Эканоміка21

Да чаго можа прывесці закрыццё яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Літвой

Камісія па нацыянальнай бяспецы Літвы ў аўторак прапанавала спыніць працу двух з чатырох пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю і прыняць іншыя абмежаванні, каб скараціць паток беларусаў. Ідэю падтрымала МУС Літвы, але канчатковае рашэнне будзе за ўрадам. «Наша Ніва» тлумачыць, як гэтае закрыццё адаб'ецца на беларусах.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Летась былі толькі «кветачкі»

Да закрыцця двух пунктаў пропуску ў жніўні 2023 года на беларуска-літоўскай мяжы функцыянавалі шэсць аўтадарожных пераходаў.

Калі ўрад Літвы прыме прапанову Камісіі па нацыянальнай бяспецы спыніць працу пунктаў пропуску «Райгарад» («Прывалка») і «Лаварышкі» («Катлоўка»), застанецца толькі два КПП: «Шальчанінкай» («Беняконі») і «Меднікі» («Каменны Лог»).

І калі летась літоўскі бок спыніў працу двух нязначных пунктаў пропуску, то закрыццё «Прывалкі» і «Катлоўкі» стане адчувальным ударам па пасажырскіх і грузавых перавозках.

Прапускная здольнасць цяпер закрытых «Відзаў» (з літоўскага боку «Цверач») складала 144 легкавыя аўто ў суткі і 96 грузавікоў на выезд і толькі 30 на ўезд у Беларусь. Прычым праз «Відзы» мог ехаць толькі парожны грузавы транспарт.

Другі закрыты летась пункт пропуску «Лоша» (з літоўскага боку «Шумск») быў прызначаны толькі для руху легкавога транспарту і меў прапускную здольнасць 250 машын у суткі. 

У суме летась прапускная здольнасць скарацілася на 394 легкавікі і 30-96 парожных грузавікоў у суткі. То-бок іх закрыццё амаль не закранула сферу грузаперавозак.

У выпадку з «Прывалкай» і «Катлоўкай» сітуацыя выглядае па-іншаму. Прапускная здольнасць «Прывалкі» складае 250 легкавых і 230 грузавых аўто. «Катлоўкі» — 320 легкавых і 250 грузавых аўто ў суткі.

Праўда, варта адзначыць, што ўжо даволі працяглы час праз гэтыя пункты звычайна праязджае нашмат менш транспарту, чым прадугледжана нормай, асабліва ў выпадку з грузавым транспартам.

Гродна пераўтворыцца ў горад-тупік

Закрыццё «Прывалкі» больш за ўсё закране жыхароў Гродна. Абласны цэнтр, які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да Польшчы і Літвы, пераўтворыцца ў тупік.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Адлегласць ад Гродна да Беластока — 80 кіламетраў. Так было, пакуль функцыянаваў пункт «Брузгі» («Кузніца»), які польскі бок закрыў у адказ на атаку мігрантамі яшчэ восенню 2021 года. Калі ў адказ на прысуд Анджэю Пачобуту пазней закрылі «Баброўнікі», адлегласць паміж гарадамі ўзрасла да 240 кіламетраў.

Цяпер самы кароткі шлях з Гродна да Беластока пралягае праз пункт «Прывалка» («Райгарад»). Калі і яго закрыюць, то шлях з Гродна да Беластока будзе складаць 422 км, калі ехаць праз «Брэст», і 475 км, калі праз «Беняконі». 

Закране ўсіх

Але ад закрыцця яшчэ двух пунктаў пропуску пацерпяць не толькі жыхары Гродна. 

Чэргі з грузавікоў на межах Беларусі і ЕС маюць перманентны характар. Напрыклад, па стане на 8 лютага выезду з Беларусі ў ЕС чакалі амаль 1000 велікагрузаў, 800 з іх — на мяжы з Літвой.

