Дзяўчыну звольнілі з арміі. Яна сцвярджае, што з-за тыктоку і гэта загад міністра Хрэніна
«Стаю тут засмучаная, што звольнілі за чатыры месяцы да канца кантракту пасля пяці гадоў службы. І не разумею, ці моцна сумаваць, калі пра мяне гавораць усе вярхушкі камандавання і міністэрства?» — напісала дзяўчына ў тыктоку.
Паліна Папкова (у тыктоку блогерка _poli_k_ і) да нядаўняга часу служыла ў 48-м асобным батальёне радыёэлектроннай барацьбы ў Брэсце. Усяго ва Узброеных сілах Паліна адслужыла амаль пяць гадоў (звольнілі яе за 3 месяцы і 13 дзён да сканчэння кантракту). Першыя два з паловай гады яна служыла ў 10-м асобным батальёне радыёэлектроннай барацьбы ў Барысаве. Дзяўчына дзялілася ў сацсетках, што гэта была яе дзіцячая мара.
Прыкладна год таму яна пачала весці акаўнт у тыктоку — запісваць гумарыстычныя відэа, шмат на якіх Паліна ў вайсковай форме. Блогерка тлумачыла падпісчыкам, што яе кіраўніцтва з самага пачатку ведала пра гэта і дазволіла весці тыкток у такім фармаце. Пры гэтым яна заўсёды запісвала відэа толькі ў сябе дома, а на працы згодна з правіламі хадзіла з кнопкавым тэлефонам.
Але адно відэа, падобна, камусьці вельмі не спадабалася — навіна пра яго, па словах дзяўчыны, дайшла нават да «высокага кіраўніцтва» (цяпер ролік выдалены, як і акаўнт Паліны ў інстаграме).
«Ці ведаеце вы, за што ў 21 стагоддзі звальняюць з Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь за чатыры месяцы да сканчэння кантракта?» — спытала Паліна ў сваіх падпісчыкаў і сама адказала: «За відэа ў тыктоку».
У каментарах дзяўчына сцвярджае, што звольніць яе сказаў міністр абароны Віктар Хрэнін.
Паколькі афіцыйна звольніць за тыкток па беларускім заканадаўстве не могуць, трэба было знайсці прычыну. Паліна кажа, што для гэтага ёй далі тры вымовы за два дні і адправілі на атэстацыйную камісію, якую яна не прайшла.
Нехта пачаў злараднічаць, што цяпер прыгожай дзяўчыне давядзецца вяртаць кантрактныя. Аднак яна ўдакладніла, што атрымала б грошы, толькі адслужыўшы пяць год да канца. Так што тыя, хто знаёмы з сістэмай, павіншавалі дзяўчыну і назвалі такое звальненне падарункам, бо пазней усё абышлося б значна даражэй. Адзін з падпісчыкаў пашкадаваў, што амаль пяць гадоў выпалі ў дзяўчыны са страхавога стажу.
Многія мужчыны, якія служылі па кантракце ў беларускім войску, зайздросцілі ёй і пісалі ў каментарыях, як самі спрабавалі хоць неяк дабіцца звальнення.
«Я дзевяць месяцаў спрабаваў звольніцца, не адпускалі. Казалі, толькі калі будзеш на КПП гарэлку піць, тады звольнім», «Я на працу не хадзіў два тыдні і не звольнілі. Таксама дзевяць месяцаў звальняўся», «Я прыходзіў на працу раз на 10 дзён. Праз пяць месяцаў такой службы звольнілі па ўласным жаданні. Увесь гэты час плацілі забеспячэнне, як належыць».
Кажуць, што калі б ведалі, што можна было проста зняць відэа, зэканомілі б шмат нервовых клетак.
Адна з жанчын падтрымала Паліну: «А ўвогуле такое адчуванне, што зараз ад жанчын на службе проста шукаюць прычыну пазбавіцца. У Дэпартамент аховы наогул жаночы пол не бяруць».
Паліна не адзіная блогерка ў Беларусі, якая запісвала відэа ў форме. Ёсць беларускі блогер voenkom.pro — палкоўнік Руслан Шкодзін, ваенны камісар Віцебскай вобласці, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Прыхільнікаў яго спецыфічнага гумару хапае. Руслан мае больш за 735 тысяч падпісчыкаў.
Некаторыя з іх спыталі, чаму дзяўчыну (меркавана гаворка ідзе пра Паліну Папкову) звольнілі з арміі за тыкток, калі гэта не забаронена. Той адказаў, што не бачыў акаўнт ніякай дзяўчыны: «Усе вайскоўцы — дзяўчаты, мужыкі — кіруюцца вось такой зялёнай кнігай «Агульнавоінскія статуты». Калі парушаюць, могуць быць звольненыя. Парадак звальнення вызначаны ў законе воінскага абавязку і вайсковай службы. Канкрэтна за што можа быць звольнены вайсковец, прапісана ў кантракце аб праходжанні вайсковай службы. Там шмат пунктаў, у нас вельмі суровы кантракт. Але разам з тым скажу вам, тыктоку ніякага там няма».
Віцебскі ваенкам прывабіў «салдацкім гумарам» больш за паўмільёна чалавек
Міністр абароны Хрэнін прыватызаваў апартаменты ў цэнтры Мінска. Вядома, з рублёвай растэрміноўкай
«Верхняя пятля правай часткі варот адарвалася, і вароты ўпалі на старшага лейтэнанта». Belpol даведаўся пра будні «12-й арміі свету»
Каментары