Грамадства22

Пра топ беларускіх гарадоў, халаднік, футбол і здымкі ў кіно. 20 фактаў пра Ягора Марціновіча

Раніцай 8 ліпеня 2021 года сілавікі схапілі галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча непадалёк ад дома ў час, калі ён выйшаў на шпацыр з сабакам. Сёння роўна год з таго самага дня, год, як Ягор знаходзіцца за кратамі. У сакавіку 2022-га суд Заводскага раёна Мінска прысудзіў яму 2,5 года пазбаўлення волі. Адбываць тэрмін Ягора накіравалі ў бабруйскую калонію. 

Калі вы даўно чытаеце «НН», то дакладна ведаеце адзін з найпапулярнейшых і даўнішніх нашых фарматаў — «Пяць фактаў пра». Сёння, у гадавіну зняволення нашых калег, публікуем вядомыя і невядомыя факты пра Ягора Марціновіча, бліскучага журналіста і таленавітага рэдактара і менеджара. 

1. Ягор аб’ездзіў Беларусь уздоўж і ўпоперак. Не паспеў наведаць усяго пяць раёнаў са 118. З буйных райцэнтраў сваімі фаварытамі называе Пінск і Полацк. А з невялікіх гарадоў — папулярныя Навагрудак з Нясвіжам і зусім невідавочны Мсціслаў. Карту Беларусі Ягор ведае настолькі дасканала, што намаляваў яе па памяці, знаходзячыся ў СІЗА.

Мсціслаў

2. За тыдзень да затрымання ў чарговым падарожжы ён паспеў пажыць у нумары «люкс». Праўда, было гэта ў гасцініцы Хоцімска, дзе з прэміум-выгод — толькі гарачая вада за пару рублёў даплаты. Нават тэлевізар нармальна не ішоў. 

3. У часе вандровак па Беларусі заўжды падбірае аўтаспыншчыкаў. Па-першае, Ягор прытрымліваецца прынцыпу «Беларус беларусу беларус» і заўжды гатовы прыйсці на дапамогу таму, каму гэтая дапамога трэба. А па-другое, яму заўжды цікава пагаварыць з чалавекам пра жыццё.

4. Кожны свой дзень народзінаў Ягор імкнецца сустракаць у падарожжы, ідэальна, калі атрымліваецца там, дзе яшчэ ніколі не быў (што не так і проста, калі ты аб’ездзіў ужо пад шэсць дзясяткаў краін). Напрыклад, адзін з дзён народзінаў Ягор сустракаў у Ірландскім моры на востраве Мэн. Аб’ехаў практычна ўсю Еўропу — не быў толькі ў Іспаніі. 

5. Мае сапраўдны талент у пошуку бюджэтных маршрутаў. Ягор увесь час маніторыў прапановы па пералётах і знаходзіў супертанныя варыянты. Аднойчы яму ўдалося ўхапіць квіткі Львоў — Кіеў — Нью-Ёрк і назад за 158 еўра! Ён і сам не мог паверыць, што такое магчыма. А другі раз набыў квіткі з Парыжа ў Бразілію і назад за 210 еўра. Прычым у камплекце яшчэ шла бясплатная начоўка ў Касабланцы ў Марока. Сарваў джэкпот Ягор, і калі ўзяў квіткі з Каўнаса ў Лондан за смешныя 8 еўра. 

6. Ягор — мінчук у чацвёртым калене. Яго прабабуля Марыя Кляноўская перасялілася на Грушаўку яшчэ да вайны. Ягор, як і некалькі пакаленняў яго сям’і, таксама жыве ў мінскай Грушаўцы.

7. З сям’і інтэлігентаў. Бабуля Тамара Мушынская была аўтарам школьных падручнікаў па рускай літаратуры, па якіх дагэтуль вучацца беларускія школьнікі. А дзядуля Міхась Мушынскі — славуты даследчык, найлепшы знаўца творчасці Якуба Коласа і Максіма Гарэцкага, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Маці — тэатральны крытык, паэт і лібрэтыст Таццяна Мушынская. 

8. Выхадзец з ліцэя БДУ. У філалагічнай паралелі, дзе вучыўся Ягор, на два класы было ўсяго два хлопцы.

9. Скончыў журфак БДУ. Цікавая дэталька: на ўручэнні дыпломаў у 2011 годзе яго выпуск зладзіў дэмарш — вырашылі не паціскаць руку тагачаснаму дэкану Сяргею Дубовіку. 

10. Трэба сказаць, што нашанівец цікавіўся журналістыкай з самага дзяцінства. Яшчэ школьнікам ён выпускаў рукапісны часопіс «Свет». Праўда, толькі ў адным асобніку. Апошнія нумары Ягор ужо рабіў на камп’ютары.

11. Узяў удзел у здымках фільма «Купала» Уладзіміра Янкоўскага. Задума была цудоўная: з’яўленне галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» 2019-га ў фільме пра рэдактара «НН» 1915-га — такая пасхалка гледачу. На жаль, у выніковую версію фільма сцэна з Ягорам не ўвашла, але рэжысёр абяцаў, што яна будзе ў тэлеверсіі (калі яе калісьці зробяць).

Ягор Марціновіч у ролі супрацоўніка «НН» мінулага стагоддзя. Архіўнае фота 2019 г.

12. Стаў галоўным рэдактарам «Нашай Нівы» ў 28 год. Гэта абсалютна нетыповая з’ява для беларускіх (і не толькі) СМІ, дзе традыцыйна пасаду галоўрэда аддаюць старэйшым, больш дасведчаным калегам. Ягор разарваў гэты шаблон і зрабіў сайт «НН» адным з самых чытаных у краіне. 

13. У свой час быў найлепшым расследавальнікам Беларусі. Тры гады запар перамагаў у адпаведнай намінацыі самага прэстыжнага ў краіне конкурсу для незалежных СМІ — «Вольнае слова» — у 2015, 2016 і 2017-м. Апроч таго, Ягор атрымліваў прэмію «Свабода прэсы» ад «Рэпарцёраў без межаў».

14. Аматар настолак і вялікіх пазлаў. 1000, 2000, 3000 элементаў мазаікі — выклік, які Ягор заўжды гатовы прыняць. Як зацяты аматар падарожжаў, з такім жа захапленнем збіраў краявіды Рыа, Лондана, Браціславы і многіх іншых краін. Калі калекцыя мазаічных карцін стала завялікай, Ягор раздаў яе, бо не было як усё захоўваць дома. 

15. Любімая настолка — таксама пра падарожжы. Называецца ​​Ticket to Ride, вы лёгка можаце адшукаць яе ў любой краме настольных гульняў. Важная ўмова — сабраць кампанію, бо сутнасць у тым, каб збудаваць на мапе самы доўгі маршрут. Чым больш удзельнікаў — тым большая асалода ад перамогі.

16. Ягор — вялікі аматар футбола. У школе ў яго была свая фубольная каманда. Спачатку ён быў брамнікам, а пасля перайшоў у нападзенне. Быў сапраўдным лідарам каманды і працягваў гуляць паўсюль, дзе вучыўся. 

Апошнія гады ездзіў ганяць мяч двойчы на тыдзень, нават ранкам у нядзелю. Заўсёды гуляў за каманду нашаніўцаў у Кубку памяці Шырокага — футбольным турніры паміж журналістамі.

17. Самым любімым клубам дзяцінства ў галоўрэда быў італьянскі «Парма», а любімым футбалістам — Джанлуіджы Буфон (яшчэ да таго, як той стаў зоркай). Ягор заўзеў таксама за «Валенсію» часоў Гаіска Мендзьеты, за «Арсенал», калі там гуляў Аляксандр Глеб. 

18. Любіць капацца ў статыстыцы. Гэта захапленне таксама пачалося праз футбол — дома былі статыстычныя даведнікі з лікам матчаў. Ягор ведаў найлепшых снайпераў чэмпіянатаў свету ў розныя гады. Статыстыку беларускіх клубаў нашанівец у дзяцінстве складаў уручную, бо тады яшчэ не было інтэрнэту. Пасля гэта цікавасць да лічбаў ахапіла не толькі футбольную сферу.

19. У ежы Ягор максімальна непераборлівы, але асабліва цэніць сербскія кілбаскі, а ўлетку — халаднік. З дэсертаў у топе — жэле і глазураваныя сыркі. 

20. Што абсалютна нетыпова для журналіста — Ягор зусім не п’е каву. Калі ёсць выбар, то возьме бярозавік.

Падтрымайце Ягора, напішыце яму ліст:

Атрад 24, Папраўчая калонія №2

вул. Сікорскага, 1

213800, г. Бабруйск, Магілёўская вобл.

Марціновічу Ягору Аляксандравічу

Каментары2

  • Каментатар
    08.07.2022
    Сумую па ягоных допісах у фб:( Заўсёды цікава было чытаць!
  • -
    08.07.2022
    а чаму ніхто нічога добрага не напіша яму наўпрост тут?

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч26

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч

Усе навіны →
Усе навіны

Гайдукевіч заклікаў не дапускаць да выбараў «здраднікаў» і «пятую калону»6

«Чорны» археолаг заявіў, што гэта ён знайшоў скарб вялікіх князёў у Кафедральным саборы — скандал у Вільні5

Меркаваны біёграф Ілана Маска лічыць, што мільярдэр уяўляе небяспеку для ўсяго свету8

МЗС Польшчы збіраецца ўзмацніць правілы выдачы віз

Трамп апублікаваў карту з Канадай, далучанай да ЗША23

У Энгельсе Саратаўскай вобласці пасля атакі беспілотнікаў адбыўся моцны пажар

Беларусь нарасціла вайсковую прысутнасць на ўкраінскай мяжы

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам4

Прэм'ер Даніі адказала наконт прапановы Трампа пра Грэнландыю2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч26

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч

Галоўнае
Усе навіны →