Эканоміка11

Што будзе з заробкамі і як вырасла залежнасць ад Расіі? Трэнды ў беларускай эканоміцы

«Наша Ніва» пагутарыла з эканамістам Дзмітрыем Круком пра тое, якія галіны эканомікі найбольш пацярпелі ад вайны і санкцый, якія трэнды назіраюцца цяпер і чаго варта чакаць у блізкай будучыні.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Сектар ІТ як драйвер росту беларускай эканомікі знік»

Сярод галін эканомікі, якія найбольш пацярпелі ад санкцый і вайны, эксперт BEROC Дзмітрый Крук вылучае ІТ-сферу, якая цягам пяці год, з 2017-га па 2021-шы, лічылася драйверам беларускай эканомікі.

«Калі параўноўваць бягучыя паказчыкі з пікам 2021 года, то сектар «інфармацыйныя тэхналогіі і сувязь» прасеў на 19%. ІТ як драйвер росту беларускай эканомікі знік», — адзначае Крук.

З яго слоў, значнае аслабленне ІТ-галіны будзе мець больш негатыўны ўплыў на эканоміку, чым проста страта ад яго непасрэднага ўнёску ў рост ВУП, бо яна цягнула за сабой іншыя галіны і дадавала станоўчы імпульс у эканоміку.

Пацярпела транспартная галіна.

«Праблемы ў гэтай сферы першапачаткова пачаліся не з-за вайны, а з-за кавіду. Пазней пачаў назірацца невялікі аднаўленчы рост, але ў 2022-м зноў адбыўся вельмі істотны спад.

Па стане на 2023 год, транспартная галіна аднаўляецца, можна дапусціць, што налета атрымаецца наблізіцца да даваенных паказчыкаў, але ў параўнанні з дакавідным 2019 годам — гэта ўсё адно амаль на 20% менш».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Сярод асноўных праблем, з якімі сутыкнулася беларуская эканоміка на фоне вайны і санкцый, эканаміст называе страту ўстойлівага падмурка для развіцця амаль ва ўсіх галінах эканомікі.

«Нават тыя сферы, што на бягучы момант знаходзяцца ў адносна неблагім фінансавым стане, не могуць быць упэўненымі, што такое ж становішча ў іх захаваецца заўтра, паколькі існуе вельмі шырокі спектр рызыкаў.

Напрыклад, для машынабудавання — гэта Кітай, які пашырае свой экспарт на расійскі рынак. Таксама Кітай выцясняе і шмат якія іншыя тавары беларускай вытворчасці на расійскім рынку і паступова забірае сабе гэтую долю рынку».

Залежнасць ад Расіі працягвае расці

Адразу пасля вайны шмат якія беларускія кампаніі ўмацаваліся на расійскім рынку, але хутка яны могуць страціць свае пазіцыі.

«З вялікай доляй верагоднасці можна казаць, што кан'юнктура для іх зменіцца», — мяркуе эксперт.

Эканаміст адзначае, што такія сферы, як нафтаапрацоўка і машынабудаванне, цяпер знаходзяцца ў адносна прымальным стане ў першую чаргу менавіта за кошт расійскага рынку. Усё гэта кажа пра тое, што Беларусь становіцца яшчэ больш залежнай ад Расіі.

У 2020 годзе доля Расіі ў знешнім гандлі Беларусі складала 47,9%, па выніках 2021 года яна вырасла да 49%. Цягам апошняга года ўжо каля 60-65% прыпадае на долю РФ.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: БелТА

Эксперт кажа, што калі раней залежнасць ад Расіі можна было называць значнай, то сёння больш падыходзіць тэрмін татальная.

«Нават гэтыя лічбы, якія прыкметна растуць, не даюць поўнага разумення ўзроўню гэтай залежнасці. Значная частка экспарту, у тым ліку калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў, драўніны і шмат чаго іншага, цяпер інфраструктурна залежаць ад РФ, хоць і накіроўваюцца ў іншыя краіны.

Калі раней для гэтага ў асноўным выкарыстоўвалася партовая інфраструктура Літвы і Латвіі, то цяпер амаль уся лагістычная інфраструктура таксама расійская», — тлумачыць эксперт.

Рост энергетычнай залежнасці ад РФ Крук называе яшчэ адным вельмі сур’ёзным аспектам.

Эканаміст лічыць, што нафтавая субсідыя з’яўляецца адным з галоўных чыннікаў, чаму ў Беларусі атрымалася нейтралізаваць уплыў вайны і санкцый. Асабліва калі казаць пра 2022 год.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Dmitry Lovetsky / AP

Таксама не менш важным чыннікам Крук называе нізкую цану на расійскі газ для Беларусі.

«У параўнанні з рынкавай цаной, якая склалася летась, беларускія вытворцы, маючы доступ да таннага газу, мелі вельмі значную перавагу ў пытаннях канкурэнтаздольнасці».

Эксперт звяртае ўвагу і на тое, што графік плацяжоў па дзярждоўгу быў перагледжаны.

«Гэта таксама аказала значную падтрымку нашаму бюджэту, асабліва летась», — кажа Крук.

«Беларуская эканоміка функцыянуе і мае прымальныя паказчыкі ў вялікай ступені дзякуючы падтрымцы з боку Расіі. У перспектыве гэта азначае, што расійская эканоміка паглынае беларускую.

Калі такі трэнд будзе працягваць развівацца, то можна гаварыць пра тое, што наша эканоміка фактычна пераўтвараецца ў прыдатак расійскай», — адзначае эканаміст.

