Грамадства

Алег Кулеша: «Спыняцца нельга. Бо ў беларускіх вязніцах і сёння, і заўтра людзі ўстануць ранкам і будуць грэбці снег»

Прадстаўнік аб’яднання палітзняволеных у вялікім інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра мову і людзей за кратамі, рух на аб’яднанне і добрыя навіны, якія ствараюцца ўласнаручна.

Ужо амаль год пружанін Алег Кулеша вымушана знаходзіцца не ў родным горадзе і нават не ў Беларусі. Пасля зняволення, прысуджанага па «карагоднай справе», ціск на яго не спыніўся — штотыднёвыя раптоўныя візіты сілавікоў і праверкі тэлефону, здзеклівае «ўладкаванне на працу», новы арышт.

У вялікім інтэрв’ю «Салідарнасці» спадар Алег распавёў пра свой тэрмін у трох «Б», стаўленне сілавікоў да беларускамоўнага вязня, адаптацыю ў замежжы і стварэнне Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» — і пра тое, што матывуе рухацца далей.

Першы раз Алега Кулешу арыштавалі яшчэ ўвосень 2020-га — за ўдзел у шэсці са сцягам Пружан. Ён адбыў свае «суткі» ў берасцейскім ІЧУ, і па выхадзе, згадвае былы выкладчык гісторыі, ужо болей ніводнага слова ён не сказаў па-руску: «Кожны павяртаецца да мовы сваім шляхам, у мяне вось такі».

Фота прадстаўленыя Алегам Кулешам

Потым яго яшчэ з дзясятак разоў затрымлівалі, выклікалі на «прафілактычныя размовы», колькі разоў змяшчалі ў Пружанскі ІЧУ. А летам 2021-га затрымалі ўжо па крымінальнай справе, калі на здымках выявілі пружаніна са сцягам на Маршы герояў у Брэсце. У найноўшую беларускую гісторыю гэтыя падзеі ўвайшлі як «карагодная справа» — бадай, самая масавая з палітычна матываваных.

— На волі, як кажуць карнікі, крыху пашкодзіў ім нервы і жыццё, а ў чэрвені трапіў у СІЗА, — спакойна расказвае Алег.

Віны па артыкуле 342, ч.1 («арганізацыя альбо ўдзел у дзеяннях, які груба парушаюць грамадскі парадак») ён за сабой не прызнаў, а ў апошнім слове чытаў вершы — як свае, так і класіка Янкі Купалы, каб давесці, што вокліч «Жыве Беларусь!» не экстрэмісцкі:

— Я разумеў, што адбываецца нейкая тэатральная бздура, таму штосьці тлумачыць ім не бачыў сэнсу. А вось кругагляд і адукаванасць удзельнікам працэсу крыху пашырыў, бо пракурор нават не ведаў, адкуль словы «Жыве Беларусь» і хто такі Янкі Купала, не разумеў па-беларуску. Па суддзі было бачна, што яна саромеецца такога становішча — вочы хавала.

«Было разуменне, што людзі на волі пра нас памятаюць»

Алегу Кулешу прысудзілі 19 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму — насамрэч у гэты тэрмін увайшло і брэсцкае СІЗА, дзе вязень чакаў выраку, і «цэнтрал» у Баранавічах, і ўласна бабруйская калонія.

— У СІЗА вы сустрэлі дзень народзінаў, прычым «круглую» дату. Ці атрымалася хоць неяк адзначыць?

— Мусіць, праз тое, што ў апошнім слове я чытаў вершы, суддзя мне зрабіла падарунак — абвяшчэнне прысуду адбылося на наступны дзень пасля дня народзінаў. А так у СІЗА адзначылі. Там жа людзі жывуць, і святы таксама сустракаюць, то зрабілі торт — з печыва, згушчонкі, яблыкаў, апельсінаў, арэхаў — што ёсць пад рукой, і кожны пад гарбату цябе віншуе. Канешне, калі вертухаі дазваляюць, але прынамсі ў Брэсцкім СІЗА не ганялі.

