За апошні час раптоўна і пры дзіўных абставінах памерлі мінімум шэсць расійскіх топ-менеджараў і мільянераў. Вось хто гэта быў
У апошнія месяцы не менш за шэсць багатых людзей Расіі былі знойдзеныя мёртвымі, прычым некаторыя з іх памерлі пры дзіўных акалічнасцях разам з жонкамі і дзецьмі. Некаторыя з іх былі звязаныя з буйнымі расійскімі газавымі кампаніямі. Распавядаем пра падазроныя смерці.
Сяргей Пратасеня
19 красавіка 55-гадовага мільянера Сяргея Пратасеню знайшлі павешаным на арандаванай элітнай віле ў Іспаніі. Побач з ім ляжалі яго жонка і 18-гадовая дачка, якія памерлі ад нажавых раненняў, піша Business Insider.
Мясцовая паліцыя лічыць, што Пратасеня мог спачатку сам забіць сваіх родных, а потым павесіцца, але ж яго сын Фёдар абвяргае гэтую тэорыю. Ён лічыць, што яго бацька «ніколі б не зрабіў нічога, каб нашкодзіць» яго маці і сястры.
Пратасеня раней працаваў у кампаніі «Новатэк», што з’яўляецца адным з найбуйнейшых расійскіх вытворцаў прыроднага газу. Яе прадстаўнікі таксама ставяць пад сумнеў тэорыю пра тое, што Пратасеня мог забіць сваю сям’ю.
Асабістае багацце Пратасені налічвала больш за 433 мільёны даляраў.
Уладзіслаў Аваеў
18 красавіка Аваева знайшлі мёртвым у яго маскоўскай кватэры разам з жонкай і 13-гадовай дачкой. 51-гадовы мільянер быў былым віцэ-прэзідэнтам «Газпрамбанка», даччынай кампаніі энергагіганта «Газпрам».
Кватэра Аваевых была замкнутая знутры. Цяпер следчыя схіляюцца да версіі, што Аваеў застрэліў сваю жонку і дачку, а потым скончыў жыццё самагубствам.
Васіль Мельнікаў
Пра смерць гэтага міяльрдэра стала вядома 23 сакавіка. Мельнікава знайшлі ў яго кватэры ў Ніжнім Ноўгарадзе: алігарх, як, яго жонка і двое сыноў узростам 10 і 4 гадоў былі зарэзаныя нажом. На месцы былі знойдзеныя нажы, якія, магчыма, і з’яўляліся прыладамі забойства.
Цяпер паліцыя расследуе версію, што Мельнікаў спачатку зарэзаў сваіх родных, а потым забіў сам сябе. Украінскае медыя «Главред» паведамляе і пра іншую магчымую прычыну трагедыі: нібыта Мельнікава забіў былы партнёр па бізнэсе, з якім у таго быў канфлікт. Але пры гэтым ёсць звесткі, што ў кватэры Мельнікавых няма слядоў гвалтоўнага ўварвання.
Алігарх валодаў кампаніяй па пастаўцы медыцынскага абсталявання «Медстом», якая, як піша «Главред», панесла значныя страты праз заходнія санкцыі.
Міхаіл Уотфард
Гэтага алігарха ўкраінскага паходжання знайшлі павешаным 28 лютага ў гаражы яго дома ў англійскім графстве Сурэй. Мясцовая паліцыя сцвярджае, што расследаванне яго смерці яшчэ ідзе, але пакуль што праваахоўнікі не знайшлі ў гэтай гісторыі ніякіх падазроных абставін.
66-гадовы Уотфард нарадзіўся ў савецкай Украіне, зарабіў багацце на нафце і газе. Мільянер пераехаў у Брытанію на пачатку 2000-х разам з жонкай-эстонкай.
Аляксандр Цюлякоў
25 лютага Цюлякова знайшлі павешаным у гаражы яго кватэры пад Санкт-Пецярбургам, каля цела ляжала перадсмяротная запіска.
Ёсць звесткі, што незадоўга да смерці алігарха моцна збілі.
61-гадовы Цюлякоў быў адным з топ-менеджараў «Газпрама», і кампанія таксама займаецца расследаваннем яго смерці.
Леанід Шульман
Яшчэ ў студзені гэтага топ-менеджара «Газпрама» знайшлі мёртвым у вясковым катэджы ў Ленінградскай вобласці. Каля яго цела ляжала запіска, дзе было сказана, што Шульман не хоча быць інвалідам ці абузай для сваёй сям’і, ён таксама скардзіўся на моцны боль у зламанай незадоўга да таго назе.
Але, як піша «Новая газета», следчыя сумняваюцца ў сапраўднасці запіскі. У дадатак, Шульман яўна мог дазволіць сабе купіць добрыя абязбольваючыя.
«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста
Чытайце таксама:
Вядомы расійскі алігарх расказаў, які метал у будучыні стане «новым золатам»
-
Мігрант на беларуска-польскай мяжы схаваўся за прыбіральняй. Але не ўлічыў адзін нюанс ВІДЭА
-
Імаверны прэм'ер Літвы: Штучныя абмежаванні для беларусаў нелагічныя. Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы
-
«Зноў з'езджу ў Мінск, усё вырашым». Украінскі дэпутат, звязаны з ГУР, заклікаў Зяленскага да перамоваў з Расіяй
Каментары