Як эканоміка ўплывае на палітыку

Разам з татальнай залежнасцю ад РФ такія перамены нясуць з сабой дадатковыя рызыкі, паколькі расійская эканоміка сама знаходзіцца ў нестабільным стане праз безліч санкцый. Такім чынам, усе расійскія рызыкі аўтаматычна становяцца і беларускімі. Як вынік — наша эканоміка амаль цалкам становіцца закладнікам Расіі.

Крук звяртае ўвагу, што праз залежнасць эканамічную павышаецца ўзровень залежнасці палітычнай, бо сёння ў руках расійскіх уладаў фактычна апынуўся ключык ад стану беларускай эканомікі.

«На такім фоне нейкае пагаршэнне стасункаў з РФ вельмі лёгка можа не проста аслабіць, а менавіта абрынуць беларускую эканоміку. Цяпер у Расіі магчымасцяў і інструментаў гэта зрабіць больш чым дастаткова», — лічыць эксперт.

Дзмітрый Крук адзначае, што гэта нясе рызыку не толькі для рэжыму Лукашэнкі, калі той раптам захоча пярэчыць Маскве, але і тым, хто прыйдзе да ўлады пасля яго.

«Калі новая беларуская ўлада будзе не надта прарасійскай, то Масква зможа з лёгкасцю скарыстацца гэтым кейсам, каб лабіраваць свае інтарэсы. Таму гэта выклік у тым ліку і дэмакратычнаму руху.

Гэта тое, над чым працуе экспертнае кам’юніці. Нам трэба разумець, якія інструменты можна будзе выкарыстоўваць, каб паменшыць гэтую залежнасць, і як змякчыць магчымы шок для эканомікі ў выпадку, калі Расія захоча скарыстацца сваім становішчам і аказаць ціск на Беларусь».

А што з заробкамі?

Эканаміст не выключае, што ў наступным годзе можа захавацца трэнд на павольны рост рэальных заробкаў.

«Базавы сцэнар на 2024 год падобны на 2023-ці. Што тычыцца рэальных зарплат — ёсць вялікая імавернасць, што яны працягнуць павольна расці. І тут мы працягваем назіраць феномен, калі з-за маштабнай міграцыі заробкі дэманструюць трохі дзіўную і адрозную ад іншых макраэканамічных паказчыкаў дынаміку.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Напрыклад, падчас рэцэсіі-2022 заробкі скарачаліся менш, чым ВУП, а калі пачалося аднаўленне, то яны даволі хутка вярнуліся на даваенны ўзровень і потым яго абагналі. Таму, як бы дзіўна гэта ні гучала, сённяшні ўзровень заробкаў знаходзіцца на гістарычным максімуме.

Але гэта наўрад ці тое, чым варта ганарыцца. Падвышаны ў выніку міграцыі ўзровень заробкаў сёння — адна з прычынаў іх стагнацыі пазней».

Асноўнай прычынай, чаму так, адбываецца, эксперт называе недахоп працоўнай сілы.

«Гэта доўгатэрміновы трэнд дэмаграфіі плюс міграцыя. Апошняя пачынае адыгрываць усё больш значную ролю. Для шмат якіх бізнэсаў паўстае выклік, што калі яны не змогуць нават пры не вельмі прывабным фінансавым становішчы падымаць заробкі, то яны проста страцяць працоўную сілу».

Асабліва, на думку Крука, гэта будзе тычыцца кваліфікаваных спецыялістаў, за якіх фактычна змагаюцца ў тым ліку суседнія краіны, паколькі шмат беларусаў разглядае варыянт з’ехаць.

«Адпаведна, у шмат якіх выпадках бізнэс ідзе на тое, каб падвышаць заробкі, часткова ахвяруючы сваім уласным фінансавым становішчам», — тлумачыць эканаміст.

Іншым чыннікам, які дазваляе расці рэальным заробкам, можна назваць штучнае стрымліванне цэн. Якое ў сваю чаргу стварае інфляцыйны навес.

Эканаміст мяркуе, што павышэнне заробкаў з такіх меркаванняў мае абмежаваныя рэсурсы. Таму рост іх у такім сцэнары ў 2024 годзе будзе, але невялікі, бо адбываецца ён не праз тое, што ў эканоміцы ўсё добра, а хутчэй наадварот.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытаце таксама: 

Чаму ў Беларусі адбываецца бум на рынку нерухомай маёмасці? Тлумачыць эканаміст

Добрая зніжка ці махляры? Як не даць сябе падмануць пры набыцці тавараў у Instagram

Каментары1

  • J.
    08.11.2023
    Затое санкцыi спрацавалi. Гандль з Захадам амаль перакрыты. Залежнасць ад Расеi татальная цяпер?... ну нiчога, гэта дробязi

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў3

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Дызайнерка патлумачыла, чаму беларускія брэнды шыюць мала адзення плюс-сайз5

У Брэсце навабранец зрабіў прапанову дзяўчыне падчас прысягі3

Кітайскія хакеры маглі атрымаць доступ да тэлефонаў Трампа і звыш сотні топ-чыноўнікаў ЗША2

«Дынамалёт» не даляцеў да Калінінграда і вымушана вярнуўся ў Мінск2

Падарыў кватэру сваяку, а пасля пашкадаваў. Ці можна адмяніць дагавор?

Фірма, якая належала мадэлі з Мінска, адпраўляла ў Расію брытанскую вайсковую оптыку6

У 52 гады памёр лукашэнкаўскі прапагандыст Дзмітрый Крат16

Блакітнае святло смартфонаў выклікае заўчаснае палавое даспяванне дзяцей — вучоныя2

СБУ паказала рэшткі расійскай ракеты «Арэшнік»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў3

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →