Грамадства

«Я веру ў сілу напісанага». Як беларуска дапамагае лістам трапіць у Беларусь да палітвязняў

«Чакай мяне, чакай столькі, колькі будзе патрэбна», — спявае ў альбоме «Лісты палітвязням» Лявон Вольскі. Лісты — гэта форма чакання, кажа нам беларуска Кацярына, якая ў Варшаве робіць працу ледзь не цэлага аддзялення «Белпошты» — знаходзіць лістаношаў, якія перавозяць карэспандэнцыю ў Беларусь. Гэта вельмі важнае звяно на доўгай дарозе лістоў і паштовак да людзей у няволі, піша Белсат.

Лісты палітвязням. Фота: чытачы «Белсата»

«Ідэя не новая, але мне падказала яе актывістка і былая палітзняволеная Іна Шырокая. Раней, яшчэ ў 2021 годзе, жывыя — папяровыя — лісты даходзілі з Польшчы і праз міжнародную пошту. Мы нават атрымлівалі адказы з Беларусі. Але час змяняецца, умовы становяцца больш жорсткімі. Каб павялічыць імавернасць таго, што ліст трапіць да адрасата, беластоцкія актывісты пачалі іх перапраўляць у Беларусь уручную — праз кур’ераў. Мы ў Варшаве таксама пачалі так рабіць», — распавядае Кацярына.

Больш шанцаў, больш надзеі

Дарога такая: аўтар ліста перадае яго Кацярыне, яна — актывістам у Беласток, далей пасланне трапляе да людзей, якія выконваюць ролю свайго кшталту паштовых галубоў (ці анёлаў) — перавозяць лісты ў Беларусь. Там купляюць ды наклейваюць на канверты маркі і апускаюць іх у паштовыя скрыні. Далейшы шлях — па-за кантролем.

Трохі ўжо нагадвае сюжэт з антыўтопіі Віктара Марціновіча «Мова», што праўда, лісты і паштоўкі ў Беларусі не прызнаныя, дзякуй Богу, наркатычным рэчывам (як беларуская мова ў сюжэце згаданага раману) ці кантрабандай.

Але ў сённяшняй сітуацыі нават транспартаванне віншавальных паштовак не гарантуе поўнай бяспекі. Таму прафесійных курʼераў не існуе. У ролі лістаношаў — звычайныя людзі, якія з гледзішча бяспекі бяруць з сабой толькі некалькі лістоў ці нават адзін. Стосаў ніхто не перавозіць. Гэта было б вельмі рызыкоўна, зазначае Кацярына.

«Зразумела, што гэта толькі адзін са спосабаў даставіць ліст у Беларусь.

Зазначу, што гэтак выходзіць танней, чым перасылаць адсюль поштай. Бо тут толькі на марку трэба аддаць 8 злотых. У Беларусі ж яна будзе каштаваць усяго 80 капеек. Але пытанне, вядома, не ў грошах, а ў тым, што падвышаюцца шанцы таго, што ліст дойдзе куды трэба. Я б сказала, такі спосаб дае больш надзеі», — адзначае нашая суразмоўца.

Ліст за краты — больш чым ліст

Праз рукі Кацярыны цягам года прайшлі сотні лістоў, адрасаваных за краты ў Беларусь. І лісты да сваякоў, якія застаюцца ў зняволенні, і лісты салідарнасці — да незнаёмых палітвязняў. Шмат якія без зваротнага адрасу ці з так званым дзяжурным адрасам для вяртання. Звычайныя і заказныя. Лісты і паштоўкі. У перадкалядны перыяд іх было вельмі шмат, зазначае Кацярына.

Яна ўдакладняе, што не заўсёды перадае карэспандэнцыю праз Беласток. Калі знаходзяцца лістаношы, лісты ляцяць проста з Варшавы («І ўзляціць над зямлёй белы птах», — пяе Лявон Вольскі).

«У паштоўках усе зычаць здароўя і найхутчэйшага вызвалення. А яшчэ — сілаў вытрымаць гэта ўсё», — гаворыць Кацярына.

Яна сама піша лісты палітвязням ад рукі. Часцей за ўсё выбірае на сайце «Dissidentby» у якасці адрасатаў тых людзей, якім мала хто піша. Распавядае ім пра нейкія простыя рэчы, якія адбываюцца вакол яе. Распавядае пра сябе. Але вельмі асцярожна, бо паміж ёй і патэнцыйным атрымальнікам стаіць прывід турэмнага цэнзара.

«Таму, вядома, гэта цяжка — пісаць такія лісты. Яны не вельмі змястоўныя, у іх зашмат агульных фразаў. Але я лічу, што тут важны не змест, а сам факт. Гэта як з падарункам на святы: ён можа быць недарагім, але як знак увагі не мае цаны для чалавека», — гаворыць жанчына.

«Зважаючы на тое, у якіх умовах сацыяльнай дэпрывацыі ўтрымліваюцца цяпер палітвязні, кожны такі знак звонку мае велізарнае значэнне. Гэта тут, на волі, мы ўспрымаем ліст як спісаны лісток паперы, а там гэта нешта куды большае. Штосьці, што вызначае нават чалавечыя лёсы», — дадае Кацярына.

Напісаныя ад рукі словы мацнейшыя за прамоўленыя

У Беларусі Кацярына працавала масажысткай і, як прызнаецца, да 2020 года жыла звычайным жыццём — сямʼя ды прафесія. У 2020-м гэтага было ўжо мала. «Жыццё запатрабавала ад мяне большага», — кажа жанчына.

Яна актыўна падтрымлівала палітвязняў яшчэ ў Беларусі. Але ў 2021 годзе вымушаная была выехаць з краіны. У Польшчы Кацярына супрацоўнічала з рознымі ініцыятывамі, а цяпер сама спрабуе рабіць важную грамадскую справу.

Калядная паштоўка і ліст палітвязню за краты. Фота: Белсат

«У побытавым разуменні ліст — гэта заўжды нешта цёплае, бо лістамі зазвычай абменьваліся блізкія людзі. У дачыненні ж палітвязняў гэта, мне здаецца, адзін з найважнейшых спосабаў выказвання нашай салідарнасці.

Я веру ў сілу напісанага. Гэта мацней за проста падуманае ці прамоўленае. Напісаць — гэта ж патрабуе энергіі душы. Шмат хто аддае гэтую сілу і энергію на сацсеткі, марнуе на бульбаспрэчкі. Калі б укладалі ў лісты — было б нашмат прадуктыўней», — лічыць Кацярына.

Папяровыя лісты патрабуюць іншага ўзроўню культуры, заўважае беларуска.

Кінутая ў мора бутэлька?

Яна ўпэўненая: інфармацыя пра тое, што нашыя лісты не даходзяць да палітвязняў, не павінна нас знеахвочваць.

«Трэба ўсё адно пісаць! Дарэмна? Той, хто цярпіць катастрофу, кідае бутэльку з цыдулкай у мора. А дзеці пішуць лісты да Бога. Таксама дарэмна, скажаце? Не! У нас тое ж самае цяпер. Хай гэта будзе адзін ліст на тыдзень. Ці нават на месяц. Бо тады атрымаецца аж 12 за год. Ага, як у Лявона Вольскага! Гэта ўжо нямала», — пераконвае Кацярына.

Варшаўвская акцыя салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі
Беларусы ў Варшаве пішуць лісты палітвязням. 21 траўня 2023 года. Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Нават калі з гэтых лістоў наглядчыкі распальваюць вогнішчы ва ўнутраных турэмных дворыках — усё адно трэба пісаць, перакананая Кацярына. Спаліць усё не здолеюць. Штосьці прабʼецца.

Шмат якія беларусы ў Варшаве ўжо ведаюць, што лісты ў Беларусь можна перасылаць праз Кацярыну (у рэдакцыі ёсць ейны кантакт). Лісты палітвязням можна таксама пакідаць для Кацярыны ў адмысловай скрыні ў прасторы «Робім разам» на плошчы Канстытуцыі, 6 у Варшаве. А ў Беластоку — звязвацца з прадстаўнікамі Асацыяцыі палітвязняў Беларусі.

«Дык адшукай мяне — і паляцім над шэрай зямлёй. У гэтай камеры, сыходзячы, пагасім святло…» — пяе Вольскі ў сваім лісце-песні, што называецца «Надзея».

Як яшчэ можна павіншаваць палітвязняў са святамі?

  • Напісаць ліст на сайце «Dissidentby». Зразумела, што ініцыятыва, з увагі на цяперашнія ўмовы і ўзровень рэпрэсіяў, не гарантуе ўручэння ліста паводле прызначэння. Але дасланы ліст будзе захоўвацца на сайце да запатрабавання адрасатам (ліст, напісаны ад рукі, можна заладаваць і ў банк лістоў на сайце). То бок вашае пасланне рана ці позна прачытаюць. Яго таксама можна апублікаваць на сайце.
  • Скарыстацца формай Майстэрні паштовак салідарнасці. Ваш ліст ці паштоўка будуць перапісаныя ад рукі валанцёрамі гэтай ініцыятывы і дасланыя на пазначаны адрас.
  • Даслаць палітвязню ліст праз праект politzek.me. Ліст універсальнага характару можна адправіць з сэрвісу адразу некалькім палітзняволеным.
  • Адправіць паштоўку ці напісаць ліст пры дапамозе праекту Письмо.бел. На сайце шмат прыгожых паштовак, палітвязню можна даслаць таксама пусты канверт для ліста ў адказ. Напісаць, выбраць паштоўку і аплаціць дастаўку. Лісты адпраўляюцца ў раздрукаваным выглядзе праз «Белпошту».
  • Яшчэ адзін спосаб, які рэкамендуюць праваабаронцы, — дасылаць палітвязням віншавальныя тэлеграмы. Але з-за мяжы гэтага не зробіш. Толькі з аддзялення «Белпошты» ці праз тэлефон 166.

Грашовы перавод у калонію могуць зрабіць толькі сваякі палітвязня. У СІЗА — любы чалавек, але толькі з тэрыторыі Беларусі.

У гэты час, калі святло пачынае нарастаць, а цемрадзь — курчыцца, вельмі важна падтрымаць людзей у няволі. Даць ім знак надзеі і сілы. Даць ім знаць, што мы іх чакаем (бо «лісты — гэта форма чакання») і што святло абавязкова пераможа. Яно ўжо перамагае…

Каментары

«Дазволілі пакінуць толькі адну цыгарэту». На латвійскай мяжы беларусаў прымушаюць выкідаць алкаголь, каструлі і не толькі

«Дазволілі пакінуць толькі адну цыгарэту». На латвійскай мяжы беларусаў прымушаюць выкідаць алкаголь, каструлі і не толькі

Усе навіны →
Усе навіны

Грошы на забойства расійскага лётчыка ў Іспаніі, які перагнаў ва Украіну верталёт Мі-8, перадалі расійскія дыпламаты10

Разбітыя мары і алмаз Мінска: правалы мегапраектаў Лукашэнкі

Кінг занадта любіць сваіх герояў, каб штосьці скарачаць2

Аварыя ў цэнтры Мінска — таксіст страціў прытомнасць за стырном

У прымежных з Украінай раёнах у беларусаў правяраюць дакументы і машыны2

Як жыла жанчыла пад Чавусамі, якую 20 гадоў лічылі памерлай?2

Летнія напоі: 4 рэцэпты ліманаду1

Прычынай правалу Байдэна на дэбатах мог стаць час, у які гэтыя дэбаты праводзіліся11

Беларуская актрыса даведалася пра цяжарнасць толькі на пятым месяцы. Гэта распаўсюджаная з’ява? 

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дазволілі пакінуць толькі адну цыгарэту». На латвійскай мяжы беларусаў прымушаюць выкідаць алкаголь, каструлі і не толькі

«Дазволілі пакінуць толькі адну цыгарэту». На латвійскай мяжы беларусаў прымушаюць выкідаць алкаголь, каструлі і не толькі

Галоўнае
Усе навіны →