У адпачынак на самалёце. Куды і пачым можна паляцець з Мінска, Варшавы і Вільні
Сезон адпачынкаў у самым разгары, таму мы вырашылі паглядзець цэны на авіябілеты.
Праз санкцыі, накладзеныя пасля інцыдэнту з пасадкай самалёта Raynair, беларусы ўжо больш як год не маюць магчымасці лётаць наўпрост з Мінска ў краіны Еўропы. З пачаткам вайны сітуацыя толькі ўскладнілася, паколькі расійскія авіакампаніі таксама трапілі пад санкцыі.
На бягучы момант без перасадкі з Нацыянальнага аэрапорта можна паляцець толькі ў 10 краін. Сярод іх ёсць сем краін, куды можна адправіцца на мора.
Грузія
Сёлета адным з найбольш папулярных кірункаў застаецца Грузія. Самалёты з Нацыянальнага аэрапорта лятаюць у Тбілісі, Батумі і Кутаісі. Цэны на квіткі да грузінскай сталіцы пачынаюцца ад 260 еўра. Мінск — Кутаісі — ад 340 еўра. Набыць квіткі Мінск — Батумі можна не раней, чым на пачатак верасня, цэны ад 260 еўра.
Турцыя
Апроч Грузіі, з Мінска ёсць штодзённыя прамыя рэйсы ў Турцыю. Квіткі да Стамбула каштуюць ад 370 еўра, калі разглядаць пералёт праз 3-4 тыдні. Цэны на больш раннія вылеты пачынаюцца з адзнакі ў 570 еўра.
Азербайджан
Адпачынак на Каспійскім моры нельга назваць папулярным кірункам, але тым не менш з Мінска ёсць штодзённыя прамыя рэйсы ў Баку. Калі набываць квіткі на канец жніўня цяпер, то пералёт з Мінска ў Баку і назад будзе каштаваць каля 500 еўра. Калі ляцець у сталіцу Азербайджана найбліжэйшы тыдзень-два, то варта разлічваць на квіткі па 360-460 еўра ў кожны бок.
Казахстан
Для падарожжа ў Казахстан лепш абіраць Алматы, адкуль можна дабрацца да возера Іссык-Куль, Капчагайскага водасховішча ці возера Балхаш. Цэны на прамыя квіткі з Мінска стартуюць з 310 еўра ў адзін бок.
ААЭ
Двойчы на тыдзень з Мінска лётаюць прамыя рэйсы ў Дубай. Але бліжэйшыя квіткі без перасадак на даступныя толькі на верасень. Таму дабірацца да ААЭ давядзецца з адной перасадкай у Тбілісі ці Маскве. Квіткі эканом-класу каштуюць ад 510 еўра ў адзін бок.
Егіпет
З перасадкай у Стамбуле ці Маскве, можна даляцець да Егіпта. Праўда, бліжэйшыя вольныя квіткі дасяжныя толькі на другую палову верасня. Каштуюць яны ад 400 еўра ў адзін бок.
Расія
Пасля ўвядзення ўсіх абмежаванняў колькасць варыянтаў, куды можна даляцець з Мінска ў Расію, стабільна павялічваецца. Ёсць прамыя рэйсы з Мінска да ўзбярэжжа Чорнага мора. Самалёты з Мінска ў Сочы лётаюць тройчы на тыдзень. Цэны на білеты пачынаюцца ад 150 еўра, калі глядзець на другую палову жніўня. На больш раннія даты цэны ўзрастаюць да 350 еўра.
На гэтым спіс краін, куды можна адправіцца да мора наўпрост з Мінска, заканчваецца. Значна больш шырокія перспектывы адкрываюцца перад тымі, у каго ёсць дзейная еўрапейская віза. Пасля зняцца ўсіх кавідных абмежаванняў беларусы зноў могуць лётаць з Варшавы ці Вільні.
Іспанія
За 300-400 еўра можна набыць квіткі з Варшавы ў Малагу на бліжэйшыя тыдні. Калі разглядаць варыянты з перасадкамі, то выдаткі могуць скараціцца да 150-250 еўра.
Цэны на пералёт з Варшавы да Барселоны — ад 200 еўра туды-назад. У канцы верасня ёсць варыянты за 130 еўра ў абодва бакі. Улічыце, што самыя танныя квіткі на лаўкостах не ўключаюць багаж.
Лётаюць і прамыя рэйсы з Вільні ў Барселону. Такое падарожжа абыдзецца ў 350-500 еўра да канца лета. У верасні можна адшукаць варыянты за 170 еўра туды-назад.
Харватыя
Злётаць на адпачынак з Варшавы ў Дуброўнік можна па яшчэ больш прыемных цэнах. Калі ўдала падабраць даты, то на квіткі без перасадкі ў абодва бакі выкладзеце па 150-200 еўра. На канец жніўня — пачатак верасня можна падабраць пералёты лаўкостамі за 105 еўра.
Грэцыя
За 160-300 еўра ў абодва бакі прамымі рэйсамі з Варшавы можна дабрацца і на грэчаскія марскія курорты. У верасні ёсць таннейшыя варыянты.
Прамымі рэйсамі з Вільні даляціце да Афін, Корфу ці Сантарыні. Білеты ў два бакі каштуюць ад 200 еўра. У верасні ёсць маршруты і за 100 з хвосцікам еўра туды-назад.
Атрымліваецца, што ўладальнікі еўрапейскіх візаў маюць магчымасць дабірацца да разнастайных еўрапейскіх курортаў па цэнах, які ў сярэднім у два разы таннейшыя за пералёт з Мінска. Як бачым, у большасці выпадкаў пералёт да марскіх курортаў з Варшавы ці Вільні ў абодва бакі каштуе, як квіток з Мінска ў адзін бок.
Чытайце таксама:
Беларускія турфірмы дагэтуль прапануюць паездкі ў Крым. Колькі бяруць?
Каментары
а у нас, кроме красивой природы и красивых людей) других богатств вообщем-то и нет