Сяргей Рыжоў. Фота: viciebsk.cc

Сяргей Рыжоў. Фота: viciebsk.cc

Хто такі Сяргей Рыжоў

Сяргей Рыжоў — малавядомы актывіст з Віцебска. Ён не знайшоў такую палітычную сілу, якая б адпавядала яго поглядам, таму паспрабаваў стварыць яе сам. Гэтым і запомніўся.

Рыжоў пазіцыянаваў сябе барацьбітом за сацыяльную справядлівасць, традыцыйныя каштоўнасці, аб’яднанне славянскіх народаў вакол Расіі і праваслаўя. Быў праціўнікам Лукашэнкі. Удзельнічаў у мерапрыемствах прарасійскіх актывістаў.

Асвячэнне харчоў з ініцыятывы Сяргея Рыжова (другі справа). Фота: сацыяльныя сеткі

Асвячэнне харчоў з ініцыятывы Сяргея Рыжова (другі справа). Фота: сацыяльныя сеткі

Арганізоўваў асвячэнне праваслаўным святаром дзіцячага харчавання, але крамы не браліся такі тавар прадаваць.

У 2010-м Рыжоў, на той момант работнік Віцебскага плодагароднінага камбіната, вырашыў стаць прэзідэнтам. Тады рэгістравалі і жука, і жабу, але Рыжоў са сваімі 112 сябрамі ініцыятыўнай групы быў занадта несур'ёзным, каб ЦВК дамаляваў яму патрэбныя подпісы. 

Калі ж у Рыжова прадказальна нічога не выйшла, заявіў аб стварэнні партыі «Белая Русь». У далейшыя гады ён прэзентаваў сябе як лідар гэтай незарэгістраванай арганізацыі.

Палітычная актыўнасць адрэзала Рыжову магчымасць працаўладкавацца. Ён прызнаваўся, што вядзе напаўгалоднае існаванне і збірае міласціну. Праўда, з нажабраванага абяцаў дапамагаць рэпрэсаваным беларусам.

Сяргей Рыжоў жабруе каля віцебскага праваслаўнага храма. Фота: сацыяльныя сеткі

Сяргей Рыжоў жабруе каля віцебскага праваслаўнага храма. Фота: сацыяльныя сеткі

У 2013 годзе Рыжоў трапіў у выцвярэзнік, дзе на яго склалі пратакол за хуліганства. Яму пагражала 15 сутак арышту, але ён уцёк у Расію. Заяўляў, што ў выцвярэзніку яго збілі супрацоўнікі, а справу сфабрыкавалі.

Як трапіў за краты

У тыя «траваедныя» часы прарасійская арыентацыя актывістаў хоць і ўспрымалася балесна, але не настолькі востра, як пасля акупацыі ў 2014 годзе Расіяй Крыму і развязання ёю вайны на Данбасе ды цяперашняй вялікай вайны ва Украіне.

Таму тады дзівацтвы Рыжова былі прыцягальнае для журналістаў, некаторыя пісалі пра яго як пра ахвяру рэжыму.

Сам жа Рыжоў заяўляў, што ва Украіне ўдалося «пабудаваць нацыяналізм з відавочнымі прыкметамі неафашызму» і страшыў падзелам Беларусі.

Больш за год віцебскі актывіст не аб’яўляўся на радзіме, а па вяртанні заявіў, што зноў пойдзе ў прэзідэнты. 

Але неўзабаве, у пачатку 2015 года, быў затрыманы па абвінавачванні ў сэксуальным гвалце над бяздомным мужчынам. Сілавікі ўзгадалі тую самую гісторыю з выцвярэзнікам, якая адбылася ў канцы 2013 года.

Сяргей Рыжоў выступае на Славянскім маршы у Магілёве. Яго арганізавалі прыхільнікі расійскага манархізму

Сяргей Рыжоў выступае на Славянскім маршы у Магілёве. Яго арганізавалі прыхільнікі расійскага манархізму

Гісторыя была наколькі дзікая, настолькі і абсурдная. Відэа з выцвярэзніка нават паказвалі ў тэленавінах — на ім Рыжоў устае са свайго ложка і ўкладваецца на суседні ложак да іншага п'янага.

Судзілі Рыжова на закрытым працэсе. Галоўным доказам яго віны ў сэксуальным гвалце былі тыя здымкі з камеры назірання ў выцвярэзніку. Сваёй віны ў судзе Рыжоў не прызнаў, а пацярпелы і не звяртаўся з заявай аб гвалце.

Асудзілі Рыжова да 6,5 года калоніі строгага рэжыму.

Рыжоў адбываў пакаранне ў Магілёўскай калоніі №15. Артыкул, паводле якога актывіст трапіў за краты, не пакідае сумневу, што ён мог атрымаць «нізкі сацыяльны статус». І адпаведнае стаўленне да яго з боку іншых вязняў.

Працяглы час пра лёс Рыжова клапаціўся лекар Ігар Пасноў, якога журналісты называлі псіхіятрам-праўдарубам. Ён збіраўся стаць даверанай асобай Рыжова на выбарах 2015 года. Медык прасіў адміністрацыю калоніі, каб Рыжова перавялі ў вязніцу бліжэй да Віцебска, у якім жыла яго маці.

У адказе турэмшчыкі адпісалі, што пагроз жыццю і здароўю зняволенага не існуе.

Калі праваабаронцы адмовіліся прызнаваць Рыжова палітвязнем, Пасноў абазваў іх «кудламі КДБ». У 2019 годзе Паснову далі тры гады «хіміі» за паклёп на пракурора. З таго часу ён не аб’яўляецца ў сетках, дзе раней быў дужа актыўным. 

Пра Рыжова часта пісаў журналіст «Віцебскага кур’ера» Уладзімір Жыгулоў, які памёр у 2017 годзе. Так абарваўся яшчэ адзін ланцужок сувязі з грамадствам.

Рыжоў мае дачку, якой цяпер 24 гады. З жонкай ён у разводзе. Маці памерла. Сёлета ў Рыжова быў юбілей — яму споўнілася 60 гадоў.

«Можа, і не меў нізкі сацыяльны статус»

Пра вызваленне Сяргей Рыжоў напісаў сам у сацыяльных сетках 19 верасня 2021 года. Ён цалкам адбыў прызначанае пакаранне — асуджаных за сэксуальныя злачынства амаль ніколі не адпускаюць умоўна-датэрмінова.

«Жывы, шчаслівы, зноў на волі! Рады жыццю і магчымасці дыхаць. Рады ўсім, але бачыць гатовы не кожнага…» — адзначыў ён.

Апошні яго пост у фэйсбуку датуецца 1 лістапада 2021 года.

«Асноўная праца чарцей — пераконваць насельніцтва пекла, што яны жывуць у раі…», — напісаў ён і прапаў.

Віцебскі праваабаронца, які пажадаў застацца ананімным, расказаў, што па вызваленні Рыжоў папрасіў дапамогі ў складанні заявы ў міжнародныя судовыя органы па правах чалавека. Яму пералічылі, якія дакументы неабходныя для гэтага.

Пасля гэтага Рыжоў больш на сувязь не выходзіў.

«Нават не ведаю, што рабіць, каб выйсці на яго след. Патрэбны чалавек, які мог бы падаць яго ў вышук і атрымаць адказ. Гэта мусіць быць сваяк. Можа, ён дома ціхенька жыве ці падаўся ў манастыр», — разважае праваабаронца.

Сяргей Рыжоў 2012 год. Фота: сацыяльныя сеткі

Сяргей Рыжоў 2012 год. Фота: сацыяльныя сеткі

Суразмоўцу даводзілася знаёміцца з некаторымі матэрыяламі справы Рыжова і ён дапускае, што сваім учынкам у выцвярэзніку актывіст проста прасіўся ў туалет, а супрацоўнікі ўгледзелі ў тым сэксуальнае бясчынства.

Праваабаронца спадзяецца, што ў няволі ў Рыжова была магчымасць давесці іншым асуджаным, што яго справа сфабрыкаваная. А асуджаныя са стажам маглі ўбачыць у прысудзе праўдзівасць яго словаў і не рабіць палітыка ізгоем.

«Мог стаць ахвярай канфлікту»

На думку праваабаронцы, пасля вызвалення Рыжоў мог не адразу зразумець, што адбываецца ў краіне. Не выключана, што яго маглі зноў пасадзіць, але за два гады ў такім выпадку сітуацыя з Рыжовым праяснілася б.

«Мы не можам ведаць, у якім псіхалагічным і душэўным стане ён выйшаў на волю. Я не чуў яго голасу, каб вызначыць, што з ім», — адзначае ён.

Найбольш верагодны варыянт, што Рыжоў з'ехаў у Расію.

«Улічваючы яго праўдалюбства, стаўленне да несправядлівасці… Кажу са страхам — але ён мог згінуць. Гэта не азначае, што ён загінуў ад рук супрацоўнікаў паліцыі. Мог загінуць на бытавым узроўні. Стаць ахвярай канфлікту, напрыклад. Але шукаць яго фактычна няма каму», — гаворыць суразмоўца.

Сяргей Рыжоў. Ілюстрацыйнае фота: сацыяльныя сеткі

Сяргей Рыжоў. Ілюстрацыйнае фота: сацыяльныя сеткі

Рыжоў быў нетыповым, несістэмным апазіцыянерам, у якога не было ніякай каманды і ніякіх рэсурсаў. Зрэшты, пры яго антыбеларускіх поглядах было б няпроста знайсці сабе паплечнікаў.

З грамадзянскага актывізму Рыжоў вырашыў пайсці ў палітыку, але пры адсутнасці сацыяльных ліфтаў у краіне так і не знайшоў ніякай магчымасці рэалізаваць сябе. Суворы прысуд паставіў крыж на ўсіх яго перспектывах. Выглядае, Рыжоў так і не здолеў вярнуцца да ранейшага жыцця.

Глядзіце таксама:

«Хтосьці за ёй стаіць». Чаму чыноўнікі слухаюцца Бондараву

«Слава Расіі»: на Славянскі марш у Магілёве сабралася 20 чалавек

Чым беларускі афіцэр адрозніваецца ад расійскага?

Беларусь і Расія стварылі камісію для «абароны гістарычнай праўды»

Мы еўрапейцы ці еўразійцы? Марзалюк узбаламуціў лукашысцкія тэлеграм-каналы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?