История33

Маршрут для незабываемых выходных. На Нарочи вы все бывали. А посмотрите, что можно увидеть вокруг Голубых озер

Будслав—Кривичи—Княгинин—Городище—Новики—Пильковщина—Крути— Мядель. Этой дорогой можно проехать за один день, а другой отдать воде и лесу. Мы провезем вас дорогами Максима Танка, Михаила Чернявского, Николая Пашкевича, Андрея Скурко.

Возера Баторына, адно з нарачанскіх

З’язджаеце з мінскай кальцавой у раёне Навінак — і дарога вядзе вас на Мядзел («Мядзела», кажуць мясцовыя). Традыцыйна той рэгіён лічыцца краем азёр і сосен, але ехаць да іх прыйдзецца праз цёмныя мшыстыя яловыя лясы, асушаныя балоты. Яны нібы сімвал гэтых мясцін — колькі загадак, забытых жыццёвых гісторый хавае гэты мох і торф…

Дарогай

Па дарозе можна пабачыць парэшткі сядзібы Лукавец (злева ад трасы) — разбураныя гаспадарчыя пабудовы ХІХ стагоддзя і сімпатычная абноўленая каплічка стаяць на пагорку, дзе аж з XVI стагоддзя жыў род Пацаў — адзін з найбуйнейшых у Вялікім Княстве.

Не даязджаючы да мястэчка Ілья справа ад дарогі на полі, абкружаным лесам — дуб і ліпа, якія амаль зрасліся. На іх пабачыце з сотню пар абутку. Невядома хто запачаткаваў традыцыю для здзяйснення жадання закідаць пару абутку на гэтыя дрэвы. Актыўна падтрымліваюць яе навучэнцы Ільянскага заатэхнічнага каледжа. Але не толькі: даводзілася бачыць, як людзі пакідаюць на ўзбочыне машыну і з парай красовак у руках перасякаюць поле.

Характэрны для паўночна-заходняй Беларусі спосаб муравання: спалучэння вялікіх і малых камянёў

Перад самай Ільяй ёсць паварот направа, на вёску Уладыкі. Тут адбыўся адзін з найбуйнейшых баёў паўстанцаў 1863—1864 гадоў. У самой Ільі вас сустрэне велічны неараманскі касцёл Сэрца Ісуса 1909 года пабудовы. А адразу за Ільяй — Абадоўцы з рэшткамі сядзібы Багдановічаў ХІХ стагоддзя (да славутага паэта ўласнікі дачынення не маюць). Тут і вінакурня, і сыраварня, і кузня, і аранжарэя, і сажалкі, і флігелі, якія цяпер сталі жылымі дамамі, і рэшткі сядзібнага дома ды ўрачыстая неагатычная капліца-пахавальня з вежачкамі. 

На пераезд з Вілейскага раёна ў Мядзельскі вас блаславіць барочны касцёл у Касцяневічах, узведзены езуітамі ў 1763 годзе.

Святы Язэп у акне кляштара кармелітаў у Мядзеле

Будслаў

Пачынаць знаёмства з Мядзельшчынай добра з Будслава — духоўнай дамінанты гэтых мясцін. Тое, што ў Англіі адбывалася ў ХІ—ХІІ стагоддзях, у нас адбылося ў XVI-м: кароль Аляксандр аддаў манахам-бернардынцам кавалак дзікай пушчы. Цяпер там нацыянальны санктуарый. 

Касцёл сустракае вас за кіламетры ад мястэчка, адкуль бы вы ні пад’язджалі. Як і дзвесце гадоў таму, яго веліч выклікае нямое захапленне. Гэта віленскае барока невядомага архітэктара, але не класічнае: калі звычайна двухвежавыя храмы таго часу імкнуцца ў неба, дык будслаўскі храм цвёрда стаіць на зямлі. Магчыма, гэта нават самы шырокі касцёл Беларусі.

Як і дзвесце гадоў таму, яго веліч выклікае нямое захапленне. Гэта віленскае барока невядомага архітэктара, але не класічнае: калі звычайна двухвежавыя храмы таго часу імкнуцца ў неба, дык будслаўскі храм цвёрда стаіць на зямлі. Магчыма, гэта нават самы шырокі касцёл Беларусі

Сучасны будслаўскі касцёл пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя, але ў ім збярогся стары, аж з 1649 года, драўляны алтар. Чорна-залаты, афарбоўка яго імітуе афрыканскае эбенавае (чорнае) дрэва. Алтар натхнёны італьянскай ілюзорнай перспектывай: падаецца, што ён сыходзіць глыбока ў сцяну, а насамрэч не больш як на метр — проста памеры яго элементаў чым бліжэйшыя да цэнтра, тым больш змяншаюцца — гэта і стварае такі эфект.

Астатнія алтары ў касцёле не менш эфектныя. Гэта алтары-фрэскі, створаныя ў стылі trompe-l’oeuil, трамплёй, — «падман зроку». Фізічна іх не існуе — усе яны маляваныя. Але выглядаюць як цалкам рэальныя, і часам ногі самі вядуць падысці і памацаць сценку, каб пераканацца ў аптычнай ілюзіі. Такі стыль фрэсак яшчэ называюць «пампейскім», упершыню яго сталі выкарыстоўваць тамтэйшыя мастакі незадоўга да вывяржэння Везувія, піша рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі. Калі Пампеі сталі раскопваць, мода на такое мастацтва распаўсюдзілася па Італіі, неўзабаве дайшла і да нас. 

Будслаўскія алтары з выкарыстаннем аптычнай гульні ўвасобіў мінчук Казімір Анташэўскі, ён жа аўтар роспісаў у кафедральным касцёле Мінска і ў лучайскім касцёле святога Тадэвуша. Унікальнасць будслаўскіх фрэсак — яны ніколі не рэстаўраваліся. Мы можам бачыць іх такімі ж, якімі яны ўражвалі 200 гадоў таму сялян з навакольных вёсак. Такімі, якімі бачылі іх тутэйшыя манахі-бернардзінцы, перад тым як далучыліся да паўстання 1863 года… 

Будслаўская базіліка ў час пажару 2021 года

Будслаўскі касцёл, разам з гродзенскай і пінскай катэдрамі, атрымаў ад Ватыкана статус малой базілікі. Ён надаецца храмам з асаблівай гісторыяй і традыцыямі. 

Абавязкова наведайце Будслаў у час Будслаўскага фэсту, які цяпер праводзяць у першыя пятніцу і суботу ліпеня. Ікона Маці Божай Будслаўскай збірае пілігрымаў з усёй Беларусі, а кульмінацыя свята — абыход плошчы перад касцёлам са свечкамі — падорыць незабыўныя ўражанні. Будслаўскі фэст уваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.

1 мая 2021 года ў касцёле здарыўся пажар — згарэў дах, абгарэлі скляпенні. Гэта быў наш Нотр-Дам. Людзі па ўсёй Беларусі ў той дзень сачылі за навінамі з Мядзельшчыны. І як толькі касцёл папрасіў пра дапамогу, адгукнуліся. 

1 мая 2021 года ў касцёле здарыўся пажар — згарэў дах, абгарэлі скляпенні. Гэта быў наш Нотр-Дам

1 130 160 рублёў — столькі людзі сабралі на аднаўленне касцёла ў Будславе. На Новы год у храме аднавіліся набажэнствы. Цяпер касцёл зноў адкрыты для людзей. Яго можна наведаць ва ўсе дні, акрамя панядзелка з 10.00 да 17.00. Святыя Імшы ў будні ў 18.00, па суботах і нядзелях а 12.00.

Людзі са свечкамі каля згарэлага крыжа з Будслаўскай базілікі

Крывічы

Ідучы ці едучы галоўнай крывіцкай вуліцай 17 верасня, якая цягнецца некалькі кіламетраў уздоўж ракі Сэрвач, можна ўяўляць, як пад асфальтам, нібыта нябачныя рэкі, плывуць вуліцы XVII стагоддзя. Ад царквы да цэнтра — Данюшаўская, ад цэнтра да касцёла — Куранецкая, а калі на цэнтральнай плошчы павярнуць на вуліцу Маркса, апынешся над Мядзельскай. 

Ідучы па мястэчку маршрутамі, якім 400 год, цікава заўважаць сляды розных эпох і культур. Урослая амаль па вокны ў асфальтавы ходнік хатка побач з новай крамкай з металапрофілю; закінуты гандлёвы цэнтр, які з помпай адчынялі ў 1985-м, побач з адноўленай царквой, якая тады была складам; далей — рэстаран у будынку былой паліклінікі, што яшчэ даўней быў райкамам партыі…

Памежнасць Крывічоў пачынаецца ўжо з самой іх назвы, якая магла пазначаць месца сутыкнення экспансіўных крывічоў-палачанаў з балцкім морам. Пра тыя прадаўнія часы сёння могуць расказаць хіба толькі ландшафты. Крывічы стаяць на высокім левым беразе Сэрвачы — нібыта на ўзнятым над ракой плато, роўныя адхоны якога дзе-нідзе падаюцца рукатворнымі. 

Рэчка Сэрвач у Крывічах

Першая ж дакументальная фіксацыя адносіцца да часоў юнацтва караля Казіміра Ягелончыка. Два мясцовыя правадыры (ці якім іх назваць словам?), якія мелі яшчэ дахрысціянскія імёны, але ўжо вырашалі спрэчкі ў судзе, вызначалі, каму належалі бабровыя гоні, а сведкамі бралі «людзей-крывічанаў».

«До революции Кривичи были местом, забытым богом и людьми», — запомнілася фраза з альбома ў школьным кабінеце гісторыі — адзінай на канец 1980-х цэльнай «працы», прысвечанай мінуламу мястэчка. Гэтая накінутая «забытасць» дагэтуль многім замінае бачыць панарамна і гісторыю краіны, і той кластар, які займае ў гэтай «вялікай гісторыі» мінулае тваёй роднай мясціны. Без якой тая вялікая гістарычная панарама будзе няпоўнай.

Гісторык Мікола Волкаў, які апошнім часам заняўся даследаваннем старажытных дарог, высветліў, што Крывічы стаяць на даўнім шляху з Полацка на Вільню. Гэтая лёгкадаступнасць мела і свае мінусы: Крывічы рабавалі цягам пякельнага XVII стагоддзя і маскоўцы, і шведы, дый «свая» татарская харугва яго каралеўскай мосці Яна Казіміра Вазы адзначылася. 

З іншага боку, лагістычная зручнасць прываблівала інвестыцыі. Купіўшы Крывічы, гетман Януш Кішка збудаваў тут сядзібу і фундаваў царкву. Сюды ў госці да старога гетмана заязджаў славуты Януш Радзівіл — захаваліся лісты, пісаныя ім у Крывічах. 

А галоўным стратэгічным рэсурсам крывіцкай сядзібы было сена. Апісанню яго збору і захавання адведзена нямала месца ў інвентарах маёнтка. Тых інвентароў ад XVII стагоддзя захавалася два. Першы сведчыць, што сядзібны дом стаяў у цэнтры мястэчка — дзесьці на месцы цяперашняй крамы «Родны кут» на спуску да моста праз Сэрвач. Праз 50 гадоў ён фіксуецца ўжо за межамі мястэчка. Відаць, там, дзе і да сёння захаваліся рэшткі шляхецкай сядзібы ХІХ стагоддзя.

Сённяшняя крывіцкая праваслаўная царква таксама ўжо не Кішкавых часоў. Тая, драўляная, прастаяла 300 гадоў, пасля на яе месцы змуравалі новую, у гонар адмены прыгоннага права. Продкі ўмелі выбіраць месцы для бажніц: царква высока ўзнесеная над прырэчным поплавам. Адразу за ёю Сэрвач робіць цяпер пятлю, падмываючы старажытныя могілкі. 

Касцёл у Крывічах з’явіўся на паўтара стагоддзя пазней. Пра гэта нечакана можна даведацца ў Мастацкім музеі, разглядаючы партрэт Андрэя Укольскага. Тое, што ён фундаваў крывіцкі касцёл, напісана проста на партрэце. Натуральна, асвечаны храм быў у гонар Святога Андрэя.

Брама касцёла Святога Андрэя ў Крывічах

Ці то строгая прыгажосць яго архітэктуры, ці то іншыя меркаванні паспрыялі таму, што падчас ліквідацыі Уніі некалькі соцень, то-бок большасць, крывіцкіх уніятаў перайшлі ў рыма-каталіцтва, а не ў праваслаўе. Моцная каталіцкая грамада Крывічоў адстаяла свой храм у 1960-я, не даўшы яго закрыць у часы хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі.

Моцная каталіцкая грамада Крывічоў адстаяла свой храм у 1960-я, не даўшы яго закрыць у часы хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі

Царкву ж тады, папярэдне скінуўшы крыжы і званы, ператварылі ў склад. Грошы на яе аднаўленне ў пачатку 90-х таксама масава здавалі каталікі — такая тыповая для Беларусі павага да іншаверцаў.

У касцёле можна пабачыць мемарыяльныя табліцы колішнім уласнікам Крывічоў — Ходзькам. Гэты шляхецкі род даў беларускай гісторыі філаматаў, пісьменнікаў, паўстанцаў, даследчыкаў, выгнаннікаў. Летась каля Дома культуры, дарэчы, адкрылі камень з мемарыяльнай табліцай па адным з Ходзькаў. Выпадкова ці не, ён адзіны з усіх, хто чыста выпадкова апынуўся ўбаку ад узрушэнняў бурлівага ХІХ стагоддзя.

Сядзібны дом на глыбачэзных падмурках Ходзькавых часоў захаваўся дагэтуль. Ён стаіць на «Хутары» — ускрайку Крывічоў пры выездзе на Будслаў. У тым доме, падзеленым на пяць кватэр, пашчасціла пражыць першыя гады жыцця рэдактару «Нашай Нівы» Андрэю Скурко. У пачатку 1980-х яшчэ выразней чыталіся абрысы колішняй сядзібы: велічныя кляновыя і таполевыя алеі, зараснікі акацый, гаспадарчыя будынкі, знесеныя цяпер або ператвораныя ў руіны.

Рэшткі былых алей у доме, дзе правёў дзяцінства Андрэй Скурко

Пасля Другой сусветнай вайны тут, у былым сядзібным доме, месцілася туберкулёзная бальніца. Напамінам пра час, калі гэтае месца было насычана болем і трагедыямі, заставаўся «бальнічны сад» за домам — цяпер ён амаль увесь забудаваны.

Па стылі забудовы той ці іншай вуліцы можна меркаваць пра час яе ўзнікнення. У цэнтры ёсць хаткі мікалаеўскіх часоў. Між цэнтрам і рэчкай Кутлянкай — элементы польскай міжваеннай адміністрацыйнай забудовы: двухпавярховы паліцэйскі пастарунак, амбулаторыя з вялікімі вокнамі, дом дырэктара школы з драўлянай калонай. А зусім побач з ім — закінуты будынак першага ў мястэчку прыватнага магазіна 1990-х — з вежай і цагляным плотам у стылі італьянскай фартыфікацыйнай архітэктуры. 

Цяпер, дарэчы, некалькі крамаў у Крывічах і ваколіцах трымаюць дзеці дэпутата Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Уладзіміра Станкевіча, які быў родам адсюль (галасаваў за незалежнасць і далучыўся да Народнага Фронту той дэпутат-міліцыянт). Адзін са Станкевічаў-малодшых адчыніў рэстаран у будынку былой паліклінікі.

Тое, што ён дэкараваны сярпамі і молатамі, не мае здзіўляць. Як і тое, што праз дарогу насупраць стаіць роўна такі самы цагляны двухпавярховік. Бальніцай і паліклінікай яны сталі пасля ўзбуйнення раёнаў. А да таго былі райкамам і райвыканкамам. 

Так, Крывічы былі раёнам. І тое, што давялося падпарадкавацца Мядзелу, які не меў ні чыгункі, ні мясцовай прамысловасці, ні мікраэлектрастанцыі на рэчцы Накве, скрэбла душу крывічанаў.

«Максім Танк, Сяргей Прытыцкі

Прапілі раён Крывіцкі», 

— такая была прыпеўка.

Па дарозе ад Дома культуры, дзе ў канцы 80-х, нібы ў Старажытнай Грэцыі, праходзілі спаборніцтвы хароў працоўных калектываў, да Ходзькавай сядзібы пасляваенныя шаляваныя хаты паслядоўна змяняюцца тыпавой шэра-цагельнай забудовай 60-х, пасля бела-сілікатнымі дамамі пачатку 80-х, фармальнымі пошукамі 90-х і сучаснымі катэджамі.

Старажытная чаша для святой вады. Крывічы

Крывічам пашанцавала, яны не былі спаленыя ў часе войнаў ХХ стагоддзя. Хоць развіццё і было падарванае пазбаўленнем раённага статусу, мястэчка яшчэ нейкі час працягвала расці. Але ўжо са змененым этнічным складам і атмасферай. Некалькі соцень насельнікаў захаваных дагэтуль даваенных дамкоў па колішняй Мядзельскай і іншых цэнтральных вуліцах былі знішчаныя ў Крывіцкім гета. Яны ляжаць на старых яўрэйскіх могілках за Сэрваччу, злева ад дарогі на Даўгінаў, як ехаць ад цэнтральнай плошчы.

Рэдкі прыклад двухпавярховай хаты

Ад яўрэйскай супольнасці Крывічоў — як і Даўгінава, Мядзела, Свіры — засталіся лічаныя адзінкі. Старажылы памятаюць старога нарыхтоўшчыка Мішу Глейзера. Каля яго сялібы ляжала гара жалезнага ламачча — надзвычай прывабны для дзяцей аб’ект. У цэнтры жыў Мулька (Самуіл) Кац, дзеці якога пасля адчынілі рэстаран «Беларусь» на Брайтане. Вялікая сям’я Шнэйдараў, Шуд, які лічыўся нефармальным лідарам мясцовай яўрэйскай грамады, ды Хона, які прадаваў канцтавары, — вось, бадай, і ўсё.

Расчыніліся сярод іншых, прыхаваўшы сваю адметнасць, і крывіцкія татары — Асановічы, Адамовічы, Абрамовічы, Кучынскія і Яцыны.

Вялікай падзеяй, якая моцна адбілася на лёсе мястэчка ў апошнія дзесяцігоддзі, стала перапрафіляванне школы-інтэрната ў папраўчую ўстанову для непаўналетніх — гэта стварыла дадатковыя працоўныя месцы, хоць і надало злавеснасці абліччу Крывічоў. Яшчэ адна паваротная падзея адбываецца проста зараз: у Крывічы нарэшце вядуць газ. Якімі будуць Крывічы, іншыя мястэчкі, Беларусь праз сто-дзвесце гадоў?

Якімі будуць Крывічы, іншыя мястэчкі, Беларусь праз сто-дзвесце гадоў?

Геаграфічныя арыенціры змяняюцца, магістральныя трасы ссоўваюцца, плыве далей Сэрвач, устаўленая пáлямі старых мастоў — нібы рака часу.

Княгінін

Ён узнік як вялікая вёска пасля з’яўлення чыгункі і станцыі. На старэйшых картах гэта раскіданыя хутары, фальваркі ды пару вулак каля старой уніяцкай царквы. У Першую сусветную ў Княгініне быў шпіталь — тут ёсць брацкая магіла загінулых у Нарачанскую аперацыю. Гэта велізарная яма ад спарахнелых целаў — на могілках у цэнтры мястэчка. 

Непадалёк царква, пабудаваная яшчэ за ўніяцкім часам. У цяперашнім будынку, абкладзеным сайдынгам, сціплая архітэктура ўніяцкіх цэркавак ледзь угадваецца. Ад старых часоў захавалася хіба толькі старое акенца са старадаўняга, тоўстага, ручной вытворчасці шкла (на паўночнай сцяне ў раёне алтара). 

А яшчэ Княгінін — гэта радзіма шматгадовага рэдактара «Звязды» часоў, калі яна мела тыраж 200 тысяч асобнікаў, Уладзіміра Наркевіча.

Народ, беларускі народ… Больш не сляпы, але ўсё яшчэ змучаны цяжкай працай

Гарадзішча

Едучы з Княгініна ў бок Мядзела, немагчыма абмінуць гарадзішча пры аднайменнай вёсцы. Яно нібы само спыняе вас на трасе, а потым выдае маўклівы дазвол працягваць вандроўку. Гэтае гарадзішча з ледавіковага ўзгорка сфарміравалі балцкія плямёны яшчэ да нашай эры і жылі на гэтым месцы каля тысячы гадоў.

У Гарадзішчы знайшлі самую старажытную ў Беларусі касу

А збочыць з трасы ў вёску, дзе жывуць нашчадкі балтаў, варта дзеля раскошнай брукаванкі. Брук — беларуская разынка, наша хараство. Рымскія дарогі дагэтуль паказваюць турыстам ад Брытаніі да Ізраіля: па іх рухаліся войскі, гандляры, кур’еры з поштай і загадамі імператара, яны былі артэрыямі, па якіх бегла кроў дзяржавы, яднаючы разрозненыя правінцыі ў адзіны арганізм. Тое ж было і ў нас, і брукаваныя тракты, хоць і пазнейшых часоў, захаваліся шмат дзе на нашай зямлі. Акрамя Гарадзішча, у гэтых мясцінах брукаванку можна ўбачыць у вёсках Старынкі, Андрэйкі, Вузла, Мікольцы, Круці. 

«Ад кожнага парога да Вільні дарога», кажуць тут. Брук ідзе да канца вёскі, міма могілак, на якіх заўважны высокі помнік з бронзавым барэльефам: профіль маладога мужчыны з пышнымі кучарамі. Гэта Мікола Пашкевіч, мясцовы настаўнік і падзвіжнік, якому Васіль Быкаў прысвяціў аповесць «Абеліск». Як успамінаў пісьменнік, Пашкевіч часта пісаў яму, прычым гнеўна і без піетэту. Ён дакараў, што літаратары засядзеліся ў Мінску, зазналіся і не хочуць сустракацца з чытачамі. У выніку такога маркетынгу ў Сваткаўскай школе ў 60-я пабываў увесь цвет тагачаснай літаратуры: Быкаў, Караткевіч, Мележ, Шамякін, Гілевіч, Барадулін… Пашкевіча без пары забрала анкалогія.

Брукаванка абмінае могілкі і бяжыць далей у падлеску. Гэта старая дарога на Сваткі, якой Пашкевіч хадзіў на працу ў такія пагодныя восеньскія дні. Яна губляецца між пераараным полем і шчыльным ельнікам.

Далей па трасе — круглае Наўранскае азярко і схаваныя ў лесе больш за сотню крывіцкіх курганаў Х—ХІІ стагоддзяў.

Пахне чабор

Сваткі, Мацкі, Пількаўшчына

Пра былое царковішча ў цэнтры Сваткаў нагадваюць толькі рэшткі брамы

Заедзем у цэнтр да старога царквішча. Цяпер тут, на пагорку, толькі рэшткі каменнай агароджы. Стары драўляны храм, што стаяў тут з уніяцкіх часоў, згарэў у вайну разам з суседнім маёнткам Марцінова. У той царкве хрысцілі народнага паэта Беларусі і падпольшчыка Максіма Танка.

Назва Сваткі, згодна з народна-этымалагічнай легендай, паходзіць, канечне ж, ад слова «сваты», але ў дакументах XVII стагоддзя мы знаходзім пана Крыштапа Святку, уласніка вёскі Лутчыцы і маёнтка Малая Вузла, якія з часам пачалі называцца Святкоўшчынай і недзе толькі ў апошнія 100 гадоў — Сваткамі. 

А ў вас на падворку ёсць помнік прыроды? А ў Сватках ёсць — вялізны камень

На старых картах Наўранскае возера, што за кіламетр ад Сватак, называецца па-старому «Пілсудскае». Але не ў гонар начальніка польскай дзяржавы, які абяцаў беларусам аўтаномію, а пасля перадумаў. Яго далёкі старэйшы сваяк валодаў некалі Сваткамі (дакладней — маёнткам Марцінова) — і пахаваны там. Магіла яго цудам захавалася. 

Магіла Уладзіслава Пілсудскага ў Сватках

Выязджаем са Сватак, перасякаем дарогу на Мядзела і трапляем у вёску Мацкі.

Першую згадку пра яе я знайшоў у кнізе актаў Ашмянскага гродскага суда за 1660-я гады. Яна была ў пераліку населеных пунктаў, разрабаваных маскоўскім войскам, калі цар Аляксей Міхайлавіч ішоў на Вільню. Відаць, атрады фуражыраў і шукальнікаў здабычы шырока рассыпаліся паабапал віленскай дарогі і адзін з іх натрапіў на Мацкі, якія складаліся тады з двух двароў і належалі шляхціцу Мацковічу. Дзе была яго сяліба? Можа быць, справа ад дарогі, пры канцы вясковай вуліцы, на ўзгорку?

Мацкі стаяць на высокім узгорку — Мацкоўскай гары.

Брукаванка ў Мацках

Недалёка ад месца, дзе дарога павяртае направа, да Новікаў, ёсць непрыкметная пуцявіна налева, у лес. Гэта стары шлях на вёску Шкальнікова, перад якой у лесе знаходзіцца ўрочышча Стары Двор. Апошнія згадкі пра тое, што тут жылі людзі, адносяцца да 1820-х. Каля забалочанага азярка, што называецца Памяльніца, ляжаць некалькі валуноў, з-над зрэзанай бульдозерамі зямлі на просецы высакавольтнай лініі пад травой сярод бруснічніка праглядаецца стары брук — ён выклікае асацыяцыі з закінутымі дарогамі магутнай некалі цывілізацыі мая.

Брук у Мацках

Легенда кажа, што ў Старым Двары жыў стары пан, які пусціў сялян на волю пасля таго, як загінуў, упаўшы з каня, яго сын. Што хаваецца за ёй? Адказу пакуль няма.

Яшчэ адна легенда, звязаная з сялянскай свабодай, знайшлася ў суседніх Новіках. Паводле яе, людзі ў Новіках калісьці былі вольныя і мелі спецыяльную грамату, якая гэта пацвярджала. Грамата захоўвалася ў хаце самага паважанага вяскоўца. Але падлогі ў тыя даўнія часы былі земляныя, і аднойчы паны падкапаліся ды грамату выкралі… 

Можа быць, гэта захаваны ў народнай памяці ўспамін пра тое, што ў часы Рэчы Паспалітай Новікі былі каралеўскай, а не прыватнай уласнасцю? А каралеўскія сяляне мелі болей правоў.

Новікі па-мясцоваму называюцца Слабада — так называлі вёскі, дзе жылі вызваленыя сяляне. Паміж Мацкамі і Слабадой, з левага боку, ляжыць поле, якое называлася Крыжыкі: на ім колісь ставілі крыжы, каб адгарадзіцца ад нейкага мору, на якія было багатае мінулае нашага краю. Дый сама Слабада ў далёкія часы, пасля вялікай пошасці, была перанесеная на новае месца.

Захаваўся інвентар Новікаўскага староства, што складалася з вёскі Слабада і было заснаванае за часам караля Аўгуста ІІІ: у старой Слабадзе, апроч дзясятка мужыцкіх сем’яў, была яшчэ адна яўрэйская, якая трымала карчму і бровар пры ёй. Прыкладнае размяшчэнне першапачатковай вёскі вядомае — урочышча Доўгі Бярэзнік. Некалькі стагоддзяў таму тут кіпела жыццё, цяпер знаку няма ад яго ў гэтых грыбных па восені мясцінах.

Яшчэ ў Слабадзе ёсць стары магільнік, дзе пахаваны паэт Максім Танк. Ён нарадзіўся ў суседняй Пількаўшчыне, якую заснавалі ў пачатку ХІХ стагоддзя выхадцы са Слабады. І з тых часоў пількаўшчане хаваюцца на могілках у Слабадзе. 

Магілы паэта і падпольшчыка Максіма Танка, ягонай жонкі і сваякоў

Гэтыя могілкі пакідаюць незабыўнае ўражанне: гара застаўленая каменнымі помнікамі розных стагоддзяў.

Калі зайсці на самую вяршыню гары, на якой месціцца магільнік, можна заўважыць рэшткі невялікага падмурка з валуноў. Тут стаяла ў пачатку ХХ стагоддзя драўляная капліца, якую паставіў і ўпрыгожыў разьблёнымі скульптурамі святых мясцовы чалавек — Пётра Скурка. Згодна з паданнем, ён зваліўся з даху тае капліцы і ў хуткім часе памёр.

Могілкі ў Новіках: гара, укрытая надмагільнымі камянямі рознага часу

Капліца прастаяла да 1950-х, а магіла Пётры, якога называлі Багароб, была бачная каля яе яшчэ ў 1990-я. Відаць, ён быў правобразам Люцыяна Таполі з аднайменнай паэмы Максіма Танка.

Той Люцыян Таполя лічыцца першым рэнесансным героем у беларускай літаратуры.

На цвінтары, сярод дзікіх камянёў, якімі пазначаныя даўнія сялянскія пахаванні, вылучаюцца часаныя гранітныя помнікі Дубягаў — уласнікаў фальварку Дубавое. Цяпер гэта проста ўрочышча, кавалак поля сярод лесу. Гаспадароў вывезлі ў Сібір у 1939-м.

Тут жа ляжаць і продкі Андрэя Скурко.

Са Слабады трапляем у Пількаўшчыну. Сучасная камфортная дарога туды — здабытак меліярацыі. У пачатку 1950-х тут ляжала грэбля цераз балота, каля якой можна было занурыцца з галавой. Пількаўшчына стаяла на балотным востраве, накшталт мележавых Куранёў. Назва гэтай вёскі старэйшая за яе саму. Пількаўшчынай гэтае месца звалася яшчэ не быўшы заселеным у ХІХ стагоддзі (пра гэта сведчыць інвентар згаданага Новікаўскага староства). Паходзіць назва ад імя Пілька — Піліп, якому у пракаветныя часы належала гэта зямля. 

На ўскрайку Пількаўшчыны быў магільнік, прыналежнасці якога ніхто не памятаў. Яго знішчылі ў 90-я, будуючы дарогу і дамы для чарнобыльскіх перасяленцаў. Магчыма, першы раз Пількаўшчына была заселеная ў часы Жыгімонта Аўгуста і Уставы на валокі, а пасля людзі з нейкай прычыны сышлі ці вымерлі ў час пошасці.

Пількаўшчына дзеліцца на мікрараёны: Цэнтра, Піварышча, Хутары, Махнатка… Па іх можна хадзіць, спыняючыся ля кожнай каменнай крушні, што пазначае колішнюю сялібу, і расказваць гісторыі — вясёлыя і вусцішныя — пра жыццё, якое некалі тут віравала. Тут у бабы, гэтая хата захавалася, бавіў лета нашанівец Андрэй Скурко.

Галоўная пількаўская славутасць — бацькоўскі хутар Максіма Танка. Ён далекавата за вёскай, у лесе. Там захавалася хата, перавезеная з вёскі ў пачатку ХХ стагоддзя. «Мая калыска», называў яе Танк. Тут знікае Народны паэт Беларусі і старшыня Вярхоўнага Савета і з’яўляецца Хведараў Жэня. 

Сядзіба Максіма Танка ў Пількаўшчыне — хутар каля вялікага лесу. Да апошняга тут жыла малодшая сястра паэта

Адсюль яго ў 1933-м забрала паліцыя. Жэня Скурко не паспеў і з хаты выскачыць: яго вывалаклі на двор, пад пасаджаны бацькам дуб, і на вачах у маці і малодшага брата білі прыкладамі. Пасля, прывязаўшы вяроўкай да фурманкі, пагналі коней каля лесу… Маці кінулася следам з крыкам: «Паночкі, пусціце яго! Ён нічога благога не рабіў!» Ляцела, пакуль не ўпала. 

Юнака, што валокся за фурманкай, чакалі турма ў Вільні і слава.

У вялікім свеце яго чакала новае імя — Максім Танк. У Вільні, акрамя вязніцы, яго чакала каханне на ўсё жыццё і першая паэтычная кніга, якая зробіць яго славутым. Быў і начны пераход праз мяжу, выгнанне з савецкага «раю» назад у заходнебеларускае «пекла». Шчаслівае выгнанне: усіх, каго не выгналі, забілі ў Курапатах у 1937-м…

Існуе стэрэатып, што родная вёска Танка — азёрны сасновы край. Насамрэч гэта край балот і змрочнага таямнічага ельніку. Азёры з пясчанымі берагамі чакаюць наперадзе — кіруем на Мядзел і ваколіцы.

Мясціны археолага Міхася Чарняўскага

У Круцях, дзе нарадзіўся Чарняўскі, таксама захавалася старая брукаванка

Маляўнічыя Круці з брукаванкай і старажытнымі, яшчэ з XVII стагоддзя, з часоў уставы на валокі, могілкамі. Хутар Гінеўка з сінімі лясамі да гарызонта. Гарадзішча Чорная гара — месца першых яго раскопак.

На падмурку хаты ў Гінеўцы — хутары, дзе прайшло яго ранняе дзяцінства. Міхась Чарняўскі меў асаблівыя пачуцці да гэтага месца.

Мястэчка Мікасецк з фальваркам, панскім дваром (Міхась Чарняўскі меркаваў, што яго ўласнік браў удзел у паўстанні 1830 года або яшчэ раней падтрымаў Напалеона, і зямлю за гэта адабрала дзяржава).

Пабудаваная за польскім часам царква (1926) — помнік народнага дойлідства, працавала пры саветах увесь час.

Не абмініце і магілу Міхася Чарняўскага на родавых могілках у Круцях.

Чарняўскі пахаваны на радавых могілках у Круцях, побач з бацькамі. На помніку яго жыццёвы дэвіз — «Беларусь перадусім»

Мядзел

Нельга абмінуць гэта мястэчка на беразе возера — і аж з з двума замкамі.

Да першага замка — памежнай крэпасці часоў Полацкага княства — можна даплыць чаўном. Замчышча знаходзіцца на востраве Замак на азярцы Мядзел. Верагодна, гэта пра яго ў лісце крыжакам 1324 года згадвае Гедымін. Вялікі князь вінаваціць рыцараў у парушэнні міру і нападзе на «моцны замак мядзельскі». Людзі жылі там яшчэ ў XVI стагоддзі, расказвае гісторык Мікола Волкаў: ён адшукаў згадку пра тамтэйшую царкву за 1584 год.

Паралельна побач развівалася каралеўскае мястэчка Мядзел. У ім збудавалі свой замак. Волкаў знайшоў крыніцу, што прыпісвае будаўніцтва замка Альжбеце Саковіч, дачцэ мядзельскага старосты Багдана Саковіча. І не толькі замка! Пасля спалення Мядзела маскоўскімі войскамі ў час вайны 1512—1522 гадоў Альжбета перанесла мястэчка і касцёл на новае месца. Жанчыны будавалі замкі! Археолагі кажуць, што замак меў каменную вежу габарытаў Камянецкай, драўляныя сцены і палац.

Замак стаяў на востраве, абаронены дадаткова возерам і балаціной. Да яго вёў мост, які ішоў ніжэй узроўню вады. Народнае паданне кажа, што шведы не маглі доўга ўзяць замак, бо не ведалі, дзе той мост, пакуль не ўбачылі, як карова ідзе па ім «акі посуху»… 

Як лічылася, пасля таго варожага нападу замак не аднавіўся. Але гісторыкі высветлілі, што ўсё было менш рамантычна, але больш цікава. Шляхта палюбіла з’язджацца сюды на свае суды — і ў 1618 годзе ў час балявання выпадкова спаліла замак! Больш яго не аднаўлялі.

Было некалі абнесена валамі і само мястэчка — цяпер цяжка аднавіць тапаграфію гэтага старога радзівілаўскага ўладання. У часе маскоўскіх войнаў адна гусарская харугва Рэчы Паспалітай выбівала з Мядзела іншую харугву, каб стаць на пастой; у 1830-м Мядзел падтрымаў паўстанне: рэгулярным войскам процістаяў атрад апалчэнцаў пад загадам 70-гадовага яшчэ касцюшкаўскага капітана. Яны мелі тры гарматы, дзве з якіх былі драўляныя… 

Архітэктура яго незвычайная для нашых мясцін: ніжні аб’ём чатырохгранны, верхні васьмігранны, а на ім гранёны купал

На беразе возера стаіць і ўрачысты касцёл Маці Божай Шкаплернай, збудаваны пры кляштары кармелітаў босых у 1730—1750-я гады. Архітэктура яго незвычайная для нашых мясцін: ніжні аб’ём чатырохгранны, верхні васьмігранны, а на ім гранёны купал. Аналагі сустракаем у Вільні ды Варшаве. 

Касцёл Маці Божай Шкаплернай (злева), збудаваны пры кляштары кармелітаў босых (справа)

Тры гады таму ў сцяне касцёла знайшлі метрычныя кнігі і кавалачкі мошчаў святых Тэрэзы, папы Грыгорыя і Цыцыліі — апякункі музыкаў, што жыла ў ІІ стагоддзі. Выявілася, іх замуравалі ў 1940-м, ратуючы ад бальшавікоў, якія зрабілі ў касцёле склад хімічных угнаенняў.

Крыж на кляштары кармелітаў. Мядзел

У Мядзеле захаваліся яўрэйскія могілкі, а адразу за мястэчкам, як ехаць на Нарач, можна пакланіцца татарскаму космасу. Тут хаваюць сваіх нябожчыкаў беларускія татары з усёй Мядзельшчыны. Помнікі падпісваюць кірыліцай і арабіцай. Дзе-нідзе партрэты і кветкі — нягледзячы на суровую забарону муфція (яна вісіць над брамай). Але магілы па традыцыі абкладаюць камянямі.

Мядзельскі музей народнай славы 

пакідае дзіўнае ўражанне. Ён нібы застыў у канцы 1960-х, у часе свайго заснавання. У якім яшчэ беларускім музеі можна ўбачыць стэнд «Уз’яднанне беларускага народа з Расіяй у XVIII стагоддзі»? 

«Сваёй эклектыкай ды мешанінай музей збівае з панталыку любога гледача, а афармленне вітрынаў пакідае жадаць лепшага. Мядзельшчына дала цэлую плеяду выбітных археолагаў, і даследаваны гэты край так, што іншым толькі пазайздросціць — але як жа тут крыва прэзентуюць археалагічныя знаходкі, прытым гэта найперш датычыць сучасных дабаўленняў у экспазіцыю», — кажа музейны крытык Аляксей Ластоўскі. Пры гэтым тутэйшы музей — адзінае пакуль месца, дзе можна пабачыць адзінкавыя рэчы з крывіцкіх курганоў у Наўрах.

Возера Нарач

Даехаць да Мядзела з Мінска можна за паўтары гадзіны.

Возера Белае — самае чыстае ў Мядзельскім раёне. У ім няма і цэркарыёзу, праблемы самой Нарачы. Але асцярожна: каля яго пляжу жывуць гадзюкі, выпадкі ўкусаў нярэдкія

Уся вандроўка зойме выходны дзень. Калі хочаце добра выплавацца на азёрах — самае добрае для купання называецца Белае, у ім няма цэркарыёзу — заплануйце начлег і паездку на два дні.

Комментарии3

  • Тургід
    24.07.2022
    Трэба ехаць !
  • Іван
    24.07.2022
    Цудоўна напісана. Чытаеш - і не адарвацца, так цікава.
  • mikola ramanau
    14.05.2023
    Jakija byli CZASY! Aposni raz byu tam u kancy 90 gadou..........

«Напугать Берлин и других европейцев». Путинский «Орешник» может оказаться всего лишь срежиссированным шоу

«Напугать Берлин и других европейцев». Путинский «Орешник» может оказаться всего лишь срежиссированным шоу

Все новости →
Все новости

Монахинь Свято-Елисаветинского монастыря прогнали еще с одной ярмарки в Польше16

В Варшаве начинается суд по делу изнасилования и убийства белоруски Лизы2

В Британии идет суд над болгарами, которых подозревают в шпионаже в пользу России

Министерство здравоохранения установило нормы приема пациентов

«Было ощущение, что люди уже не хотят войны». Алексей Ластовский о посещении Сирии и режиме Ассада как меньшем из зол14

Азаренок заявил, что стал помягче и объяснил, почему сдал назад30

Военное положение в Южной Корее отменяется2

Сверхсовременные норвежские F-35 прилетели усилить оборону хаба НАТО на границе с Украиной1

Где в Европе новогодние елки претендуют на звание самой высокой?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Напугать Берлин и других европейцев». Путинский «Орешник» может оказаться всего лишь срежиссированным шоу

«Напугать Берлин и других европейцев». Путинский «Орешник» может оказаться всего лишь срежиссированным шоу

Главное
Все новости →