«Здзівіў ён нават беглую апазіцыю». Прапаганда не проста фальшуе справаздачу ICAO, а стварае паралельную рэальнасць
Беларускія ўлады балюча зачапіла справаздача ICAO па інцыдэнце з самалётам Ryanair з Пратасевічам на борце. Прапаганда стварае паралельную рэальнасць, каб беларусы нічога не зразумелі па сутнасці высноў міжнароднага расследавання.

«Узровень аб'ектыўнасці ў высновах, здавалася б, паважанай арганізацыі, набліжаецца да нуля — адзначаюць эксперты, якія вывучылі тэзісы дакладу. Здзівіў ён нават беглую апазіцыю, у шэрагах якой справаздачу назвалі непераканаўчай», — сцвярджаецца ў прапагандысцкім сюжэце АНТ.
Спачатку ў сюжэце супрацьпастаўляецца цяперашняя справаздача ICAO справаздачы, апублікаванай у студзені. Маўляў, тады, у студзені «гаварылася, што лётчык самастойна вырашыў ляцець у Мінск, перахопу не было, а Беларусь старанна выканала ўсе неабходныя працэдуры».
Але гэта маніпуляцыя. Па-першае, першая справаздача была заведама заснаваная выключна на інфармацыі і звестках, якія краіны (у тым ліку Беларусь) падалі ў распараджэнне ICAO, і ўключае ў сябе эксплуатацыйныя падрабязнасці, тэхнічны аналіз розных мераў і прынятых рашэнняў. Там быў толькі пералік фактаў і падзей дня 23 мая 2021 года. Яна па сваёй сутнасці не прадугледжвала ніякіх канчатковых высноваў, а тым больш апраўданняў дзеянняў беларускага боку.
У той справаздачы гаварылася, што пілотам не ўдалося звязацца са сваёй кампаніяй, бо частата для сувязі з аэрапортам у Вільні «не дабівала» — самалёт быў задалёка. У 09:34:49 пілоты папрасілі Мінск даць частату, якая «даб'е», але тыя далі тую ж частату. Калі б пілоты змаглі звязацца з Вільняй, то пасадзілі б самалёт там, а не ў Мінску.
Далей прапагандысты сцвярджаюць, што адзін з галасоў на аўдыёзапісе інцыдэнту належыць не афіцэру КДБ, а Яўгену Цыганову, кіраўніку палётаў «Белаэранавігацыі». Маўляў, ён даваў указанні дыспетчару. Прапагандысты сцвярджаюць, што няма ніякіх доказаў таго, што запісаны голас афіцэра КДБ.
«Замест доказаў — сцвярджэнне, цытата, што ўлады Польшчы і ЗША правялі працу. Якую — не называецца», — гаворыцца ў сюжэце. Але і гэта няпраўда.
У якасці доказаў — паказанні дыспетчара Галегава польскім і амерыканскім спецслужбам і сам запіс.
«У Польшчы сцвярджалі, што Галегаў вырашыў звольніцца і збег з краіны разам з мігрантамі з Блізкага Усходу. Гэта, дарэчы, таксама хлусня», — выкрывае «хлусню» АНТ.
Але ў Польшчы не сцвярджалі, што Галегаў збег з краіны разам з мігрантамі з Блізкага Усходу. З самага пачатку было вядома, што Галегаў з’ехаў у Грузію. Прапагандысты самі прыдумалі гэтую гісторыю, прыпісалі яе іншым, а потым «выкрылі», каб максімальна заблытаць гледачоў.
Далей прапагандысты звяртаюць увагу на тое, што звычайна пасажырскія рэйсы па маршруце Афіны — Вільня пачыналі зніжэнне задоўга да мяжы, а вось у выпадку з «Райнэйрам» такога зніжэння не было (самалёт ляцеў на поўнай хуткасці і максімальнай вышыні). І з гэтага чамусьці робяць выснову, што пілоты нібыта з самага пачатку не збіраліся ляцець у Вільню. Хаця абсалютна лагічна, што наадварот: пілоты не зніжалі хуткасці, каб хутчэй вылецець з беларускай паветранай прасторы.
«Самалёт знаходзіўся ў паветры, а розныя інфармацыйныя рэсурсы, якія кантралюе польскі ўрад, ужо трубілі ва ўсю, што затрыманы адзін з пасажыраў рэйса», — гаворыцца ў сюжэце.
Зноў няпраўда. Першыя паведамленні пра інцыдэнт у незалежных СМІ з’явіліся ўжо пасля пасадкі лайнера. Пра тое, што на борце быў Пратасевіч, стала вядома яшчэ пазней. Кожны можа сам падняць інфармацыйныя стужкі таго дня і праверыць.
Інцыдэнтаў, калі самалёт прымусова вядуць на пасадку, выклікаюць баявую авіяцыю, — дастаткова, кажуць прапагандысты. І згадваюць гісторыю з прымусовай пасадкай у 2013-м у Вене самалёта прэзідэнта Балівіі. На борце шукалі Эдварда Сноўдэна. Але цікава, што сам Сноўдэн адназначна асудзіў дзеянні беларускіх уладаў за інцыдэнт з Ryanair. Ды і Сноўдэн — былы работнік спецслужб, спецыяліст па інфармацыйнай бяспецы, які выдаў дзяржаўныя сакрэты публіцы і парушыў закон. Ён, у адрозненне ад Пратасевіча, не палітычны дысідэнт, таму сітуацыі зусім розныя. І пры пасадцы ніхто не прыдумляў казак пра бомбы, пра лісты Хамас: шукалі канкрэтна Сноўдэна.
«У выпадку з падзеяй у небе Беларусі фактаў няма, доказаў няма, сведак няма, але тэндэнцыйнае рашэнне ёсць. Расшыфроўкі нейкіх перамоваў хапіла», — кажа прапаганда, свядома ствараючы паралельную рэальнасць.
Каментары