Прыканцы толькі прыехаў з баранавіцкага пастарунка новы начальнік СІЗА, які імкліва рабіў кар’еру — такі выбітны «ябацька», на ўсе 100%. І тады пачаўся трэш са штодзённымі ператрусамі і даглядамі, прычым «жоўтыя» і «чырвоныя» (палітвязні, пазначаныя цэтлікамі адпаведных колераў як «небяспечныя») павінны цягнуць свае рэчы яшчэ і з рукамі ў кайданках.

Дарэчы, падчас знаходжання ў СІЗА ў Алега Кулешы памёр бацька — вязня не толькі не адпусцілі на пахаванне, але і паведамілі пра гэта з затрымкай, нібыта не маглі перакласці ліст з беларускай.

Самі ж лісты зняволеным не аддавалі — шторанак іх дэманстратыўна палілі ў сметніку, і вязні змрочна жартавалі, што «чытаюць праз дым».

— Зрэдчас, праўда, былі і смешныя рэчы, — гаворыць Алег. — Там жа ёсць крама, можна замовіць за грошы, якія дасылаюць родныя, што-небудзь з ежы ці патрэбных рэчаў.

Я замовіў паперу для прыбіральні — прыносяць тэчку з кнопкай, маўляў, а што такога, падобныя ж словы, «папка» і «папера». Альбо замаўляеш ручнік — прыносяць асадку, нават дзве штукі.

Але нічога, з цягам часу пачалі разумець беларускую. Тады яшчэ ў ШІЗА сядзеў Гундар, вельмі моцны духам чалавек, і ўсе ведалі, што ён беларускамоўны.

Вязень успамінае яшчэ дэталь, якая красамоўна перадае стаўленне ў берасцейскім СІЗА да «палітычных». Уладзімір Гундар мае 2 групу інваліднасці, у яго ампутаваная нага — але гэта не перашкодзіла новай адміністрацыі пасяліць вязня без пратэзу на другi паверх шмат’яруснага ложку. І калі Алег Кулеша папрасіўся ўніз з прычыны хворай спіны, лекарка працадзіла: «У нас і аднаногія лазяць на другі паверх, так што ў цябе — няма падстаў».

— Новы год сустрэў у Баранавічах, у мяне акурат быў этап. Тут, дарэчы, цікавая гісторыя, яе хачу асобна распавесці. «Этапку» ахоўнікі не чапляюць, нашыя паперы ляжаць у асобных кульках, якія нельга кранаць; фактычна проста як быдла на ператрымцы пабылі, адная ўмова — каб было ціха, ні шуму, ні ляманту. Вертухай нам нават ціхенька ўключыў радыё, прыкладна ў 23.30 мы наварылі гарбаты, запрасілі ўсіх суседзяў па камеры.

А людзі ж на этапе розныя: хтосьці вяртаецца на пасяленне, хтосьці па скарачэнні тэрміну едзе ўжо на волю, хтосьці да суда. Простыя злодзеі, хто адседзеў па 10-15 год, не разумелі, чаму палітычныя накрылі на стол.

Акурат у 23.34 — мы не маглі гэтага бачыць («этапкі» знаходзяцца ў старой частцы будынка і веі такія, што ні халеры не бачна), але затое было чутна — пачалі бамбіць салюты. І на пытанні, што наогул адбываецца, мы тлумачылі: ёсць беларусы, хто сустракаюць Новы год у 23.34.

І гэта была такая моцная падтрымка, разуменне, што нічога не скончылася, што людзі на волі пра нас памятаюць, клапоцяцца альбо проста трымаюць кулакі. Я разумею, што і сёлета вязні будуць чакаць гэтага знаку, а ў зонах, паколькі веяў няма, з верхніх паверхаў могуць не толькі пачуць, але і падзівіцца…

Гэта можна зладзіць умоўна бяспечна, хоць, думаю, карнікі ў гэты час будуць бегаць па поплавах і сачыць, хто там што запускае — але разумныя людзі прыдумаюць, як зрабіць.

«Выходзіла 80 капеек на месяц»

Пачатак 2023 года спадар Алег сустрэў у бабруйскай папраўчай калоніі. Да палітычных вязняў тут усяляк паказвалі асобнае стаўленне: шмат чалавек адразу «заехалі» ў ШІЗА, іншыя абышліся без пакарання, але каранцінныя ўмовы язык не павернецца назваць лепшымі. Паводле мясцовых правілаў, зняволеныя мусілі быць на шпацырным дворыку ўвесь дзень, нягледзячы на мароз, дождж ці спякоту.

— Сняданак, усе ў строй, праходзіць лекар — нават калі цябе калатун б’е, усё адно скажа, што здаровы. Відаць, на інфрачырвоным тэрмометры ўжо загадзя намаляваныя лічбы, 36,4 для ўсіх. Зараз каранцін ідзе 6-7 дзён, у нас, мусіць, быў да 21, бо толькі скончыўся кавід. А потым цябе «падымаюць» у атрад, і праз 10 дзён ужо гоняць на працу.

Першая праца ў бабруйскай калоніі, распавядае вязень, — цягнуць абцугамі дроты з гумы (акрамя дрэва– і металаапрацоўкі, тутэйшая вытворчасць спецыялізуецца яшчэ на гумовых вырабах, тым больш «Белшына» пад бокам і бесперабойна пастаўляе сырую гуму).

Калі простаму зэку патрэбна нацягнуць, напрыклад, кілаграм за змену, то палітвязню — найменш кіло трыста, каб толькі залік быў і каб не трапіць у ШІЗА; лепш болей. Заробак? За гэтую працу выходзіла 80 капеек на месяц.

— А ў мяне ж яшчэ была запазычанасць перад дзяржавай, то аператыўнік выклікаў: маўляў, пішы заяву, што будзеш усё заробленае і 20% таго, што будуць дасылаць з дому, аддаваць у даход дзяржавы. Паперу я падпісаў, а потым высветлілася, што іх бухгалтэрыя сумы да рубля не пералічвае.

Праз пару тыдняў, праўда, перавялі мяне на прамысловую зону — там рабіў у цэху дрэваапрацоўкі цесляром, зарабляў нават да 7 рублёў. Ну вось іх ужо цалкам з мяне вылічвалі.

Аднаго разу, прыгадвае Алег, яго выклікалі майстры і па савецкай яшчэ тэлефоннай сувязі пачалі ўдакладняць вопіс здадзеных на склад рэчаў: што такое шкарпэткі, а што ёсць цішотка — давялося ўсё перакладаць. Ад абсурду сітуацыі адзін з майстроў пачаў рагатаць, другі сышоў нервова паліць і лаяцца ў суседні пакой.

— Разумееце, як там з беларускай мовай, — іранічна зазначае Алег. — І з матэматыкай прыкладна таксама, таму я «перабыў» тэрмін у калоніі на некалькі тыдняў, хоць павінен быў выйсці раней, бо час у СІЗА пералічваецца дзень за 1,5. Затое на гэты апошні тэрмін мяне перавялі падмятаць падлогу ў цэху — на палову стаўкі, і вось тады ў першы раз за ўвесь час мой заробак склаў 60 рублёў.

Ну і з таго, што я беларускамоўны, вядома, стаўленне было адпаведнае: паліць хочаш — «папрасі нармальна», у атрад засяляешся — на табе ложак, як усім палітычным, каля ўваходу, ды на самым скразняку. Неяк так і жылі.

— Калі да вызвалення адлік пайшоў на дні, ці не было страху, што на выхадзе забяруць зноў?

— Такія выпадкі здараліся, і «палітычных» нават папярэджвалі, каб ішлі да прыпынку іншым шляхам. Таму я папрасіў, каб за мной прыехалі на аўто, і ўжо верш са зваротам прачытаў, калі былі ў бяспецы.

500 рублёў і фуфайка як «сацпакет»

Але па вызваленні нічога не скончылася: як кажа Алег, вязні па сутнасці, пераходзяць з «зоны» на ўмоўную «хатнюю хімію», застаючыся пад наглядам: раптоўныя праверкі, асабліва пасля 23 гадзін, праверка тэлефону (таму карыстаўся кнопачным), штотыднёвыя выклікі ў РАУС і прагляд прапагандысцкіх фільмаў, ад якіх крывіліся самі міліцыянты.

І вішанькай на торце — абавязковае працаўладкаванне, а «палітычных» ніхто на працу браць не хоча.

— Дацягнулі да таго, што выклікалі мяне на кірмаш працы — праходзіў ён, дарэчы, там жа, дзе выбары падраблялі, а ў камісіі сядзела дачка апошняга першага сакратара райкама партыі. А я ў сваім горадзе быў даволі вядомы чалавек. Калісьці працаваў у Беларускім саюзе моладзі (потым БСМ таксама пацярпеў ад Лукашэнкі, адбыўся фактычна рэйдарскі захоп усіх памяшканняў і рахункаў, і на гэтай базе зрабілі цяперашні БРСМ) і меў стасункі з рознымі людзьмі, у тым ліку ва ўладзе.

І калі я зайшоў, адна з прысутных кабет кажа суседцы: «Ну ўсё, нам п***ц» — у пустым памяшканні ўсе гэта выразна пачулі, — смяецца Алег.

Камісія доўга абмяркоўвала варыянты працаўладкавання. Сышліся было на ЖКУ, але тамтэйшы прадстаўнік ажно падскочыў на месцы: «Вы што, ашалелі?! У нас і так дрэнная сітуацыя з БЧБшнікамі, усё трасецца, калі да нас яго адправіце — лічыце, няма больш такой арганізацыі». Тады прапанавалі працу ў калгасе, на яблычным сховішчы. Плаціць абяцалі «па пяцьсот». Рублёў.

— Кажу: у мяне доўг перад дзяржавай, будуць вылічваць 75%, то на жытло не хопіць — у вас павінен быць нейкі сацыяльны пакет, каб мяне падтрымаць? Кажуць: ёсць фуфайка.

Узмоцнены кантроль сілавікоў скончыўся для Алега рэйдам перад Днём Волі і новымі «суткамі», нібыта распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі — за ролік, змешчаны ў сеціве больш за 10 год таму.

— «Белсат» распавядаў пра гісторыю Канстытуцыі Беларусі: калі была прынята, як змянялася. Ніводнага «экстрэмісцкага» слова, проста гістарычны аповед.

Следчыя падзялілі гэты ролік на кадры і прыстрашвалі, што за кожны кадр будуць саджаць. У выніку — трое сутак у ІЧУ, потым суд, прызначылі грамадскія працы — а дома паспеў пабыць толькі 40 хвілін, нават сала засталося недасмажаным на патэльні, бо праз 40 хвілін зноў апынуўся ў ІЧУ.

У Беларусі я дапамагаў людзям, каму мог, было жаданне яшчэ штосьці паспець зрабіць — дзякуй Богу, гэтыя людзі ўсе ўратаваныя, яны ў бяспецы. А тут давялося з’ехаць і самому. Не магу распавесці падрабязнасці, скажу толькі, што эвакуяваў BYSOL.

— Вы распавядалі, што з’язджалі моцна хворым. Як цяпер стан здароўя?

— Так, я ўжо і з калоніі выйшаў не ў лепшым стане. Аднаго разу страціў прытомнасць проста на пастраенні, добра, людзі за каўнер злавілі і не далі ўпасці на зямлю — апрытомнеў праз суткі ўжо ў шпіталі.

Другі раз так прыхапіла ныркі, што хлопцы думалі ў возіку у медчастку адвезці, але разумееце, там асфальт, як у Савецкім Саюзе, адна назва — трэсла так, што крычаў ад болю, губляў прытомнасць, то на дошках данеслі да брамкі, а там чакалі ўжо хлопцы-вязні з атраду, давалаклі да шпіталю. І толькі тады далі бальнічны, каб адляжацца некалькі дзён.

Таксама зрок моцна ўпаў. І на апошніх сутках, і на шляху праз мяжу таксама хапануў холаду крыху — карацей, моцна застудзіўся. І ўжо ў Польшчы пачалі вылазіць балячкі адна за адной.

Дзякуй Богу, трапіў пад праграму лекавання, і яна насамрэч працуе. Ведаю, што па ёй людзям рабілі аперацыі на вочы, на слых, зубы — у каго што найбольш абвастрылася ў зняволенні.

Калі палітвязень становіцца былым

Сёння галоўная справа для Алега Кулешы — дапамога палітвязням, бо штодня не адпускаюць думкі пра людзей, хто застаецца ў Беларусі за кратамі.

Разумею, што пытанне палітвязняў зараз не стаіць так абвострана, як было ў 2021-м — яно існуе, але сыходзіць з цэнтру ўвагі, людзі стамляюцца. І калісьці прыйдзе такі час, будуць казаць: ну вязні, што з таго. А гэтага нельга дапусціць — бо там людзі працягваюць знаходзіцца ў невыносных умовах проста цяпер, несправядліва асуджаныя сядзяць у беларускіх вязніцах!

— Таму я ўжо на першай вялікай акцыі, у якой узяў удзел у Польшчы, пачаў грукацца з гэтым пытаннем да Паўла Латушкі, да Аляксандра Кабанава. Бо проста закрытая суполка былых вязняў — гэта не той варыянт, трэба рабіць сур’ёзную справу.

Я прапанаваў стварыць асацыяцыю, якая б не толькі аб’ядноўвала, але і дапамагала — прычым не толькі беларусам, якіх прызналі палітзняволенымі праваабаронцы (хоць трэба аддаць належнае «Вясне» — дзякуй ім, яны робяць велічэзную і вельмі важную справу, але рэч у тым, што гэта робіцца па заяўным прынцыпу, і не пра ўсе выпадкі палітычнага пераследу праваабаронцы ведаюць і фіксуюць).

Зрэшты, шлях да з’яўлення Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» не быў простым — магчыма таму, мяркуе Алег, што беларусы, не маючы досведу жыцця ў дэмакратычных умовах, атрымліваюць яго толькі цяпер, праз гузакі, сваркі, звадкі і расколы:

— Так і мы падзяліліся — але самае цудоўнае, што ўжо зноў аб’ядноўваемся, — усміхаецца суразмоўца «Салiдарнасцi». — На сёння БАП «Да волі» — гэта вязні ў Швейцарыі, Польшчы і Літве, імаверна хутка далучыцца Грузія.

Мы зразумелі, што не можам афіцыйна рэгістравацца, а будзем існаваць, як грамадская арганізацыя, пакуль не разбярэмся самі, хто мы такія, што мы робім. Зараз ідзе рух на аб’яднанне, паціху расцем — цяпер нас каля 50. І гэта, падкрэслю асобна, не толькі тыя, хто афіцыйна прызнаны палітвязнем, але і тыя, хто быў на «хатняй хіміі», хто зазнаў іншы палітычны пераслед.

— У назве няма азначэння «былыя палітвязні» — калі не памыляюся, гэта прынцыповы момант, і вы казалі, што былых палітвязняў няма?

— Так. Былым палітвязень стане тады, калі ён павернецца дамоў, пройдзе суд, і з яго будуць афіцыйна знятыя ўсе абвінавачанні. Інакш, нават выходзячы на волю, палітвязень проста трапляе з маленькай зоны ў вялікую — бо тэрыторыя нашай краіны сёння і ёсць адна велічэзная зона, дзе могуць прыйсці ўначы, падняць з ложку і завезці ў ІЧУ нават «па падазрэнні» ў экстрэмізме, бо законаў няма…

Некаторыя з беларусаў, хто перабраўся ў Польшчу 10-15 і больш гадоў таму, не да канца разумеюць нашу сітуацыю, расказваюць, як цяжка ім давялося працаваць, каб пачаць тут новае жыццё. А я тлумачу прынцыповую розніцу: мы прыехалі не па сваёй ахвоце, не ў пошуках смачнейшага хлеба і вышэйшага заробку, — ніхто з палітвязняў не хацеў пакідаць сваю краіну, але вымушаныя былі гэта зрабіць. І вяртацца, пакуль не адбудуцца перамены, нам няма куды.

За мінулыя паўгады Беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да волі» зрабіла нямала: актывісты зладзілі 21 мая ў Музеі вольнай Беларусі вялікую акцыю салідарнасці з палітвязнямі, далучыліся да марафону «Нам не ўсе адно», дзякуючы чаму значна болей чым 100 сем’яў атрымалі дапамогу; нядаўна разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай супольнасці Алег Кулеша сустракаўся з маршалкам Сената Польшчы, а для 30 дзяцей палітвязняў актывісты зладзілі кранальнае свята на Каляды — з імпрэзай, падарункамі і пачастункамі. 

Фота Генадзя Верацінскага

— Калі падводзіць пэўныя вынікі году, трэба яшчэ сказаць: дзякуючы супрацы з польскім фундатарам нам удалося аказаць грашовую дапамогу 160 чалавекам, палітвязням і ўцекачам, — па 3 тысячы злотых. Калі чалавек толькі прыязджае, гэта вельмі патрэбная падтрымка, — дадае Алег Кулеша. — Ялінка для дзетак палітвязняў таксама атрымалася праз супрацу: па запрашэнні НАУ у Музей Вольнай Беларусі звярнулася прадстаўніцтва Фландрыі ў Польшчы, і сумесна мы зрабілі гэтае свята.

Яліначку знайшлі прыгожую, шмат народу бегала, закупляла падарункі, каб да апошняга пенёнза ўсё пайшло на гэту справу, а тыя беларусы, якія ладзілі салодкі стол, яшчэ дадаткова зрабілі падаруначкі — пашылі цацкі.

«Не заўжды гэта будзе лёгка і нават не заўжды бачна»

— Пытанне палітвязняў — адно з самых балючых. На ваш погляд, ці ёсць сёння рэалістычная стратэгія іх вызвалення?

— Насамрэч разуменне таго, як вызваліць палітвязняў, ніколі не знікала. Адказ адзін: вызваліць нашу краіну. Паасобку гэтыя пытанні разглядаць немагчыма.

Калі Каардынацыйная Рада абмяркоўвала пытанне гандлю, санкцыі ў абмен на вызваленне палітвязняў, я акурат прысутнічаў на слуханнях. Уразіла, што пра вязняў гавораць людзі, якія маюць завочныя прысуды, у той час як ніводны палітвязень у склад КР не трапіў; што гучаць рэплікі кшталту «рэвалюцыя прайграла, мы тут ні прычым»…

У адказ я спытаў: якімі санкцыямі вы збіраецеся гандляваць — хіба хоць адную санкцыю па палітвязнях вы ўвялі? Па-першае, усе абмежаванні прынятыя не намі, а краінамі Еўразвязу. Па-другое, ніводнай санкцыі па палітвязнях няма. А вось калі з’явяцца санкцыі па групах тавараў, калі Лукашэнку будзе няўтульна сядзець на канапе, бо абысці накладзеныя абмежаванні немагчыма — тады будзе вынік.

І калі хаця б тыя, хто мае абмежаванні па стане здароўя, павыходзяць — ужо вялікі вынік.

