Балкунец і Усаў расказалі расійскаму СМІ пра абсалютны правал Ціханоўскай па ўсіх франтах
Расійскі ліберальны інтэрнэт-сайт Sotaproject апублікаваў разгромны артыкул, прысвечаны дзейнасці Святланы Ціханоўскай. «Беларусы моцна расчараваліся ў сваім «нацыянальным лідару», як Ціханоўская называе сама сябе. Вынікі яе дзейнасці аказаліся ніякімі», — пераконвае выданне. Гэтыя ідэі ў артыкуле прэзентавалі апаненты Ціханоўскай, палітыкі Павел Усаў і Дзмітрый Балкунец (названыя ў тэксце палітолагамі), а таксама блогерка Бела Фокс. «Наша Ніва» тэзісна пераказвае змест.
Усаў спасылаецца на неназваныя апытанні ў тэлеграм-каналах і запэўнівае, што іх вынікі паказваюць зніжэнне падтрымкі і даверу Ціханоўскай. Балкунец дадае ўласныя падлікі: кажа, што за два гады беларусы сталі ўтрая радзей шукаць у Гугле і Яндэксе запыт «Святлана Ціханоўская».
Чытайце таксама: Што баліць Усаву, Пазняку і Ціханоўскай?
Балкунец і Усаў сфармулявалі пяць прычын правалу Ціханоўскай, зафіксаванага імі.
1) Чаканні, якія не апраўдаліся. Ціханоўская не дабілася свабодных выбараў і вызвалення палітвязняў.
Балкунец і Усаў тлумачаць, што адзіны занятак Ціханоўскай — сустрэчы з заходнімі палітыкамі і бясконцая колькасць здымкаў. «Адзін толькі візіт у Партугалію прадстаўлены 76 фотаздымкамі: адчувальна больш, чым, напрыклад, фотасесіі Пуціна на сайце прэзідэнта РФ», — заўважаюць журналісты Соты.
2) Абыякавасць да праблем рэлакантаў
Тут гаворка вядзецца пра тое, што Ціханоўская нічога не робіць з дыскрымінацыяй беларусаў у Літве, а таксама не дапамагае з рэлакацыяй. А блогерка Бела Фокс крытыкуе пашпарт «Новай Беларусі».
3) Скандалы і неэфектыўнасць
У гэты раздзел Дзмітрый Балкунец элегантна запісвае гісторыі, якія ён няспынна раскручвае сам — напрыклад, пра расійскае грамадзянства маці Валерыя Кавалеўскага.
Чытайце таксама: Скандал вакол маці Валерыя Кавалеўскага. Хто запусціў інфармацыйную кампанію і ў чым сутнасць абвінавачанняў?
Сюды ж Балкунец дадае і гісторыю з уцечкай даных, што прывяло да арыштаў дзясяткаў чалавек.
4) Непразрыстасць структур
Панаракаўшы на ўцечку звестак, палітыкі абураюцца, што цяпер з супрацоўнікаў офіса Ціханоўскай бяруць падпіску аб неразгалошванні і пагражаюць штрафам 30 тысяч еўра. «Гэта абсурдная практыка», — перакананы Усаў.
Апроч таго, Усаў наракае, што няма магчымасці праверыць, як размяркоўваюцца грантавыя сродкі.
5) Канцэнтрацыя ўлады ў адных руках
Нарэшце палітыкі пераходзяць да сваёй галоўнай сутнаснай прэтэнзіі — што ў лідарах апазіцыі аказаліся не яны самі.
«Структуры, якія былі створаны вакол офіса Ціханоўскай у Літве, не былі ўпаўнаважаны насельніцтвам на прадстаўленне яго інтарэсаў. Пераходны кабінет — гэта наогул група самазванцаў, якія стварылі юрыдычную асобу ў Варшаве і сказалі, што яны пераходны ўрад Беларусі», — адзначае Балкунец.
Ён прапануе з дапамогай анлайн-тэхналогій сфармаваць нейкі новы «прадстаўнічы орган». І адпаведна, выбіць уладу з рук Ціханоўскай.
Аўтары артыкула на «Соце» — журналісты Марыя Волах і Аляксей Абухоў. Волах — былая актывістка партыі «Яблака». У 2022 годзе атрымала 20 сутак арышту за пацыфісцкую акцыю ў Маскве пасля пачатку вайны. Прычым паказальна расставіла прыярытэты ў праграмным допісе ў інстаграме: не асудзіла канкрэтна расійскую агрэсію, а абурылася «мілітарысцкім чадам з усіх бакоў».
Прэс-служба Святланы Ціханоўскай адмовілася даваць каментары расійскаму выданню. Журналісты Sotaproject прапанавалі прэс-сакратарцы Ганне Красулінай адказаць на тэзісы «беларускіх палітолагаў», адмовіўшыся называць іх імёны.
«Мы гатовыя весці размову з людзьмі. А вось з неназванымі «беларускімі палітолагамі» — гэта вельмі дзіўна. Гэта маніпуляцыя. Калі яны палітолагі, то ў іх ёсць імя. Калі гэта звычайныя грамадзяне — нармальна. Але адказваць неназваным, аднак жа «палітолагам» — гэта дзіўна», — заявіла Красуліна. Журналісты так і не назвалі ёй імёны Усава і Балкунца, таму дыялогу не атрымалася.
Каментары