Грамадства1010

Што цяпер расказвае музейніца з Мар'інай Горкі, якая праславілася выказваннем, што амерыканскае войска — гэта «гей-салдаты ў памперсах»

Загадчыца музея воінскай славы 5-ай асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Людміла Галубенка раней расказвала падлеткам пра «натаўскіх гей-салдат у памперсах». Цяпер яна гэтых салдат вінаваціць у вайне ва Украіне.

Людміла Галубенка ў музеі. Фота: mgatk.by

 У 2019 годзе разышлося аўдыя, дзе Людміла Галубенка на поўным сур’ёзе распавядала школьнікам, што амерыканскае войска — гэта «гей-салдаты ў памперсах», а еўрапейскія краіны «са сваёй талерантнасцю» апанавалі мусульмане, якіх у сябе дома баяцца немцы, французы, а «грэкі ўвогуле горкія слёзы льюць».

Днямі чытач «Нашай Нівы» вырашыў пазваніць музейніцы. Ён даслаў «Нашай Ніве» запіс гутаркі. Размова зайшла пра вайну ва Украіне. 

Галубенка расказала, што сама ўкраінка з Кіева. Там скончыла ўніверсітэт. 45 гадоў таму з мужам, які быў вайскоўцам, перабралася ў Беларусь.

Украіну яна называе «домам» і лічыць, што да ўлады там прыйшлі «фашысты і бандэраўцы».

З гутаркі вынікае, што поўнамаштабная вайна «дома» ранейшыя погляды жанчыны не змяніла.

Так выглядае Кіеў — родны горад Людмілы Галубенка. Стралялі па ім не натаўцы, а расійскія войскі. Фота: Міністэрства надзвычайных сітуацый Украіны

«Я люблю свой народ і малюся за яго, як за ўкраінцаў, так і за расіян, бо мы ўсе адзін народ. А вайна ідзе з НАТА», — настойвае яна.

«НАТА там даўно. Рукамі ўкраінцаў ваюе НАТА, — пераказвае музейніца наратывы прапаганды. — Усё ўзбраенне натаўскае. Вайна не з Украінай. Проста НАТА выбрала тэрыторыю Украіны, узяло ў закладнікі ўкраінскі народ і яго рукамі ваюе з Расіяй».

Праз хвіліну Галубенка заўважае, што Украіну для вайны выбрала «Амерыка і англасаксы», а «Еўропа паднявольная».

«Амерыка выбірала Ірак, Афганістан, Югаславію. Або вайну ў Грузіі», — даводзіць музейніца.

Вайну ў Грузіі пачала Расія ў 2008 годзе, каб не дапусціць далучэння Грузіі да НАТА. Расія акупавала Паўднёвую Асецію і Абхазію. Пазней прызнала іх незалежнасць. Гэтыя дзяржаўныя ўтварэнні для свету застаюцца шэраю зонаю.

Вайна ў Грузіі. Горад Горы пасля ўдару расійскай авіяцыі. Фота: «Радыё Свабода»

Людміла Галубенка заяўляе, што кожныя 100 гадоў Захад пачынае маштабныя войны і згадвае Першую і Другую сусветныя войны.

Насамрэч, у Першай сусветнай вайне ваявалі ўсе вялікія дзяржавы Еўропы, ЗША далучыліся да баявых дзеянняў толькі перад самым канцом канфлікту. Другую ж сусветную распачалі нямецкія нацысты. 

На заўвагу, што падчас Другой сусветнай вайны ЗША, Англія і Савецкі Саюз былі саюзнікамі, абурылася:

«Ну што вы, хіба гісторыі не ведаеце? Яны адкрылі другі фронт на нашу просьбу ў 1943 годзе, калі зразумелі, што наша армія перамагае фашызм, што савецкая армія па-любому спраўляецца. Толькі тады адкрылі ленд-ліз. Сталі пастаўляць нейкія прадукты харчавання, нейкія танкі, зброю».

Насамрэч, лэнд-ліз быў распачаты ў 1941 годзе. Гэта была праграма падтрымкі ЗША краін-саюзніц, якія ваявалі супраць нацысцкай Германіі. Асноўнымі атрымальнікамі дапамогі быў Савецкі Саюз і краіны Брытанскай садружнасці. Без узбраенняў, тэхнікі, сыравіны, медыкаментаў, харчавання ў вялікіх аб’ёмах СССР цяжка было б выстаяць супраць нямецкай ваеннай машыны.

Людміла Галубенка настойвае: украінцы замбаваныя прапагандай. Ад яе гучыць фраза, што «кожны з нас атрымлівае ў гэтым жыцці тое, што сам асабіста заслужыў».

Музейніца вінаваціць украінцаў у тым, што яны дэмантуюць помнікі і закрываюць цэрквы. У той жа час, кажа яна, у Афганістане ніводзін савецкі помнік не разбураны. Гэта няпраўда, афганцы разглядаюць перыяд савецкай прысутнасці там як час акупацыі.

Тэма Афганскай вайны блізкая Людміле Галубенка. У музеі, які заснавалі па яе ініцыятыве, экспазіцыя прысвечаная падзеям у Афганістане. Тую вайну пачаў Савецкі Саюз у 1979 годзе і праз дзесяць гадоў бясслаўна вывеў сваё войска, не скарыўшы афганцаў. Блізу 800 беларусаў загінулі там. Але ў публікацыях пра музей гаворыцца толькі пра подзвігі савецкіх салдат у Афганістане.

У разважаннях Людмілы Галубенка пра вайну ва Украіне пераважаюць расійскія наратывы, засвоеныя лукашысцкай прапагандай. Музейніца перакананая: амерыканцы «спрабуюць і ў Беларусі зладзіць тое, што ва Украіне».

«Вайна пачалася дзевяць гадоў таму з грамадзянскай вайны ва Украіне, — даводзіць яна. — Пачалася з таго, што Данбас, другія раёны і Крым не захацелі быць з фашысцкай уладай. З фашысцкай бандэраўскай уладай. Там пачалася вайна на Данбасе. І ён пад вайной ужо дзевяць гадоў. Чамусьці гэта не цікавіць нікога. А цяпер кажуць, што Расія напала на Украіну».

«Калі вы хочаце, каб я казала кепскае пра Расію ці Украіну, то не буду гаварыць. Бо я да ўсіх стаўлюся аднолькава добра. Бяда, якая адбываецца, мае пачатак і канец. Таму час пакажа», — у выніку сцішвае напор музейніца.

Чытач згадаў той выступ Людмілы Галубенка за 2019 год, дзе яна называе натаўскіх вайскоўцаў «гей-салдатамі ў памперсах». Тая спачатку кажа, што інфармацыя скажоная, а пасля дадае:

«А калі паглядзець [на салдат НАТА], хіба гэта не так?»

Людміла Галубенка расказвае пра подзвіг савецкіх салдат у Афганістане. Фота: mgatk.by

Тлумачэнням чытача, што год таму поўнамаштабную вайну пачала Расія і ўцягнула ў яе Беларусь, музейніца не паверыла. І вырашыла згарнуць дыскусію.

«Я да гэтага ці маю нейкае дачыненне, — адбіваецца Людміла Галубенка. — Я стары, хворы чалавек. І хутка перайду ў іншы свет. Таму гэтыя пытанні мяне меней за ўсё цікавяць. Мяне больш за ўсё цікавіць пытанне ўласнай душы».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

«Калі я выйду з дзяржаўным сцягам Беларусі, дык мяне тут пасякуць на кавалкі». Беларуска з Чарнігава пра Лукашэнку, знікненне дыпламатаў і пасівелага ката

Bloomberg: Пуцін рыхтуе новы наступ на Украіну, вайна можа зацягнуцца на гады

«Могуць стаць фатальнымі для беларускай дзяржаўнасці». Прэйгерман і Мельянцоў наракаюць на санкцыі Захаду

Трыбунал для Пуціна і Лукашэнкі — што значыць рэзалюцыя Еўрапарламента і як такі суд будзе выглядаць

Каментары10

  • За Свабоду!
    29.05.2023
    Вата гэта дыягназ. Адсутнасці розуму.
  • За Свабоду!
    29.05.2023
    Школьнікі маюць унікальную магчымасць пабачыць жывога савецкага дыназаўра. 
  • Алек. Ру
    29.05.2023
    Якія яны у́се хворыя на галаву..... Але яшчэ больш хворыя, тыя хто слухае тую лухту жонкі ваеннаслужачага і успрымае у́сë у́сур'ëз. А іх ой як нямала...

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты

Усе навіны →
Усе навіны

Прэм'ер Славакіі пагражае спыніць пастаўкі электраэнергіі Украіне30

Паглядзелі «Гульню ў кальмара — 2». Ці ўдаўся працяг культавай гісторыі?3

Брытанскі блогер падключыў да вечнай спрэчкі пра беларускую згушчонку сваіх бацькоў. Іх выбар аднагалосны

Мінскага крымінальнага аўтарытэта падазраюць у забойстве 27-гадовай даўніны і педафіліі. І нават трошкі ў палітыцы2

Пайшла ў ліквідацыю вядомая будаўнічая кампанія2

У гістарычны архіў у Гродне прызначылі дырэктара-сілавіка. Ён такі ўжо далёка не першы8

Сярэдняя тэмпература цела людзей зніжаецца10

Вулічны гандаль рэчамі са згарэлага ГЦ «Беларусь» у Віцебску забаранілі пасля скаргі3

Беларуска купіла 1,5 кілаграма ежы ўсяго за 8 капеек. Што гэта такое?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты

Галоўнае
Усе навіны →