Свет

«Аднапакаёвыя кватэры тут каштуюць ад 380 еўра». Беларус пераехаў у Аўстрыю і расказвае, колькі каштуе там жыць

У рубрыцы выдання CityDog.io «Колькі каштуе жыць» беларусы з розных краін расказваюць пра цэны на ўсё на свеце там, дзе яны цяпер жывуць. Гэтым разам — размова з Арцёмам, які два гады таму пераехаў у Аўстрыю.

Чаму менавіта Аўстрыя?

Яшчэ ў 2000 годзе па розных прычынах (у тым ліку і палітычных) Арцём з’ехаў у ЗША. «Потым паўжыцця пражыў у Ірландыі, а вясной 2021 года па працы пераехаў у Аўстрыю, у выдатны горад Лінц».

«Гэта быў самы разгар кавіду і лакдаўнаў. У Дубліне не працавала нічога, акрамя аптэк і прадуктовых. А ў Аўстрыі я ўбачыў адкрытыя крамы — хай і з чэргамі на ўваход з-за абмежаванай колькасці чалавек, якія маглі знаходзіцца ўнутры. Так магчымасць купіць новыя майткі ў краме з жывымі прадаўцамі здалася неапісальным сацыяльным шчасцем.

Праўда, па іроніі лёсу праз два гады разам з вялікай колькасцю калег я трапіў пад хвалю скарачэнняў. Але краіна мне так спадабалася, што я застаўся».

Жыллё: аднапакаёўкі — ад 380 да 1300 еўра на месяц

Лінц — сталіца зямлі Верхняя Аўстрыя і трэці па памеры горад у краіне. Цяпер у ім жыве каля 246 тысяч жыхароў.

Жыллё ў Лінцы можна знайсці практычна любое: ад невялікіх пакояў да вялізных асабнякоў. Ёсць шматкватэрныя дамы, ёсць і таўнхаўсы. Шматпавярховікі ў асноўным не вышэйшыя за 10—12 паверхаў, але ёсць і вышынныя дамы, якія на фоне нізкіх будынкаў, гор і Дуная выглядаюць як хмарачосы.

«Разбежка ў цэнах на жыллё вялікая. Я плачу 878 еўра за чатырохпакаёвую кватэру побач з цэнтрам на 11-м паверсе з класным відам на горы, Дунай і горад. У мяне не лепшы рамонт, затое і кошт невысокі, і побач ёсць літаральна ўсё.

Аднапакаёўку ў Лінцы можна зняць як за 380 еўра, так і за 1300; кватэру з двума ці трыма пакоямі — ад 600 еўра. Дадаткова трэба пакідаць дэпазіт у памеры двух-трох месячных коштаў. А калі шукаць кватэру праз агенцтва, то трэба заплаціць яшчэ і рыэлтару — і таксама ў памеры двух-трох месячных коштаў. Але людзі такімі абставінамі незадаволены, скардзяцца, таму зараз гэту сістэму хочуць змяніць.

Большасць кватэр здаецца ў нядрэнным стане, таму што папярэднія кватаранты перад высяленнем павінны зрабіць як мінімум касметычны рамонт. У адваротным выпадку ўладальнікі проста не аддадуць ім дэпазіт.

А вось мэблі амаль нідзе няма — акрамя кухні, ваннага пакоя ды туалета. Але я сам бачыў, калі арандатары забіралі з сабой нават унітаз — таму магчымыя варыянты.

Калі сваёй мэблі няма і вялікага бюджэту на яе таксама, можна пашукаць мэблю б/у на мясцовым сайце-барахолцы willhaben. Заплаціць давядзецца толькі за арэнду вэна, а шафы, канапы, сталы, крэслы і г.д. людзі аддаюць за 0 еўра альбо па вельмі адэкватных цэнах.

Я купіў класны і практычна новы стол для аўдыястудыі за 70 еўра. У краме такі каштуе 300. Абедзенны стол з суцэльнага дрэва і чатыры крэслы купіў за 50 еўра. Новы ён каштаваў не менш за 500. А тры шафы-купэ і вялікую канапу мне наогул аддалі бясплатна. Шафы, праўда, давялося разабраць і потым сабраць самастойна, але эканомія ў 4-5 тысяч еўра мае сэнс».

Па словах Арцёма, на момант падпісання дамовы на арэнду ўладальнік можа папрасіць паказаць кантракт з працы. І калі ён ёсць, то астатняе (напрыклад, банкаўскі рахунак) таксама будзе. Калі чалавек у краіне новы, могуць яшчэ ўзяць характарыстыку ў HR.

«Таксама пры пошуку жылля рэкамендую пісаць арэндадаўцу не стандартнае пытанне «Яшчэ здаецца?», а разгорнутае паведамленне: я вось такі (такая) і адтуль, прыехаў (прыехала) па запрашэнні ў фірму N, у мяне сям’я, візавыя пытанні вырашаныя, мы ўсе дактары навук і касманаўты, прыстойнасць 80-га ўзроўню, вельмі спадабалася ваша кватэра, як наконт яе паглядзець, калі яна даступная, дзякуй, калі ласка».

Камуналка: напрыканцы года пастаўшчык робіць пераразлік і можа вярнуць лішнія грошы

«З камуналкай тут свае прыколы, — кажа Арцём. — Цяпер я плачу 15 еўра за газ і 90 еўра за электрычнасць. Летась гэта каштавала 25 і 110 еўра. Атрымалася, што за год я пераплаціў, таму ў выніку мне вярнулі каля 300 еўра. То бок пастаўшчык ставіць пэўныя кошты, бярэ грошы, а потым робіць пераразлік — і або вяртае лішняе, або здымае, колькі не хапіла, і мяняе тарыф.

Яшчэ раз на год умоўны ЖЭС здымае каля 70—80 еўра за абслугоўванне будынка.

За шырокапалосны інтэрнэт я плачу каля 49 еўра. Ёсць варыянты і з мабільным інтэрнэтам — гэта будзе танней: ад 25 да 45 еўра.

Мабільная сувязь у мяне за 10 еўра на месяц з кучай трафіку, у тым ліку па ўсім ЕС».

Праезд: самы папулярны — праязны на год

«Ёсць даволі разумныя аплікацыі на тэлефоне — такія як LinzMobil для Лінца, WienMobil для Вены і г.д. У іх можна паглядзець маршруты ўсіх відаў транспарту, купіць усе віды білетаў, даведацца расклад — гэта зручна.

Сама транспартная сістэма ў Аўстрыі развіта вельмі добра. У Лінцы ёсць хуткія трамваі, аўтобусы і тралейбусы, таксі, прыгарадныя цягнікі. А ў Вене яшчэ і метро.

Білет на 4 прыпынкі каштуе 1,40 еўра, на 1 гадзіну альбо на доўгі маршрут — 2,70 еўра, на 24 гадзіны — 5,40. Маладзёжны білет абыдзецца ў 1,40 альбо 2,70 на 24 гадзіны. Дзецям да 6 гадоў — бясплатна.

Праязны на тыдзень можна купіць за 17,20 еўра, на месяц — за 54,20. Сабаку па праязным можна вазіць без аплаты. А асобны праязны для сабакі на месяц каштуе 30,20 еўра.

А яшчэ ў Аўстрыі прадугледжаны гадавы праязны KlimaTicket за 365 еўра. Гэта самы папулярны варыянт, а многія кампаніі моцна яго субсідзіруюць для работнікаў ці нават выдаюць бясплатна. Акрамя праезду ён дае яшчэ мноства скідак на паходы ў тэатр, арэнду машыны і іншае.

Паездка на таксі ў сярэднім будзе каштаваць 12—15 еўра. Злавіць машыну з рукі ці на стаянцы і ехаць па лічыльніку будзе на пару-тройку еўра танней, чым праз аплікацыю. «Убера» і іншых «болтаў» у Лінцы няма, толькі мясцовыя кампаніі. Ездзіць па горадзе таксама можна на ровары (першыя 30 хвілін бясплатна, потым 1 еўра за кожныя 15 хвілін або 15 еўра за 24 гадзіны) ці на самакаце (у сярэднім 1 еўра за актывацыю і 15—30 цэнтаў за хвіліну)».

Цэны на прадукты: «Падаражэла ўсё, супраць інфляцыі не папрэш»

У параўнанні з сакавіком 2021 года, калі Арцём пераехаў у Аўстрыю, інфляцыя па нерухомасці склала каля 14%, па прадуктах — 12—15%. Напрыклад, адзін з самых папулярных піўных напояў тады каштаваў 80—90 цэнтаў за бутэльку, а цяпер — ад 1,20 да 1,70 еўра ў залежнасці ад гандлёвай сеткі.

Вось цэны з «Лідла» з апошняга чэка Арцёма ад 29 ліпеня 2023 года

  • агурок — 0,99 еўра за шт.,
  • спагеці — 0,74 еўра за 0,5 кг,
  • марскія крэветкі — 4,99 еўра,
  • малако цэльнае — 1,29 еўра за літр,
  • кабачок — 1,79 еўра за кг,
  • міні-агуркі — 1,99 еўра за 250 г,
  • салат айсберг — 0,74 еўра,
  • яблыкі чырвоныя — 2,69 еўра за кг,
  • кававыя капсулы Gold Lungo — 3,15 еўра за 20 шт.,
  • лясны мёд — 3,69 еўра,
  • кефір — 0,85 еўра,
  • курыца без шыі — 5,29 еўра за кг,
  • авечы сыр светлы — 2,69 еўра,
  • італьянскі цвёрды сыр — 2,19 еўра,
  • каляровая капуста — 1,99 еўра за шт.,
  • яйкі — 3,29 еўра за 15 шт.,
  • гарэлка — 5,99 еўра за 0,7 л.

Кавярні і стрытфуд: абавязкова зайдзіце ў мясцовыя сасісачныя

«Рэстараны ў Аўстрыі папулярныя, аўстрыйцы вельмі любяць хадзіць па барах ды кавярнях. Часцяком у тыпова аўстрыйскіх кафэ асвятленне вельмі яркае — такая традыцыя.

Сняданак у сярэднім абыдзецца каля 10—15 еўра. Абед без лішніх пантоў — каля 15 еўра (страва плюс напой). Вячэра, зразумела, вельмі залежыць ад страў і кавярняў. У добрым італьянскім рэстаране можна ўпісацца ў 20 еўра на чалавека з улікам асноўнай стравы і ўмеранай колькасці алкаголю. З закускай, дэсертам і парай напояў атрымаецца ад 30.

Стэйк у стэйкхаўсе каштуе ад 20 да 60 еўра ў залежнасці ад выразкі і вагі порцыі. Напрыклад, можна замовіць аргенцінскі tenderloin — 150 г за 21,50 еўра, а можна абраць амерыканскі рыбай — 400 г за 52 еўра. Порцыя грабеньчыкаў на закуску будзе каштаваць каля 15 еўра, а гарнір да стэйка — каля 4-5 еўра.

У звычайнай установе стандартны варыянт «закуска, шніцаль, келіх віна і кава» будзе каштаваць каля 25 еўра.

Стрытфуд у Аўстрыі таксама шырока распаўсюджаны. Такія кавярні ў асноўным з турэцкімі ўладальнікамі. Звычайны кебаб каштуе 4,50—6 еўра, кебаб «з усім» і авечым сырам — 5,50—7,50. Піца ў гэтых кебабных таксама ёсць, але своеасаблівая: цеста і блізка не падобнае на італьянскае, вельмі шчыльнае, плюс амаль ва ўсіх выпадках на яго кладуць кукурузу з бляшанкі і доўгія марынаваныя вастраватыя перцы. Па цане — каля 10 еўра.

Але галоўны стрытфуд у Аўстрыі — сасіскі і сардэлькі ў аўстрыйскіх сасісачных. Гэта такія кіёскі з падваконнікамі, якія працуюць нават у нядзелю. Сардэлькі, сасіскі і катлеткі ўсіх фарматаў падаюць на аднаразовым сподачку з белай булкай Semmel (Brötchen ці Kaisersemmel у Германіі) і гарчыцай ці буйна цёртым хрэнам на выбар. Кошт — 3—6 еўра ў залежнасці ад выбранага каўбаснага вырабу.

І абавязкова трэба купіць бутэлечку піва, паколькі па-аўстрыйску іншы варыянт цяжка ўявіць. У сасісачнай піва каштуе 3—4,50 еўра, але можна адкрыць і сваё — гэта ж стрытфуд».

Паслугі прыгажосці: лепш знайсці майстрых з Украіны, будзе якасней і танней

«У цэлым аўстрыйцы сочаць за сабой і нядрэнна апранаюцца. Тут носяць і стыльныя гарнітуры, і сукенкі, і вельмі прыстойны кэжуал. Ёсць і нефармалы, алдскульныя металісты, людзі па хіп-хопе, стрытстайле і ўвогуле ўсе. Выдатны сімбіёз асабістага выбару і свабоды і абсалютная адсутнасць нейкай дыскрымінацыі.

Спартовае адзенне ў асноўным выбірае моладзь з Блізкага Усходу і арабы — іх у Аўстрыі нямала. Каля 20% насельніцтва Лінца складаюць імігранты (любыя).

Аўстрыйскія жанчыны не вельмі замарочваюцца пра макіяж — не адчуваюць у гэтым неабходнасці. Выхад у тэатр, кактэйль-бар ці модны рэстаран — гэта зусім не тое ж самае, што выхад у краму, на шпацыр ці ў офіс.

А вось арабскія жанчыны вельмі любяць стыль «дорага-багата», золата і брэнды. Цяжкі макіяж, такі ж цяжкі манікюр і задушлівы пах парфумы — даволі тыповая гісторыя.

Калі казаць пра цэны, то за мыццё і мужчынскую стрыжку прыйдзецца аддаць ад 23 еўра, за стрыжку і ўкладку — ад 43 еўра. Жаночая стрыжка і афарбоўка валасоў — ад 130 еўра. Манікюр — 18—35 еўра за паўгадзіны, 7—15 еўра — за лакіраванне пазногцяў за 15 хвілін. Педыкюр — каля 40 еўра за 45 хвілін, шэлак на пазногці — 5 еўра за 15 хвілін.

Але ўвогуле лепш знайсці майстрых з Украіны, напрыклад. У іх будзе танней і, шчыра кажучы, нашмат якасней. Напрыклад, стрыжка і афарбоўка валасоў — ад 60 еўра.

Вельмі папулярныя тут і барбершопы, але большасць кліентаў там — хлопцы з неаўстрыйскімі каранямі, то-бок туркі і арабы. Мой сябар хадзіў, застаўся вельмі задаволены. Заплаціў каля 60 еўра за стрыжку валасоў і барады».

Мясцовыя забавы: можна знайсці на любы густ і бюджэт

Горы. У Аўстрыі Альпы, таму адныя ходзяць у трэкінгі, іншыя бегаюць па гарах. Калі сустракаеш па дарозе чалавека ў дарагіх горных чаравіках, дык дакладна ведаеш, што гэта аўстрыец. Таму што абутак у горы трэба купляць самы круты — і гэта не жарт.

Чаравікі будуць каштаваць ад 200 еўра. Калі пашукаць на зніжках, то можна купіць за 100 тыя, што каштавалі 299. А майку і іншае можна купіць у дыскаўнтары.

Бег і ровары. Бягух і бегуноў тут трыльёны, як і веласіпедыстаў. Уздоўж Дуная пракладзеныя выдатныя маляўнічыя маршруты, дзе ніхто нікому не перашкаджае. Можна, вядома, бегаць і па тратуарах разам з дарожным рухам, але навошта?

Хакей. Ён настолькі папулярны, што ў Лінцы і Лінцскім раёне ёсць не толькі свая прафесійная каманда Black Wings Linz, але і створаная свая аматарская ліга — каб не ездзіць ва ўсялякія Зальцбургі.

Хакейная экіпіроўка ёсць на любы густ і бюджэт, але менш чым у 500 еўра наўрад ці можна ўкласціся, калі браць усё новае і недарагое.

Наведванне гульні каштуе ад 17 еўра за стаячыя месцы, 25—30 — за сядзячыя і каля 100 еўра — за ВІП. Дзецям да 6 гадоў уваход бясплатны, падлеткам — каля 10 еўра. Піва каштуе 5 еўра, кепкі — 15—25, джэрсі — каля 75, шалікі — ад 10 да 25.

Футбол. У Лінцы два прафесійныя клубы: LASK і FC Blau-Weiß Linz. І абодва сёлета пабудавалі новыя сучасныя стадыёны. Піва там можна купіць за 5 еўра і за столькі ж хвілін, у адрозненне ад венскага стадыёна, дзе яно крыху даражэйшае, а чакаць трэба хвілін з 20.

Лыжны спорт. З гэтым тут увогуле шчасце для тых, хто займаецца: ёсць літаральна любыя трасы і ўсе ўмовы для ўсяго, што звязана з лыжамі. Курорты — ад бюджэтных да мегапафасных, інструктары, пад’ёмнікі, абсталяванне — ад базавага да топавага для прафесіяналаў.

Дарэчы, большасць аўстрыйцаў ездзіць на ўніверсалах, каб зручней было вазіць лыжы і снаўборды.

Трэнажорная зала. З залай трэба падпісваць кантракт на год і плаціць каля 20 еўра «за афармленне». А цэны на абанементы нават смешныя. У маёй зале, напрыклад, месяц каштуе 19,99 еўра без магчымасці выкарыстоўваць душ і 24,99 — з душам. А можна яшчэ плаціць 29,99 еўра і мець доступ да апарата, які робіць ваду з сіропчыкамі.

Музеі. У Лінцы іх шмат і рознай тэматыкі: электроніка, сучаснае мастацтва, лінцскі замак-музей, музей зубоў, гарадскі музей, музей біялогіі, квартал культуры і шмат чаго яшчэ. Ёсць галерэі і крамы мастацтва.

Наведванне музея ў сярэднім 10—12 еўра для дарослага. Дзецям да 6 гадоў — бясплатна, пасля — 3—5 еўра.

Тэатр. У Лінцы некалькі тэатраў, людзі актыўна іх наведваюць (як і канцэрты класічнай музыкі ў Брукнерхаўс). Схадзіць у тэатр можна бюджэтна за 2,50 і паглядзець спектакль стоячы, а можна модна і стылёва сядзець за 80 еўра. Усё залежыць ад месцаў і жаданняў.

Канцэрты. Канцэртаў у Аўстрыі шмат, але галоўныя зоркі прыязджаюць у асноўным толькі ў Вену. Цэны на ўваход вельмі залежаць ад выканаўцы і арганізатара.

Напрыклад, выступ малавядомых гуртоў можа каштаваць 15 еўра. Rammstein у фан-зоне — усе 200 еўра. Arctic Monkeys выступалі ў Лінцы летам 2022-га, білет каштаваў 80 еўра.

Басейн. Іх тут хапае. У цэнтры Лінца ёсць класны комплекс з адкрытымі басейнамі і прыемным цяністым паркам. Уваход для сям’і з дзіцем да 6 гадоў каштуе каля 6 еўра на ўвесь дзень. Можна плаваць, плюхацца, загараць, спаць у цені дрэў, піць піва за 4,60 ці есці піцу за 10 еўра.

Тэрмы і спа-курорты. Аўстрыя апанаваная такімі тэрмамі. Гэта комплексы з басейнамі, аквапаркам, тэрмальнымі крыніцамі, парылкамі, рэстаранамі, барамі, масажам і мільёнам іншых паслуг. Зона з парылкамі звычайна аддзеленая ад іншых зон, таму што аўстрыйцы парацца ўсе разам і голыя.

Цэны на ўваход вар’іруюцца ад 11,50 да 48 еўра за дзень без начлегу. За 11,50 можна трапіць, напрыклад, толькі ў зону з пірацкай тэмай, але яна ўсё адно вялікая. За 24,50 — толькі ў дзве зоны, а за 48 — лазіць, плаваць і каўбасіцца па ўсім комплексе без абмежаванняў.

Калі браніраваць нумар, то тут можа быць усё што заўгодна ў залежнасці ад выбранага варыянту: і 100 еўра за ноч, і 1000.

Келіх віна ў бары ў басейне будзе каштаваць каля 3,50—4 еўра, піва — каля 5, гарачая страва — 10—15 еўра.

Каментары

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта8

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі6

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў3

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

За тры гады ва Украіне стала на 300 тысяч больш людзей з інваліднасцю5

У Вільні прайшла акцыя падтрымкі Васіля Верамейчыка з удзелам каліноўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта8

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Галоўнае
Усе навіны →