Судзімасць бацькі, дзівосы з адукацыяй, прагалы ў біяграфіі — таямніцы жыцця першай беларускай касманаўткі
Выглядае, што біяграфію Марыны Васілеўскай падкарэктавалі. Былыя старонкі касманаўткі ў сацсетках выдаленыя, затое Укантакце ўжо з’явілася новая, ідэалагічна вывераная.
«Наша Ніва» з дапамогай Belpol высветліла некаторыя моманты з біяграфіі першай беларускай касманаўткі.
Пра Марыну пішуць, што яна нарадзілася ў рабочай сям'і, не ўдакладняючы, што маецца на ўвазе.
Тата касманаўткі Віталь Фёдаравіч апошнія гады працаваў дворнікам у адным з ЖЭСаў Фрунзенскага раёна, да гэтага быў падсобным рабочым у КУП «Маладзёжная сацыяльная служба». У Віталя Фёдаравіча была судзімасць за ўхіленне ад аліментаў. Незразумела, ці тое былі аліменты на Марыну, ці на іншае дзіця.
Мама, Ірына Віктараўна, таксама працавала дворнічыхай у ЖЭСе Фрунзенскага раёна. На яе заводзілі крыміналку за тое, што нібыта выкарыстала службовыя паўнамоцтвы і завалодала грашыма прадпрыемства. Але ў выніку справу спынілі праз адсутнасць складу злачынства.
Раней дзяржаўныя СМІ пісалі, што ў касманаўткі ёсць і брат, і сястра. Цяпер жа ў інтэрв'ю тэлеканалам кажуць, што ў сям'і Васілеўскіх двое дзяцей — Марына і яе старэйшы брат. Магчыма, яшчэ адна сястра нарадзілася ў іншым шлюбе кагосьці з бацькоў.
Вось як характарызаваў Марыну яе старэйшы брат Аляксандр у інтэрв'ю БТ: «Якая яна? Актыўная, хітрая, як ліса. Таму што зробіць яна нешта, а атрымліваю рамяня ад мамы я. Бо старэйшы брат. І сачыненні спісвала ў мяне».
Мама Марыны згадвае, што першым словам дачкі стала «Ачай!» — патрабаванне калыхаць. Калі мама сыходзіла ўвечары на працу, малая камандавала дзядулем.
Марына вучылася ў сталічнай школе № 151 на вуліцы Адзінцова. Гэта звычайны спальны мінскі раён.
У 2020-м на выбарчым участку (№ 74 Фрунзенскага раёна) у школе Васілеўскай за Ціханоўскую нібыта прагаласавала толькі 109 чалавек, хоць згодна з данымі платформы «Голас» — мінімум 689.
Бацькі кажуць, што ў школе дачка добра спявала, малявала, але больш за ўсё любіла танцаваць. Таму вырашылі аддаць яе на бальныя танцы. Марыне падабалася ездзіць на конкурсы ў розныя гарады Беларусі. У тыя часы яна марыла не аб космасе, а аб больш зямной прафесіі — хацела стаць настаўніцай.
Класная кіраўніца Васілеўскай, настаўніца беларуская мовы і літаратуры Лілія Матусевіч, у інтэрв’ю АНТ адзначала, што ў школьныя гады Марына была лідаркай і актыўна ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах.
А вось што напісана пра Марыну ў выпускным альбоме: «Вясёлая, жыццярадасная, прыемная ў зносінах. Не легкадумная, але асабліва не заганяецца наконт няўдач. Умее пляваць на ўсё, што дапамагае ў жыцці. Калі трэба, умее быць сур'ёзнай. Умее зразумець, умее выслухаць. На адчайны ўчынак здольная. Не падазроная, добрая. Не замужам».
Пра жыццё Марыны пасля школы афіцыйныя СМІ расказваць не хочуць. Перыяд амаль у 9 гадоў (з моманту заканчэння школы і да пачатку працы ў авіякампаніі) фактычна ператварыўся ў белую пляму. Адзінае, што паведамляецца пра гэты час у жыцці Васілеўскай — яна прафесійна займалася бальнымі танцамі.
Сярод іншых хобі, пра якія паведамлялася ў СМІ, — бадмінтон і вялікі тэніс, плаванне, агародніцтва і нават дызайн інтэр'ераў.
Цікавы момант — вышэйшая адукацыя. Раней пісалі пра строгія патрабаванні па гэтым пункце: «Свае заяўкі на палёт у Беларусі падалі больш за 3 тысячы чалавек. Крытэрыі адбору кандыдатак былі жорсткія: узрост — 25—40 гадоў, вышэйшая адукацыя па кірунках «фізіка», «хімія», «біялогія», «матэматыка», «ракетна-касмічная тэхніка». Абавязковай умовай было таксама веданне англійскай мовы».
У тым, што бортправадніца сапраўды добра ведае англійскую, можна не сумнявацца. А вось пункт пра вышэйшую адукацыю выклікае пытанні.
Бацькі касманаўткі ў інтэрв'ю «Саветской Белоруссии» сцвярджаюць, што якраз у дзень заканчэння ўніверсітэта Марына праходзіла адбор у сцюардэсы. Аднак назву ВНУ ці хаця б спецыяльнасць, па якой вучылася іх дачка, чамусьці не называюць. Інтэрв'ю з нейкімі ўніверсітэцкімі знаёмымі Васілеўскай таксама няма.
Журналістам «Люстэрка» ўдалося знайсці загад аб залічэнні студэнтаў завочнай формы навучання за 2012-ы, падпісаны рэктарам прыватнага Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта Мікалаем Сушам 6 жніўня таго ж года. Пад нумарам 18 на спецыяльнасці «менеджмент (інфармацыйны)» факультэта эканомікі там значыцца Васілеўская Марына Вітальеўна.
Міністэрства адукацыі сцвярджае, што пасля заканчэння такой спецыяльнасці выпускнікі атрымлівалі кваліфікацыю «менеджар-эканаміст». Але скончыла ці касманаўтка ўніверсітэт, — з гэтай нагоды якіх-небудзь дакументаў знайсці не ўдалося. Можа не здолела, раз гэта хаваюць? А нават калі скончыла, то, вядома, ніякага дачынення да касманаўтыкі гэтая спецыяльнасць не мае. Больш за тое, сам Мінскі інавацыйны ўніверсітэт цяпер знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.
Вось што вядома аб тым, чым займалася Васілеўская пасля школы.
У 2010—2011 гадах дзяўчына працавала на Мінскім аддзяленні Беларускай чыгункі, у 2011 — у таварыстве з дадатковай адказнасцю «Сатурн-2» (яно займалася аптовым гандлем — прадавала каву, гарбату і іншае). У 2013-м Марына працаўладкавалася ў ТАА «Марыяна Інвест» (яно займалася рознічным гандлем каўбаснымі вырабамі і вэнджанінай), дзе працавала да 2015 года.
Пра асабістае жыццё касманаўткі пішуць, што цяпер яе сэрца вольнае. Але Марына ўжо была замужам: яна пабралася шлюбам у 2011 і развялася ў 2015 годзе.
У 2017 годзе Марына стала бортправадніцай «Белавія». Імаверна, адначасова спрабавала займацца сеткавым маркетынгам, таму што зарэгістравалася як дылерка на сайце nlstar.com (кампанія прадае розныя б'юці-сродкі).
Але асноўным месцам працы заставалася «Белавія», дзе Марына была да тых часоў, пакуль Лукашэнка не загарэўся ідэяй адправіць жанчыну ў космас. Крайні (так кажуць тыя, хто лётае) чартар у Марыны быў у Егіпет.
Дзяржаўныя СМІ з самага пачатку падкрэслівалі: «Першым з грамадзян Рэспублікі Беларусь у космасе будзе жанчына — гэта ідэя прэзідэнта». Зорная гадзіна Марыны надышла ў снежні 2022 года, калі прэса актыўна асвятляла адбор касманаўтак. Лукашэнка асабіста прыехаў назіраць праходжанне цэнтрыфугі.
— Зрабіў я вам жыццё, — самаздаволена казаў палітык на камеру. — Нічога, затое будзе што ўспомніць.
Ужо пасля вяртання Марыны на Зямлю ён заявіць пра касмічную адказнасць, якую ўзваліў на свае плечы.
— Ну калі твае дзеці будуць у космасе, зразумееш, што такое грамадзянка Беларусі ў космасе, — заявіў Лукашэнка журналістцы БТ.
Здаецца, для Лукашэнкі было важна, каб першая касманаўтка была прыгажуняй. Тое, што знешнія дадзеныя адыгрывалі галоўную ролю пры выбары прэтэндэнткі, ніхто не ўтойвае. Вось як апісвае сваю першую сустрэчу з Марынай (тады толькі кандыдаткай на палёт у космас) Іван Буча, намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Беларусі:
— Марына была ў прыгожай сукенцы, эфектная, туфлі на высокіх абцасах, распушчаныя валасы.
І пры гэтым ніводнага слова пра яе ўзровень адукацыі — а між тым, знаёмства іх адбылося падчас сумоўя. Але, калі прыбраць кантэкст, то можна падумаць, што гаворка ідзе пра кастынг на «Міс Беларусь».
Трэба адзначыць і тое, што ў нейкі момант Марына вырашыла змяніць імідж. Яна ўсё жыццё была натуральнай бландзінкай — што добра бачна па яе фота, пачынаючы з дзіцячых. Але на ўсіх афіцыйных фота зараз мы назіраем брунетку.
Выгляду касманаўткі настолькі надаюць увагу, што ў фільме БТ падкрэсліваецца, які добры макіяж быў у Марыны, калі яна толькі-толькі прызямлілася — амаль што ўпала з нябёс на зямлю.
«Гісторыя пра тое, як жыццё адной маленькай дзяўчынкі на фота стала дасягненнем незалежнай краіны», — кажуць на БТ. Хаця, хутчэй, гэта гісторыя пра тое, як тую самую маленькую дзяўчынку з фота выкарыстоўвалі для таго, каб папіярыць аднаго састарэлага палітыка. А паралельна паспрабавалі перапісаць яе ж жыццё.
Старая старонка Марыны Укантакце выдаленая. Але ўжо створаная новая, ідэалагічна правільная. На ёй Васілеўская рэпосціць навіны «Раскосмаса». А сярод супольнасцяў, у якія ўступіла Васілеўская, не звязаныя з космасам толькі «Сакрэты прыгажосці».
Старонка ў інстаграме Васілеўскай існуе з 2016 года — зараз толькі ў чарговы раз змяніла назву. Пакуль што падпісак там у разы больш, чым падпісчыкаў.
Каментары