Свет11

Куды паехаць. Закапанэ і польскія Татры — горы і шалёныя панарамы

Расказваем, як гэты гарналыжны курорт уратуе тых, каму надакучылі турэцкія пляжы і all inclusive.

Навошта ехаць

Калі беларус чуе пра Закапанэ, ён хутчэй згадае зімовы турызм ды горныя лыжы, і наўрад ці падумае пра летняе падарожжа туды. Але ж летам польскія горы не менш прыгожыя ды вартыя ўвагі, чым узімку. Такі адпачынак падыдзе аматарам актыўнага турызму ды тым, хто не баіцца цяжкасцяў, але ж затое вы на свае вочы пабачыце прыроду рэдкай прыгажосці і праверыце свае сілы на няпростых і не заўсёды бяспечных горных сцежках (хаця і малым дзецям будзе дзе там пагуляць).

Як дабірацца

Зручней за ўсё было б даехаць у Татры на аўтамабіле, гэта таксама б палегчыла перасоўванне і па самім Закапанэ. Калі ж вы не маеце такой магчымасці і жадаеце скарыстацца грамадскім транспартам, можна ехаць або праз Варшаву, або праз Беласток.

Дабрацца з Мінска да Варшавы можна, напрыклад, на аўтобусе дзяржаўных перавозчыкаў (шукайце варыянты на infobus.by) або кампаніі Ecolines, цэны вагаюцца ад 85 да 125 рублёў. Такім жа чынам можна знайсці білеты і да Беластока, цэны — ад 75 да 125 рублёў.

Далей спатрэбіцца перасадка. Можна выбраць аўтобус — цэны на білеты ў розных перавозчыкаў стартуюць ад 10,5 еўра, падабраць білет можна праз сайт busradar.com. А можна скарыстацца польскімі цягнікамі — яны дужа зручныя і камфортныя, падобныя да нашых штадлераўскіх электрычак. Білеты коштам ад 52 злотых (каля 30 рублёў) набывайце на сайце польскай чыгункі pkp.pl (раздзел даступны толькі на польскай мове).

Па самім Закапанэ можна перасоўвацца пешшу ці карыстацца мясцовымі аўтобусамі, білет на якія каштуе 3 злотыя (каля 1,7 рубля, набыць можна ў кіроўцы ці ў білетамаце ў аўтобусе). Ходзяць яны не надта часта, таму рыхтуйцеся да шпацыраў — тым больш што вас чакаюць горныя сцежкі!

Яшчэ трохі карыснай інфармацыі. Цэны на просты аднамесны нумар (ці аднапакаёвыя апартаменты) у Закапанэ стартуюць недзе ад 150 злотых (ад 85 рублёў), паабедаць у традыцыйнай карчме можна за 50-60 злотых з чалавека (28-34 рублі). Калі жадаеце больш бюджэтны пачастунак, звяртайце ўвагу на мясцовыя кафэ самаабслугоўвання: напрыклад, на сетку ўстаноў Bar Mleczny ці на бістро Bar Grota.

Горы

Пачаць знаёмства з Татрамі можна з самай папулярнай вяршыні Закапанэ — Губалуўкі (Gubalówka). Для гэтага нават не трэба нікуды выязджаць з горада: проста спусціцеся па цэнтральнай закапанскай вуліцы Крупуўкі (Krupowka) да закапанскага рынка, перайдзіце яго — і вось вы ўжо ля ніжняй станцыі канатнай дарогі на Губалуўку. Цэны на білет пачынаюцца ад 21 злотага (12 рублёў) у адзін бок. Калі ж вы вырашыце ісці пешшу, то патраціце на шлях па сцежцы, што ідзе паралельна канатнай дарозе, прыкладна гадзіну — затое атрымаеце неблагую трэніроўку перад больш складанымі (і больш цікавымі) вяршынямі.

Назіральная пляцоўка на Губалуўцы. Фота: Gazeta Krakowska / Łukasz Bobek

Каб на свае вочы пабачыць усю прыгажосць Татраў, а не толькі Губалуўку, для пачатку трэба трапіць у Татранскі нацыянальны парк, дзе і знаходзяцца усе самыя цікавыя сцежкі ды вяршыні. З Закапанэ да розных уваходаў у парк ідуць маршруткі, кошт пачынаецца ад 4 злотых і можа даходзіць да 15 злотых у выпадку з больш аддаленымі аб’ектамі (ад 2 да 8 рублёў). Знайсці патрэбную маршрутку можна на часовым аўтавакзале, што знаходзіцца на паркінгу на вуліцы Aleja 3-go Maja, уваход у парк зараз каштуе ад 8 злотых (4,5 рубля).

Вам будзе значна лягчэй, калі пойдзеце ў горы ў належным абутку. Лепей адмовіцца ад басаножак і, калі гэта будзе магчыма, падрыхтаваць абутак для трэкінгу. Ён мае больш цвёрдую падэшву, якая не дэфармуецца на сцежках са складаным рэльефам, у дадатак вам не будзе слізка — на разбітых эрозіяй камянях гэта мае значэнне.

Не забудзьцеся ўзяць з сабой крыху ежы ды вады, каб падсілкавацца пасля падарожжа, і адзенне з доўгімі рукавамі — на больш высокіх вяршынях тэмпература можа быць заўважна ніжэйшая за тую, што была ля ўваходу на сцежку. Добра будзе таксама скарыстацца сонцаахоўнай касметыкай, бо атрымаць сонечны апёк пасля шпацыру ў гарах не цяжка. І падрыхтуйце наяўныя грошы, бо ў горных прытулках часам нельга расплаціцца карткаю, а выпіць кавы ў такім прытулку — дужа цікавы і прыемны вопыт.

Топ-3 сцежкі, па якіх абавязкова трэба прайсціся

1. Морске-Ока

Нягледзячы на даўжыню (9 кіламетраў у адзін бок!), сцежка да Морске-Ока — далёка не самая цяжкая, якую можна знайсці ў польскіх Татрах. Уся справа ў тым, што ледзьве не ўся гэтая сцежка ўяўляе з сябе асфальтавую дарогу, ды яшчэ і даволі пакатую, і толькі ў некаторых месцах можна зрэзаць шлях праз сцежку па камянях. Можна праехаць амаль увесь шлях на коннай павозцы (цэны ад 60 злотых — 34 рулёў — у адзін бок), але і ў такім выпадку прыйдзецца ісці пешшу недзе паўтара кіламетры, бо павозкі не даязджаюць да возера.

Від, які адкрыецца вам ля возера, пераўзыходзіць усе чаканні. Варта прайсціся па сцежцы ўздоўж вады, каб знайсці бязлюднае месца і зрабіць лепшыя фоты — ці проста адпачыць з відам на непаўторную панараму.

Калі ў вас яшчэ засталіся сілы, то ад Морске-Ока ідзе ўверх некалькі цікавых сцежак, у тым ліку і шлях на самую высокую вяршыню Татраў — Рысы (2503 метры). Але ж то ўжо заданне для падрыхтаваных турыстаў.

2. Даліна Касцяліска

Кажуць, гэтае месца асабліва прыгожае ўвесну, калі ўся даліна пакрываецца дываном з кветак. Але і летам тут можна знайсці цікавыя сцежкі, якія пралягаюць то каля горных рэк і ручаёў, то ў сасновым лесе, то каля пячор і жывапісных лугоў. Тут таксама ёсць конныя павозкі, але ж нашмат цікавей праходзіць увесь шлях пешшу, бо толькі так вы дакладна не прапусціце прыгожыя татранскія віды.

3. Каспровы Верх

Калі вы маеце хоць трошкі сумневаў у сваёй фізічнай падрыхтоўцы, лепей падымацца на гэтую гару (1987 метраў) на канатнай дарозе. Гэта не таннае задавальненне, бо цэны на білет стартуюць ад 109 злотых (ад 62 рублёў) у адзін бок, але ж шлях на вяршыню сапраўды цяжкі.

На самай вяршыні перад вамі адкрыецца від на асноўныя вяршыні Татраў як на польскім, так і на славацкім баку. Падрыхтаваныя турысты могуць працягнуць свой шлях да некаторых з іх — напрыклад, да Свініцы ці Чырвоных-Верхаў (Czerwone Wierchy). Іншыя ж падарожнікі пры наяўнасці сілаў могуць самастойна спусціцца з гары. На шляху да ніжняй станцыі, як і ў выпадках з іншымі папулярнымі сцежкамі, ёсць горны прытулак, дзе можна падсілкавацца.

Калі ж вам надакучаць Татры (наўрад ці гэта магчыма), то паспрабуйце на дзень-два пакінуць Закапанэ дзеля экскурсій па іншых аб’ектах паўднёвай Польшчы. Тут вам і Кракаў з яго славутай гісторыяй, і Чэнстахова — духоўная сталіца Польшчы, і знакамітыя саляныя шахты Вялічкі, і шмат усяго іншага. Толькі паспявай дзівіцца!

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Прафесійная падарожніца распавяла, як збірацца ў паездкі і якія тры рэчы абавязкова ўзяць з сабой

Чэшскі Рай. Ад замка да замка: захапляльны маршрут для пешага падарожжа па славянскім паграніччы

Каментары1

  • Pb82
    03.07.2022
    Абавязкова знайсьці і праслухаць песьню Sławomir
    Miłość w Zakopanem
    :-)

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ3

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →