Музыка88

«Чорны бумер», Паліграф ШарыкOFF, спявак пры Лукашэнку: як мянялася жыццё рэпера Сярогі 

Як Сяргей Пархоменка, які быў кумірам падлеткаў і таленавітым прадзюсарам, з гадамі даказаў, што грошы не пахнуць. 

Скрыншот з ютуб-канала Seryoga

Выступ рэпера Сярогі на нядаўнім «ТрактарШоу» шакаваў гледачоў: спявак з прыкметнай задышкай выконваў радкі свайго старога хіта. Але так было не заўсёды. Расказваем пра шлях колішняй суперзоркі і аўтара шматлікіх праектаў.

Ганяў машыны з Германіі і мыў яйкасартавальныя комплексы

Будучы рэпер нарадзіўся ў Гомелі ў сям'і інжынераў. У шматлікіх інтэрв'ю Пархоменка кажа, што ў свой час кінуў музычную школу, дзе навучаўся па класе фартэпіяна, затое са срэбным медалём скончыў школу з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы. 

Больш за ўсё яму ў школьныя гады падабалася літаратура і нямецкая мова. Ён нават на моўныя алімпіяды хадзіў. Любоў да замежнай мовы яму вельмі дапамагла пазней.

Два гады Сярога вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны на факультэце германістыкі. Далей, як ён сам распавядаў журналістам, на пяць гадоў паехаў вучыцца ў Германію — вывучаць эканоміку і паліталогію. 

Але, здаецца, універсітэт быў толькі спосабам «зачапіцца» за мяжой, бо ў той час Сярога пачаў ганяць машыны на продаж з Германіі. Паводле яго слоў, зарабляць атрымлівалася па некалькі тысяч даляраў за месяц.

Пры гэтым ён таксама падзарабляў на фабрыцы па рамонце яйкасартавальных комплексаў. Пархоменка адмываў гэтыя комплексы ад бруду.

Вышэйшую адукацыю музыкант не здолеў атрымаць — кінуў навучанне, так і не пабачыўшы дыплом.

«Хранічная галеча і жаданне займацца музыкай прымусілі яго вярнуцца ў Беларусь», — тлумачыла гэты ўчынак «Камсамольская праўда».

Зорны час: «Чорны Бумер», GTA, «Туфлі Гну» і іншыя праекты

Нулявыя сталі для Сярогі сапраўды зорным часам. Летам 2002 года ён выпусціў першы трэк пад назвай «Загубілі Лялю». У 2003-м гуказапісвальная кампанія «Маналіт» выдала яго максі-сінгл з пяці песень. У наступным годзе ва Украіне стаў прадавацца дыск Сярогі «Мой двор: вяселлі і пахаванне». Праз некалькі тыдняў у Расіі быў выдадзены альбом «Мой двор: спартыўныя прыпеўкі».

У 2004 годзе выйшаў кліп на песню «Чорны бумер», якая і па сёння застаецца візітоўкай спевака. Без гэтай кампазіцыі шмат гадоў нельга было ўявіць дыскатэку ў любой беларускай школе. Дарэчы, Сярога казаў, што зарабіў на хіце мільён даляраў.

Вядомасці рэперу дабавіла песня King Ring, якую Сярога запісаў для фільма «Бой з ценем» (прэзентацыя адбылася ў 2005 годзе) — моладзь бегла ў кінатэатры на баявік Аляксея Сідарава. Той нават казаў, што калі б пазнаёміўся з Пархоменкам раней, то прапанаваў бы яму стаць галоўным героем.

У гэтым жа годзе Сярога заснаваў лэйбл KingRing. На базе лэйбла выпускалася пяць праектаў: уласна сам Сярога, Макс Лорэнс, Б'янка, Сацура, ST1M, СД.

Пазней песні рэпэра «Каля дома твайго» і «Мел лёсу, ці Песня Тамерлана» ўвайшлі ў саўндтрэк фільма «Дзённы дазор».

А ў 2007-м амерыканская кампанія Rockstar Games, якая займаецца распрацоўкай і выданнем камп'ютарных гульняў, уключыла песню Сярогі King Ring у трэці трэйлер гульні Grand Theft Auto IV, якая тады распрацоўвалася. Таксама рэпер запісаў эксклюзіўны трэк для GTA, які называецца Liberty City: The Invasion.

У кіно рэпер агучваў бегемота Мота-Мота ў рускамоўнай версіі «Мадагаскар 2», а таксама напісаў рускамоўныя тэксты песень для гэтага мультфільма.

У 2008-м у Сярогі выйшаў яго чацвёрты альбом «Хроніка хлопца з гомельскіх вуліц», але паўтарыць поспех ранейшых хітоў не атрымалася.

Пасля правальнага альбома артыст на нейкі час знік, а потым з'явіўся ў публічнай прасторы мацаком, які спрабуе прадаць аўтарскую праграму трэніровак: ён абяцаў дапамагчы зрабіць ідэальнае цела за 99 дзён.

Трансфармацыя Сярогі. Фота: сацсеткі рэпера

У 2010 годзе яму ўдалося прабіцца ў суддзі праекта «X-фактар Украіна». 

У 2014-м з'явіўся праект «Туфлі Гну», у які ўвайшлі Сяргей Пархоменка і музыканты культавага гомельскага гурта «ТТ-34». Тады ж выйшаў першы міні-альбом «Гатовы да працы і абароны». Гэта быў сацыяльны праект з цяжкай музыкай і тэкстамі пра змаганне з сістэмай, што не карэлюе з сённяшнімі поглядамі Сярогі.

Было ў музыкі некалькі эпізадычных роляў у кіно. Двойчы ён сыграў сам сябе, а яшчэ Сярогу паклікалі выканаць невялікую ролю ахоўніка ва ўкраінскай камедыі «Свінгеры».

З 2015 года Пархоменка пачаў выступаць і пад псеўданімам Полиграф ШарикOFF. Ён выконвае песні ў стылі шансон. Сам артыст кажа, што Паліграф — гэта свята, жарты, радасць і весялосць. А Сярога — гэта адплата і зброя.

На стварэнне гэтага вобраза Сярогу, як ён сам згадваў, натхніла жанчына з імем Таццяна. Адзіная, якой ён прапанаваў стаць сваёй жонкай.

Гэта здарылася ў Маскве на канцэрце Святланы Лабады. Спявачка спыніла свой выступ і выклікала Сярогу на сцэну. Ён з вялізным букетам падняўся туды і прачытаў верш каханай. Зала пачала крычаць: «Выходзь за яго!» Дзяўчына дыпламатычна адказала, што падумае, хаця ў той момант дакладна ведала, што не стане выходзіць за Пархоменку.

На гэтым моманце гісторыя кахання скончылася. Але на кожным дыску Паліграфа ёсць прысвячэнне гэтай жанчыне і яе ініцыялы.

Скрыншот з відэа тэлеканала «Беларусь 1»

Каб хоць неяк нагадваць людзям пра сябе, Пархоменка спрабаваў хайпаваць: то рабіў заяву, што быццам адмаўляецца ад беларускага грамадзянства, то здымаў правакацыйны кліп на групу «Грыбы».

У 2016 годзе рэпер стаў героем скандалу. Тады яго абвінавацілі ў тым, што ён паведаміў міліцыі, што самалёт рэйса Мінск — Масква «замініраваны», бо сам спазніўся на яго. Прадзюсар сцвярджаў, што Сярога недатычны.

Раманы і дзяльба дзяцей

Калі казаць пра асабістае жыццё спевака, то СМІ распавядалі пра два яго раманы — з кубінскай мадэллю Даямі Маралес і з украінкай Палінай Алало, якая нарадзіла Пархоменку сыноў Марка і Платона.

Калі малодшаму хлопчыку было тры гады, пара распалася. Спачатку Сярога не рваўся займацца сынамі, але, калі яны дараслі да школы, раптам вырашыў, што сыны павінны жыць разам з ім.

У 2020 годзе Паліна публічна заявіла, што былы грамадзянскі муж выкраў дзяцей і забараняе ім нават размаўляць з маці па тэлефоне. Яна таксама расказала, што артыст моцна збіваў яе, калі яны жылі разам.

Паліна Алало і сыны. Скрыншот старонкі ў інстаграме Паліны Алало

Рэпер запэўніваў, што Паліна зможа прыязджаць у госці да сыноў. Першы час яна мела магчымасць стэлефаноўвацца з дзецьмі, некалькі разоў наведвала. А потым Пархоменка рэзка спыніў усе дамоўленасці.

«Перыядычна дзеці плакалі, сумавалі, хацелі дадому, але ў той жа час баяліся бацьку. Сяргей мог паставіць іх на грэчку ці пакараць прылюдна. Сыны казалі, што часам застаюцца адны ў зачыненым доме. Жахліва пры адной думцы, якія сітуацыі могуць здарыцца! Я вельмі хвалююся за псіхалагічны стан сыноў», — наракала Паліна ў інтэрв'ю «Камсамольскай праўдзе».

Каб апраўдаць свае паводзіны ў вачах публікі, Сярога зняў фільм пад назвай «Ціхая гавань» пра тое, які ён выдатны бацька.

Фота: старонка спевака ва «УКантакце»

Паліна Алало неаднаразова абвінавачвала былога каханага ў тым, што ён мала часу жыве з дзецьмі і выхаваннем хлопчыкаў займаюцца староннія людзі. Мабыць, каб абвергнуць гэта, Сярога пачаў ролік з апраўдання:

«Можа здацца, што калі ты артыст, то ты праз свой графік не маеш магчымасці выхоўваць дзяцей. Я таксама раней так думаў. Мне было складана ўявіць, дапусцім, год таму, што я буду гэтым займацца. Аднак, калі вельмі захацець, можна знайсці алгарытм. Бо канцэрты не бываюць кожны дзень. Яны бываюць у лепшым выпадку адзін-два разы на тыдзень у выхадныя. Гэта значыць, большую частку часу ты можаш знаходзіцца са сваімі дзецьмі».

Насамрэч для выхавання сыноў Сярога наняў былога вайскоўца, якога хлопчыкі называлі Філіпам і не без гонару казалі:

«Ён служыў у Французскім легіёне. Ён за намі сочыць, нас глядзіць. Пакуль таты няма, ён з намі ўвесь час».

«Папрасіў праверыць на сілу поціск рукі Лукашэнкі»

Рэпер шмат гадоў жыў ва Украіне на два гарады (Кіеў і Харкаў), даваў канцэрты, удзельнічаў у тэлевізійных шоу. У 2013-м спявак атрымаў бестэрміновы дазвол на жыхарства ва Украіне. У інтэрв'ю распавядаў, як яму падабаецца там. Вось што казаў музыка ў 2021 годзе Гардону:

«Краіна для жыцця, краіна для кахання, краіна для творчасці. Яна і цяпер для мяне такая ж».

Скрыншот з відэа БелТА

Пры ўсім гэтым Сярога не забываўся запэўніваць у сваёй любові і ўлады Беларусі. І небезвынікова: у 2021-м яго, напрыклад, паклікалі праспяваць на свяце ў Александрыі — тады ён паціснуў руку Лукашэнку. БелТА напісала пра гэта так:

«У завяршэнне свайго выступу ён папрасіў праверыць на сілу поціск рукі Аляксандра Лукашэнкі, каб не давяраць чужым меркаванням на гэты конт. І зрабіў выснову, што ён [поціск] наймацнейшы ў Еўропе — Усходняй, Цэнтральнай і Заходняй».

Камплімент не застаўся незаўважаным: ужо ў верасні рэпера запрасілі выступіць на Дні горада ў Мінску.

Размаўляючы з Гардонам аб пратэстах 2020 года ў Беларусі, рэпер адказваў, што ў катаванні ён не верыць, а Лукашэнку ў краіне насамрэч падтрымліваюць мільёны. Хаця, здавалася б, рэпер мог паразмаўляць пра катаванні з Вольгай Хіжынковай, бо асабіста знаёмы з ёй і некалі здымаў кліп для брэсцкага «Дынама». Але ў гэтым выпадку яму б не дасталася крэсла настаўніка на музычным шоу «Фактар.by» на «Беларусь 1», дзе рэпер сядзіць некалькі сезонаў.

Фота: сацсеткі шоу «Фактар.by»

Калі Расія пачала бамбіць Кіеў і Харкаў, Сярога прамаўчаў. У праграме «Сто пытанняў даросламу» на дзяржТБ вось як музыка адказаў на пытанне аб прычынах вяртання на радзіму:

«Мне ёсць з чым параўноўваць, бо я жыў у розных краінах. Вялікае бачыцца на адлегласці. Я магу сказаць ад сябе, што гэта адна з самых свабодных тэрыторый і адна з самых справядлівых. І адна з тых тэрыторый, дзе я дакладна бачу, што ёсць шанец валодаць сітуацыяй у будучыні. Гэта тэрыторыя, дзе не плююць на магілы продкаў, не апаганьваюць помнікаў, не зносяць мемарыяльных дошак. Гэта значыць, гістарычная памяць тут ахоўваецца».

Згадаем толькі, што за апошні год у некалькіх раёнах былі знішчаны польскія могілкі, прыбраны помнік Ларысе Геніюш у Зэльве і памятная шыльда паўстанцам 1863 года ў Гродне.

Зразумеўшы, што на «правільным патрыятызме» можна добра зарабляць, Сярога напісаў песню аб спаленай фашыстамі вёсачцы Ала ў Светлагорскім раёне. Здаецца, зразумела, у якім напрамку будзе развівацца яго творчасць.

Каментары8

  • бабруйчанін
    18.10.2023
    Саудєпрусрок саудєрус панк саудрус рєп ...усе вяртаеца да " корней" " єстрады клаунады скамарохау .кіпелавы алісы шнур ванька ахлабысцін чайФф..У лепшым выпадку уверваюць кто у ..як " звук му" Мамонау ці у х.й вежае каго як БГ ..
  • За Серёгу! За Беларусь! За КАмаз!
    18.10.2023
    Мы возьмём нашу планету в свои руки!
  • бабруйчанін
    18.10.2023
    За Серёгу! За Беларусь! За маз!, уточнил рєпер х..в заМАЗ...І дакладна І па хіп хоперскі рєпєрскі...Тянем заМАЗ за маз і аккорд гуп ца ца

Стала вядома афіцыйная прычына смерці Макея, Ашурка і Тарайкоўскага7

Стала вядома афіцыйная прычына смерці Макея, Ашурка і Тарайкоўскага

Усе навіны →
Усе навіны

У Якуцку гарэў ізалятар з вайскоўцамі-дэзерцірамі. Згарэлі пяць чалавек

Страта «Успенскага мяшка»: частка ўкраінскіх вайскоўцаў не змагла выйсці з акружэння

Міліцыя выпадкова апублікавала ВІДЭА для ўнутранага карыстання — інструкцыю, як трэба паводзіць сябе з насельніцтвам7

Мінскае «Дынама» прайграла пяць з шасці матчаў Лігі канферэнцый, разгромна саступіўшы ў апошнім ад грэкаў3

У Жыткавічах 14-гадовага юнака асудзілі на сем гадоў калоніі. За што?7

«Сірыя паказвае, што Расія не непераможная». Галоўная дыпламатка ЕС выказалася супраць перамоў на ўмовах Масквы1

«Справа не ў палітыцы». Стала вядома, чаму закрылася каталіцкая семінарыя ў Пінску1

Шрайбман расказаў, чаму закрылася яго ютуб-перадача на «Люстэрку»11

У Мінску следчыя і міліцыя на дзве гадзіны перакрылі праспект Незалежнасці4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома афіцыйная прычына смерці Макея, Ашурка і Тарайкоўскага7

Стала вядома афіцыйная прычына смерці Макея, Ашурка і Тарайкоўскага

Галоўнае
Усе навіны →