«Яны хацелі хоць неяк дапамагчы Украіне». Брат «рэйкавага партызана» расказаў падрабязнасці справы
Першую справу за дыверсіі на чыгунцы хутка перададуць у суд.
Дыверсіі на інфраструктуры Беларускай чыгункі пачаліся неўзабаве пасля ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага. Тэрыторыя Беларусі і Беларуская чыгунка актыўна выкарыстоўвалася расійскімі войскамі для перавозак тэхнікі, боепрыпасаў і жывой сілы. Адразу ў некалькіх месцах краіны невядомыя пашкодзілі рэлейныя шафы — абсталяванне, якое аўтаматызуе рух цягнікоў. У выніку адбыліся збоі ў руху эшалонаў.
Дыверсіі выклікалі рэзкую рэакцыю з боку ўладаў. Нейкі час перагоны патрулявалі нарады АМАПа і ўнутраных войскаў. Пачаліся масавыя затрыманні чыгуначнікаў, аднак дыверсіі гэта не спыніла.
Першых «рэйкавых партызанаў» затрымалі праз некалькі тыдняў пасля пачатку дывэрсій. На гэты момант праваабаронцам вядома пра больш як дзесяць такіх абвінавачаных. У адну з раскрытых груп уваходзілі тры жыхары Светлагорска, якія ніяк не былі звязаныя з чыгункай — Дзяніс Дзікун, Дзмітрый Равіч і Алег Малчанаў. Брат Дзяніса Дзікуна Дзмітрый у размове са «Свабодай» расказаў, што расследаванне справы ўсіх траіх ужо практычна завяршылі і неўзабаве матэрыялы могуць перадаць у суд.
«Баюся, што працэс будзе паказальным»
«На гэтым тыдні справу следчыя збіраюцца перадаваць у пракуратуру, — кажа Дзмітрый. — Атрымліваецца, што следства ўжо скончанае. Баюся, што працэс будзе паказальным».
Дзмітрый расказвае, што перашкод у перапісцы ягонаму брату сілавікі не чынілі. Да Дзяніса даходзяць лісты, яму нават дазволілі спатканне з сястрой і нявестай. Утрымліваюць Дзяніса Дзікуна ў гомельскім СІЗА. Цяпер стан яго здароўя здавальняючы. Адразу пасля затрымання было іначай, расказвае брат «рэйкавага партызана».
«На так званым «пакаянным» відэа відаць, што ў брата разбіты твар, — гаворыць Дзмітрый. — Апухлае вока, апухласць на падбароддзі. За дзень да затрымання мы ўвечары размаўлялі (па відэасувязі). Я бачыў, як ён выглядаў. У яго на твары не было нават драпін. Ён нармальна адчуваў сябе. Яшчэ ведаю, што калі яго вялі па РУУС, то брат кульгаў. Яго бачылі іншыя людзі. Дзяніс трымаўся за бок, меў пабіты твар».
Траіх «рэйкавых партызанаў», паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», абвінавачваюць паводле артыкула 289 КК («Акт тэрарызму»). Вядома таксама, што ў матэрыялах справы ёсць адзін эпізод падпалу рэлейнай шафы ля чыгункі.
«Ніколі актыўна ў пратэстах не ўдзельнічаў»
Па словах Дзмітрыя, Дзяніс у 2020 годзе не ўдзельнічаў у пратэстах. З усёй іх сям’і толькі сам Дзмітрый быў на акцыях, актыўна выказваў сваю пазіцыю пасля выбараў 9 жніўня 2020 года.
Дзяніс нарадзіўся ў 1992 годзе, займаўся спортам. Ездзіў на заробкі ў Расію. Ён мае спецыялнасць токара, працуе на станках. Шмат дапамагаў сястры з бізнэсам, яна мае краму ў Светлагорску. Некалі меў свой пункт на рынку, адкрываў ІП.
«Брат пастаянна займаўся спортам, хадзіў у залу, — працягвае Дзмітрый. — Калісьці футболам вельмі шчыльна займаўся, ён моцна любіць футбол. Актыўна ў пратэстах ён не ўдзельнічаў ніколі. Але ў Беларусі кожны разумны чалавек бачыць, што адбываецца. Нехта актыўна ўдзельнічае (у пратэстах), хтосьці неяк па-іншаму. Брат усё выдатна ведаў, што ў краіне адбываецца».
Па словах Дзмітрыя, з братам падзеі «рэйкавай вайны» яны не абмяркоўвалі. Цяпер ён лічыць, што прычынай, якая магла паўплываць на рашэнне Дзяніса Дзікуна актыўна дзейнічаць, стала вайна Расіі супраць Украіны.
«Яны не сядзелі на месцы, як «канапавыя войскі»
«У Светлагорску затрымалі трох чалавек, — працягвае Дзмітрый. — І, як я разумею, людзі ведалі, што ўся расійская тэхніка едзе на поўнач Украіны праз Беларусь. Што для гэтага выкарыстоўваецца чыгунка. Яны хацелі хаця б неяк дапамагчы Украіне, спыніць гэтую тэхніку, каб яна далей не праходзіла. Па справе «рэйкавых партызанаў» праходзіць 11 чалавек. Цяпер будуць судзіць першых трох. Для мяне гэтыя людзі — героі. Яны не сядзелі на месцы, як «канапныя войскі». Паспрабавалі хаця б нешта зрабіць».
Дзмітрый кажа, што затрыманні брата і іншых абвінавачаных былі раптоўнымі. Яны адбыліся ранкам 4 сакавіка. Дзяніса Дзікуна затрымлівалі разам з Дзмітрыем Равічам — гэта муж роднай сястры Дзікуноў Наталлі. Пра затрыманне Алега Малчанава, бацькі нявесты Дзяніса Дзікуна, вядома менш. Дзмітрый кажа, што на відэа затрымання Малчанава няма, што ў РУУС яго прывезлі пазней.
«Падчас затрымання брата адбылася невялікая блытаніна, — расказвае Дзмітрый. — Сілавікі нейкі час думалі, што затрымалі мяне, а не Дзяніса. Мы вельмі падобныя з ім. Калі да нас дадому прыязджалі сілавікі ў 2020 і 2021 гадах, яны блыталі нас. Пасля затрымання яны яшчэ некалькі гадзін думалі, што затрымалі мяне, а не Дзяніса».
«Следчых ганялі, каб яны хутчэй скончылі справу»
Дзмітрый кажа, што ўсе трое абвінавачаныя ў дыверсіях на чыгунцы былі знаёмыя паміж сабой даўно. Дзяніс Дзікун да арышту шмат гадоў жыў разам з дзяўчынай. У Дзмітрыя Равіча дзве малыя дачкі, адна ходзіць у школу, другая толькі ў дзіцячы садок. Алег Малчанаў мае двух сыноў і дачку.
«Цяпер я спрабую дапамагаць сям’і сам, — кажа Дзмітрый. — Ці атрымліваюць брат і іншыя затрыманыя нейкую дапамогу ад незнаёмых людзей, я не ведаю. Не ведаю таксама, ці піша ім нехта. Чаму так хутка скончылася следства? Для мяне гэта загадка. Я чуў, што следчых падганялі пастаянна, каб яны хутчэй заканчвалі справу. Гэта для мяне дзіўна і страшна».
Месца і дата пачатку судовага працэсу ў справе «рэйкавых партызанаў» пакуль невядомыя. Усіх іх утрымліваюць у СІЗА-3 Гомеля, дзе судзілі Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка і іншых абвінавачаных па той справе.
Каментары