Усяго патроху44

«Не ходзім у рэстараны і не трацім шмат грошай на ежу». Беларуска расказала, як яе сям'я адкладае грошы на паездку да мора

Бюджэт Крысціны з мужам — прыкладна 3000 рублёў у месяц, з іх абавязковыя выдаткі — 1600 рублёў. Сям'я жыве ў невялікім горадзе і навучылася ашчаджаць без табліц і падлікаў. На што ідуць грошы, Крысціна расказала выданню «Анлайнер».

У майго мужа з грашыма адносіны заўсёды былі простыя, чаго не скажаш пра мяне. Раней я даволі часта перажывала, што калі мы купім дадому пэўную драбніцу ці нейкую бытавую тэхніку, прадмет мэблі, то нам не хопіць грошай на ежу.

Мы з мужам пазнаёміліся, працуючы ў адной арганізацыі, дзе заробкі былі вельмі маленькія. І ў той час я спрабавала падлічваць ледзь не кожную капейчыну, але да ашчадных выдаткаў з адкладаннем грошай на будучыя пакупкі гэта ўсё адно не прыводзіла.

З часам, а дакладней са зменай мной і мужам працы, я змагла перавучыцца і змяніць сваё мысленне з гэтай нагоды. Калі дакладней — супакоіцца, даверыцца ў плане бюджэту мужу і перастаць перажываць, што мы застанемся зусім без грошай.

Колькі я ні спрабавала весці падлік бюджэту штодня / штотыдзень / штомесяц, фіксаваць чэкі, запісваць выдаткі і г. д. — усё дарэмна. Я ад гэтага толькі стамлялася і адчувала сябе эмацыйна яшчэ горш. З гэтымі пастаяннымі падлікамі я баялася купіць у краме нешта не са спісу або выдаткаваць больш. Карацей, не мая гісторыя фіксаваць бюджэт праз табліцы альбо мабільныя праграмы.

З часам я выпрацавала для сябе асноўныя лайфхакі, якія дазваляюць не толькі эканоміць на пакупках, але і добра адкладаць ды адпачываць, у тым ліку ездзіць раз у год на мора.

Цяпер наш штомесячны бюджэт складае каля 3000 (часам больш, часам менш). Нам гэтага цалкам хапае. Бо колькі ні зарабляй — усё адно мала, таму што з ростам даходаў растуць патрэбы.

Кватэра мужа, аўтамабіля няма, таму што жывем у невялікім горадзе ў вельмі добрым раёне, дзе ўсё знаходзіцца побач, а калі патрабуецца паехаць на далёкую адлегласць у межах горада, выклікаем таксі. Да аўтавакзала пешшу каля 10 хвілін, гадзіна язды на маршрутцы да Мінска.

Адносіны з грашыма складваюцца ў нас так.

1. Галоўнае правіла ў нашай сям'і з двух чалавек і коціка, як бы проста і адначасова па-дурному яно ні гучала, такое: грошы ёсць — трацім, грошай няма — не трацім, а дакладней, не дазваляем сабе чагосьці лішняга і непатрэбнага.

На жаль, збіраць/назапашваць/адкладаць вялікія сумы на пастаяннай аснове мы не ўмеем, і гэта наш велізарны мінус. Магчыма, мы не прывыклі сябе ўціскаць да лепшых часоў, пакідаць жыццё «на потым», а можа, таму, што няма патрэбы ў тым жа жыллі ці аўтамабілі. Але з месяца ў месяц стараемся адкласці больш-менш дастатковую частку грошай, каб потым з'ездзіць у адпачынак ці нарэшце дарабіць рамонт.

2. На ежу таксама шмат не трацім. Купляем прадукты прыкладна раз у два-тры дні. Па буднях я гатую вячэры, бяру ссабойку на абед. Муж абедае ў кавярні.

3. У плане куплі адзення стаўленне простае: купляем універсальныя рэчы, носім доўга і з задавальненнем.

4. Калі патрэбныя сур'ёзныя пакупкі, проста купляем. Калі не атрымліваецца адразу, плануем куплю на працягу некалькіх месяцаў.

5. Па рэстаранах і кавярнях удвох практычна не ходзім, таму што амаль кожныя выхадныя сустракаемся з сябрамі, а гэтага нам цалкам хапае, каб добра адпачыць і адцягнуцца ад штодзённай руціны.

Наперадзе ў нас застаўся рамонт спальнага пакоя з балконам, плануем паволі зрабіць. Балазе з некаторымі рамонтнымі работамі дапамагае наша сям'я, блізкія людзі, за што ім асобная падзяка.

Мінулым летам кожныя выхадныя ездзілі на лецішча, дзе, каб добра адпачыць, спачатку трэба добра папрацаваць. Наперадзе лета, і для мяне гэта найлепшае баўленне часу ў выхадныя дні за горадам.

Як размяркоўваем бюджэт?

У плане бюджэту мы з мужам ніколі не дзялілі грошы на мае/твае. Прадукты, падарункі, забавы аплачваюцца заўсёды па-рознаму. Выдаткі на сябе любімых — у асноўным са сваіх картак.

Фота ілюстрацыйнае

Буйныя выдаткі ці вялікія куплі заўсёды ўзгодненыя і зноў-такі аплачваюцца альбо мной, альбо мужам. Кожны месяц я распісваю абавязковыя выдаткі:

  • догляд сябе (манікюр, бровы і г. д.) — каля 150 рублёў;
  • выдаткі мужа (трэнажорка, стрыжка і г. д.) — каля 120 рублёў;
  • на коціка і рыбак (корм, смакоткі) — каля 70 рублёў;
  • на корм коцікам на працы — каля 40 рублёў;
  • на прадукты (сюды ж дадамо піцу, сушы, часам шаурму) — каля 200-250 рублёў на тыдзень;
  • любім віно, таму прыкладна раз у тыдзень на бутэлечку віна дадаткова яшчэ рублёў з 25-30;
  • здароўе + вітаміны — каля 200 рублёў;
  • бытавая хімія — 50 рублёў;
  • камунальныя плацяжы — зімой за двухпакаёвую кватэру з інтэрнэтам выходзіць 160 рублёў;
  • мабільная сувязь — 70 рублёў.

З растэрміновак цяпер аплачваем мабільны тэлефон, які каля года таму бралі ў падарунак маёй маме.

Абавязковых плацяжоў разам з выдаткамі на прадукты выходзіць каля 1600 рублёў у месяц.

Кожны месяц купляем сабе што-небудзь адно з адзення. Гэта яшчэ рублёў са 150-200. Плюс выдаткі на маркетплэйсах. Тут я стараюся заказваць выключна тое, што трэба. Закладзем на гэта яшчэ рублёў 50-80 штомесяц. Паколькі кожныя выхадныя мы праводзім з сябрамі — гэта яшчэ каля 100 рублёў у тыдзень.

Разам у месяц для нармальнага жыцця нам дастаткова 2200-2400 рублёў.

Калі ёсць святы, дорым грошы ці купляем падарунак, які імяніннік прасіў загадзя.

Залатое правіла — адразу з заробку адкладаць грошы ў беларускіх рублях або далярах у падарункавы хатні канверт. За год, не купляючы нічога сур'ёзнага ў дом, удалося назапасіць нядрэнную суму.

Было два варыянты — дарабіць рамонт у спальні ці з'ездзіць адпачыць і сустрэць мой дзень нараджэння ў цёплай краіне. Выбралі другое, бо гэта эмоцыі. І вельмі задаволеныя!

Пералічу працоўныя, на мой погляд, лайфхакі, якія дазваляюць нядрэнна ашчадзіць.

1. Кожны месяц адразу распісвайце абавязковыя плацяжы. Сюды я яшчэ заўсёды дадаю вопратку.

2. Перш чым нешта купіць, на разнастайных сайтах крамаў шукаю найбольш выгадны варыянт + ніхто не адмяняў промакоды. Вельмі часта атрымліваецца выгадна: розніца ў выпадку з адным і тым жа таварам часам 50, а то і больш рублёў.

3. Вельмі шмат крамаў, у прыватнасці ў масмаркеце, дзе ёсць нядрэннае базавае адзенне. Дык вось некаторыя брэнды прадстаўленыя на маркетплэйсах. Усё вельмі проста: ідзем у краму, прымяраем, правяраем наяўнасць на маркетплэйсах, заказваем. Часцяком выходзіць у два разы танней. Сюды ж дадамо бытавую хімію: цэны на адзін і той жа тавар вельмі адрозніваюцца.

4. Ну і залаты стандарт: за прадуктамі лепш за ўсё хадзіць са спісам, прадумваючы меню на некалькі дзён наперад. Атрымліваецца някепска ашчаджаць, не цягаючы ў кошыку нічога лішняга.

5. Ну і, мабыць, галоўны лайфхак. Калісьці сама ў кагосьці падгледзела, паспрабавала — дзялюся. Калі ў вас засталося на ўсё пра ўсё (ежу і забавы), напрыклад, 300 рублёў, а да заробку яшчэ дзён з 10, то дзеліце гэтую суму на колькасць дзён. Разам — 30 рублёў у дзень. Калі сёння нічога не выдаткавалі, заўтра зможаце выдаткаваць 60 рублёў. А калі атрымаецца не траціць грошы тры дні, то зможаце гэтую суму адкласці ў канверцік або парадаваць сябе якой-небудзь прыемнай пакупкай.

Увогуле і ў цэлым выснова маёй гісторыі — жывіце тут і цяпер, не ўціскайце сябе, але абавязкова адкладайце хоць бы якую-небудзь частку грошай на непрадбачаныя выдаткі.

Каментары4

  • Будзе толькі горш
    12.03.2024
    Артыкул ні пра што. Але ж хочацца запытаць, у якія "цёплыя краіны" яны ездзяць. Бо з Беларусі зараз нават Турцыя і Егіпет - гэта шалёныя выдаткі. Можа яны ў акупаваны Крым ці ў Марыупаль аўтобусам?
  • сямейны
    12.03.2024
    Гулечкі-цацачкі. Не цікава чытаць пра выдаткі бяздзетных.
  • Тэкля
    12.03.2024
    За коцікаў дзякуй

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Усе навіны →
Усе навіны

У Германіі спынілі беларускую машыну, якая ўразіла мясцовую паліцыю9

Кіраўніка партыі «Зялёныя» асудзілі на 6 гадоў калоніі3

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў7

У Міжземным моры затанула расійскае судна, якое ішло ў Сірыю1

55 гадзін на машыне і да 100 еўра за падсадку ў аўтобус. Пекла на ўездзе ў Беларусь з Польшчы9

«Пераарыентаваць бізнэс на працу з айчынным сэканд-хэндам». Улады шукаюць рады на заходнія санкцыі1

Расія нанесла ўдар балістычнай ракетай па Крывым Рогу1

У Белавежскай пушчы дзеля рэдкай птушкі выкасяць больш за тысячу гектараў балота

Ціханоўская павіншавала беларусаў, якія святкуюць Каляды 25 снежня11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Галоўнае
Усе навіны →