Культура22

Гісторыя аднаго знаёмства ў тындары, якое скончылася праектам пра кіно

Гэтыя беларус і ўкраінка пазнаёміліся праз мабільную праграму. Расказваем вам гісторыю Паўла Пяцько, Яны Барысавай і рэсурсу Backstage.

Фота: Ксенія Гайдук

Павел і Яна пазнаёміліся праз тындар у 2021 годзе, калі абое жылі ў Кіеве. Дзяўчына тлумачыць, што яны глядзяць на гэтую праграму як на спосаб знайсці хутчэй новых знаёмых, а не патэнцыйных партнёраў. Будучыя сябры паперапісваліся з паўгадзіны і пайшлі гуляць разам.

Сёння яны згадваюць, што ў першыя хвіліны сустрэчы размова ў іх не клеілася. «Спачатку мне здавалася, што Яна зашмат расказвае пра маркетынг, сваю працу. Потым Яна пачала гаварыць пра свае творчыя хобі, паказвала мне, як умее танчыць рэгетон, казала, што здымалася ў музычных кліпах. Пра кіно ў нас таксама зайшла размова. Я гаварыў, што я журналіст, але таксама цікаўлюся кіно», — расказвае Павел.

Так беларус і ўкраінка пачалі камунікаваць. Выбіраліся на шпацыры, хаця ішла пандэмія, сталі праводзіць разам багата часу. Свядома вырашылі, што замест раману лепш будуць сябрамі.

Павел расказвае, што ацаніў эмацыйнасць новай знаёмай і здольнасць адразу выказваць, што яна думае. Дзяўчына ж адзначае, што ёй проста стала цікава камунікаваць з Паўлам: выявіліся падобныя жыццёвыя мэты, агульныя тэмы для гутаркі — кіно, стартапы, інвестыцыі.

Яна заўважае, што на той час дужа мала ведала пра Беларусь: «Чула аб пратэстах 2020 года, але не пра тое, што ў краіне пратэстуюць з 1996-га, усе гэтыя ўнутраныя рэчы былі мне вядомыя не больш, чым сярэдняму ўкраінцу. Пачала адкрываць гэты [беларускі] свет толькі з Пашам».

Адной з супольных тэмаў для сяброў стала кіно. Яна расказвае, што ёй з дзяцінства цікавае акцёрства: дзяўчына шмат часу праводзіла ў тэатральнай студыі і на розных фестывалях, але ў сямнаццаць гадоў вырашыла замест актрысы ісці ў маркетолагі. Баялася, што не ўсё ўдасца ў тэатры і што яе чакае не багатае жыццё.

Праз экспансію расійскага кантэнту, кажа Яна, украінскае кіно не мела да апошніх часоў вялікай папулярнасці. Цяпер галіна развіваецца, але бюджэты дагэтуль непараўнальныя з заходнімі: «Учора я хадзіла на фільм «Доўбуш», зняты за 120 мільёнаў грыўняў (амаль 3,25 мільёна даляраў. — «НН»). Гэта найдаражэйшы фільм у гісторыі Украіны, але які-небудзь галівудскі рэжысёр наўрад ці змог бы штосьці зняць за такую суму».

Таму дзяўчына абрала маркетынг і звыклася з новай працай, тая ёй падабаецца, але і кіношныя амбіцыі нікуды ў яе не зніклі, хіба што змяніліся. Раней Яна бачыла сябе ў акцёрстве, цяпер жа яе цікавіць выраб кінапрадукту, стварэнне сцэнарыя і рэжысура. На інтарэсе да гульнявога кіно ўкраінка не спыняецца і цяпер піша сцэнар уласнага мультфільма.

Што да Паўла, ён яшчэ са школьных часоў працуе журналістам. Паралельна з гэтым у юнацтве беларус займаўся акцёрствам на курсах, хадзіў у аматарскі тэатр, аднойчы зняў з сябрам кліп. Але, расказвае Павел, яму было цікава трапіць у кіношную тусоўку — здавалася, што там класная атмасфера.

Разам з Янай хлопец прыйшоў да высновы, што многія беларусы і ўкраінцы жывуць у расійскай інфармацыйнай прасторы, і гэта датычыць і відэакантэнту: «Калі пачалася поўнамаштабная вайна, мы паглядзелі на кіно па-іншаму. Праект Backstage стаў для нас, па-першае, магчымасцю рэалізаваць важныя для нас з юнацтва рэчы, а па-другое, мы можам зрабіць штосьці карыснае, каб з’яўлялася больш прадуктаў для беларусаў і ўкраінцаў і каб крыху адціскаць расійскі кантэнт».

Пачатак вайны стаў для хлопца і дзяўчыны выпрабаваннем іх сяброўства. З таго часу камунікацыя перайшла ў збольшага ў анлайн-фармат: Павел жыве ў Літве, Яна год прабыла ў Славеніі, а цяпер вярнулася ва Украіну.

Хапала і асабістых пытанняў: «Я ладзіла Пашу допыты, ці не з’яўляецца ён дыверсантам, бо тады якраз праходзіла інфармацыя пра дыверсантаў з Беларусі. Гэта было наіўна, смешна і бязглузда. Але потым мы пагаварылі і ўсё вырашылі. З-за таго, што мы актыўна камунікавалі паміж сабой, мы ўсё больш пачыналі разумець адно аднаго і тое, што адбываецца». 

Дзяўчына расказвае, што пасля 24 лютага іх з Паўлам адносіны нават трохі ўзмацніліся. Калі ты праходзіш з чалавекам пэўны крызісны перыяд, часта бывае так, што вы робіцеся бліжэйшымі, чым было раней, яшчэ больш пачынаеце давяраць адно аднаму, лічыць яна.

У пачатку вайны быў час, калі ракеты выбухалі зусім побач з домам, дзе жыла Яна. Ён разумеў, што сяброўка піша яму абвінавачванні на эмоцыях: «Патлумачыў ёй, што так рабіць непрымальна, і праз некалькі дзён усё гэта згладзілася. Пабачылі, што няма сэнсу некага абвінавачваць, бо я па стане на 24 лютага жыў у Кіеве і прыехаў ва Украіну, бо не падтрымліваю дзеянні беларускіх уладаў».

«Мне даводзіцца шмат тлумачыць людзям ва Украіне, што насамрэч адбывалася і адбываецца ў Беларусі»

Яшчэ летам 2022-га сябры пачалі гаварыць пра тое, што варта зрабіць сумесны праект. Абмяркоўвалі, што гэта будзе, і вырашылі пачаць са старонкі ў інстаграме — яна з’явілася ў жніўні 2022-га.

Адной з першых ідэй было стварыць кінаклуб, потым — весці дзве асобныя старонкі для беларусаў і ўкраінцаў. А потым Яна зацікавілася беларускай тэмай, і сябры пачалі рабіць перш за ўсё беларускі праект.

Павел кажа: «Маем у Вільні суполку для тых, хто здымае фільмы. Плануем рабіць афлайн-івэнты, дзе ўсе гэтыя людзі маглі б сустрэцца, даведацца больш пра тое, як трэба здымаць кіно, магчыма, зрабіць што-небудзь разам. Думаем і пра анлайн-падзеі, дзе змаглі б прысутнічаць людзі з Беларусі, там таксама былі б рэчы навучальнага характару: як прыдумаць ідэю фільма, сабраць каманду і зняць першую карціну».

Фота: Ксенія Гайдук

Адна з мэтаў Backstage — расказваць пра ўкраінскае кіно для беларускай аўдыторыі. Сітуацыя ва ўкраінскай кінасферы лепшая, чым у беларускай, і таму ўкраінскія фільмы могуць стаць для беларусаў прыкладам, як можна здымаць. Для беларускіх фільммейкераў гэта шанс пабачыць для сябе новыя магчымасці.

«Калі мы былі на з’ездзе Belarusian Filmmaking Network, [польскі рэжысёр] Кшыштаф Занусі сказаў, што адзіны шлях для беларускага фільммейкера — убудоўваць сябе ў еўрапейскую кінаіндустрыю. Калі ты бачыш класны кейс, ты можаш яго рэалізаваць або хаця б натхніцца ім», — упэўненая Яна.

Сябры сутыкаюцца і з неразуменнем беларускага кантэксту.

«Мне даводзіцца шмат тлумачыць людзям ва Украіне, што насамрэч адбывалася і адбываецца ў Беларусі, што такое 2020 год і чаму няправільна думаць пра «недаціснулі». 

Патрэбны час і пэўныя меры, каб гэта данесці, і яны ўжо робяцца. Таццяна Гацура-Яворская праводзіла кінафестываль для ўкраінскай аўдыторыі. Але пакуль што ва Украіне пануюць эмоцыі, ідзе вайна і людзі на ўзводзе. Словы і дзеянні могуць тут успрымацца вельмі востра, і калі ты хочаш данесці пэўную інфармацыю, патрэбна стратэгія, трэба рабіць гэта правільна», — тлумачыць Яна.

«Нягледзячы на ўсю складанасць сітуацыі, беларускае кіно цяпер мае найбольшы патэнцыял»

Павел згадвае з’езд фільммейкераў Belarusian Filmmaking Network і песімістычныя думкі пра будучыню беларускага кіно, якія там гучалі. Павел з такім поглядам не згодны:

«Мы, наадварот, прытрымліваемся думкі, што, нягледзячы на ўсю складанасць сітуацыі, беларускае кіно цяпер мае найбольшы патэнцыял за доўгія гады, бо ў Еўропу пераехала шмат беларусаў. Гэта як калі кветку перасаджваюць з месца, дзе няма сонца, на больш асветленую глебу. Стварылася незалежная кіношная экасістэма, і я думаю, што гэта можа стымуляваць людзей рабіць больш кантэнту, нават рэжысёраў, якія працуюць унутры краіны. Так, беларускае кіно цяпер знаходзіцца ва ўразлівым стане, але ў яго вялікі патэнцыял».

Яна дадае, што ёсць людзі, гатовыя ўкладацца ў тое, каб беларускае кіно існавала. Прыклад — рэжысёрка Воля Чайкоўская, якая праводзіць кінафестываль «Паўночнае ззянне» і запусціла з камандай стрымінгавую платформу Vodblisk, на якой паказваюць беларускія фільмы. 

Некаторыя беларускія рэжысёры ўжо інтэграваліся ў еўрапейскі кантэкст. Павел нагадвае пра Аляксея Палуяна, які ўжо шмат гадоў жыве ў Германіі — вы, напэўна, чулі пра яго фільм Courage. «Калі мы наведвалі Варшаву, гэты фільм там паказвалі ўжо шосты раз у вялікім кінатэатры, і ў шосты раз ён сабраў поўную залу», — расказвае Павел.

Беларус называе таксама і Мару Тамковіч — рэжысёрку, якая жыве ў Польшчы, але захоўвае сувязь з беларускім кантэкстам. Яна зняла спачатку кароткаметражку, а потым і поўнаметражку пра Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, журналістак «Белсата». Пасля такіх людзей, лічыць Павел, іншым беларусам будзе прасцей прабівацца.

Як сябры бачаць вынік сваёй працы? «Было б цікава, калі б я змог прыехаць ва Украіну, якая перамагла, і паглядзець у вялікім кіеўскім кінатэатры прэм’еру беларускага фільма. Думаю, калі б Яна прыехала ў Мінск, каб паглядзець украінскі фільм у свабоднай Беларусі, гэта таксама было б цудоўна», — падсумоўвае Павел.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

У «Беларусьфільма» новы кіраўнік — чаму знялі папярэдняга?

На беларускі конкурс кінафестывалю «Паўночнае ззянне» заявілі 59 фільмаў. Большасць з іх — кароткі метр

На платформе Vodblisk стаў даступны кароткаметражны фільм «Возера радасці»

Каментары2

  • гоблен
    03.09.2023
    "Гэтыя беларус і ўкраінка пазнаёміліся..."

    Ужо пачатак выклікае здаўленыя рыданні ў гоблена. Надта пранізліва)
  • гидрогелевые патчи для мужчин, которые не боятся быть настоящими
    04.09.2023
    да?
    лично я рыдаю вот от этого - https://nashaniva.com/325707 - над та пра ніз лівааа
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы1

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

Для беларускага фестывалю вырабілі трохметровы хот-дог ФОТАФАКТ9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць