Паглядзелі на самыя маленькія кватэры ў сталіцы і цану на іх.

«Ідэальны варыянт для інвестыцый»
Самая маленькая з выстаўленых на продаж кватэр у Мінску мае агульную плошчу 20,6 м². Месціцца яна на другім паверсе пяціпавярховага дома 1974 года пабудовы па адрасе Партызанскі праспект, 29А. Мікракватэру з еўрарамонтам ацэньваюць у 37 500$, або 1820 даляраў за «квадрат».

Жылы пакой мае 11,5 м², кухня амаль 5. Як бачна на фота, на кухні адначасова могуць есці толькі два чалавекі і то пры ўмове, што адзін з іх будзе сядзець за сталом, а другі за барнай стойкай.

У памяшканні зроблены сучасны рамонт, жылы пакой мае даволі вялікае акно з выхадам на балкон.
Санвузел цалкам адпавядае агульным памерам кватэры, там усё настолькі шчыльненька, што чалавеку з клаўстрафобіяй сюды лепей на заходзіць.

Прадаўцы апісваюць кватэру, як «ідэальны варыянт для інвестыцый», так як яна знаходзіцца ў цэнтральнай частцы сталіцы.
Рамонт з часоў СССР
Крыху большую кватэру прадаюць па адрасе Багдановіча, 90. За аднапакаёўку на чацвёртым паверсе з агульнай плошчай 22 м² гаспадары хочуць атрымаць 38 000$, ці па 1727 даляраў за метр.

У адрозненне ад папярэдняга варыянта, рамонт па ўсёй бачнасці рабіўся яшчэ пры саветах.

«Перавага кватэры ў тым, што яна знаходзіцца ў выдатным месцы і дом пасля капітальнага рамонту», — гаворыцца ў апісанні.
2644 даляры за метр
На палову «квадрата» прасторней і на 21 500$ даражэй прадаюць сучасную кватэру-студыю па адрасе Еўфрасінні Полацкай, 5. Кватэра агульнай плошчай 22,5 м² месціцца на дзясятым паверсе дома 2017 года пабудовы. Просяць за яе 59 500$, ці па 2 644 даляры за метр.

«Прадаецца сучасная кватэра з панарамным відам, мэбляй, тэхнікай і кандыцыянерам», — гаворыцца ў апісанні да аб'екта.
Столі з касітонамі
У 47 тысяч даляраў ацэнена аднапакаёўка на Нёманскай, 3. Цана «квадрата» — 1900$. Кватэра месціцца на другім паверсе 12-павярховага дома 2012 года пабудовы. Агульная плошча жытла 24,7 м², ёсць невялікі балкон.
Рамонт апісаны як «добры». На падлозе ляжыць лінолеум. На столі касітоны.

Кватэру прадаюць разам з мэбляй і тэхнікай, сярод якой пральная машына з вертыкальнай загрузкай, якая дапамагае эканоміць прастору. Прадавец адзначае, што пад домам ёсць падземны паркінг з вольнымі месцамі.
Непадалёк ад дома знаходзіцца парк «Сямейнае дрэва» і парк імя Уга Чавеса.

Аднапакаёўка з дзіцячым закутком
Плошча наступнай кватэры — 26,5 м². Знаходзіцца яна на Партызанскім праспекце, 67. Аднапакаёўка месціцца на апошнім дзявятым паверсе цаглянага дома 1967 года пабудовы.
Прадаўцы ацэньваюць кватэру ў 48 500 даляраў, ці 1830$ за м².

Плошча жылога пакоя 16,6 м². З дапамогай паліцы памяшканне падзелена на дарослую і дзіцячую зоны.
У кватэры зроблены сучасны рамонт. Таксама ў 2018 годзе быў выкананы капітальны рамонт дома з заменай усіх камунікацый.

На невялічкай кухні ёсць два месцы за сталом. Там жа стаіць пральная машына.

Вокны кватэры выходзяць на парк. Сярод пераваг прадаўцы адзначаюць выгаднае геаграфічнае размяшчэнне дома: яго акружае парк ля станцыі метро «Партызанская».
Студыя з лоджыяй і кансьержам
Па адрасе Гурскага, 45 за 58 тысяч даляраў прадаюць сучасную кватэру-студыю з агульнай плошчай 27,8 м². Плошча асноўнага пакоя складае 16,5 м².

У пакоі высокае акно, праз якое можна патрапіць на даволі прасторную лоджыю. «Квадрат» у кватэры каштуе 2086$.

У доме 2018 года пабудовы маецца кансьерж і відэадамафон. Побач з домам знаходзяцца школа, дзіцячы сад, ГЦ «Глоба».
Прадаўцы называюць гэтую кватэру ідэальным варыянтам для пражывання маладой пары і для здачы ў арэнду.
Каментары
в вашей Мацкве дворники и уборщицы кто?
а у нас кто?
давайте начнем с этого
п.с. кстати, господа. никому в офисе не нужда уборщица?