Закрыццё яшчэ двух пунктаў пропуску непазбежна прывядзе да павелічэння чэргаў. Гэта адаб'ецца на часе дастаўкі тавараў, што ў сваю чаргу паўплывае на рост тарыфаў на перавозку. У выніку дадатковыя выдаткі на лагістыку лягуць на плечы канчатковых пакупнікоў. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Стане яшчэ складаней дабірацца тым беларусам, якія працуюць у краінах ЕС. Асабліва моцна гэта закране дальнабойшчыкаў, якія пасля кожнай кадэнцыі едуць на адпачынак дамоў. А гэта дзясяткі тысяч людзей. У літоўскіх транспартных кампаніях большасць кіроўцаў грузавікоў — замежнікі. На першым месцы ідуць менавіта грамадзяне Беларусі.

Пасажырскія перавозчыкі будуць вымушаныя павысіць цэны на свае паслугі, як гэта ўжо не раз адбывалася пасля таго, як суседнія краіны ЕС закрывалі пункты пропуску. Так, напрыклад, да закрыцця «Баброўнікаў» білет Гродна-Беласток каштаваў 60 рублёў, пасля цана вырасла да 100.

Закрыццё пунктаў пропуску — не адзінае абмежаванне

Апроч закрыцця двух пунктаў пропуску, літоўская Камісія па нацыянальнай бяспецы прапануе паступова скарачаць рэгулярныя пасажырскія аўтобусныя перавозкі ў Беларусь. 

Камісія таксама прапанавала абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў на памежным пункце чыгункі «Кяна» (і ў Кібартай), каб вырашыць праблему, якая з'яўляецца, калі асобы, якія едуць транзітнымі цягнікамі ў Калінінград, высаджваюцца ў Літве. У Кяне выходзяць або садзяцца каля 13 тысяч чалавек у год.

Літоўскі бок сцвярджае, што вышэйзгаданыя ініцыятывы накіраваныя на вырашэнне праблем нацыянальнай бяспекі, кантрабанды і парушэння міжнародных санкцый.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Кіраўнік МУС Літвы падтрымала закрыццё двух пунктаў на мяжы з Беларуссю: Нацыянальная бяспека — прыярытэт №1

«Закрываючыся ад беларусаў, Захад міжволі штурхае іх да Расіі» 

Кожны пяты грамадзянін Літвы наведаў Беларусь па бязвізе? Наколькі беларускі бязвіз насамрэч папулярны ў суседзяў

Каментары21

  • што робiцца!
    09.02.2024
    Беларусь старанна пхаюць у Расею.
  • *
    09.02.2024
    што робiцца!, так ужо даўно мы там.
  • Ruskaja Praŭda
    09.02.2024
    што робiцца!, a našto vy dzie jašče?

Голы мужчына перабег з Польшчы ў Беларусь, рух на мяжы на пару гадзін перакрывалі9

Голы мужчына перабег з Польшчы ў Беларусь, рух на мяжы на пару гадзін перакрывалі

Усе навіны →
Усе навіны

Пяскоў: Канцэнтрацыя УСУ на мяжы з Беларуссю — праблема не толькі Мінска, але і Масквы2

«Студэнтаў-платнікаў у дзяржаўных ВНУ стане больш». Чаму ў Беларусі закрылі адразу два прыватныя ўніверсітэты? 1

Літва пастрожвае правілы працаўладкавання іншаземцаў у краіне1

Чаму заходнія жанчыны адмаўляюцца ад мужчын26

20-гадовага палітвязня Мікіту Залатарова зноў будуць судзіць1

З 1 ліпеня бальнічныя будуць афармляць па-новаму

Пасля трох гадоў зняволення выйшаў на свабоду гродзенскі блогер Вадзім Vadimati Ермашук

Пад Слуцкам учора ў адным вадаёме патанулі два браты

У сувязі з пагрозамі беларускага генерала ўжыць ядзерную зброю Навумчык даў практычныя парады мінчукам4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Голы мужчына перабег з Польшчы ў Беларусь, рух на мяжы на пару гадзін перакрывалі9

Голы мужчына перабег з Польшчы ў Беларусь, рух на мяжы на пару гадзін перакрывалі

Галоўнае
Усе навіны →