Ціханоўская ацаніла параўнанні свайго мужа з Лукашэнкам і пракаментавала выпады Саннікава
Святлана Ціханоўская дала вялікае інтэрв'ю ютуб-каналу «Жыццё-маліна» Мікіты Мелказёрава. Там яна расказала пра тое, як запісвалася відэа з ёй у кабінеце Ярмошынай, чаму пасля выбараў не правяла інаўгурацыю, ці будзе нарэшце сустрэча з Зяленскім і як адрэагавала на выпады Саннікава.
«У кабінеце сядзела Ярмошына і два чалавекі»
Святлана Ціханоўская распавяла пра тое, што было ў кабінеце Ярмошынай 10 жніўня 2020 года. Яна ўспамінае, што людзі, якія сустракалі яе ў ЦВК, вельмі хваляваліся і спачатку не дазвалялі ёй прайсці з адвакатам.
«У кабінеце сядзіць спадарыня Ярмошына і два чалавекі [Андрэй Паўлючэнка, кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра, а ў мінулым — ахоўнік Лукашэнкі, і Генадзь Казакевіч, намеснік міністра ўнутраных спраў. — НН]. Выходзіць Ярмошына і кажа: «Вам ёсць пра што пагаварыць». Яны пытаюцца ў Максіма Знака: вы хто?
— Я адвакат.
— Пакажыце ваш дагавор.
— Ён у прыёмнай.
— Ну прынясіце.
Ён выходзіць, і яны яго больш не пускаюць. Стала страшна, таму што ты не ведаеш, пра што з табой будуць гаварыць, але ўся сітуацыя не проста так».
Размова працягвалася каля трох гадзін. Ціханоўская кажа, што было цяжка прыняць рашэнне, яна была ў паўнепрытомным стане.
«Мне далі лісточак з тэкстам, я выкрасліла, што казаць не буду. Там быў названы нібыта пераможца выбараў.
Мне прапанавалі: або ты з'язджаеш да дзяцей, або мы не гарантуем, што ты зараз даедзеш да дому. Тлумачэнняў ніякіх не было».
Былі чуткі, што Ціханоўскай паказвалі відэа з катаваннямі мужа. Яна гэта адмаўляе. Але ўспамінае, што прасіла адпусціць Сяргея з ёй. «Пакуль гэта немагчыма», — адказалі ёй.
Журналіст Мікіта Мелказёраў папрасіў Святлану Ціханоўскую пракаментаваць выказванне Лукашэнкі, што ён нібыта даў ёй 15 тысяч даляраў на ад'езд.
«Калі зменіцца сітуацыя ў краіне, я распавяду гісторыю цалкам. Усе факты раскажу потым», — паабяцала яна.
«Шмат хто ў жніўні і верасні настойваў: «Давай правядзем інаўгурацыю»
Журналіст спытаў у Ціханоўскай, ці лічыць яна сябе прэзідэнтам.
«Я ведаю, што людзі галасавалі за мяне на выбарах у 2020 годзе. Я ведаю, што я гэтыя выбары выйграла. Але фактычна не кіруючы, не маючы магчымасці працаваць як прэзідэнт у краіне, у мяне не паварочваецца язык так казаць. Ад таго, называю я сабе так ці не называю, не мяняецца абсалютна нічога, — адказала яна. —
Шмат хто ў жніўні і верасні настойваў: «Давай правядзем інаўгурацыю». А што б гэта змяніла?
Ну правялі б мы інаўгурацыю, спатрэбілася б вялікая праца па прызнанні іншымі краінамі цябе менавіта прэзідэнтам. Працэс непрызнання легітымнасці чалавека, які гвалтам утрымлівае ўладу, — гэта адно. Але такое двоеўладдзе ў розумах замежных палітыкаў трошкі контраверсійнае.
Многія настойвалі і прычыны прыводзілі, чаму гэта трэба было зрабіць, але я часта абапіраюся на сваю інтуіцыю. Я да гэтага часу не ведаю, ці было гэта правільнае рашэнне».
Мелказёраў згадаў, што падчас перадвыбарчай кампаніі Сяргея Ціханоўскага часта параўноўвалі з Лукашэнкам, казалі, што гэта той жа тыпаж.
«Я такіх параўнанняў не памятаю. Я проста Сяргея ведаю — гэта зусім розныя людзі. Так, ён напорысты, ён харызматычны, прадпрымальнік паспяховы. Розныя зусім кантэксты ў майго мужа і гэтага чалавека. Ды нічога супольнага. Сяргей вельмі чалавечны, добры», — адрэагавала на гэта Святлана Ціханоўская.
«Нас былі б рады бачыць ва Украіне, але яны асцярожнічаюць»
Чаму ў яе дагэтуль не было сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім?
«Нас былі б рады бачыць ва Украіне. Мы атрымлівалі запрашэнне ад чыноўнікаў. Але думаю, тут справа ў асцярожнасці. Сітуацыя ва Украіне таксама пакідае жадаць лепшага. Там вельмі напружаная абстаноўка, і сустрэча са мной магла б абвастрыць яе яшчэ больш.
Яны вельмі асцярожнічаюць. Я ведаю, што яны нас падтрымліваюць, але менавіта сам факт сустрэчы быў бы цяпер ім не на руку», — патлумачыла палітык.
У інтэрв'ю яна таксама распавяла пра сваю ахову. Яе суправаджаюць нават пры паходзе ў краму.
«Я ахоўваная асоба ў Літве. Я езджу на дыпламатычныя візіты, і мяне прымаюць так, як кожнага высокапастаўленага чыноўніка. Ахова даецца ўсюды. Колькасць аховы — гэта ўжо вырашае прымаючы бок. Вельмі высокі ўзровень аховы быў у Польшчы, Чэхіі».
«Чалавек выказаўся, але было відавочна, што думаюць людзі»
У Ціханоўскай спыталі, як яна адрэагавала на выпады Саннікава, які ў сябе ў фэйсбуку публікаваў фота катлет, каб зачапіць яе.
«Я гэтага не бачыла, не чытала, мне пра гэта расказалі. Але таксама мне распавялі пра тое, што было пад гэтым артыкулам, колькі было негатыву ў бок аўтара і колькі слоў падтрымкі мне. Напэўна, гэта ўразіла больш. Чалавек выказаўся, у яго ёсць такое права, але было відавочна, што думаюць людзі.
Мы бачыліся пасля таго. Была супольная сустрэча дэмсілаў у Польшчы на нейкім форуме, мы абмяркоўвалі бягучыя пытанні, стратэгіі. Ніхто на гэтым увагу не акцэнтаваў. Гэта не адзіны чалавек, які вырашыў выкарыстаць прадукт, каб мяне апісаць, можа быць, асудзіць. Я не ў крыўдзе нават на тых людзей, якія выкарыстоўваюць больш вострыя абразы ў мой адрас».
Чытайце таксама:
«Наша Міністэрства культуры існуе ў рэжыме нават не ХХ, а ХІХ стагоддзя». Пра што гаварылі і на што дамовіліся ўдзельнікі Беларускай рады культуры
Ціханоўская заклікае ўдзельнічаць у рэферэндуме і перакрэсліваць у бюлетэні абодва варыянты
«Стан ваеннай эскалацыі становіцца нормай для рэжыму». Ціханоўская — пра магчымы ўдзел Беларусі ў ваенным канфлікце
Стукачы, мянтоўскія пракладкі, ссучаныя. Саннікаў апублікаваў пост, у якім дасталася ўсім: «Нашай Ніве», Ціханоўскай, нават Шрайбману
-
Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем
-
«Не ем пасля шостай і кожны дзень раблю «нажніцы». Сакрэты бадзёрасці і гісторыя жыцця 99-гадовых сясцёр-блізнятак з Ваўкавыска
-
Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»
Каментары