Свет99

Беларусь знайшла партнёра ў Афрыцы. Гэта манархія, дзе ў караля 15 жонак

Беларусь хоча ўсталяваць дыпламатычныя адносіны з Каралеўствам Эсваціні. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы пасла ў ПАР Ігара Белага з каралём Эсваціні Мсваці III у Іаганэсбургу.

Фота: МЗС

Бакі пагаварылі пра супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай сферах. Як паведамляе беларускае МЗС, Эсваціні асабліва зацікаўлена «ў прыцягненні беларускага вопыту і тэхналогій у галіне развіцця сельскай гаспадаркі і забеспячэння харчовай бяспекі афрыканскай краіны».

Нягледзячы на тое, што Эсваціні знаходзіцца вельмі далёка, яго палітычная сістэма можа быць вельмі блізкая новым партнёрам з Беларусі. Каралеўства — апошняя абсалютная манархія на афрыканскім кантыненце. Дзяржавай аднаасобна кіруе кароль Мсваці III з дапамогай указаў, ён жа прызначае прэм'ера і ўрад. Палітычныя партыі ў Эсваціні забароненыя яшчэ з 1970-х гадоў, у краіне дзейнічае пастаяннае ваеннае становішча.

Эсваціні (да 2018 года краіна насіла назву Свазіленд) — невялікая дзяржава без выхаду да мора, яна мяжуе з ПАР і Мазамбікам. Па плошчы каралеўства ў два з паловай разы меншае за Мінскую вобласці, у краіне жыве крыху больш за 1,2 мільёна чалавек.

Больш за палову жыхароў Эсваціні жывуць за рысай беднасці — менш чым на 1,25 даляра ў дзень. У гэтай краіне самы высокі ў свеце ўзровень захворвання на СНІД. Большасць насельніцтва занятая ў нізкаэфектыўнай натуральнай сельскай гаспадарцы на абшчынных землях. Палову ВУП, аднак, складае сфера паслуг.

Эканоміка Эсваціні максімальна завязаная на ПАР: на гэтую краіну прыпадае 65% экспарту і 75% імпарту. Многія мужчыны, каб утрымліваць сем'і, з'язджаюць працаваць у ПАР: грашовыя пераводы з гэтай краіны адыгрываюць важную ролю ў эканоміцы.

Рэзка кантрастуе з такім эканамічным фонам лад жыцця абсалютнага манарха. Мсваці III жыве ў 13 раскошных рэзідэнцыях, ён сабраў парк з дарагіх машын коштам у 500 тысяч даляраў. У год манарх і ягоная сям'я трацяць на сябе больш за 30 мільёнаў долараў дзяржбюджэту.

Сям'я, дарэчы, у Мсваці вялікая. Толькі паводле афіцыйнай інфармацыі, у 55-гадовага караля, які кіруе, дарэчы, ажно з 1986 года, 15 жонак, многіх ён запрыкмеціў на конкурсах прыгажосці. На сваіх спадарожніц Мсваці траціць мільёны даляраў, яны ездзяць на закупы ў Еўропу і ЗША, адпачываюць на элітных курортах. Многія, праўда, сутыкаюцца з хатнім гвалтам: некалькі жонак нават пакінулі краіну з-за эмацыйнага выгарання.

Зрэшты, Мсваці пакуль далёка да свайго бацькі: у папярэдняга караля тады яшчэ Свазіленда Сабхузы ІІ было 70 жонак і больш за 200 дзяцей.

Нядзіўна, што ў грамадстве Эсваціні збіралася незадаволенасць, якая выплюхнулася на вуліцы ў 2021 годзе. Трыгерам стала смерць студэнта каледжа пры загадкавых абставінах. Паліцыя заявіла, што ён загінуў у аварыі, аднак іншыя студэнты сцвярджалі, што яго забілі мясцовыя сілавікі. Адначасова частка дэпутатаў парламента запатрабавала дэмакратызацыі палітычнай сістэмы.

Пратэсты ў Эсваціні. Фота: Foto24 / Gallo Images via Getty Images

Па ўсёй краіне пачаліся масавыя пратэсты. Яны ўзмацніліся, калі кароль забараніў дастаўляць народныя петыцыі ў мясцовыя абшчынныя органы самакіравання. Мсваці прыцягнуў да разгону пратэстаў сілавікоў і войска. Паліцыянты ўжывалі светлашумавыя гранаты, газ, стралялі па пратэстоўцах баявымі патронамі. Затрыманых актывістаў збівалі і катавалі токам. Пратэстоўцы ў адказ на гвалт з боку сілавікоў палілі аўтамабілі, крамы і адміністрацыйныя будынкі. Улады адключалі інтэрнэт і мабільную сувязь.

Пратэсты працягваліся тры гады. Мсваці пры дапамозе гвалту і рэпрэсій удалося паступова задушыць народны рух. У студзені 2023 года ў сваім доме на вачах у жонкі і дзяцей быў забіты дэмакратычны лідар, былы палітвязень Тулані Масека, які ў свой час падаваў у суд на караля, а затым быў адной з галоўных фігур пратэсту супраць Мсваці. Улады забойства не расследуюць.

Рух за перамены, застаўшыся без аднаго з лідараў, вытхнуўся. Апошняя абсалютная манархія Афрыкі гэтым разам выстаяла.

Каментары9

  • Пеця
    16.04.2024
    Родныя душы
  • Питон
    16.04.2024
    кароль караля видзит из далека :)
  • Ганьба
    16.04.2024
    Блізкія ка-каштоўнасці!

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па Мазырскім НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»33

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па Мазырскім НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння чакаюцца снег і галалёдзіца

Плынь турыстаў з Беларусі ў Тайланд павялічылася больш чым удвая

Пойдзе ў адстаўку канцлер Аўстрыі

Не стала восліка, які стаў прататыпам персанажа мульціка пра Шрэка

«Быць найлепшым». Выйшаў кранальны фільм-біяграфія пра Робі Уільямса — з малпай у галоўнай ролі4

Бясплатная арэнда: беларускі набываюць адзенне ў краме, а пасля мерапрыемства вяртаюць53

Блінкен ацаніў дзеянні Байдэна ва Украіне і расказаў, што будзе з украінска-расійскай мяжой і якія непаразуменні меў з Ізраілем7

Хваробу Альцгеймера звязалі з вірусам герпесу, які ёсць у большасці людзей

У Беларусі пачалі піяр-кампанію, крыўдную для Прыднястроўя22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па Мазырскім НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»33

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па Мазырскім НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»

Галоўнае
Усе навіны →