Аўто22

Знакаміты ліхтаршчык з Брэста паказаў свой «Масквіч-412», з якім не жадае расставацца

Гэтага чалавека знаюць многія ў Брэсце і далёка за яго межамі, бо ён адзіны ў нашай краіне (а магчыма, і ў свеце) прадстаўнік зніклай са зʼяўленнем сучасных тэхналогій прафесіі ліхтаршчыка. Амаль 15 гадоў Віктар Кірысюк кожны вечар уручную запальвае газавыя ліхтары. Роўна ў тую хвіліну, калі ён «ажыўляе» апошні ліхтар на Савецкай, вулічнае асвятленне як па чараўніцтве ўключаецца ва ўсім горадзе, піша av.by.

«Масквіч-408», які перажыў савецкую эпоху. Усе фота: Людміла Нікалайчук / av.by

Незвычайны рытуал запальвання ліхтароў стаў візітнай карткай горада над Бугам, а адзіны ў сваім родзе ліхтаршчык у форме пятроўскіх часоў — жывой легендай, сімвалам святла і чараўніцтва. Пагаворваюць, ён нават жаданні выконвае…

Захавальнік агню і казачны чараўнік, у звычайным жыцці Віктар Пятровіч — муж, бацька і дзядуля, праводзіць вольны час на дачы, з захапленнем займаецца садам і агародам. А яшчэ яго часта можна знайсці ў гаражы, дзе ён з энтузіязмам займаецца абслугоўваннем і рамонтам свайго «Масквіча», у якога, дарэчы, ёсць імя — Цмок!

— «Масквіч-412» 1991 года выпуску я набыў шэсць гадоў таму за $550, — распавядае Віктар Пятровіч. — Да гэтага 13 гадоў эксплуатаваў «Масквіч-2140». Той сваё адʼездзіў… Пасля купіў у суседа Volkswagen Golf II і праз тыдзень яго прадаў: не маё, не ляжала душа! Стаў шукаць менавіта «Масквіч», на іншыя маркі ўжо не глядзеў.

«Масквіч-412» выпускаўся з 1967-га на Маскоўскім заводзе малалітражных аўтамабіляў, пазней пераназваным у Аўтамабільны завод імя Ленінскага камсамола. У сувязі з вялікім попытам у 1967 годзе ў Іжэўску была пабудавана новая пляцоўка, якая прыступіла да вытворчасці «Масквіча-412» па тэхнічнай дакументацыі АЗЛК. 

Лічылася, гэта было звязана з тым, што большая частка прадукцыі самога АЗЛК ішла на экспарт. Спатрэбілася яшчэ адно прадпрыемства, каб задаволіць попыт унутры краіны. Мадэль-412 выпускалася ў Іжэўску да 1997 года, у той час як на маскоўскім заводзе аўтамабіль быў зняты з вытворчасці яшчэ ў 1976-м. Дзякуючы сваёй непераборлівасці і цягавітасці гэтая машына карысталася папулярнасцю ў велізарнай арміі айчынных аўтамабілістаў, пратрымаўшыся на канвееры больш за 30 гадоў.

— Чаму машына атрымала мянушку Цмок? — цікавімся ва ўладальніка. 

— У 70-80-х гадах усе, нават супрацоўнікі ДАІ, так называлі «Масквічы». Мусіць, з-за вонкавага падабенства з гэтай міфічнай істотай. 

— А яшчэ 412-ы называлі савецкім BMW… 

— Ды гэта так! У ФРГ у шасцідзесятых гадах кампанія BMW мела рэпутацыю вытворцы надзейных, камфартабельных, дынамічных і кіраваных седанаў. У СССР аналагічны імідж быў у «Масквічоў». Але справа не толькі ў гэтым. 412-ы «Масквіч» — удасканаленая версія 408-го. І асноўнае адрозненне складалася ў іншым рухавіку, прататыпам якога стаў найноўшы па тых часах нямецкі матор BMW M10.

Маючы працоўны абʼём 1,5 літра, сілавы агрэгат абноўленага «Масквіча» мог пахваліцца магутнасцю да 75 конскіх сіл. У пачатку 70-х гэта лічылася выдатным паказчыкам! Дзякуючы магутнаму рухавіку 412-ы стаў самым хуткім серыйным аўто ў СССР і нават набыў спартовую славу. Існуе меркаванне, што поспех гэты аўтамабіль заслужыў менавіта за неаднаразовы ўдзел у міжнародных ралі: магутны рухавік мадэлі 412 упершыню дазволіў савецкім спартоўцам сурʼёзна канкураваць з заходнімі гоншчыкамі.

У 1968 году чацвёрка такіх «Масквічоў» удзельнічала ў цяжкім ралі Лондан — Сіднэй. З дванаццаці каманд толькі чатыры дайшлі да фінішу, не страціўшы ніводнай машыны, — у тым ліку савецкая. Вельмі нядрэнна экіпажы на «Масквічах» выступілі праз два гады і ў марафоне Лондан — Мехіка. Потым — у шматдзённым ралі «Тур Еўропы». Дарэчы, нататкі з газет пра гэтыя знакавыя падзеі Віктар Пятровіч беражліва захоўвае пад вокладкай для аўтадакументаў. 

— Няма аўтамабіляў мацнейшых і надзейнейшых, чым тыя, савецкія, — упэўнены берасцеец. — Машыне больш за 30 гадоў, а яна дагэтуль на хаду і штодня эксплуатуецца. Па кузаве не іржавая, не вараная. Дах яшчэ ў роднай фарбе, а так увесну сам фарбаваў яе. Купіў фарбу за 10 рублёў і валік за 2 рублі. Пасля знаёмы паглядзеў і кажа: «Дык ты сам машыну лепш пафарбаваў, чым мне адмыслоўцы!» А апошнія за працэдуру, між іншым, 600—700 долараў бяруць…

— Перыядычна, вядома, трэба руку прыкладваць: то тармазы паправіць, то счапленне… Рамонтам займаюся самастойна. Лічу, шафёр павінен у сваім аўтамабілі сам разбірацца. У нас цяпер часта ў кіроўцаў толькі ключ ад запальвання ў руцэ, а як нешта з машынай здарыцца, не разумеюць, у чым справа. Я ў багажніку заўсёды з сабой ваджу прылады, розныя запасныя часткі на ўсякі выпадак, тэхнічныя вадкасці. 

— А дзе запчасткі на «Масквіч» бераце? 

— Дык знайсці іх не праблема! Многія, у каго былі раней «Масквічы», аддаюць дэталі бясплатна. Неяк знаёмы патэлефанаваў, кажа, маўляў, тут збіраюцца такі «Масквіч», як у цябе, на металалом здаваць, прыязджай ды бяры што трэба. А ўвогуле, і на аўтарынку запчасткі можна знайсці, каштуюць яны нядорага. Ніжнія шаравыя апоры мяняў у мінулым годзе, купіў у кіёску на рынку — кітайцы робяць! Дыск счаплення неяк браў, выраблены ў Серпухаве.

— Куды часцей ездзіце на машыне? 

— Наогул, яна мне патрэбна ў асноўным для дачы. На працу часам прасцей на грамадскім транспарце дабрацца: у цэнтры праблемы з паркоўкай і пробкі ў гадзіну пік… На Цмоку езджу яшчэ ў вёску ў Іванаўскім раёне. Так гэтыя 400 км у дзень без праблем «Масквіч» праходзіць. Крэйсерская хуткасць 90 км/ч, паедзе і хутчэй, але па інструкцыі нельга! 

А акрамя гэтага, 412-ы мае вельмі моцны кузаў, дзякуючы чаму выдатна зарэкамендаваў сябе пры перавозцы грузаў. Абʼём багажніка — 350 л, а пашпартная грузападымальнасць — 340 кг. Чатыры пасажыры і поўны багажнік бульбы вязе, я яшчэ прычэп чапляю. 

Аўтамабіль жывучы, з добрай праходнасцю. Паехалі мы неяк па грыбы ў лес. Знаёмыя на красоверы паўнапрывадным, а мы на «Масквічы»! Наперадзе вялізная лужына, некаторыя пачалі перажываць, маўляў, наўрад ці вы там на сваёй машыне праедзеце… А я тую лужыну без праблем пераадолеў! Уладальнікі джыпа вельмі здзівіліся.

— А як сябе адчуваеце ў гарадскім патоку? 

— Стаўленне да «Масквіча» на дарозе, вядома, пакідае жадаць лепшага. Нейкая іншамарка, асабліва дарагая, ніколі за «Масквічом» ехаць не будзе, абавязкова трэба абагнаць! А ў цэлым праблем няма. Матор працуе спраўна, ціха. Тэхагляд праходжу раз у год, як належыць. Тамака, дарэчы, часта дзівяцца, што машына ў такім добрым стане для свайго веку. Неяк супрацоўнік ДАІ спыніў мяне, праверыў дакументы і кажа: «А я вас пазнаў, больш спыняць не буду». Ды я і не парушаю ніколі, алкаголь наогул не ўжываю, нават піва не пʼю.

— А выдатак паліва вялікі? 

— Выдатак па пашпарце — 7,5 л на 100 км, з улікам зносу рухавіка я лічу груба — 10-11 літраў. Аўтамабіль па цяперашніх мерках, мусіць, даволі марнатраўны. Але я заўсёды кажу: няхай крыху больш за бензін «есць», затое якая эканомія на запчастках і рамонце!

— А ці праўда, што калі пацерці гузік на вашым мундзіры і загадаць жаданне, то яно абавязкова спраўдзіцца? 

— Па старажытным паверʼі, чалавек, які дорыць святло, прыносіць шчасце і поспех людзям. Многія загадваюць жаданні, потым прыходзяць, расказваюць, што спраўдзілася, дзякуюць. 

— Пра што просяць? 

— Не ўсе агучваюць жаданні, ды і ў кожнага яны свае. Памятаю, адна жанчына крычала: «Хачу замуж, хачу машыну!» Спадзяюся, яе мары здзейсніліся. 

— А вы самі хацелі б памяняць свой «Масквіч» на больш свежую і камфартабельную мадэль? 

— Такога жадання ў мяне няма. У мяне вялікі запас запчастак. Рамантую, абслугоўваю машыну сам, ведаю яе як свае пяць пальцаў. Таму сэнсу мяняць аўто не бачу. Гэты «Масквіч» ужо нібы сямейнік. Я з ім размаўляю, расказваю яму, куды едзем. Калі дабіраюся да месца прызначэння, дзякую, што давёз. Я нават не палю ў салоне і нікому не дазваляю.

— Сучасныя аўтамабілі з электронікай я не люблю. Тут у мяне ўся машына на кантролі: зарадка, паліва, ціск, тэмпература. Я ўсё сам бачу і правяраю, не чакаю, пакуль нейкая лямпачка загарыцца ці пішчаць што-небудзь пачне. 

На камфорт таксама не жалюся. Печка ёсць, узімку цеплыня. Тут нават абдзіманне на ногі маецца, унізе люк адчыняецца. Сядзенне рэгулюецца і раскладваецца, можна паляжаць. 

— Мой 11-гадовы ўнук Максім любіць ездзіць са мной на машыне. Часта глядзіць у інтэрнэце аўтамабілі, кажа: «Калі куплю аўта, то толькі «Масквіч»! Мама падарыла яму вялікую скарбонку, зараз збірае на свайго «цмока»…

— Добра, калі не аб новым аўто, то аб чым вы марыце? 

— Якія ў мяне мары… Хочацца міру, каб людзі былі дабрэйшыя адзін да аднаго, каб усе былі здаровыя, а ў семʼях панавалі спакой і шчасце!

Каментары2

  • Злы
    08.01.2024
    Дзядзька малайчына, што рарытэт так даглядае. Але паводле сучасных стандартаў бяспекі "Масквіч" - гэта капсула смерці. У арыгінальнай камплектацыі там неінэрцыйныя рамяні бяспекі, пра падушкі ўвогуле маўчу: іх у прынцыпе няма
  • Жах
    08.01.2024
    Корч карчу корч. Вечная мерзлата, неверагодная роспач, паўнейшая безнадзейнасьць, праўда, Максімка ?

Ціханоўская заклікала беларусаў пазбягаць выбараў і не пратэставаць

Ціханоўская заклікала беларусаў пазбягаць выбараў і не пратэставаць

Усе навіны →
Усе навіны

Падобна, што ў Оршы сёлета «адмянілі» ўгодкі Уладзіміра Караткевіча1

Новым міністрам унутраных спраў Літвы можа стаць чалавек, які валодае беларускай мовай22

«НАТА наўмысна пастаўляла Украіне кроў, заражаную ВІЧ і гепатытам». Хто пусціў гэтую дэзу?1

Андрэй Пачобут застаецца ў памяшканні камернага тыпу Наваполацкай калоніі1

У Беларусь зноў прыедзе Пуцін8

У смерці дзяўчыны, якую ў Расіі нібыта загрызлі свінні, насамрэч падазраецца чалавек3

У Мінску з'явілася казачна прыгожая навагодняя лакацыя

Двое зняволеных зачалі дзіця, перадаючы сперму праз вентыляцыйную шахту6

Ва ўзросце 112 гадоў памёр самы стары мужчына ў свеце1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская заклікала беларусаў пазбягаць выбараў і не пратэставаць

Ціханоўская заклікала беларусаў пазбягаць выбараў і не пратэставаць

Галоўнае
Усе навіны →