Грамадства

Сяргей Далідовіч: «За што юную спартсменку пазбаўляюць права займацца спортам у сваёй краіне?»

Пасля выбараў 2020 года Сяргей Далідовіч неаднаразова выказваўся супраць гвалту, падпісаў ліст за сумленныя выбары, абараняў нацыянальную сімволіку. Усё гэта, відаць, зрыкашэціла па яго дачцэ Дар’і, якая таксама займаецца лыжнымі гонкамі. Вядомы беларускі лыжнік, які ўдзельнічаў у сямі Алімпіядах, распавёў «Народнай Волі» пра тое, як спартыўныя чыноўнікі прэсуюць яго дачку.

«Федэрацыя зрабіла «падарунак» на Новы год: дэактывавала фіскод дачцэ і адхіліла яе на год ад спаборніцтваў, — паведаміў Сяргей. — Падставы? Маўляў, шпурляла прызы на спаборніцтвах, паводзіла сябе неадпаведным для спартсмена чынам. Рашэннем трэнерскага савета — кажуць, аднагалосна — прынятае рашэнне. Нашай трэнерскай тусоўцы — прывітанне! Праз 2,5 месяца пасля ўзнагароджвання Дар’і. Без тлумачэнняў ад спартсменкі. Усё геніяльнае проста! Міма юніёрскага чэмпіянату свету і Еўрапейскага фестывалю моладзі. Дзіця ў слязах. Краіна для жыцця».

Акрамя таго, забаранілі ўдзел у спаборніцтвах і яшчэ адной спартсменцы — Святлане Андрыюк, і цяпер з гэтай нагоды Міжнародны алімпійскі камітэт і Міжнародны лыжны саюз пачалі сваё расследаванне.

«Мяркую, што разбіральніцтва можа зацягнуцца, бо перапіска з беларускімі спартыўнымі функцыянерамі — яшчэ тая песня», — мяркуе Сяргей Далідовіч і ўспамінае, з чаго пачыналася гісторыя…

— Пасля таго, як я выступіў не на баку праўладных спартсменаў, было зразумела, што ў адказ таксама нешта «прыляціць», — кажа суразмоўца. — Рэакцыя не прымусіла сябе доўга чакаць. Я трэніраваў дочак, нас зрабілі невыязнымі на зборы ў Расію. Успрыняў гэта нармальна, і ў мінулым годзе два разы браў адпачынак, каб вывезці дочак на спаборніцтвы за свой кошт. Праўда, нідзе гэта асабліва не афішаваў.

У мінулым годзе наезд быў, але ў меру, хаця б выступаць на спаборніцтвах не забаранялі. Таму ў мяне ў 2020 годзе прэтэнзій да федэрацыі практычна не было.

А цяпер у Беларускім лыжным саюзе змянілася кіраўніцтва (новым кіраўніком стаў Аляксандр Дараховіч, які акрамя гэтага займае пасаду намесніка старшыні Мінгарвыканкама.НВ), таму, відаць, і падыходы змяніліся. Падкруцілі гайкі.

Самі вы звярталіся ў Беларускі лыжны саюз?

— Натуральна, звяртаўся. Ішоў на кантакт, пісаў лісты з просьбамі і прасіў тлумачэнняў… У адказ — поўнае ігнараванне.

А калі Дашу дыскваліфікавалі на год за тое, што яна быццам бы шпурляла падчас узнагароджвання прызы, гэта наогул стала шокам! Больш за тое, пра дыскваліфікацыю мне паведамілі толькі ў вуснай форме. Калі ж паехаў асабіста ў Беларускі лыжны саюз, каб атрымаць афіцыйную інфармацыю, мне адказалі так: «Рабіце запыт і чакайце адказ». 3-га студзеня зрабіў пісьмовы запыт, да гэтага часу цішыня. Звяртаўся і ў НАК, але там далей парога не пусцілі. Таксама сказалі: «Пішыце пісьмы».

Але, паўтаруся, чыноўнікі спасылаюцца на тое, што падчас узнагароджвання мая дачка быццам бы ўчыніла скандал…

— А як было на самай справе?

— На мінскім кубку па лыжаролерах у кастрычніку мінулага года дачка заняла першае месца. І вось праходзіць узнагароджванне, Дар’і замест прыза за першае месца, якое яна рэальна заняла, даюць толькі за трэцяе. Маўляў, не хапіла прызоў. Відаць, такое дробнае паскудства з боку спартыўных функцыянераў, каб прынізіць юную спартсменку. Паказаць, хто ў доме гаспадар.

Даша не захацела прымаць такі прыз, таму падышла да арганізатараў і вярнула ім гэты спартыўны трафей. Тыя ў рукі браць прыз не захацелі, таму дачка проста паставіла яго на снег і пайшла.

Гэта бачылі ўсе — і прысутныя, і я, і мая жонка. Ніякага скандалу і шпурляння прызоў там не было і блізка. Але ў рэшце рэшт сітуацыю павярнулі зусім у іншы бок.

Што далей плануеце рабіць?

— Дачка пакуль вучыцца ў школе, вечарам, каб апетыт нагуляць, робім лёгкія прабежкі. Але пасля таго, што адбылося, у Дашы наогул няма ніякага жадання трэніравацца. Хаця яна ў сваім узросце вельмі перспектыўны атлет, пра гэта скажа любы спецыяліст.

Але, як бачым, чыноўнікі сёння ацэньваюць спартсменаў не па іх выніках, а па лаяльнасці да «палітыкі партыі». Хаця спартыўная федэрацыя ў прынцыпе не павінна залежаць ад дзяржавы.

У некаторых замежных СМІ з’явілася інфармацыя, што «лыжнік Сяргей Далідовіч і яго дачка Дар’я збіраюцца пакінуць Беларусь».

— Я насамрэч у інтэрв’ю фінскаму выданню распавядаў пра сітуацыю, якая склалася з маёй дачкой. Пры гэтым сказаў так: «Даша заканчвае школу, і затым будзем шукаць варыянты для пераезду ў іншую краіну, каб чалавек далей мог трэніравацца і выступаць на спаборніцтвах».

Ніхто пакуль так і не адказаў, за што юную спартсменку пазбаўляюць права займацца спортам у сваёй краіне. З-за сваіх і маіх поглядаў? Дык гэта няправільна. Але я, як любы бацька, абараняў і буду абараняць сваю дачку да канца.

«Раю ўсім: ганяйце ва ўсю моц!» Гутарка з найлепшым беларускім лыжнікам часоў незалежнасці Сяргеем Далідовічам

Каментары

Цяпер чытаюць

Знік у СІЗА па справе аб падатках, а знайшоўся ў спісе «экстрэмістаў». Што вядома пра бізнэсмена з Жодзіна Сяргея Пако

Знік у СІЗА па справе аб падатках, а знайшоўся ў спісе «экстрэмістаў». Што вядома пра бізнэсмена з Жодзіна Сяргея Пако

Усе навіны →
Усе навіны

У Грэцыі судзяць 55‑гадовую вычварэнку з Беларусі, якая прымушала дзяцей танцаваць голымі і здымала порна з імі5

Пад Кіевам знайшлі цела жанчыны, якую расшуквалі за замах у Манака на ўкраінскага крымінальнага бізнэсмена8

Ціханоўская: Калі будуць свабодныя выбары, я ў іх удзельнічаць не буду. Але цяпер не час канкураваць46

Буданаў: Лукашэнка пачуў перасцярогі Украіны. Не бачу пагрозы наступу з боку Беларусі10

У Гродне прадаюць унікальную кватэру, якой мог бы пазайздросціць Карлсан12

«А што адбываецца?» Чэргі на беларуска-расійскай мяжы цяпер не толькі на асноўным пераходзе, а нават на глухой дарозе19

Шэдэўр Марка Шагала «Над горадам» упершыню прыедзе ў Беларусь2

Чым зоймуцца выпускнікі беларуска-кітайскай праграмы, якую скончыў Коля Лукашэнка3

У Шчучынскім раёне знайшлі пажылога грыбніка, які тры дні блукаў у лесе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Знік у СІЗА па справе аб падатках, а знайшоўся ў спісе «экстрэмістаў». Што вядома пра бізнэсмена з Жодзіна Сяргея Пако

Знік у СІЗА па справе аб падатках, а знайшоўся ў спісе «экстрэмістаў». Што вядома пра бізнэсмена з Жодзіна Сяргея Пако

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць