Кацярына Аляксееўна была галоўнай захавальніцай «Юраўскага карагода» ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Гэты абрад унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. У лістападзе ёй споўнілася б 82 гады, піша «Будзьма».
Кацярына Аляксееўна Панчэня нарадзілася 30 лістапада 1941 года, калі яе бацька быў на фронце. Вёску некалькі разоў палілі фашысты, таму маці будучай спявачкі разам з чатырма дзецьмі некаторы час жыла ў сваякоў у вёсцы Іванава Слабада Лельчыцкага раёна. Пасля вайны сям’я вярнулася ў Пагост.
Любоў да роднай культуры Кацярына засвоіла ў сям’і. Песні пераймала ад бабулі, маці, цёткі і хроснай. Вучылася жаночым рамёствам: ткацтву, вышыўцы.
Знакамітая хата Кацярыны Аляксееўны ў Пагосце, дзе яна гасцінна прымала ўсіх, хто цікавіўся традыцыйнай культурай, нагадвала райскі сад праз разнастайнасць вышываных і тканых вырабаў. Яе бацька, Аляксей Кузьміч, быў вядомым у ваколіцах гарманістам. У бацькоўскай хаце часта збіраліся аднавяскоўцы, ладзілі вячоркі. Там Кацярына чула ад старэйшых мясцовыя паданні, казкі, якія хутка запамінала. Была здольнай таксама да танцаў. Брат і сястра, два сыны Кацярыны Аляксееўны таксама гралі на гармоніку. Нявестку-ўкраінку яна навучыла спяваць беларускія песні і запрасіла ў свой гурт «Міжрэчча».
Кацярына Аляксееўна адвучылася 4 класы і ў 14 год пайшла працаваць у калгас. Рана выйшла замуж, нарадзіла шасцярых сыноў. Частка дзяцей памерла ў маленстве. Адзін сын патануў, ратуючы ўласнае дзіця. У канцы жыцця ў жанчыны застаўся толькі адзін жывы сын.
У 1980 годзе Кацярына Аляксееўна стала загадчыцай сельскага клуба ў Пагосце і стварыла аўтэнтычны фальклорна-этнаграфічны гурт «Міжрэчча», які выконваў песні сваёй мясцовасці. Гурт гастраляваў па ўсёй Беларусі і ў суседніх краінах. А яшчэ выступаў у Берліне і Дрэздэне, што для калектыву з сельскага клуба, пагадзіцеся, зусім нетыпова. Запрашалі ў Амерыку, але праз стан здароўя лекары не рэкамендавалі Кацярыне Аляксееўне лётаць самалётам.
Кацярына Панчэня захоўвала песні і абрады роднай вёскі. Гурт «Міжрэчча» шмат здымаў фалькларыст Васіль Ліцьвінка для перадачы «Запрашаем на вячоркі». Гэтыя запісы захоўваюцца ў архіве Белтэлерадыёкампаніі. Кацярына Аляксееўна ўдзельнічала таксама ў здымках фільмаў «Паданні тураўскай зямлі», «Карагод», «Вялесавы ўнукі», «Гу, весна» (1997 г.) і «Код предків» (2020 г.). Спадзяёмся, што калі-небудзь відэа будуць агульнадасяжнымі. А пакуль спявачку можна пабачыць у дакументальных фільмах «Дачка Прыпяці» і «Кола часу» (2012 г.), «Юраўскі карагод» (2022 г.), а таксама на аматарскіх відэа.
Кансультантам падчас стварэння вялікай часткі названых фільмаў была журналістка і грамадская экспертка па нематэрыяльнай культурнай спадчыне Рэгіна Гамзовіч. Яна сябравала з Кацярынай Панчэняй, часта яе наведвала.
Абрад «Юраўскі карагод», які ў Пагосце праводзяць па праваслаўным календары 6 мая, спачатку ўнеслі ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі (2004 г.), а потым — у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO (2019 г.).
Падчас Юр’я ў Пагосце часта было больш журналістаў, чым галоўных выканальніц абраду, жанчын з гурта «Міжрэчча», такую ён меў папулярнасць. Прыязджала таксама багата аматараў фальклору і проста знаёмых Кацярыны Панчэні. Патрапіўшы раз, хаця б выпадкова, у яе хату, кожны мог быць упэўнены, што яго заўсёды прымуць як дарагога госця. Асабіста я была ў Пагосце разоў пяць, рабіла рэпартажы з розных святаў. Ведаю людзей, якія ездзілі туды, каб проста пабачыць Кацярыну Аляксееўну, нечым дапамагчы (напрыклад, выкапаць бульбу), і для іх гэта была цудоўная магчымасць далучыцца да беларускага вясковага жыцця, калі ўласныя бабулі і дзядулі рана памерлі ці з імі не было эмацыянальнага кантакту.
Бадай, Кацярына Аляксееўна была адной з самых вядомых носьбітак традыцыйнай культуры ў Беларусі. Песні з Пагоста спявалі розныя фальклорныя гурты гарадской моладзі. Тамашні абрад гукання вясны на Саракі з падкіданнем печаных птушак на абрусе ці посцілцы аднаўляецца на штогадовай імпрэзе, якую грамадская арганізацыя «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» ладзіць у Вязынцы.
Пагосцкім клубам Кацярына Аляксееўна кіравала больш за 30 гадоў. У 2010-я паступова адышла ад спраў, выйшла на пенсію, але працягвала захоўваць традыцыі роднай вёскі. Да васьмідзесяцігоддзя ў 2021 годзе Жыткавіцкі райвыканкам ушанаваў яе званнем ганаровай грамадзянкі.
У канцы лета ў жанчыны здарыўся інсульт. Яе забралі ў лякарню. Яна была ў прытомнасці і ў гуморы. Аднавяскоўцы з усмешкай казалі, памятаючы пра моцны характар Кацярыны Аляксееўны, што цяпер яна наводзіць у шпіталі свае парадкі. Прагноз быў добры, але 4-га верасня Кацярыны Панчэні не стала. Светлая памяць!
Каментары