Грамадства

«Я не маю права казаць дзецям, што столькі наступных год яны не ўбачаць бацьку, я сама ў гэта не веру». Ціханоўская ў каментарыі «Нашай Ніве» пра прысуд мужу

Сёння ў гомельскім СІЗА-3 вынеслі прысуды па справе Сяргея Ціханоўскага, а таксама Міколы Статкевіча, Ігара Лосіка, Арцёма Сакава, Уладзіміра Цыгановіча і Дзмітрыя Папова: ад 14 да 18 год.

Сяргею прысудзілі больш за ўсіх: 18 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Папрасілі Святлану Ціханоўскую пракаментаваць прыгавор мужу і, карыстаючыся магчымасцю, задалі ёй яшчэ пару пытанняў.

Святлана Ціханоўская.

«Наша Ніва»: Сёння беларускія суды не выносяць апраўдальныя прысуды, тым больш па палітычных справах. І нават ведаючы, што Сяргея чакае тэрмін, якія эмоцыі вы адчуваеце цяпер, калі вось-вось агучаць прысуд? Ці будзеце вы нейкім асаблівым чынам сёння аднаўляцца, каб стабілізавацца псіхалагічна?

Святлана Ціханоўская: Гэты год і мінулы крыху загартавалі мяне псіхалагічна. Канечне, да ўсяго гэтага апрыёры немагчыма ставіцца нармальна, таму што гэта не тое, з чым можна мірыцца.

Але вось сёння ў мяне чарговы працоўны візіт, у Брусель, таму смуткаваць, прысвячаць цэлы дзень псіхалагічнаму самакатаванню я дакладна не буду.

Цяпер трэба яшчэ больш працаваць, сустракацца, падымаць гэтую тэму ва ўсіх СМІ — званіць ва ўсе званы. Расказваць, што такое адбываецца ў Беларусі. Я буду сёння рабіць тое, што магу ў гэтай сітуацыі. Але не плакаць, не галасіць дакладна — нікому гэта не дапаможа.

«НН»: Ці будзеце новую інфармацыю пра Сяргея неяк даносіць дзецям?

СЦ: Мая малодшая дачка не ведае і не асэнсоўвае, дзе яе тата. Старэйшы сын разумее, што адбываецца. Але я не маю права казаць ім, што вось столькі наступных год яны не ўбачаць бацьку, таму што я сама ў гэта не веру. І наносіць псіхалагічную траўму сваім дзецям я не буду.

Сяргей Ціханоўскі.

«НН»: Што б сказалі суддзям, пракурорам, усім тым, хто датычны да зняволення мужа, калі б сустрэліся з імі вочы ў вочы?

СЦ: Мабыць, калі б я ўбачыла гэтых людзей жыўцом, эмацыйна б нешта і сказала. Але цяпер заклікаць да сумлення людзей, у якіх яго няма, бессэнсоўна.

Я разумею, што тыя, хто сёння прыгаворвае нашых блізкіх да гадоў турмы — гэта людзі, якія былі туды пастаўленыя, якія ішлі на пасады суддзяў і пракурораў асэнсавана.

Казаць ім, судзіце па сумленні, сэнсу няма. Яны бяруць на душу вялікі грэх, і я думаю, што прыйдзе час — яны ўсё ўсвядомяць. Пакуль жа яны проста нібыта «выконваюць сваю працу».

«НН»: Што ўсё ж павінен рабіць кожны беларус, каб Сяргей і іншыя палітвязні выйшлі на волю хутчэй, усе вярнуліся дадому?

СЦ: Зразумела, што няма чароўнай кнопкі, якая ўсё імгненна зменіць. Беларусы паказалі сваю мужнасць, моц, адзінства ў мінулым годзе і працягваюць паказваць у гэтым.

Няма нейкага адзінага дзеяння, якое адназначна прывядзе нас да перамогі, да вызвалення людзей. Гэта штодзённая праца, штодзённы ціск.

Што можна зрабіць? Залежыць ад таго, дзе вы знаходзіцеся. Калі вы ў Беларусі, то, у першую чаргу, беражыце сябе: мы і так страчваем шмат людзей. Але нават з Беларусі можна напісаць ліст палітзняволенаму, сабраць перадачу для людзей, падтрымаць сям’ю асуджанага, яго дзяцей.

Вы можаце далучыцца да шэрагу карысных ініцыятыў, абраўшы нешта сваё на сайце, дзе яны пералічаныя.

Калі вы знаходзіцеся за мяжой і былі вымушаныя выехаць, не дазваляйце сабе вярнуцца да звычайнага жыцця цалкам. Ваш прамы абавязак — працягваць барацьбу, таму што за вас, як і за мяне, сядзяць людзі.

Давайце інтэрв’ю, прыцягвайце грамадскую ўвагу да таго, што адбываецца ў краіне, і таксама далучайцеся да ініцыятыў, якія дапамагаюць беларусам, што працуюць на міжнароднай арэне.

Нават маленькі ціск не дазваляе рэжыму перагарнуць старонку: рэжым ведае, што людзі не змянілі сваё стаўленне да таго, што адбываецца.

«НН»: Год быў цяжкі, ён працягваецца. Але што вы можаце адзначыць з пазітыўнага, што ў ім было, якія вынікі працы са знакам «+»?

СЦ: Галоўны вынік працы — тое, што мы змаглі праз год захаваць адзінства, як бы прапаганда ні крычала, што яго няма, што беларусы разышліся па сваіх дамах. Гэта ўсё няпраўда.

Большасць беларусаў бачыць адну мэту і стратэгію, у межах якой кожны можа рабіць тое, што можа. І тое, што мы не рассварыліся, што ніхто не супрацьстаіць адно аднаму — галоўнае наша дасягненне.

Рэжыму не ўдалося раздзяліць людзей. І яны адчуваюць гэтую моц: тое, што мы выступаем адзіным фронтам.

Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў траўні 2020 года на пікеце па зборы подпісаў у падтрымку Святланы. Спачатку яму прад’явілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Пазней туды дадаліся новыя артыкулы: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК).

Раней у ААН адвакатка Ціханоўскага выйграла яго справу: на падставе рашэння Працоўнай групы па адвольных затрыманнях Рады па правах чалавека ААН Сяргей мусіў быць вызвалены.

Ціханоўскаму — 18 гадоў, Лосіку — 15, Статкевічу — 14. Вынесеныя жахлівыя прысуды па «справе Ціханоўскага»

Дар’я Лосік пра прысуд мужу: «Я ні разу не пашкадавала, што Ігар мой муж, што я аддала яму сваё сэрца» 

«Мікалай паўтарае: у іх няма столькі часу, колькі яны спадзяюцца». Жонка Статкевіча пра прыгавор мужу

Што трэба ведаць пра «справу Ціханоўскага»

Каментары

Цяпер чытаюць

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі2

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Вызвалены Алесь Чумакоў расказаў пра абвінавачванне: «Граў беларускую народную музыку і тым самым гуртаваў пратэставае ядро»14

Мінчанцы, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за трох народжаных дачок, пакуль падарылі трохмесную каляску26

«Калі працуеш дома — жыць няма за што, а калі працуеш на фуры — жыць няма калі». Беларусы-дальнабоі расказалі пра свой лад жыцця13

Беларуска за два дні прайграла ў анлайн-казіно амаль 70 тысяч рублёў і цяпер спрабуе вярнуць іх ад банка14

Дачка міністра Маркава запусціла новы праект на тэлебачанні — будзе расказваць пра гісторыю Беларусі18

Ці пусціць Латвія беларускі калій? Даведаліся, што пачуў Коўл у Рызе12

Як у Польшчы працуюць бацькоўскія камітэты ў школах і колькі збіраюць грошай

25 гадоў таму нарвежац атрымаў часнок ад манаха ў Беларусі. Цяпер гэты сорт хочуць усе7

Марына Золатава піша кнігу пра жанчын у турмах

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі2

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць