Сергей Зуенок: Уж перебрался по балкону к соседке и немного напугал ее
Сын знаменитого писателя стал известным биологом. Своими необычными профессиональными (и не только) увлечениями он согласился поделиться с «Народной волей».
Яго кватэра нагадвае заалагічны сад — проста ў вітальні вас сустракаюць вялікія акварыумы, дзе плаваюць рыбы розных памераў і колераў, а ў больш патаемных закутках прытаіліся тэрарыумы са змеямі…
— Сяргей, вы з філалагічнай сям’і — маці была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, бацька — вядомы паэт. Што падштурхнула вас стаць біёлагам?
— Я, мабыць, біёлагам нарадзіўся, бо колькі сябе памятаю, заўсёды цікавіўся жывёламі і раслінамі. Помню, у дзяцінстве выбежыш на луг у бабулінай вёсцы Юрцава пад Оршай, а там матылі лётаюць, конікі стракочуць, кветкі растуць… Усё гэта мяне вельмі цікавіла, я глядзеў, па-свойму вывучаў, з рознымі кузуркамі сябраваў. І калі пыталі, кім буду, адказваў без варыянтаў — біёлагам. І хоць мяне лічаць арнітолагам, мяне цікавіць уся прырода — і рыбы, і звяры, і птушкі, і кузуркі, і расліны. Сам сябе я лічу натуралістам, як адзін з маіх любімых пісьменнікаў Джэральд Дарэл.
— У натуралістаў усяго свету вельмі цэняцца вашы фотаздымкі жывой прыроды, змешчаны яны і ў вашай кнізе «Сонца ў кроплі расы». Відаць, няпроста сфатаграфаваць зблізку якую-небудзь вяртлявую чаротаўку ці чорнага бусла?
— Яшчэ як няпроста. Паляўнічыя часам хваляцца — здабыў на паляванні звера. А я ім кажу — а ты паспрабуй здабыць яго без стрэльбы, з нейкай рагацінай, як рабілі нашы далёкія продкі. А яшчэ лепш — паспрабуй яго сфатаграваць, вось тады і паглядзім, які з цябе паляўнічы. Ёсць такая птушка вераб’іны сычык, вельмі асцярожная, будзеш побач з ёй і не заўважыш. Дык вось, я за тым сычыкам два гады бегаў, толькі ў восьмай ці дзявятай экспедыцыі атрымалася зрабіць якасны здымак.
— Даводзіцца падоўгу сядзець у засадзе?
— Ёсць пэўныя методыкі, як прывабіць птушку. Скажам, бярэш тэлефон з калонкай і даеш запіс голасу самца, птушыных галасоў хапае ў інтэрнэце. Не заўжды, праўда, птушка адгукнецца — залежыць ад надвор’я, ад настрою. Але часам падлятаюць паглядзець, хто гэта на іх тэрыторыі з’явіўся.
— Са школы мне помняцца радкі з верша Дануты Бічэль: «Наўздагонкі: —Холадна! Абуйся! — / Не! Пагрэю лысінку грудка./ Прыляцеў з-за мора верны бусел / Дваццаць пятага сакавіка». Буслы пры вяртанні з выраю сапраўды прытрымліваюцца пэўных тэрмінаў, ці проста паэтцы хацелася звярнуць увагу чытача на адну дату?
— Буслы прылятаюць прыблізна ў канцы сакавіка. Калі зіма мяккая, а вясна ранняя, могуць і раней. У кожнага віду птушак свае тэрміны.
Апошнім часам зімы цёплыя, і некаторыя птушкі сталі ў Беларусі зімаваць. Напрыклад, шпакі. Частка іх адлятае адносна недалёка, у краіны паўднёва-заходняй Еўропы, а частка застаецца зімаваць на Брэстчыне. Першымі з выраю прылятаюць (вясну прыносяць — кажуць у народзе) палявыя жаўрукі і шпакі. А ёсць птушкі, якія з’яўляюцца ледзь не ў сярэдзіне траўня.
— Нават сучасным авіялайнерам надакучвае ляцець у Каір. А як туды, на ўзбярэжжа Ніла, дабіраюцца нашы буслы?
— У іх пералёт займае не дзень і не тыдзень, можа расцягнуцца на пару месяцаў. Крыху праляцелі, прыдатнае месца знайшлі — селі, адпачылі, падсілкаваліся і паляцелі далей. Такім чынам дабіраюцца ў вырай і журавы. Тыя, што ляцяць з больш паўночных адносна Беларусі краін, зрабілі сабе «запасны аэрадром» на балотах Ельня на Міёршчыне. Там збіраюцца чароды па некалькі тысяч. Звычайна птушыныя міграцыйныя маршруты праходзяць уздоўж узбярэжжаў буйных рэк, мораў і акіянаў, там паветраныя патокі дапамагаюць ім ляцець. Самыя вынослівыя і бясстрашныя — нашы ластаўкі, якія зімуюць на поўдні ад Сахары. У іх самы складаны пералёт — цераз пустэльную Сахару, адным рыўком. Зімуюць там і назад тым самым маршрутам — праз пекла Сахары.
— Бедныя ластаўкі… А чаму некаторыя птушкі (тыя самыя журавы) ляцяць клінам?
— Законы аэрадынамікі. Самыя моцныя ляцяць спераду — рассякаюць паветра, слабейшыя — у канцы кліна. Кіроўцы легкавікоў гэта добра ведаюць — калі на трасе прыстроіцца за вялікай фурай, аўто лягчэй ідзе, бензіну менш растрачваецца. У птушыным кліне другі, трэці і чацвёрты нумары могуць мяняцца месцамі, але правадыр у іх адзін.
— Не пазайздросціш яму… А праўда, што драч у вырай не лётае, а пешкі ходзіць?
— Не, гэта байка. Узнікла яна таму, што драча вельмі рэдка ўдаецца назіраць у палёце. Пакуль на яго літаральна не наступіш, ён не ўзляціць. За ўсё жыццё я толькі двойчы бачыў, як драч узлятае, пралятае 10—20 крокаў і зноў падае у траву. І вельмі нязграбна ён выглядае ў палёце, доўгія ногі боўтаюцца. Таму, відаць, і пішуць паэты, што «драч пайшоў у вырай пехатой».
— Змеі, што жывуць у вас, патрэбны вам для навуковых даследаванняў?
— Не, для душы. Проста я люблю змей.
— Прызнацца, упершыню бачу перад сабой змеялюба. А вы іх пагуляць выпускаеце? Ці яны ўвесь час у сваіх шкляных хатках знаходзяцца?
— Магу і цяпер дастаць (вымае з тэрарыума аднаго са сваіх гадаванцаў). Гэта каралеўская змяя. Не бойцеся, яна не атрутная. Што да прагулак, каб часцей на волі бываць, то змеі добра разводзяцца ў няволі і, скажам, гэтыя іншых умоў жыцця проста не ведаюць.
— Але ж там ім цеснавата. А самавольна яны не могуць вылезці?
— Аднойчы было — вылез і гуляў па кватэры вуж. Па балконе да суседкі перабраўся, крыху напалохаў яе. Раней быў у мяне каралеўскі пітон, то ён час ад часу вылазіў (яму дастаткова маленькай шчылінкі). Залезе пад канапу, не адразу і знойдзеш. Кот дапамагаў — як паляўнічы сабака, стойку рабіў. Прамога кантакту ў іх не было, кот усё ж пабойваўся. А гэта зялёны пітон, на волі ён жыве ў Новай Гвінеі, на дрэвах. Цяпер ён адпачывае, пару дзён таму з’еў дзве мышы.
— А хто і дзе для яго мышэй ловіць?
— Лавіць не трэба, гэта лабараторныя белыя мышы, якіх разводзяць для заапаркаў ці для нейкіх навуковых мэт. Я іх купляю, падношу на пінцэце. Пітон заглытвае мыш цалкам, пачынаючы з галавы, нацягваецца, як панчоха. Пад’еўшы, тыдні два можа ляжаць. А калі зноў есці захоча, то «на паляванне выходзіць» — поўзае туды-сюды па тэрарыуме. Так, цеснавата яму, але ўсё ж лепш, чым у дзікай прыродзе. Там ніхто на пінцэце ежу не падасць, можа тыдзень ці месяц поўзаць, пакуль зловіць каго.
— Змяя ў беларускім фальклоры выступае, як правіла, на баку зла. Вы, відаць, іншай думкі прытрымліваецеся?
— На бок зла становяцца часцей людзі. Увогуле, самы шкодны від у прыродзе — чалавек. Сярод астатніх няма ні карысных, ні шкодных. Усё, што яны робяць, гэта мэтаскіраваныя дзеянні, каб у прыродзе захаваўся пэўны від. І калі ўсё нармальна, калі людзі не ўмешваюцца, то баланс у прыродзе заўсёды існуе. Паўзуны, у прыватнасці змеі — такі ж элемент жывой прыроды, як, напрыклад, кветкі. Калі не стане змей ці жаб, то гэта абавязкова адлюструецца і на іншых жыхарах экасістэмы. Груба кажучы, без жаб не стане буслоў.
— Бусел такі пераборлівы ў рацыёне?
— Не, ён якраз ўсёедны — спажывае і дробных кузюрак, і жаб, і рыбу, і нават невялічкае зайчаня можа з’есці. Ён жа драпежнік. Усе арганізмы, якія харчуюцца іншымі жывымі арганізмамі, — драпежнікі. Каб развеяць светлы вобраз бусла, магу сказаць, што ў неўраджайныя гады, калі недастаткова ежы, ён можа выкінуць аднаго ці некалькі птушанят з гнязда.
— Буслы могуць забіваць уласных дзяцей? Выходзіць, дарэмна яны акружаны ў нас арэолам святасці. Столькі вершаў ім беларускія паэты напрысвячалі…
— Паўтаруся, усё ў прыродзе скіравана на захаванне відаў. Скажам, пяцёра птушанят бусел не зможа выгадаваць, а аднаго-двух — дакладна зможа. Таму і ідзе, скажам так, на крайнюю меру. Цікава, што ў дробных грызуноў, тых жа мышэй, назіраецца пэўная цыклічнасць у размнажэнні, скажам, раз у чатыры гады — пік, потым спад. І совы, якія харчуюцца грызунамі, гэта неяк умеюць прадбачыць. У год, калі грызуноў менш, у іх у гняздзе могуць быць усяго два-тры яйкі. А калі корму больш, то яек бывае і шэсць-сем. Ёсць такая экалагічная жартоўная загадка — чаму у мясцовасці, дзе шмат старых дзеваў, расце шмат канюшыны? Бо там, дзе шмат старых дзеваў, — шмат катоў. Каты ловяць мышэй. Мышы бегаюць па полі і трывожаць чмялёў. А чмялі ў сваю чаргу апыляюць канюшыну. Вось такі ланцужок атрымліваецца.
А хто яшчэ ў вашай кватэры жыве?
— Рыб дзясяткі два відаў. Акварыумы — на 750 і 450 літраў, і меншых штук восем. Два віды змей, пра іх мы ўжо гаварылі. Квакша жыве, на дробную жабу падобная, але гэта другі від. Ну і кот.
— Ходзіць між акварыумаў і аблізваецца. Квакша таксама нейкая маларухомая. А як гэта асобныя жывыя істоты могуць на зіму ў спячку ўпадаць?
— Што мядзведзі ўзімку спяць, усе ведаюць. А ёсць такая птушка казадой, у яе тэмпература цела можа паніжацца на два дзясяткі градусаў, яна замірае, становіцца амаль як мумія. А потым за даволі кароткі тэрмін адаграваецца і ажывае. Засынаюць на зіму змеі, яшчаркі, чарапахі балотныя. Жаба можа ўвогуле ператварыцца ў кавалак лёду дзе-небудзь на рэчцы. А вясной як ні ў чым ні бывала — зноў скача.
— Вось бы і чалавеку такую здольнасць на зіму займець.
— У эвалюцыйным плане чалавеку гэта было не патрэбна, ён як істота разумная праблемы, звязаныя з халодным перыядам, навучыўся неяк вырашаць — насіць адзенне, уцяпляць жыллё. Таму і не пайшоў шляхам зімовых санліўцаў.
— Вы былі сябрам грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якая была пазалетась ліквідавана рашэннем суда. З якой прычыны?
— Адна з прычын, якая агучвалася на судзе, — слоган арганізацыі, які гучаў так: «Разам для прыроды і людзей». Суддзя ўгледзеў у ім экстрэмісцкі заклік…
Уладам, відаць, не спадабалася яшчэ, што АПБ фінансавалася з-за мяжы. Але ў сетку глабальнай асацыяцыі Birdlife International уваходзяць больш за 105 краін. На ўсіх кантынентах яна мае партнёраў, мела і ў Беларусі… Тут было цікава працаваць замежным прыродаахоўнікам…
— Сын піша свае кнігі — пра птушак і змей. Бацька — свае, паэтычныя. А не спрабавалі схаўрусавацца і напісаць што-небудзь у творчым тандэме?
— Дык ужо схаўрусаваліся. Бацька неяк разглядаў мае фотаздымкі і падаў ідэю: «А давай зробім кнігу — твае фота, мае вершы». Ён распытваў у мяне пра тую ці іншую птушку і пісаў тэксты. Літаральна за паўгадзіны! Мне ажно крыўдна стала — за нейкай птушкай я на жываце па балоце цэлымі днямі поўзаў, а тут раз-два і гатова. Гэта цалкам калектыўная работа, як у Ільфа і Пятрова… Атрымалася кніга «Крылатая радасць зямлі», там відаў 70 птушак прадстаўлена. Спадзяюся, што неўзабаве выйдзе ў свет.
89-гадовы Кастусь Цвірка: Буду жыць, пакуль не выдам усе 200 тамоў «Беларускага кнігазбору»!
Васіль Зуёнак: У мяне ў жыцці неяк усё роўна было
Ванда Марцінш душ Рэйш: Мару, каб дэмакратычныя змены ў Беларусі адбыліся без праліцця крыві
-
Мужчина в Китае застраховал жену на большую сумму и убил ее, чтобы получить компенсацию и рассчитаться с проститутками
-
Где в Европе новогодние елки претендуют на звание самой высокой?
-
Канал «Россия» рассказал, как семейная пара россиян с тату на лице страдает в Польше. А это белорусы, и у них все хорошо
Комментарии