Культура

Белаботы, расійскія лядовыя шоу і каты. Чым будуць забаўляць беларускіх дзяцей пад Новы год

Паглядзелі, якія мерапрыемствы прапаноўваюць дзецям на навагоднія святы і колькі каштуюць квіткі. 

Галоўная ёлка краіны

Па традыцыі кожны год у вялікай зале Палаца Рэспублікі праводзяць «галоўную ёлку краіны», куды прыходзіць Лукашэнка.

Сёлета яму пакажуць спектакль «Машына Навагодняга часу». Сюжэт не вельмі арыгінальны. Хітры злодзей Шнупс і яго памагатыя ламаюць машыну Навагодняга часу і хаваюць Дзядулю Мароза. Снягурка і яе сяброўка Міра звяртаюцца па дапамогу да трох супергерояў Белаботаў (так назвалі беларускіх трансформераў).

Паказваюць гэты спектакль з 23 снежня па 5 лютага. Квіткі каштуюць 15-25 рублёў у будні, 17-32 рублі ў выхадныя.

Галоўная ёлачка краіны

У малой зале Палаца Рэспублікі тэатральны праект «ТрыТфармаТ» пакажа казку «Вельмі новы год»! Пазначана, што рэжысёрка — Таццяна Самбук, а мастацкая кіраўніца — Вера Палякова.

Тут сюжэт яшчэ больш просты: замест Дзеда Мароза і Снягуркі на свята прыходзяць пераапранутыя баба Яга і Лясун.

Сказку будуць паказваць з 21 снежня па 7 студзеня. Кошт квіткоў — 15,50-23,50 рубля ў будныя дні і 17,50-28,50 рубля ў выхадныя.

«Самая лепшая ёлка. Касмічнае падарожжа»

Канцэртная зала «Мінск» абяцае падчас спектакля інтэрактыўныя гульні з залай, а таксама падарункі кожнаму дзіцяці. Дзеянне казкі «Самая лепшая ёлка. Касмічнае падарожжа» пачынаецца на планеце Тэхнасвет, дзе жывуць робаты. Яны атрымалі ад зямлян запрашэнне на навагодняе свята, аднак злыдзень Сірыус, даведаўшыся, што робаты збіраюцца ў падарожжа, усяляк гэтаму перашкаджае.

Фота: kvitki.by

Паказы спектакля адбудуцца з 23 па 29 снежня. Квіткі каштуюць 17.50-31.50 рублёў.

У госці да Дзеда Мароза па Дзіцячай чыгунцы

Першы «Навагодні экспрэс» на Дзіцячай чыгунцы стартуе ад станцыі Заслонава 23 снежня, а апошні адбудзецца 7 студзеня. Шлях у адзін бок да Дзеда Мароза займае 20 хвілін. Потым маленькіх і дарослых чакае тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам персанажаў з дзіцячых казак і мультфільмаў, а таксама Дзеда Мароза і Снягуркі.

Квіткі раскупляюць вельмі хутка: продаж стартаваў 12 снежня. Каштуюць яны 26 рублёў.

Фота: kvitki.by

«Марозка» ад Іллі Авербуха

Срэбны прызёр Алімпіяды Ілля Авербух, які неаднаразова выказваўся ў падтрымку вайны ва Украіне (і, дарэчы, мае школу ў акупаваным Крыме), плануе тройчы сабраць на навагоднія святы «Мінск-Арэну».

Ён вязе ў беларускую сталіцу спектакль на лёдзе «Марозка». У рэкламе шоу Авербух кажа пра тое, што рускія казкі вучаць дзяцей вечным каштоўнасцям — дабру і справядлівасці.

Шоу пакажуць 23 снежня ажно тры разы запар. Квіткі каштуюць 25-95 рублёў.

«12 месяцаў» у розных гарадах Беларусі

Яшчэ адна алімпійская прызёрка з Расіі правязе сваё лядовае шоу па розных гарадах Беларусі. Ірына Слуцкая прэзентуе «12 месяцаў» у перыяд з 21 па 30 снежня. Гэта касцюміраванае музычнае лядовае шоу.

Кошт квіткоў залежыць ад месца правядзення. Але арыентавацца можна на суму ад 13 да 49 рублёў.

Фота: kvitki.by

«Снягурка» ў Белдзяржцырку

Адзін з найбольш папулярных варыянтаў дзіцячых навагодніх забаў для дзяцей з розных гарадоў Беларусі — гэта шоу ў Белдзяржцырку. Таму на шмат якія даты ўжо засталося літаральна адзін-два квіткі.

Навагоднюю цыркавую праграму «Снягурка» будуць паказваць з 16 снежня па 14 студзеня. Квіткі каштуюць 13-153 рублі.

«Магія крышталя» ў «Чыжоўка-Арэне»

Яшчэ адно цыркавое шоу пакажуць у «Чыжоўка-Арэне». Называецца яно «Магія крышталя». Арганізатары абяцаюць выступы найлепшых беларускіх артыстаў.

Будуць каскадзёры на веласіпедах, паветраныя гімнасткі на палотнах, дрэсіраваныя хаскі і маламуты, эквілібрысты, жанглёры. Упершыню на арэне гледачы ўбачаць выступленне мотакаскадзёраў на спартыўных байках.

Паказы адбудуцца 22-24 снежня. Квіткі каштуюць 16,50-54,50 рубля. Дзеці да шасці гадоў могуць прыходзіць бясплатна (але асобнага месца ў гэтым выпадку не прадугледжана).

Коннае навагодняе шоу ў Ратамцы

У гэтым годзе гасцей запрашае Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі. Тут падрыхтавалі коннае шоу пад назвай «Брэменскія музыкі».

Адбудзецца яно 23-25 і 27-28 снежня. Квіткі каштуюць 23 рублі.

Фота: kvitki.by

Мульцяшныя саўндтрэкі на «Мінск-Арэне»

Imperial Orchestra вяртаецца ў Мінск з навагодняй праграмай для дзяцей і дарослых. Завецца яна «Навагодняе падарожжа ў Мультыленд». Абяцаюць дзве гадзіны песень з любімых мультфільмаў, якія выканаюць 120 артыстаў пад кіраўніцтвам дырыжёра Іосіфа Нурдаева. Запланавана таксама маштабнае мультымедыйнае і светлавое шоу.

Адбудзецца канцэрт «CINEMA MEDLEY: Навагодняе падарожжа ў Мультыленд» на «Мінск-Арэне» 13 студзеня. Квіткі каштуюць 32-225 рублёў.

Тэатр котак

На студзень запланаваны выступ Кацярыны Куклачовай, дочкі таго самага знакамітага стваральніка тэатра котак. У сталічным Палацы культуры чыгуначнікаў яна пакажа спектакль «Коткі ў гасцях у Бабкі-Ёжкі».

Фота з сайту kvitki.by

Адбудуцца паказы 6 і 7 студзеня. Квіткі каштуюць 29-38 рублёў.

Каментары

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў10

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Вольга Лойка: Усё ідзе да таго, што Беларусь не давядзецца далучаць сілай — яна сама ўпадзе ў рукі Расіі15

У Беларусі ловяць усё больш нарказакладчыкаў з Расіі1

Расійскі анархіст атрымаў 16 гадоў калоніі і скончыў жыццё самагубствам у той жа дзень

Пільны рыэлтар у Мінску пераканаў пенсіянерку не прадаваць кватэру махлярам1

Расійскі вайсковец, які атрымаў тыдзень адпачынку, сустрэўся з сям'ёй, зарэзаў дачку і пакончыў з сабой8

Муж палітзняволенай журналісткі Слаўнікавай дзякуе Лукашэнку і крытыкуе Ціханоўскую22

У Лошыцкай сядзібе ў суботу пройдзе баль па матывах «Дзікага палявання караля Стаха»3

Памёр шматгадовы намеснік начальніка міліцыі Салігорска. Яму было 49 гадоў5

22 беларускіх спецыялістаў эвакуявалі з Сірыі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў10

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў

Галоўнае
Усе навіны →