У новым выпуску ТОКу бізнэсовец Аляксандр Кныровіч расказаў, каго лічыць найлепшым прэм'ерам за ўсю гісторыю кіравання Лукашэнкі. А таксама патлумачыў, чаму Лукашэнка не чапае старшыню Нацбанка Паўла Калаўра.
Адказваючы на пытанне, хто самы таленавіты з эканамічнага блоку Лукашэнкі, Аляксандр Кныровіч згадаў, што калісьці такім быў Кірыл Руды — пасол у Кітаі ў 2016-2020 гадах.
«Я яго слухаў і разумеў: па-першае, гэта таленавіты чалавек; па-другое, гэта вельмі смелы чалавек. Таму што за тое, што ён тады казаў ад асобы дзяржавы, зараз робяць экстрэмістам і садзяць за краты», — дзеліцца сваім поглядам бізнесмен.
Другім чыноўнікам, якога згадвае Кныровіч, з'яўляецца прэм'ер-міністр Беларусі ў 2018-2020 гадах Сяргей Румас:
«Ён быў вельмі моцны. Найлепшы прэм'ер за ўсе гады кіравання [Лукашэнкі] ў Беларусі».
Калі ж гаварыць пра сучасную сітуацыю, то бізнэсмен заўважае, што не ведае людзей, якія цяпер у эканамічным блоку Лукашэнкі, але адзначае добрую каманду ў Нацыянальным банку.
«Таму ніхто дзесяць гадоў не чапае Калаўра (старшыню Нацыянальнага банка з 2014 года — «НН»). З ім хацелі б нешта зрабіць. Але так напужаў усіх 2011 год, што Лукашэнка можа Зайца з Русым «расстраляць», засунуць у жывёлагадоўчую ферму, а потым зноў падняць кудысьці ўверх да віцэ-прэм'ера. Ён можа дырэктараў «Атланта» памяняць, але Нацбанк ён не кранае. Не дай божа. Бо быў напужаны».
Гаворачы пра Нацыянальны банк, Кныровіч заўважае: «Там моцная каманда. І тое, што ў Беларусі больш-менш стабільнасць… Зараз яна пачынае калыхацца, але не таму, што нешта не так робіць Павел Калаўр, а таму што астатнія робяць чорт ведае што».
Глядзіце цалкам:
Каментары