Грамадства44

«Літва дакладна трымае лінію падзелу паміж дэмакратычнымі беларусамі і саўдзельнікамі рэжыму» — Юрконіс

Літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс тлумачыць для Радыё Свабода, чаму Літва закрывае з 1 сакавіка яшчэ два памежныя пункты пропуску, заяўляе, што нельга меркаваць пра пазіцыю афіцыйнай Вільні па рэзкіх выказваннях 1-2 парламэнтарыяў і адказвае на пытанне, ці назіраецца ў Літве стомленасць ад беларускай тэмы.

— З 1 сакавіка Літва закрывае яшчэ два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Райгорад» і «Лаварышкі». Чым літоўскія ўлады тлумачаць неабходнасьць такога кроку, наколькі іхныя аргумэнты падтрымліваюць грамадзтва і аналітычная супольнасьць?

— Я думаю, падтрымка грамадзтва ёсьць. Памежныя пункты спынялі працу і раней, трэба пра гэта нагадаць. Цяпер тут найперш спроба зьнізіць плынь грамадзян з трэціх краінаў, якія спрабуюць трапіць у Літву. Першая спроба зьменшыць гэтую плынь шляхам закрыцьця памежных пунктаў дала пэўныя добрыя вынікі.

Другі аргумэнт — неабходнасьць кантраляваць мяжу. Кантраляваць чатыры памежныя пункты складаней, чым два, асабліва калі ёсьць пытаньні тэхнічнага характару. Тут і праблема кантрабанды, і супрацьдзеяньне спробам абыходу санкцыяў.

Усе разумеюць, што гэта зьвязана і з вайной, і з рэпрэсіямі ў Беларусі.

Гэта даволі пасьлядоўны крок афіцыйнай Вільні, і мы ня бачым істотных супярэчнасьцяў у абмеркаваньні гэтага кроку з боку грамадзтва, экспэртнай супольнасьці.

— Вы спачатку сказалі, што галоўны аргумэнт — гэта спыніць міграцыйную плынь, але потым прагучаў аргумэнт пра вайну і рэпрэсіі ў Беларусі. Што ўсё ж можна назваць асноўным матывам?

— Менскі рэжым — саўдзельнік у вайне Расеі супраць Украіны, у злачынствах супраць украінскага народу. Не сакрэт, што Беларусь зьяўляецца хабам для спробаў абысьці санкцыі. Літва актыўна падтрымлівае пытаньне сынхранізацыі санкцыяў супраць Расеі і беларускага рэжыму. За сваю мяжу мы нясем поўную адказнасьць самі.

Трэба прызнаць, што гучыць крытыка з боку іншых эўрапейскіх краінаў, што, маўляў, празь Літву транзытам перамяшчаецца шмат тавараў. Так, перамяшчаецца, бо мы геаграфічна блізка. І да таго ж іншыя краіны, суседзі Беларусі, перакрылі свае памежныя пункты.

І тут не зусім сумленна рабіць Літву «крайняй». Бо Літва вельмі пасьлядоўна і даволі жорстка ставіцца да беларускага рэжыму і адначасова спагадліва — да беларускіх дэмакратычных прадстаўнікоў. Менавіта з гэтай прычыны мяжа цалкам не закрываецца. І нават калі Менск увядзе нейкае надзвычайнае становішча, мы памятаем, як падчас пандэміі Літва адкрывала гуманітарныя калідоры для беларусаў, пацярпелых ад рэпрэсіяў.

— Беларускае грамадзтва актыўна абмяркоўвае менавіта гэты аспэкт — як можна і варта аддзяліць санкцыі супраць дыктатарскага рэжыму ад гуманітарнага аспэкту, ад патрэбаў пацярпелых ад рэжыму і звычайных беларусаў. Як гэту дылему вырашае афіцыйная Вільня?

— Мне думаецца, у гэтым пляне Літва вельмі дакладна трымае лінію падзелу паміж дэмакратычнымі беларусамі і саўдзельнікамі рэжыму. Я лічу, Літва тут дзейнічае дастаткова пасьлядоўна.

Трэба ясна адзначыць, што сьпіс інструмэнтаў ціску на беларускі рэжым яшчэ ня вычарпаны. Калі хтосьці заяўляе, што да беларусаў уведзены тыя самыя абмежаваньні, што і да грамадзянаў Расеі, то варта нагадаць, што расейцам забаронена ўяжджаць у Літву на аўтамабілях з расейскімі нумарамі. Расейцам нельга ўехаць у Літву зь візамі, выдадзенымі ў іншых эўрапейскіх краінах. А беларусам можна.

Так што, калі здарыцца нешта надзвычайнае, то магчымае ўвядзеньне новых абмежаваньняў для грамадзянаў Беларусі. Але ўласнага намеру прымаць жорсткія захады ў Літвы няма.

Празь Літву едуць людзі ў Польшчу ды іншыя эўрапейскія краіны. Я разумею, што прадʼяўляць прэтэнзіі Літве заўсёды прасьцей. Але Літва не адзіная краіна ў Эўразьвязе, трэба пытаць у іншых краінаў, ці ўсе яны трымаюць гэтую лінію — дапамогі дэмакратычным беларусам і жорсткага стаўленьня да рэжыму.

— Ці можна лічыць, што ў літоўскім грамадзтве назіраецца пэўная стомленасьць ад расейска-ўкраінскай вайны, як і стомленасьць ад беларускай тэмы? Стомленасьць ад неабходнасьці праяўляць салідарнасьць, увесь час трымаць тую самую лінію, пра якую вы сказалі. Бо ў прэсе зьяўляюцца паведамленьні пра самыя розныя выпадкі, калі некаторыя беларусы вымушаныя пакідаць Літву праз праблемы з дакумэнтамі.

— Я не лічу, што ёсьць нейкая «стомленасьць». Нядаўна была акцыя салідарнасьці і літоўскае грамадзтва сабрала больш за 20 мільёнаў эўра на падтрымку Ўкраіны.

Вядома, беларускае пытаньне адышло трохі на другі плян, што даволі зразумела. Многія беларусы жывуць ужо трэці-чацьвёрты год у Літве, частка зь іх здолела даволі ўдала інтэгравацца. Ёсьць недзяржаўныя арганізацыі, праваабаронцы, незалежныя СМІ, якія пасьпяхова працуюць з тэрыторыі Літвы.

Магчыма, ёсьць праблема ўспрыняцьця пэўных рэчаў. І тут пытаньне, як мне здаецца, ня ў тым, як гэта падаецца ў літоўскіх СМІ, а ў тым, як гэта падаецца ў беларускіх незалежных СМІ. Бывае, хтосьці абвесьціць, што яго высылаюць зь Літвы (і СМІ падаюць гэта менавіта ў такім аспэкце), але на самой справе высьвятляецца, што былі чыста тэхнічныя праблемы.

Ёсьць іншыя адзінкавыя выпадкі, калі, напрыклад, чалавек служыў (не па прызыве) у беларускім войску, працаваў у МУС. І тут узьнікае пытаньне, якое мы абмяркоўвалі зь беларускімі праваабаронцамі, бізнэс-асацыяцыямі — а дзе самарэгуляцыя, дзе праходзіць «чырвоная лінія»?

І гэта не Літва павінна даць адказ. Бо калі пакінуць гэты адказ толькі Літве, то, зразумела, будзе прымацца самы кансэрватыўны сцэнар — у мэтах нацыянальнай бясьпекі.

У прэсе ўжо абмяркоўваліся гэтыя дылемы. Пытаньні ўзьнікаюць самыя розныя. Ці гэта, напрыклад, той бізнэс, які падтрымліваў рэжым, ці той, які падтрымліваў пратэсты, рызыкаваў? Тут ёсьць і пытаньне храналёгіі. Адны рэлякаваліся ў 2020 годзе, другія пасьля пасадкі ў Менску самалёта Rianair, а іншыя — толькі пасьля пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. І лягічна ўзьнікае пытаньне: ці гэта пытаньні рэальнай небясьпекі для асобы або проста нязручнасьць, што «вось нам банкаўскія карткі не дазволяць»? І гэта павінна абмяркоўваць само беларускае грамадзтва.

Нельга меркаваць пра пазыцыю Літвы па рэзкіх выказваньнях 1-2 парлямэнтароў. Калі глядзець на дзейнасьць такіх эўрапарлямэнтароў ад Літвы як Андрус Кубілюс альбо Раса Юкнявічэне, то ў іхным выпадку салідарнасьць з дэмакратычнай Беларусьсю толькі расьце. Калі глядзець на факты, то салідарнасьць літоўцаў нікуды ня зьнікла. Гуманітарны дазвол на жыхарства выдаецца на тры гады, шэнгенскія візы выдаюцца, пашпарт іншаземца Літва пачала выдаваць адной зь першых.

Натуральна, што на тле вайны ва Ўкраіне чакаць, што Беларусь будзе заставацца нумарам адзін, ня варта. Аднак Літва на ўсіх узроўнях і форумах падкрэсьлівае, што пытаньне дэмакратыі ў Беларусі — гэта пытаньне бясьпекі ва ўсім нашым рэгіёне.

Каментары4

  • Жора
    28.02.2024
    Бла-бла-бла. Калі ў сярэднім перасячэнне мяжы на сёння займае 3-5 гадзіны (час менавіна на мяжу), будзе гадзін 8-12, і на 99% ад гэтага пацерпяць шараговыя беларускія грамадзяне, якія не падтрымліваюць рэжым.

    Наконт кантрабанды - за прыблізна 10 маіх паездак у Беларусь за апошнія паўгода, ніводнага разу летувіскія памежнікі не глядзелі, што я вывожу з Летувы. Вязі ўсё што хочаш, якія санкцыі... І агулам, прычым тут санкцыі да перамяшчэння людзей? Хочаце закрываць грузы, чыгунку - закрывайце, а людзей не абмяжоўвайце!

    Юрконіс шмат кажа, але сэнс просты - так, мы ведаем, што там канцлагер, таму мы узмацнім ахову з нашага боку, каб вам складаней было адтуль вырвацца. Ганьба!
  • Свідрыгайла
    28.02.2024
    Хлусня
  • Сам по себе
    28.02.2024
    Хотелось бы заметить, уважаемые литовские руководители, что везде и всегда в мире сегрегация людей по национальным, расовым или религиозным признакам приводят только к негативным, а иногда и ужасным результатам. Проводя такую линию политики считают (иногда искренне) что мол время нынче такое, что сейчас это необходимо и оправдано. Нет. Это - обман. Вот и сейчас Литва считает, что можно так поступать по отношению к тем же белорусам. Как? Я не пророк и прогнозировать не берусь, но ничем хорошим для той же Литвы это не закончится. Не было этого в истории, не будет и сейчас. В любой нации есть разные люди. Что в литовской, что в белоруской, что в украинской. И они не СТАДО.

Апублікавалі размовы жонкі Балабы, у якіх яна спрабуе схаваць ад мужа трох каханкаў, у тым ліку Руслана Аляхно22

Апублікавалі размовы жонкі Балабы, у якіх яна спрабуе схаваць ад мужа трох каханкаў, у тым ліку Руслана Аляхно

Усе навіны →
Усе навіны

Падчас удару Storm Shadow пад Курскам быў паранены паўночнакарэйскі генерал — The Wall Street Journal1

Расія можа мець толькі некалькі такіх ракет, якую яна запусціла па Дняпры12

Як у 2020-м віцябчук выліў вядро вады на зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку

Наколькі эфектыўныя біялагічныя дабаўкі з магніем?3

Мінінфарм забараніў распаўсюджваць у Беларусі 35 друкаваных выданняў. Што за яны — пакуль загадка1

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»27

«Нягледзячы на спосаб легалізацыі, трэба пазначаць і пратэсную дзейнасць». Юрконіс пра сітуацыю з Верамейчыкам9

У Ваўкавыску жывуць блізняты-рэкардсменкі — жанчынам споўнілася па 99 гадоў1

Стала вядомая колькасць загінулых пасля першага ўдару ракетамі Storm Shadow па тэрыторыі Расіі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Апублікавалі размовы жонкі Балабы, у якіх яна спрабуе схаваць ад мужа трох каханкаў, у тым ліку Руслана Аляхно22

Апублікавалі размовы жонкі Балабы, у якіх яна спрабуе схаваць ад мужа трох каханкаў, у тым ліку Руслана Аляхно

Галоўнае
Усе навіны →