Бо Лукашэнка, якога прапаганда падае як «моцнага правадыра», насамрэч моцны цікун, які разумее толькі сілу і будуе нейкую сваю «Беларусіянію», у якой зможа заставацца пры ўладзе. Таму такую вялікую колькасць палітвязняў «арганізуе» сам рэжым, і, як зазначаў у эфіры БТ грамадзянін Швед, на пачатку 2023 года было заведзена 12 тысяч спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», а прыканцы — ужо 16 тысяч.

Але нават у такіх умовах, мяркуе Алег Кулеша, важна не апускаць рукі. Альбо — якраз у такіх.

— Магчыма, у нас атрымаецца ўладкаваць на працу аднаго палітвязня. Калі так, то адно жыццё павернецца да лепшага. Ці гэта калядны цуд, ці вынік нашых высілкаў?

То-бок мы самі ствараем прыемныя і непрыемныя падзеі. Калі мроіць аб тым, што заўтра мы заходзім у Беларусь — гэта магчыма толькі са зброяй. Ёсць у нас зброя? Няма. І погляду такога няма. Абраны іншы, мірны шлях, бо ніхто, акрамя вар’ятаў, не жадае, каб лілася кроў на нашай зямлі.

Ну а калі мы абралі такі шлях, то мусім ісці па ім, набліжаць пазітыўны вынік штодзённай працай. Не заўжды яна будзе спрыяць грашоваму становішчу, не заўжды гэта будзе лёгка і нават не заўжды бачна. Але — вынік будзе.

Я змог данесці маршалку Сената сваю гісторыю, распавёў, як складана беларусам з выдачай гуманітарных віз — пачулі, звярнулі ўвагу. І гэта таксама вынік, дзеля якога трэба было прайсці доўгі шлях, бо туды з вуліцы не трапляюць. Нам сказалі, што ведаюць беларускую сітуацыю і будуць дапамагаць. Значыць, працягваем рушыць далей.

Спыняцца нельга. Бо ў беларускіх вязніцах і сёння, і заўтра людзі ўстануць ранкам, паснедаюць (у нядзелю дадуць чатыры лыжкі проса, варанае яйка) і будуць грэбці снег. Дзеля іх нам трэба як мага раней прайсці няпросты шлях аб’яднання.

Калі мы павернемся дадому, перадусім трэба будзе аднаўляць зруйнаваную краіну: ствараць новыя законы, рабіць новую армію і сілавы апарат, сумленныя суды, аднаўляць адвакатуру. І толькі тады магчымая рэабілітацыя тых беларусаў, хто пацярпеў ад палітычнага пераследу.

Чытайце таксама:

Алесь Пушкін: якім насамрэч быў гэты няскораны мастак, што ім рухала і чаму ён вярнуўся ў Беларусь на пакуты

Пазбег войска, адмовіўся віншаваць АМАП на відэа, асуджаны за абразу Лукашэнкі. Былы палітвязень Валерый Панкратовіч расказаў сваю гісторыю

«Гэта цікавы досвед, бо я быў і з таго боку, і з таго». Былы брэсцкі следчы, які стаў палітвязнем, расказаў пра сістэму знутры і звонку

Каментары

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»31

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія МіГ-31К ужо не ў Беларусі?1

Партугалія пачне выдаваць гуманітарныя візы. Іх змогуць атрымаць і беларусы

Паўночнакарэйскія войскі ўжо на тэрыторыі Украіны — The Washington Post

«Квадроберства ў Беларусі існуе даўно». Найлепшыя твіты тыдня8

Беларусы адпачылі ў Еўропе, патраціўшы па 200 еўра на чалавека за 12 дзён1

Туск хоча пастрожыць міграцыйную палітыку ў Польшчы, але актыўна прыцягваць працоўныя рэсурсы6

Тры маляўнічыя прысядзібныя паркі, якія варта наведаць увосень2

За апошнія два дні на беларускіх метэастанцыях зафіксавана 11 рэкордаў цяпла

Лукашэнка спадзяецца, што расіяне знойдуць яму нафту на Гомельшчыне8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»31

«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»

Галоўнае
Усе навіны →