У якім выпадку Беларусь можа стаць цэнтральнай краінай тэатра ваенных дзеянняў і пры чым тут Вялікабрытанія
Гісторык Юрый Фяльшцінскі ў інтэрв'ю «Рацыі» патлумачыў, чаму Беларусь ключавая ў кантэксце агрэсіі Крамля і чаму, на ягоную думку, найлепшы спосаб забяспечыць бяспеку Украіны — гэта аднавіць канстытуцыйны парадак у Беларусі.
Беларусь — ключавая краіна
«У мяне стварылася ўражанне, што аперацыя «Маларосія» [ў 2014 годзе] правалілася менавіта з-за таго, што стратэгічна была спланавана расійскім кіраўніцтвам няправільна. Пачынаць ваенныя дзеянні трэба было не з усходу Украіны, а з поўначы, у напрамку Кіева. А для гэтага трэба было спачатку захапіць Беларусь», — кажа Юрый Фяльшцінскі.
Гісторык нагадвае, што пасля завяршэння кампаніі 2014 года ён пісаў аб тым, што трэба сачыць за расійскімі войскамі на Беларусі: «Калі мы пабачым вялікую колькасць расійскіх войскаў у Беларусі, значыць Расія рыхтуе напад на Украіну. Так і атрымалася».
Другі аспект — геапалітычны. Беларусь выводзіць Расію на межы адразу некалькіх еўрапейскіх краін, а гэта ў планаванні сухаземнай атакі — галоўны момант.
Чаму Расія не анексуе Беларусі?
Фяльшцінскі звяртае ўвагу, што да сёння ніхто ў Расіі не гаворыць пра анексію Беларусі. Чаму так? Тут ён прапануе звярнуць увагу на размяшчэнне стратэгічнай ядзернай зброі ў Беларусі.
Гэта было зроблена, на погляд Фяльшцінскага, не з мэтай набліжэння ядзернай зброі да межаў Еўропы і пагрозы нейкім краінам там. Для гэтага, заўважае гісторык, можна было перакінуць ядзерную зброю ў Калінінградскую вобласць.
На самой справе за гэтым схаваны намер Крамля пазбегнуць ядзернага ўдару ў адказ па тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.
Са стратай Беларусі Расія прайграе вайну
Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі стварае для Еўропы вельмі моцны фактар рызыкі. Таму, лічыць гісторык, Еўропе трэба было б зрабіць захады па вызваленні Беларусі ад расійскіх войскаў.
«Я гаварыў, што для Украіны было б вельмі важным з пункту гледжання задач, якія перад ёю стаяць, стварыць на базе палку Каліноўскага беларускую дывізію і такім чынам вызваліць Беларусь ад расійскай акупацыі».
З пункту гледжання інтарэсаў Украіны, падкрэслівае Фяльшцінскі, найбольш важнай у плане кантролю зʼяўляецца не Крым ці Данбас, а Беларусь. Вучоны лічыць, што са стратай Беларусі Расія прайграе вайну:
«Не кантралюючы Беларусі, задача захопу Украіны з поўдня і ўсходу бессэнсоўная. Гэта немагчыма зрабіць з ваеннага пункту гледжання».
Гісторык нагадвае, што падобныя прыклады ў гісторыі ёсць: «Вызваленне Германіі ад нацызму пачыналася не з высадкі саюзнікаў у Германіі, а з высадкі на ўсіх астатніх тэрыторыях. Спачатку ў Італіі, Францыі, Усходняй Еўропе — калі мець на ўвазе савецкую армію.
Таму няма нічога няправільнага ў тым, каб арганізоўваць перамогу над Расійскай Федэрацыяй, не ўступаючы ў супрацьстаянне з расійскімі войскамі на тэрыторыі Расіі <…>
Найлепшы спосаб забяспечыць бяспеку Украіны — гэта аднавіць канстытуцыйны парадак у Беларусі. Для гэтага туды трэба зайсці войскамі. І не важна якімі — беларускімі, украінскімі, НАТА.
Пры тым, што Беларусь — невялікая дзяржава. І там, як мне здаецца, відавочная дыктатура. Улада Лукашэнкі трымаецца зусім не на падтрымцы народу. Мне не здаецца, што гэта задача нерэальная і складаная», — заўважае гісторык.
На погляд Фяльшцінскага, са стратай Беларусі Расія губляе магчымасць праводзіць сухаземныя аперацыі, і ўвогуле якія б ні было ваенныя аперацыі супраць Еўропы. А магчымасць такога варыянту цяпер вельмі хвалюе суседнія з Беларуссю краіны.
Ваенны канфлікт паміж Расіяй і Еўропай непазбежны
Фяльшцінскі звяртае ўвагу, што ўсе заявы, якія цяпер робіць вышэйшае кіраўніцтва Расіі, сведчаць аб тым, што гэтая краіна «збіраецца ваяваць вечна, да пераможнага канца». І гэта азначае непазбежнае сутыкненне ці з НАТА, ці, у выпадку, калі Трамп выведзе сваю краіну з гэтага блока, з Еўропай.
Гісторык лічыць, што сутыкненне Расіі з Еўропай непазбежнае. Ён падкрэслівае, што не бачыць «магчымасцей гэтаму канфлікту разысціся».
«Я бачу толькі, што Расія пайшла ў бой свой астатні ў надзеі на тое, што свет спужаецца і капітулюе. Але ён не спужаецца. <…> Таму нас чакае доўгая бітва, канец якой відавочны. Але час яе працягу і кошт перамогі невідавочныя».
На погляд гісторыка, 2024 год будзе для Расіі пазіцыйным. Пуцін будзе чакаць вынікаў выбараў у ЗША. У выпадку перамогі на іх Трампа, прагназуе Фяльшцінскі, у Пуціна адкрываюцца новыя стратэгічныя магчымасці для вайны ў Еўропе.
Ён тлумачыць: «Калі Трамп выведзе ЗША з НАТА, то Еўропа пазбавіцца ядзернага парасону Злучаных Штатаў. Будзе парушаны ядзерны баланс сіл у Еўропе. І ў такім выпадку фактар наяўнасці ядзернай зброі ў Беларусі становіцца сурʼёзным. У Еўропе такая зброя ёсць толькі ў Францыі і Вялікабрытаніі. Францыя, як яна звычайна робіць у крытычнай сітуацыі (мы гэта ведаем з гісторыі Другой сусветнай вайны), адразу заявіць, што ні ў чым не ўдзельнічае.
І гэтае супрацьстаянне будзе паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю. Спакуса задзейнічаць ядзерную зброю для ўдараў па Усходняй Еўропе, як мне здаецца, у Пуціна будзе дастаткова сурʼёзная. Пагрозу ўдару з Беларусі трэба разглядаць як рэальную».
Але па Беларусі, лічыць гісторык, ніхто не будзе наносіць ядзерныя ўдары, бо гэта стварае сурʼёзныя рызыкі распаўсюджання радыяцыі на суседнія дзяржавы. Таму ўдары будуць наносіць звычайнай зброяй і ў першую чаргу па Беларусі. Адказваць за гэта павінен Лукашэнка.
«Тое, што робіць Лукашэнка ў Беларусі — гэта нацыянальная здрада. У любой нармальнай краіне вайскоўцы, якія знаходзяцца вакол, павінны былі яго [адхіліць]», — заўважае Фяльшцінскі.
Чытайце яшчэ:
Гісторык Фяльшцінскі: Расію рыхтуюць да вайны
Камандзір Палка Каліноўскага расказаў, колькі ў ім цяпер людзей
Якія населеныя пункты Расія паспрабуе захапіць пасля Аўдзееўкі?
Каментары