Замежнікі з'язджаюць, але Захад не губляе надзеі на дыпламатычнае вырашэнне ў апошні момант. Што вядома пра магчымы напад Расіі на Украіну?
Сітуацыя вакол Украіны застаецца напружанай. Дзяржавы Захаду мяркуюць, што Расія можа напасці на Украіну ў сярэдзіне наступнага тыдня, Расія гэта адмаўляе і вінаваціць Захад у нагнятанні істэрыі. Зяленскі супакойвае суайчыннікаў, што сітуацыя застаецца пад кантролем украінскай арміі і дыпламатыі. Падсумавалі, што вядома на сённяшні дзень.
Войскі РФ, ілюстрацыйнае фота. Фота AFP/GETTY IMAGES
Журналісты называюць канкрэтныя даты
Амерыканскае выданне Politico і нямецкае выданне Spiegel паралельна напісалі са спасылкай на крыніцы ў сталіцах трох розных краін, што Вашынгтон перадаў саюзнікам дадзеныя разведкі пра тое, што напад Расіі на Украіну запланаваны на сераду 16 лютага.
Напад нібыта мае пачацца з кібератак і бамбардзіровак стратэгічных аб'ектаў.
Агенцтва Bloomberg, спасылаючыся на невядомага чыноўніка, называе іншую дату — 15 лютага.
Беларусаў ва Украіне разглядаюць як грамадзян краіны-саюзніцы Расіі
11 лютага ўкраінскія памежнікі пачалі асабліва строга правяраць беларусаў, якія ўязджаюць ва Украіну. Некаторых нават не пускаюць, адной дзяўчыне паведамілі, што яна непераканаўча патлумачыла мэту візіту. Офіс Святланы Ціханоўскай заявіў, што украінцы пракаментавалі ім такія меры:
«Сёння з'явіліся паведамленні, што пры перасячэнні мяжы з Украінай беларусаў пачалі ўзмоцнена правяраць, даглядаць рэчы і дапытваць на пунктах кантролю. Нам пацвердзілі, што цяпер узмоцненыя меры кантролю на ўезд ва Украіну з-за ваенных вучэнняў, якія праходзяць на тэрыторыі Беларусі з удзелам войскаў Расійскай Федэрацыі».
З Украіны выязджаюць дыпламаты, а некаторыя краіны просяць сваіх грамадзян выехаць
ЗША і Ізраіль эвакуююць асноўную часту супрацоўнікаў сваіх кіеўскіх пасольстваў. Амерыканскае консульства ў Кіеве з 13 лютага спыняе аказанне консульскіх паслуг.
З Украіны пачалі выязджаць і расійскія дыпламаты ды супрацоўнікі консульстваў. Праўда, Марыя Захарава, афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі, назвала гэта «аптымізацыяй»:
«Баючыся магчымых правакацый кіеўскага рэжыму або трэціх краін, мы сапраўды прынялі рашэнне аб некаторай аптымізацыі штатаў расійскіх замежустаноў ва Украіне».
Яшчэ ў канцы студзеня пра скарачэнне колькасці супрацоўнікаў у амбасадах заявілі Вялікабрытанія, Аўстралія і Германія.
Заходнія краіны просяць сваіх грамадзян выехаць
На сёння не рэкамендуюць, забараняюць ехаць ва Украіну ці просяць пакінуць яе тэрыторыю больш за 20 краінаў.
Сярод іх Канада, Фінляндыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Нідэрланды, Эстонія, Японія, Новая Зеландыя, Паўднёвая Карэя і іншыя.
Дзярждэп ЗША заявіў, што амерыканскім грамадзянам варта пакінуць Украіну ўсімі даступнымі відамі транспарту.
«Грамадзянам ЗША не варта ездзіць ва Украіну. Тым, хто знаходзіцца ва Украіне, варта з'ехаць цяпер, выкарыстоўваючы камерцыйныя ці іншыя даступныя для прыватных асоб варыянты транспарціроўкі», — гаворыцца ў заяве. Амаль тое ж паўтарыў і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн: «Амерыканскія грамадзяне павінны з'ехаць зараз жа».
У пятніцу Вялікабрытанія, Данія, Ізраіль, Японія, Эстонія і Паўднёвая Карэя афіцыйна апублікавалі інструкцыі для сваіх грамадзян «як мага хутчэй» выехаць з Украіны. А Нарвегія, акрамя той жа рэкамендацыі, параіла сваім грамадзянам не наведваць Расію і Беларусь.
У суботу настойлівую рэкамендацыю сваім грамадзянам пакінуць Украіну далі Літва і Германія.
Прычым і ў ЗША, і ў Брытаніі падкрэсліваюць, што ў выпадку пачатку ваенных дзеянняў пакінуць Украіну паветраным шляхам стане немагчыма, што азначае прагноз поўнамаштабнай, а не лакальнай вайны і закрыцця паветранай прасторы. У амерыканскіх СМІ з'явіліся публікацыі, што амерыканскія дэсантнікі, перакінутыя ў Польшчу, маюць сваёй галоўнай задачай гарантаваць бяспеку наземных шляхоў эвакуацыі.
Брытанскае міністэрства абароны заявіла, што 12—13 лютага Украіну пакінуць брытанскія вайсковыя інструктары і папярэдзіла сваіх грамадзян, каб яны не разлічвалі на дапамогу брытанскай арміі ў эвакуацыі ў выпадку пачатку ваенных дзеянняў.
Паўднёвая Карэя заявіла, што сёння з 18:00 па ўкраінскім часе пачне дзейнічаць забарона на наведванне Украіны. Тых, хто зараз знаходзіцца на тэрыторыі краіны, збіраюцца эвакуіраваць.
Кіеў зацвердзіў план эвакуацыі
Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што сталічныя ўлады рыхтуюцца да працы ва ўмовах магчымага надзвычайнага становішча. Гарадскія ўлады зацвердзілі план эвакуацыі насельніцтва ў сувязі з распаўсюджаннем інфармацыі пра магчымае ўварванне Расіі ва Украіну.
«Аб'екты крытычнай і сацыяльнай інфраструктуры сталіцы працуюць у рэжыме падрыхтоўкі да працы ва ўмовах магчымай надзвычайнай сітуацыі, — адзначыў Клічко. — Кіеў — буйны мегаполіс. І ён мае разгалінаваную і складаную інфраструктуру жыццезабеспячэння, стабільная праца якой у надзвычайнай сітуацыі — самая галоўная задача. Таму нашыя намаганні накіраваныя на тое, каб як прадухіліць ці пераадолець магчымыя правакацыі, так і выстаяць ва ўмовах ваеннага нападу».
Па словах мэра, «у сталіцы зацверджаны план эвакуацыі насельніцтва, які вызначае месцазнаходжанне зборных эвакуацыйных пунктаў, колькасць неабходнага транспарту і бяспечныя раёны для размяшчэння насельніцтва».
Перамовы працягваюцца
СМІ паведамілі, што кіраўнікі заходняга свету 11 лютага правялі тэрміновую тэлефонную канферэнцыю ў сувязі з сітуацыяй вакол Украіны.
Удзел у канферэнцыі прынялі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн (яго называюць ініцыятарам канферэнцыі), федэральны канцлер Германіі Олаф Шольц, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс, прэм'ер Італіі Марыё Драгі, генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг, прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо, старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен і старшыня Еўрапейскай Рады Жан Мішэль.
Прэс-сакратар урада ФРГ Штэфен Хебенштрайт зрабіў па выніках канферэнцыі заходніх лідараў заяву і наўпрост сказаў пра небяспеку вайны. Сітуацыя ім ацэньваецца як «вельмі, вельмі сур'ёзная».
Сёння ў абед дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў пагаварылі па тэлефоне. Яны абмеркавалі сітуацыю вакол Украіны.
Таксама сёння, 12 лютага, стала вядома, што адбудзецца тэлефонная размова прэзідэнтаў ЗША і Расіі Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна. Яна пройдзе ўвечары.
Экстраннае паседжанне НАТА мае адбыцца 13 лютага, у нядзелю.
Рыхтуюцца новыя санкцыі
Паведамляецца, што Расію чакае «пакет цяжкіх санкцый». Магчыма, яны будуць уведзеныя супраць буйных расейскіх банкаў і «некаторых расейскіх алігархаў», піша Reuters.
Калі агрэсія з боку Расіі ўсё ж адбудзецца і Беларусь возьме ў гэтым удзел, то новыя санкцыі чакаюць і нашу краіну. Адпаведны законапраект будзе разглядаць Кангрэс ЗША.
«ЗША павінны выразна даць зразумець, што да любой краіны, якая падтрымае спробы Расіі ўварвацца ў Украіну, будуць ужытыя жорсткія эканамічныя і дыпламатычныя санкцыі», — гаворыцца ў заяве сенатара Лэнкфарда, аўтара законапраекта.
Каментары