колькасць мігрантаў перавышала 2000 чалавек.

Прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер паведаміў, што каля памежных пераходаў знаходзіцца 3-4 тысячы чалавек. На месцы ўзмоцненыя сілы памежнікаў, паліцыі і вайскоўцаў.

Людзі рухаліся ў напрамку пункта пропуску «Брузгі». Беларускія сілавікі адціснулі мігрантаў у лес. Цяпер яны знаходзяцца на нейтральнай тэрыторыі паміж Беларуссю і Польшчай.

12 тысяч польскіх вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю прыведзены ў баявую гатоўнасць, паведаміў міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак. У Літве паведамілі, што накіроўваюць дадатковыя сілы да беларускай і польскай межаў.

Мігранты робяць спробы прарвацца на тэрыторыю Польшчы. А ў праўладных Тэлеграм-каналах, у афіцыйных медыя ў Беларусі разгортваецца актыўная інфармацыйная падтрымка падзей, звязаных з міграцыйнымі праблемамі.

У Дзяржпагранкамітэце Беларусі заявілі, што гэта бежанцы, якія хочуць атрымаць прытулак у ЕC, і Мінск не будзе перашкаджаць таму, што яны пакінуць краіну. У Польшчы, у сваю чаргу, абвінавацілі ўлады Беларусі ў правакацыі, заявіўшы, што вялікія групы мігрантаў знаходзяцца пад поўным кантролем беларускіх спецслужбаў і арміі.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пагаварыў са Святланай Ціханоўскай, каб падзякаваць за адназначную падтрымку беларускімі дэмакратычнымі сіламі польскага народа. Таксама Дуда сёння гутарыў з лідарамі іншых краін, якія выказвалі яму падтрымку.

Польшча закрывае рух праз памежны пераход у Кузніцы з 7:00 ад заўтра. Польскія пагранічнікі паведамляюць, што праехаць можна будзе праз пераходы ў Цярэспалі і Баброўніках.

Краіны з усяго свету выказваюць салідарнасць з Польшчай і асуджаюць дзеянні рэжыму Лукашэнкі. У прыватнасці, з Польшчай салідарызаваліся кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль і прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нед Прайс.

У той час як прэс-сакратар Крамля Пяскоў сказаў: Мы не сумняваемся ў тым, што міграцыйныя службы Беларусі прымаюць усе неабходныя меры для таго, каб сітуацыю ўтрымліваць у законным рэчышчы.

На мяжы дзейнічае надзвычайнае становішча, і праца СМІ там немагчымая. Журналісты атрымліваюць матэрыялы пераважна з сацыяльных сетак.

У ЕС загаварылі аб магчымым увядзенні санкцый супраць авіякампаній іншых краін за перавозкі мігрантаў. ЕС папросіць дапамогу ААН у рэпатрыяцыі мігрантаў, якія прыбываюць праз Беларусь.

****************

Чытайце ў нашым анлайне, як развіваліся сёння падзеі на беларуска-польскай мяжы.

21:18. У Беларускім таварыстве чырвонага крыжа расказалі аб тым, як дапамагаюць мігрантам на мяжы з ЕС.

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) «надзвычай сур'ёзна» ставіцца да сітуацыі з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы.

Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў расказаў аб дапамозе мігрантам на мяжы паміж Беларуссю і ЕС.

— Нам паведамляе Дзяржпамежкамітэт, што ёсць такія групы мігрантаў, што яны маюць патрэбу ў дапамозе. І мы тады арганізоўваем і перадаём для іх прадуктовыя наборы, сродкі асабістай гігіены, коўдры, цёплую вопратку, палаткі, спальныя мяшкі, — сказаў генеральны сакратар БТЧК.

21:17. Польшча закрывае рух праз памежны пераход у Кузніцы з 7:00 ад заўтра. Польскія пагранічнікі паведамляюць, што праехаць можна будзе праз пераходы ў Цярэспалі і Баброўніках.

20:39. Ужо некалькі месяцаў на мяжы Беларусі і краін ЕС адбываецца беспрэцэдэнтны крызіс. Польшча і Літва абвінавачваюць афіцыйны Мінск, мяркуюць, што крызіс быў створаны штучна як помста за пазіцыю Варшавы і Вільні адносна непрызнання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Беларускія ўлады перакладаюць адказнасць на Польшчу, Літву і так званы «калектыўны Захад». Яны сцвярджаюць, што крызіс на мяжы — частка больш маштабнага міграцыйнага крызісу ў Еўропе, які нібыта ўтварыўся з-за ваенных інтэрвенцый у Блізкі Усход, маўляў, еўрапейскія палітыкі самі паклікалі да сябе мігрантаў. Разбіраемся, што не так з аргументамі ўладаў.

Новае абвастрэнне на мяжы: што не так з аргументамі лукашэнкаўцаў? 

20:37. Незаконныя спробы перасекчы мяжу здараліся і раней. Толькі беларускія памежнікі дзейнічалі інакш. Згадалі, што пагражала людзям, якія спрабавалі патрапіць у Еўропу ў абыход прапускнога пункта. 

Штраф, дэпартацыя, ІЧУ. Як раней абыходзіліся з тымі, хто спрабаваў прарвацца праз мяжу

20:35. Дзяржпамежкамітэт Беларусі пацвердзіў інфармацыю пра стрэлы на беларуска-польскай мяжы

Беларускія сілавікі сцвярджаюць, што стрэлы нібыта былі з боку Польшчы.

20:03. Больш за 2000 мігрантаў знаходзяцца зараз на беларуска-польскай мяжы і патрабуюць іх прапусціць. Па ацэнках польскага боку, іх ад 3000 да 4000. Пры гэтым мігранты спакойна падышлі да беларускай мяжы, павалілі плот, секлі дрэвы, паставілі намёты і палілі вогнішчы. Па гэтай сітуацыі застаецца шмат пытанняў, на якія беларускія ўлады не даюць адказу.

1. Самае цікавае ў сітуацыі, што адбылася, гэта якім чынам тысячы мігрантаў удалося адначасова дабрацца да мяжы і арганізавацца ў калону? І як гэтага не заўважылі сілавыя структуры Беларусі?

2. Чаму беларускія памежнікі не затрымліваюць мігрантаў за незаконнае перасячэнне мяжы?

3. За выхад на праезную частку дарогі і ўдзел у масавых шэсцях дзясяткі тысяч грамадзян Беларусі былі прыцягнутыя да адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці. Чаму мігрантаў, якія ішлі па праезнай частцы арганізаванай калонай, не затрымалі?

4. Чаму беларускі бок не разбівае палатачныя лагеры для людзей, якіх, як сцвярджаецца, «выціснула» Польшча? Чаму ім не прапануюць размясціцца ў часовых міграцыйных цэнтрах, якія існуюць, прычым былі збудаваныя за сродкі Еўрасаюза ды іншых міжнародных структур? Мігранты вымушаныя жыць на мяжы ў вельмі цяжкіх умовах, тым больш цяпер, у час халадоў.

5. Чаму мігрантам не прапануюць прытулак у Беларусі? І чаму на сітуацыю не рэагуе беларускае прадстаўніцтва ААН?

«Наша Ніва» звярнулася з пытаннем пра тое, чаму мігрантаў не затрымліваюць у Дзяржаўны памежны камітэт. Але адказу мы не атрымалі.

19:28. На польскай мяжы — паліцыя.

19:07. Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс з-за пагаршэння сітуацыі на мяжы ЕС заклікаў унесці аэрапорты Беларусі ў санкцыйны спіс.

18:52. Амбасадары краін NATO на пасяджэнні Паўночнаатлантычнай рады ў аўторак ці сераду маюць абмеркаваць сітуацыю на беларуска-польскай мяжы, паведамілі крыніцы Радыё Свабода ў альянсе.

Крыніцы кажуць, што 4-ы артыкул NATO пакуль не будзе ўводзіцца ў дзеянне, але гэтага нельга выключаць у будучыні.

Пытанне пра смтуацыю на беларуска-польскай мяжы таксама мае абмяркоўвацца амбасадарамі краін ЕС у сераду. Працягваецца праца над пятым пакетам санкцый ЕС супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і чакаецца, што ён можа быць гатовы да сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС 15 лістапада. Паводле апошніх звестак, у гэтым пакеце будзе каля 30 фізічных і юрыдычных асоб.

18:43. НАТА заявіла, што занепакоеная эскалацыяй на беларуска-польскай мяжы, сочыць за сітуацыяй на мяжы Беларусі з Літвой і Латвіяй і гатовая аказаць падтрымку краінам-удзельніцам блока.

18:25.

18:21. «Людзі жывуць кепска». Курд пракаментаваў паводзіны сваіх землякоў на мяжы

З раніцы 8 лістапада на мяжы з Польшчай больш за 2 тысячы мігрантаў спрабуюць трапіць на тэрыторыю Еўрасаюза з Беларусі. Але няўжо яны не бачылі папярэдніх навінаў? Пра тое, што робяць беларускія памежнікі, пра тое, што палякі не пускаюць да сябе мігрантаў, пра тое, як людзі вымушаныя начаваць у лесе каля мяжы?

«Наша Ніва» задала гэтыя пытанні аднаму з актыўных удзельнікаў чата мігрантаў. Ён тлумачыць: на мяжы пераважна прадстаўнікі Курдыстана, гэта адзін з рэгіёнаў Ірака. Суразмоўца і сам курд.

«У Курдыстане карупцыя і нясправядлівасць уладаў, большасць насельніцтва бедная і не мае правоў, моладзь беспрацоўная. Людзі жывуць кепскім жыццём, чаму і выбіраюць гэты кепскі шлях», — кажа суразмоўца.

Але ці сапраўды курды не разумеюць, што іх чакае на мяжы?

«Усё яны ведаюць, але не маюць жыцця і будучыні ў сваёй краіне праз несправядлівасць», — адказвае мужчына.

18:15.

17:47. ДПК: На мяжы з Польшчай знаходзяцца больш за 2 тысячы чалавек

Ведамства адзначае, што сітуацыя застаецца вельмі напружанай.

ДПК абвінавачвае польскі бок у тым, што той не спрабуе разабрацца ў сітуацыі і ўжывае газ, а руйнаванне мігрантамі агароджы называе адказам на неапраўданае ўжыванне палякамі спецсродкаў.

17:19. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда праводзіць з кіраўніцтвам краіны тэрміновую нараду наконт сітуацыі на беларуска-польскай мяжы.

17:00. Мігранты спрабуюць зруйнаваць агароджу лапатамі. На відэа Мінабароны Польшчы патрапіў мігрант з лапатай, які раней руйнаваў агароджу нажніцамі.

16:32. Мігранты руйнуюць польскую агароджу пры дапамозе спецыяльных нажніц па метале.

Гэта бачна на відэа, апублікаваным міністэрства абароны Польшчы. Ведамства сцвярджае, што гэта ўсё робіцца пад назіраннем і кантролем беларускіх вайскоўцаў, якія ніяк не замінаюць нелегальнаму перасячэнню мяжы.

16:10. «У сувязі з сітуацыяй на польска-беларускай мяжы прэзідэнт Польшчы Андрэй Дуда сёння ў 14.30 (16.30 мск) у BBN, сустрэнецца з прэм'ер-міністрам, міністрамі і кіраўнікамі службаў», — пішуць «РИА Новости» са спасылкай на Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы. 

16:00. Мігранты павалілі частку плоту. Польскія памежнікі стаяць сцяною перад натоўпам мігрантаў, якія скандуюць «Germany».

15:30. Зʼявілася відэа, на якім бачна, як мігранты спрабуюць штурмаваць мяжу з Польшчай пры дапамозе вялікага бярвення.

15:00. Польскія службы паведамляюць, што прадухілілі спробу мігрантаў прабіцца на польскі бок з поўдня ад памежнага пераходу ў Кузніцы. 

14:00. У Літве могуць увесці надзвычайнае становішча. Гэтыя меры прапануе ўвесці Міністэрства ўнутраных спраў Літвы ў сувязі з вялікай плынню нелегальных мігрантаў, якія падышлі сёння да беларуска-польскай мяжы, і магчымым паўторам гэтай сітуацыі на мяжы з Літвой. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміла міністр унутраных спраў Агне Білатайце, піша delfi.lt.

Былы прэзідэнт Еўрапейскай рады і колішні польскі прэм’ер Дональд Туск заклікаў урад краіны распрацаваць план па прадухіленні мігранцкага крызісу на мяжы з Беларуссю. «Магчыма, ужо час падумаць, ці не прыйшоў час пачаць рэалізацыю 4 артыкула NATO», — заклікаў Дональд Туск.

Дональд Туск пра мігрантаў на мяжы: «Магчыма, час пачаць рэалізацыю 4-га артыкула NATO»

13:30. У польскім памежным пункце «Кузніца-Беластоцкая» паведамілі, што і легкавыя, і грузавыя машыны яны прапускаюць. Магчыма, узмоцнены кантроль ёсць на беларускай мяжы, але палякі такой інфармацыі не маюць.

13:02. Міністэрства абароны Польшчы апублікавала відэа з Брузгоў, знятае з верталёта.

Па ім можна ацаніць прыкладны маштаб сітуацыі ля пагранпераходу. На відэа бачна, што мігранты знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

12:57. Дзяржаўныя СМІ Беларусі заяўляюць, што група мігрантаў пакінула тэрыторыю Беларусі. Аднак не ўдакладняецца, як менавіта гэтыя людзі перайшлі мяжу. 

Палякі інфармацыю аб перасячэнні мігрантамі мяжы не каментуюць. Паводле ранейшай інфармацыі, мігранты не дайшлі да пункта пропуску, а збочылі ў лес.

12:40. Крэмль пракаментаваў сітуацыю з натоўпам мігрантаў на мяжы

«Тут, безумоўна, у нас няма сумневаў у тым, што міграцыйныя службы Беларусі прымаюць усе неабходныя захады, каб сітуацыю ўтрымліваць у законным рэчышчы. 

Вядома, няма сумневаў і ў тым, што ўлічваюцца меркаванні і магчымая занепакоенасць у сувязі з тым, што мігранты могуць перацякаць на нашу тэрыторыю», — перадае «РИА Новости» словы прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова.

12:30. У групе мігрантаў больш за 1000 чалавек

Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў «РИА Новости», што ў натоўпе больш за 1000 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці, і «пагрозы яны пакуль не прадстаўляюць». 

Між тым польскі бок заяўляе, што ў натоўпе пераважна маладыя мужчыны, а таксама што «рыхтуецца штурм польскай мяжы». 

12:20. Сёння Польшча правядзе тэрміновую антыкрызісную нараду па сітуацыі з мігрантамі на мяжы з Беларуссю з удзелам прэм’ер-міністра, міністра ўнутраных спраў і міністра абароны Польшчы.

12:00. З'явіліся першыя рэакцыі на сітуацыю з польскага боку. Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын у Twitter напісаў пра падрыхтоўку масавага штурму польскай мяжы.

«Вельмі трывожная інфармацыя з мяжы. У Беларусі, недалёка ад мяжы з Польшчай, сабралася вялікая група мігрантаў. Яны толькі што рушылі ў бок польскай мяжы. Яны паспрабуюць масава прайсці ў Польшчу. У групе большасць — маладыя мужчыны. Пачалася найбуйнейшая спроба сілавога ўварвання ў Польшчу».

«Дадатковая інфармацыя сведчыць аб тым, што групоўка знаходзіцца пад строгім кантролем узброеных беларусаў. Яны вырашаюць, у якім напрамку пойдзе група», — дадаў ён.

«Выглядае, што там будзе спроба сілавога пераходу мяжы». Рэакцыя польскага боку на масавую калону мігрантаў у Брузгах

11:45. Паводле непацверджанай інфармацыі, сілавікі завярнулі калону мігрантаў у лес. У Кузніцы з польскага боку дзяжураць памежнікі, вайскоўцы і паліцыя. Нашы чытачы паведамілі, што мігрантаў суправаджаюць беларускія памежнікі. Фота зроблена ў 10 ранку каля запраўкі, якая знаходзіцца ў 200 метрах ад пункта пропуска.

11:15. Дзярпагранкамітэт пракаментаваў сітуацыю з натоўпам мігрантаў каля мяжы.

«Цяпер шматлікая група бежанцаў з рэчамі рухаецца ўздоўж трасы да мяжы з Польшчай. Беларускім бокам прымаюцца ўсе неабходныя захады для забеспячэння бесперапыннага функцыянавання каналаў міжнародных злучэнняў, а таксама бяспекі людзей, якія рухаюцца па аўтамагістралі», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама беларускія памежнікі чамусьці вінавацяць Польшчу ў сітуацыі. 

«Памежная стража Польшы неаднаразова рапартавала пра тое, як тысячамі выціскае мігрантаў да мяжы з Беларуссю. На гэты крок адчаю бежанцы пайшлі з-за раўнадушша і бесчалавечнага стаўлення польскіх уладаў».

10:50. «Наша Ніва» дазванілася ў пункт пропуску «Брузгі», каб даведацца, што адбываецца, але дзяжурны памежнік адказаў, што не будзе гэта каментаваць.

10:30. Напярэдадні паходу да мяжы мігранты разбілі лагер у навакольных лясах — на відэа бачныя дзясяткі намётаў. Колькі ў іх прабылі людзі, якіх беларускія чыноўнікі называюць турыстамі, невядома.

10:20. З'явіліся відэа, як вялікі натоўп мігрантаў ідзе па дарозе ў бок пагранічнага перахода «Брузгі». Фота і відэа было зроблена прыкладна за кіламетр ад пагранічнага пераходу. Натоўп суправаджалі ўзброеныя вайскоўцы. 

Мігранты арганізавана выйшлі на праезную частку. Іх ніхто не затрымліваў.

***

ЕС абвінавачваюць беларускія ўлады ў тым, што яны наўмысна правакуюць міграцыйны крызіс, арганізаваўшы перапраўку тысяч нелегальных мігрантаў да межаў ЕС (у асноўным Польшча і Літва) у адплату за санкцыі. 

Паводле нямецкіх даных, цяпер у Беларусь штодня прыбываюць каля 800-1000 мігрантаў.

Беларусь рыхтуецца прымаць да 40 рэйсаў у тыдзень са Стамбула, Дамаска і Дубая

Сікорскі: Як авіякампанія можа адрозніць мігранта ад немігранта? Як мы можам яму забараніць?

З'явілася відэа, на якім мігранты спрабуюць атакаваць польскіх памежнікаў

Каментары

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне16

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

Маляваныч расказаў, чым адкупляўся ад даішнікаў1

У Мінску адбыўся вялікі сход Дзядоў Марозаў і Снягурак ФОТЫ1

Пасажырскі самалёт разбіўся ў Казахстане. На борце былі 67 чалавек, 25 выжылі3

Апублікаваныя дэкларацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Колькі ў Лукашэнкі, а колькі ў астатніх?25

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 202012

Данія ўзмацняе абарону Грэнландыі. Трамп нядаўна зноў загаварыў пра жаданне набыць яе6

Пашынян адмовіўся ад удзелу ў саміце СНД. Кажа, у яго кавід1

Навошта Пяткевіч вярнулі ў Адміністрацыю Лукашэнкі? Версія Халезіна11

«Я думаў, што рускія хутка перамогуць, але выйшла, як заўсёды». Споведзь ідэйнага расійскага шпіёна, які атрымаў ва Украіне пажыццёвае7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне16

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →