Амерыканскі расследавальнік сцвярджае, што «Паўночны паток» знішчылі ЗША з дапамогай Нарвегіі
Выбухоўку пад газаправоды «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2» у чэрвені 2022-га заклалі вадалазы ЗША пад прыкрыццём вучэнняў НАТА, а актывавалі нарвежцы, сцвярджае вядомы журналіст.

Журналіст і праваабаронца Сеймур Херш, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі за раскрыццё ваеннага злачынства, здзейсненага салдатамі ЗША ў Сангмі падчас в’етнамскай вайны, апублікаваў расследаванне, у якім гаворыцца, што да пашкоджання «Паўночных патокаў» маюць дачыненне амерыканцы і нарвежцы. Херш сцвярджае, што Байдэн наважыўся знішчыць пабудаваныя Расіяй газаправоды пасля больш як дзевяці месяцаў сакрэтных абмеркаванняў з камандай па нацыянальнай бяспецы.
У сваім артыкуле Херш спасылаецца на ананімную крыніцу, якая «непасрэдна ведала, як быў арганізаваны працэс» і «як вялося планаванне».
«Паўночны паток» у палітыцы
Дыверсія на газаправодах «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2» адбылася ў ноч на 26 верасня 2022 года. Агулам на ўсіх трубах газаправодаў было выяўлена чатыры выхады газу.
Дзве трубы, вядомыя пад назвай «Паўночны паток — 1», больш за дзесяць гадоў забяспечвалі Германію і большую частку Заходняй Еўропы танным расійскім прыродным газам. Другая пара газаправодаў, якая атрымала назву «Паўночны паток — 2», пабудаваная, але не ўведзеная ў эксплуатацыю.
Як піша Херш, прэзідэнт Байдэн і яго каманда па знешняй палітыцы — дарадца па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван, дзяржсакратар Тоні Блінкен і яго намесніца па палітычных пытаннях Вікторыя Нуланд — адкрыта і паслядоўна дэманстравалі сваю варожасць у дачыненні да расійскіх трубаправодаў. Прамы маршрут, без транзіту цераз Украіну, меў вялікае значэнне для эканомікі Германіі, якая карысталася лішкам таннага расійскага прыроднага газу.
Такім чынам, адзначае Херш, «Паўночны паток — 1» разглядаўся Вашынгтонам і яго антырасійскімі партнёрамі па НАТА як пагроза дамінаванню Захаду.
«Паўночны паток — 2», будаўніцтва якога было завершана ў верасні 2021 года, у выпадку адабрэння нямецкімі рэгулюючымі органамі падвоіў бы колькасць таннага газу, даступнага Германіі і Заходняй Еўропе. Паміж Расіяй і НАТА стала нарастаць напружанасць.
Калі будаўніцтва другога газаправода блізілася да завяршэння, у палітыцы Байдэна раптам адбыліся нечаканыя змены: адміністрацыя адмяніла санкцыі супраць кампаніі-ўладальніцы расійскіх газаправодаў Nord Stream AG, а прадстаўнік Дзярждэпартамента прызнаў, што спроба спыніць трубаправод з дапамогай санкцый і дыпламатыі «заўсёды была няўдалай».
Такія рашэнні выклікалі ўспышку незадаволенасці ў рэспубліканцаў і паставілі пад пагрозу аўтарытэт і палітыку Байдэна. Паведамляецца, што за кулісамі прадстаўнікі амерыканскай адміністрацыі заклікалі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які да таго часу сутыкнуўся з пагрозай расійскага ўварвання, не крытыкаваць гэты крок.
Падзеі разгортваліся на фоне таго, як расійскія войскі няўхільна і пагрозліва збіраліся ля межаў Украіны. І пакуль Еўропа заставалася залежнай ад трубаправодаў з танным прыродным газам, Вашынгтон баяўся, што такія краіны, як Германія, не захочуць забяспечваць Украіну грашыма і зброяй, неабходнымі для перамогі над Расіяй.
Распрацоўка плана
Менавіта ў гэты неспакойны момант, сцвярджае Херш, Байдэн даручыў сабраць міжведамасную групу для распрацоўкі плана.
У снежні 2021-га, за два месяцы да таго, як першыя расійскія танкі ўвайшлі ва Украіну, адбылася нарада групы, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў, ЦРУ, Дзяржаўнага дэпартамента і Міністэрства фінансаў. Падчас нарады абмяркоўвалі, як рэагаваць на наступ Пуціна.
Цягам наступных некалькіх сустрэч удзельнікі разглядалі варыянты пашкоджання газаправодаў, пры гэтым ЦРУ сцвярджала: што б ні было зроблена, яно павінна быць таемным. Як адзначае крыніца Херша, усе ўдзельнікі разумелі стаўкі. Калі б атаку можна было прасачыць да Злучаных Штатаў, яе адразу можна было б расцаніць як «акт вайны».
У складзе працоўнай групы ЦРУ выпадкова аказаўся чалавек, знаёмы з магчымасцямі глыбакаводных вадалазаў Вайскова-марскіх сіл ЗША ў Панама-Сіці. Удзельнікі групы пачалі распрацоўку плана сакрэтнай аперацыі, падчас якой вадалазы-глыбакаводнікі павінны былі выклікаць выбух трубаправода.
Як сцвярджае ананімная крыніца, падчас «усіх гэтых інтрыг» некаторыя супрацоўнікі ЦРУ і Дзяржаўнага дэпартамента пераконвалі: «Не рабіце гэтага. Гэта глупства, якое стане палітычным кашмарам, калі пра гэта стане вядома».
Далей, як адзначае Херш, Байдэн зноў павёў сябе непрадказальна: так, 7 лютага, менш чым за тры тыдні да наступу Расіі ва Украіну, ён сустрэўся ў Белым доме з канцлерам Германіі Олафам Шольцам і пазней на брыфінгу для прэсы задзірліва заявіў: «Калі Расія ўварвецца… «Паўночнага патоку — 2» больш не будзе. Мы скончым з ім».
Херш звяртае ўвагу, што за дваццаць дзён да гэтага намесніца дзяржсакратара Нуланд выступіла з той жа заявай на брыфінгу ў Дзярждэпартаменце, але гэта амаль не асвятлялася ў прэсе.
Некаторыя з тых, хто ўдзельнічаў у планаванні місіі па трубаправодзе, устрывожыліся, бо меркавалася, што нічога не будзе афішавацца публічна.
Нарвегія — ідэальнае месца для размяшчэння місіі
Херш піша, што за апошнія некалькі гадоў усходне-заходняга крызісу амерыканскія вайскоўцы значна пашырылі сваю прысутнасць у Нарвегіі, заходняя мяжа якой зліваецца з Расіяй за Палярным кругам. Пентагон уклаў сотні мільёнаў даляраў у мадэрнізацыю і пашырэнне аб'ектаў ВМС і ВПС ЗША ў Нарвегіі.
Сённяшні вярхоўны галоўнакамандуючы НАТА Енс Столтэнберг — перакананы антыкамуніст, які восем гадоў працаваў прэм'ер-міністрам Нарвегіі, перш чым перайсці на высокую пасаду ў НАТА пры падтрымцы Амерыкі ў 2014 годзе. Ён быў прыхільнікам цвёрдай лініі ва ўсім, што датычыла Пуціна і Расіі. З таго часу яму цалкам давяраюць. «Ён — пальчатка, якая падыходзіць амерыканскай руцэ», — сказала Хершу крыніца.
Аднак у рэалізацыі плана былі праблемы: любая незвычайная падводная актыўнасць у водах ля Борнхальма, дзе праходзяць газаправоды, магла прыцягнуць увагу шведскіх або дацкіх ваенна-марскіх сіл. Выйсцем стала рашэнне правесці аперацыю пад выглядам ваенных вучэнняў.
Як усё адбывалася
У сваім матэрыяле Херш сцвярджае, што летась у чэрвені вадалазы ВМС, якія дзейнічалі пад прыкрыццём шырока разрэкламаваных вучэнняў НАТА, вядомых як BALTOPS 22, заклалі дыстанцыйна актываваныя выбуховыя прылады, якія праз тры месяцы разбурылі тры з чатырох газаправодаў «Паўночных патокаў».
Як піша журналіст, першапачаткова планавалася зрабіць выбух адразу падчас вучэнняў, аднак потым Байдэн змяніў сваё меркаванне, бо гэта адразу выклікала б падазрэнні ў адносінах да НАТА. Таму быў распрацаваны план з дыстанцыйна кіраванымі прыладамі, якія можна было б актываваць праз некаторы час.
26 верасня 2022 года разведвальны самалёт P8 ВМС Нарвегіі здзейсніў, здавалася б, звычайны палёт і скінуў гідраакустычны буй. Сігнал распаўсюдзіўся пад вадой, спачатку на «Паўночны паток — 2», затым на «Паўночны паток — 1». Праз некалькі гадзін спрацавала магутная выбухоўка С4, і тры з чатырох трубаправодаў былі выведзеныя са строю. Праз некалькі хвілін лужынкі газу, якім былі запоўненыя трубаправоды, расцякліся па паверхні вады, і свет даведаўся, што адбылося нешта непапраўнае.
Адразу ж пасля выбуху трубаправода, адзначае Херш, амерыканскія СМІ ўспрынялі гэта як неразгаданую таямніцу. Расію неаднаразова называлі верагодным вінаватым, але матыў такога акта самасабатажу заставаўся не зусім зразумелым — хіба проста помста?
Пасля публікацыі прадстаўніца Рады нацыянальнай бяспекі ЗША заявіла, што даныя аб дачыненні ВМС ЗША да падрыву «Паўночнага патоку — 2» з'яўляюцца «поўнай хлуснёй».
У сваю чаргу, сакратар Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў не стаў каментаваць гэтую публікацыю, пішуць расійскія дзяржаўныя СМІ.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары