Карл III перад крэслам караля Эдуарда, у ніжнюю частку якога ўмайстраваны Скунскі камень. Кадр відэатрансляцыі каранацыі BBC

Карл III перад крэслам караля Эдуарда, у ніжнюю частку якога ўмайстраваны Скунскі камень. Кадр відэатрансляцыі каранацыі BBC

Дакладнае паходжанне каменя, як і яго першапачатковая функцыя, невядомыя. Лічыцца, што ён звязаны з асобай першага шатландскага манарха Кенета I, які жыў у IX стагоддзі. Кенет перавёз гэты камень у старажытную шатландскую сталіцу Скун, дзе на ім каранаваліся ўсе наступныя каралі Шатландыі.

Рэпліка каменя ў Скунскім абацтве. Фота: Wikimedia Commons  

Рэпліка каменя ў Скунскім абацтве. Фота: Wikimedia Commons

У 1290 годзе Шатландыя воляй лёсу засталася без якога-небудзь манарха. У «Вялікай цяжбе» з’явілася аж чатырнаццаць прэтэндэнтаў на карону. Арбітрам у працэсе стаў англійскі кароль, які хацеў скарыстацца бязладдзем і падпарадкаваць суседняе каралеўства. У 1296 годзе шатландскае супраціўленне было рашуча зламана і Эдуард вывез у Вестмінстэр шатландскі каранацыйны камень.

Каралём было заказана адмысловае крэсла (цяпер вядомае пад ягоным іменем), пад сядзеннем якога была зроблена паліца для выкрадзенай рэліквіі. Пасля смерці Эдуарда ўсе памазаныя манархі Англіі, а пасля і Брытаніі (за выняткам дзвюх Марый) каранаваліся на гэтым крэсле, седзячы над «Каменем Лёсу». 

Фотаздымак крэсла караля Эдуарда са Скунскім каменем. Другая палова XIX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Фотаздымак крэсла караля Эдуарда са Скунскім каменем. Другая палова XIX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Вяртанне каранацыйнага каменя нават стала ў 1328 годзе асобным пунктам мірнага пагаднення паміж Шатландыяй і Англіяй, але рэліквія тым не менш на стагоддзі засталася ў англічан.

На гэтым гісторыя Скунскага каменя магла б скончыцца, але ў XX стагоддзі ягоны лёс аказаўся непарыўна звязаны з працэсамі ў брытанскім грамадстве. 

У пачатку стагоддзя ў Англіі зарадзіўся рух суфражыстак, якія змагаліся за наданне жанчынам выбарчых правоў і супраць дыскрымінацыі. У сваёй барацьбе яны звярталіся да радыкальных акцый, каб прыцягнуць увагу да праблемы: пераследавалі палітыкаў, спрабавалі штурмаваць парламент, прыкоўвалі сябе ланцугамі да парэнчаў, разбівалі вокны, падпальвалі паштовыя скрыні і пустыя будынкі, закладалі бомбы, каб нанесці шкоду цэрквам і іншай маёмасці.

11 чэрвеня 1914 года суфражысткі заклалі бомбу, начыненую гайкамі і балтамі, побач з каранацыйным крэслам і каменем. Нягледзячы на закладзеную шрапнель, ніхто з прысутных у Вестмінстэрскім абацтве сур’ёзна не пацярпеў, але Скунскі камень раскалоўся на дзве паловы — пра гэта, праўда, стане вядома толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў. 

Знаходжанне «Каменя Лёсу» ў Англіі на працягу стагоддзяў з’яўлялася сімвалам палітычнай залежнасці Шатландыі. Там з 1920-х гадоў дзейнічалі арганізацыі, якія выступалі за незалежнасць ад Англіі. У адрозненне ад Ірландыі, якая дамаглася незалежнасці ўзброеным шляхам, Шатландыя ўвесь час патрабавала ад Лондана пашырэння сваіх правоў на самакіраванне. Пад петыцыяй з гэтым патрабаваннем у 1949 годзе падпісалася 2 мільёны чалавек — палова насельніцтва рэгіёна. Але петыцыя і дамаганні шатландцаў былі праігнараваныя асноўнымі палітычнымі партыямі Вялікабрытаніі.

Не дзіва, што на Каляды ў наступным 1950 годзе чацвёра шатландскіх патрыётаў, якія вучыліся ва ўніверсітэце Глазга: Ян Гамільтан, Гэвін Вернан, Кей Мэцісан і Алан Сцюарт — правялі дзёрзкую акцыю. Яны прабраліся ў Вестмінстэрскае абацтва і выцягнулі з каранацыйнага трона сваю нацыянальную рэліквію. Але пры гэтым камень разваліўся на дзве няроўныя часткі — ёсць у гэтым свой сімвалізм, але прычынай таго быў выбух бомбы, учынены раней суфражысткамі. У Глазга студэнты адрамантавалі камень у муляра і схавалі яго ў зламаным трактары.

Гэтая падзея выклікала вялікі рэзананс у грамадстве. 11 красавіка 1951 года студэнты прынеслі камень у Арбрацкае абацтва, дзе ў 1320 годзе была абвешчана незалежнасць Шатландыі, і ананімна паведамілі паліцыі пра яго месцазнаходжанне. У 1952 годзе камень вярнулі ў Вестмінстэр, а на наступны год на ім ужо каранавалася Лізавета II, якая валадарыла на працягу 70 гадоў да сваёй смерці ў верасні 2022 года.

Каранацыйнае крэсла без Скунскага каменя, вернутага ў Шатландыю. Фота: Wikimedia Commons

Каранацыйнае крэсла без Скунскага каменя, вернутага ў Шатландыю. Фота: Wikimedia Commons

З развіццём працэсаў дэмакратызацыі і дэцэнтралізацыі ў Вялікабрытаніі, былой каланіяльнай імперыі, Шатландыя, якая заставалася ў яе складзе, не толькі дамаглася шырокіх правоў на самакіраванне (у 1999 годзе, амаль праз трыста гадоў, быў адноўлены шатландскі парламент), але і сімвалічнага прымірэння з брытанскай каронай. У 1996 годзе брытанскі ўрад перадаў знакаміты Скунскі камень Шатландыі з умовай, што ён будзе вяртацца ў Лондан на час каранацый. З таго часу рэліквія захоўваецца ў Эдынбургскім замку побач з іншымі шатландскімі каралеўскімі рэгаліямі. 

Камень выносяць з Эдынбургскага замка на каранацыю Карла III. Фота: Wikimedia Commons

Камень выносяць з Эдынбургскага замка на каранацыю Карла III. Фота: Wikimedia Commons

На каранацыю Карла III Скунскі камень прыбыў роўна за тыдзень, 29 красавіка. З гэтай нагоды настаяцель Вестмінстэрскага абацтва, доктар багаслоўя Дэвід Хойл, сам правёў службу, на якой прысутнічалі толькі запрошаныя святары. А ўжо сёння мы бачылі, як на новага брытанскага манарха, які сядзеў на старажытным Скунскім камені, умайстраваным у каранацыйнае крэсла караля Эдуарда, усклаў карону архібіскуп Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі. Спадзяёмся, што тысячагадовая традыцыя не перарвецца і ў наступныя стагоддзі.

Крэсла караля Эдуарда са Скунскім каменем. Кадр відэатрансляцыі каранацыі BBC

Крэсла караля Эдуарда са Скунскім каменем. Кадр відэатрансляцыі каранацыі BBC

Чытайце таксама:

Кароль Карл III каранаваны афіцыйна

У Лондане праходзіць каранацыя Карла ІІІ

У Вестмінстэрскім абацтве ўпершыню любы ахвотны зможа прайсціся па легендарнай «каранацыйнай пляцоўцы». Але толькі з адной умовай ФОТЫ

Клас
39
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
9
Сумна
4
Абуральна
9

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?