Расійскую журналістку, якая кінула выклік Пуціну, не дапусцілі да збору подпісаў
«Пуцін спалохаўся жанчыны ўвогуле без вядомага імя і гісторыі. Дзіўны баязлівец», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Іван Жданаў, дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй.
ЦВК Расіі не дапусціў журналістку Кацярыну Дунцову да прэзідэнцкіх выбараў у 2024 годзе, адмовіўшы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў.
«Дунцову не дапусцілі да збору подпісаў. Пуцін спалохаўся жанчыны ўвогуле без вядомага імя і гісторыі. Дзіўны баязлівец», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Іван Жданаў, дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй.
Жыхарка Ржэва Кацярына Дунцова заявіла пра сваё вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты 16 лістапада.
Яна сказала, што выступае за спыненне баявых дзеянняў, правядзенне дэмакратычных рэформаў і вызваленне палітвязняў.
Праз некалькі дзён Кацярыне патэлефанавалі з пракуратуры і запрасілі абмеркаваць яе публікацыю аб вылучэнні. Пасля паходу да паліцэйскіх палітык паведаміла, што ў яе пыталіся аб вылучэнні і яе стаўленні да баявых дзеянняў ва Украіне.
Вылучэнне Дунцовай падтрымаў праект «Наш штаб», створаны групай супрацоўнікаў праекта «Каўчэг» у кастрычніку для падтрымкі антываенных кандыдатаў у прэзідэнты.
Кацярыне 40 гадоў і ў яе трое дзяцей. Паводле яе біяграфіі УКантакце, яна з 2003 года працуе ў СМІ Ржэва, з 2006 па 2022 гады была галоўным рэдактарам мясцовай тэлестудыі «РіТ». У 2019 годзе абіралася дэпутатам гарадской думы, дзе прапрацавала да 2022-га.
Дакументы на ўдзел у перавыбарчай кампаніі ўжо падалі 16 чалавек.
Пра свой удзел у выбарах заявілі Уладзімір Пуцін, які кіруе Расіяй ужо 23 гады, кіраўнік ЛДПР Леанід Слуцкі, грамадскі дзеяч Анатоль Рабіновіч, а таксама Ігар Гіркін-Стралкоў, які знаходзіцца ў СІЗА.
Прэзідэнцкія выбары ў Расіі пройдуць 15—17 сакавіка 2024 года.
Каментары