Грамадства11

«З настальгіяй гляджу тут на бычкоў». Як фермер і журналіст з Івацэвічаў праз пераслед перабраўся ў ЗША

Сяргей Скулавец меў уладкаванае жыццё ў Беларусі: гадаваў бычкоў, вырошчваў гуркі, меў фермерскую гаспадарку, адначасова займаўся журналістыкай і да апошняга заставаўся ў Беларусі. Цяпер 43-гадовы прадпрымальнік і журналіст адкрывае для сябе і сваёй сямʼі Амерыку. «Белсат» пагаварыў з Сяргеем пра тое, як даліся першыя 9 месяцаў эміграцыі і ці варта гнацца за амерыканскаю мараю.

Журналіст і прадпрымальнік Сяргей Скулавец. Фота: Siarhei Skulawiec / Facebook

«Цябе ў ліпені збіраюцца браць. Рыхтуйся. А лепш — уцякай»

— Калі з самога пачатку. Як прадпрымальнік і журналіст з Івацэвічаў апынуўся ў Амерыцы?

— Сапраўды, у Беларусі я меў добрае, спакойнае і ўладкаванае жыццё. Быў дом, было прадпрыемства, на якім можна было зарабляць грошы. Мне ўжо больш за 40, таму была думка, што буду даводзіць усё да парадку і паступова рыхтавацца да старасці. Дзе там! Усё, можа, так і было б, калі б не ўсе гэтыя падзеі ў Беларусі: пераслед, губазікаўцы, візіты мянтоў дамоў, ператрусы…

Я да апошняга не хацеў выязджаць, сядзеў на месцы і спадзяваўся, што, можа, неяк уладкуецца. Гэта цяжка — усведамляць, што маеш толькі адзін выбар: пакінуць усё — або сесці ў турму. Жыццё ў Беларусі цягам апошніх гадоў — гэта вось што: ты рыхтуешся да таго, што да цябе могуць прыйсці і забраць — у любы момант. Робіш пэўныя перасцярогі: не працуеш у сеціве без VPN, чытаеш навіны толькі ў «партызанскіх» тэлеграм-каналах, у браўзеры праглядаеш старонкі ў рэжыме інкогніта. Усё гэта ўплывала на здароўе — пачаў скакаць ціск.

Ну вось… А потым адзін мой даўні знаёмы, які працаваў у міліцыі, раптам выйшаў на кантакт са мной і папярэдзіў: «Цябе ў ліпені збіраюцца браць, рыхтуйся. А лепш уцякай».

21 чэрвеня 2023 года я зʼехаў з Беларусі. 22-га — затрымалі Сашу Зянкова, потым Ігара Карнея.

— Здолеў выехаць без праблемаў?

— Выязджаў праз Расею. У «Шарамецьева» пільна аглядалі, запатрабавалі ўключыць кампʼютар, тэлефон, прагледзелі ўсё. Я запытаўся, навошта, бо я ж, маўляў, не грамадзянін Расеі. Яны толькі зыркнулі на мяне злосна: «Выязджайце!» Праз некаторы час былі з сямʼёй у Польшчы, ну а адтуль ужо трапілі ў Злучаныя Штаты.

— Падобна, ты прыняў слушнае рашэнне. Каб не выехаў — сямʼя б насіла ўжо перадачкі ў турму…

— Гэта так. Калі былі ў Беларусі, мы мелі план на выпадак затрымання і турмы. Ужо падаецца, так даўно гэта было, але ж было! Жонка і мама ведалі, што трэба рабіць, па пунктах: што з гаспадаркаю, што з прадпрыемствам, дзе браць грошы. Пакрокавая інструкцыя. Мы прагаворвалі яе раз на месяц. Я задаваў пытанні — жонка адказвала, мама таксама ведала план. У той рэчаіснасці разглядаліся ўсе магчымыя варыянты.

— У тым ліку тэрміновай эвакуацыі. Тая інструкцыя спрацавала?

— Так, прадпрыемства распрададзенае, бо ім здалёк не пакіруеш.

«Адпрацоўваў змены на сайце — і ішоў да бычкоў»

— Ты цяпер у бяспецы. Можам ужо казаць, што доўгі час здымаў і пісаў для «Белсату»?

— Абсалютна. Праца ў гаспадарцы і за ноўтбукам добра сумяшчаліся. Бо я заўжды баяўся, што гаспадарка мяне засмокча і я проста атупею. Так што асноўная мая праца была журналістам на «Белсаце». Я адпрацоўваў штодзённыя змены на сайце, а потым ішоў да бычкоў [смяецца].

Але сельскай гаспадаркай я шчыльна займаўся і для таго, каб адвесці вочы сілавікоў і губазікаўцаў ад сябе. Меў, скажам так, пэўнае алібі. Прынамсі я так думаў. Але калі ўламаліся да мяне з ператрусам у 2021 годзе, пабачылі, што за агароджаю стаяць 20 бычкоў, пабачылі і мае 3 гектары зямлі каля дому, то першае пытанне было такое: «Дзе камера, якою ты здымаеш?»

Паводле іхных дакументаў, я праходзіў яшчэ як сведка ў берасцейскай «карагоднай справе». Калі мяне прывезлі ў ГУБАЗіК у Берасці, на вахце адразу запыталіся: «Гэта той самы белсатавец?» То-бок ведалі яны пра мяне! На «Белсаце» я працаваў з самога заснавання каналу: праграма «Прэс-экспрэс», потым «Сальда», быў яе вядоўцам, працаваў у аддзеле навінаў, а з 2018 года — у інтэрнэт-рэдакцыі.

«Гэта можна толькі перажыць, пакуль не ўкладзецца»

— Як твая сямʼя ўспрыняла пастанову эвакуявацца з Беларусі?

— Якраз ёй было найбольш цяжка. Асабліва старэйшаму сыну Ягору, якому ўжо 17 гадоў. Ён дасюль не можа прыняць таго, што мы апынуліся ў эміграцыі і не можам вярнуцца дадому. Вельмі і вельмі сумуе і… часам узнікаюць канфлікты. Ён кажа мне: «Бацька, ты настаўнік гісторыі, дык чаму ты не быў настаўнікам? Навошта табе гэтае змагарства? Чаго ты дабіўся ў выніку і зрабіў для сваёй сямʼі? Мы невядома дзе. І гэта што? Дзеля гэтага ты працаваў, дзеля гэтага — змагаўся?..»

Вось так. Усім вельмі складана. Я разумею, што гэта можна толькі перажыць, пакуль не ўкладзецца. Эміграцыя — гэта апошні крок, які выштурхоўвае людзей. І, у прынцыпе, ты выязджаеш з нічым у нікуды, і тут ты абсалютна ніхто — пакуль не станеш на ногі. Усё жыццё — з нуля…

Сяргей Скулавец разам з жонкай Святланай і сынамі Ягорам і Сцяпанам (малодшы). Фота для «Белсат»

— А малодшы сын як?

— Малодшаму сыну 13 гадоў. Сцяпан знайшоў тут шмат сяброў. Ёсць тут такое беларускамоўнае кола, а непадалёку ад нас жывуць таксама былыя журналісты «Белсату» Андрусь Козел і Вольга Чайчыц. Іхны старэйшы сын ходзіць з нашым у адзін клас, бавяцца разам. Увогуле для дзяцей тут адкрываецца шмат магчымасцяў. Школьная праграма не такая абʼёмістая і прасцейшая. Сцяпану падабаецца.

— А табе?

— Я не ведаю пакуль, цешыцца мне з таго, што мы ў Амерыцы, ці шкадаваць. Проста так ёсць. Калі шчыра, я не планаваў ехаць у ЗША. Мяне б задавальняла жыццё і ў Польшчы. Але цяпер — у нейкім сэнсе — я не шкадую. Бо, калі б жыў у Польшчы, шукаў бы любыя магчымасці, каб хоць вокам зірнуць, што адбываецца ўдома, шукаў бы магчымасці вярнуцца. І потым, хутчэй за ўсё б, пашкадаваў бы пра тое. Тут я не маю такой магчымасці. Тут ты спакойны: адсюль не рыпнешся!

— У якім горадзе атабарыліся?

— У Флэтчэры ў Паўночнай Караліне, 300 кіламетраў да ўзбярэжжа Атлантычнага акіяну. Гэта паўднёвая частка ЗША, можна сказаць, і тут даволі цёпла. Зімы фактычна няма. Прырода толькі ў некаторых месцах нагадвае беларускую.

«Амерыка — іншы свет»

— Калі ўжо пра Амерыку, то якая яна — такая ж сытая і свабодная, як пра яе пішуць? Краіна мараў, не?

— Амерыка — зусім іншы свет. Нешта зусім не падобнае да Еўропы. Прыкладам, мой ранак у Беларусі пачынаўся з кавы, круасана і чытання навінаў. Павольная такая раніца па-еўрапейску.

У Амерыцы — інакш. Я на свае вочы бачыў, як знаёмыя чысцяць зранку зубы проста ў машыне, едучы на працу. Мітусня, шмат працы. Гэта проста вельмі складана апісаць, бо гэта іншы свет: іншыя правілы, іншыя людзі, іншая прырода. Іншыя правілы для кіроўцаў, іншыя правілы будаўніцтва дамоў, іншыя падыходы да працы ў тым ліку — людзі тут вельмі шмат працуюць. Іншае стаўленне до людзей з боку чыноўнікаў, з боку суседзяў. І гэтага сапраўды не апісаць — гэта перажываецца і ўспрымаецца як штодзённае знаёмства з чымсьці новым, цікавым, зусім не знаёмым.

Сяргей Скулавец разам з жонкаю Святланаю. Фота для «Белсат»

— Ці даеш рады з англійскаю моваю?

— Амерыканская мова і англійская — дзве розныя мовы. Сёння я ўжо разумею, пра што ў мяне запытваюць, і магу адказаць. Без мовы тут вельмі складана. Я вучу. Нядаўна здаў тэсты для паступлення ў каледж на навучанне мовы паводле адмысловай дзяржаўнай праграмы для мігрантаў. Навучанне бясплатнае. А я ж прыехаў зусім без англійскай, абсалютна — у савецкай школе вучыў нямецкую. Але з суседзямі ўжо магу паразмаўляць. Дзецям прасцей, яны ўжо добра валодаюць. Можна сказаць, абсалютна англамоўныя маладзёны ўжо.

— Да акіяну дабраўся ўжо, пастаяў на беразе?..

— Не яшчэ. Плануем на наступная выходныя. Мы прыляцелі, і было зусім не да акіяну. Цяпер ужо можна, чакаем, каб трошкі пацяплела. Хаця, ведаеш, усю Паўночную Караліну абʼездзілі ўжо даволі шчыльна. Тут жа і горы, Апалачы, шмат рэчак і вельмі шмат вадаспадаў. Мы дзясяткі ўжо наведалі. Вадаспады рэлаксуюць. Усе побытавыя праблемы забываюцца, калі такую прыгажосць бачыш.

Амерыканская чыноўніца: «Вітаю, я таксама з Беларусі!»

— Праблемаў з дакументамі і легалізацыяй не маеце. На якім цяпер этапе?

— Ну, вось я сказаў пра навучанне мове, жонка пайшла вучыць англійскую ў каледж троху раней. Гэта адзін з найважнейшых этапаў пасля развязання ўсіх вострых пытанняў. А найбольш вострае — гэта дазвол на працу. Тут яго атрымаць не так проста. Але ёсць нюансы, якія дазваляюць працаваць яшчэ да атрымання дазволу. Адразу ж, як я прыехаў у ЗША, я адкрыў уласную фірму. Адкрыць яе можна не выходзячы з дому. Увечары, недзе а 23-й гадзіне, я запоўніў форму, а раніцай, а 10-й, атрымаў ужо сертыфікат уласніка. 120 долараў дзяржаўнага мыта і 5 долараў невялікага падатку — усё. Фантастычна хутка і зручна.

Зарэгістраваў таварыства з абмежаванай адказнасцю «Скулавец» і мог ужо працаваць, а менавіта — надаваць паслугі ў рамонце аўтамабіляў. Тут гэтая сфера найбольш запатрабаваная, бо няма грамадскага транспарту як такога — усе ездзяць аўтамі, якія, зразумела, патрабуюць абслугоўвання. І я пачаў у гэтай сферы, а пазней уладкаваўся на працу ў буйную фірму, дзе працую ўжо паўгода. Дазвол на працу мы атрымалі фактычна ўсёй сямʼёй адначасова — недзе праз 6 месяцаў перабывання ў Злучаных Штатах. Яшчэ праз тыдзень атрымалі нумары сацыяльнага страхавання. Гэта асноўныя дакументы, неабходныя ў ЗША.

Сяргей Скулавец разам з адным са сваіх кліентаў. Фота для «Белсат»

— А правы кіроўцы?

— Літаральна праз месяц па прыездзе меў. Правы кіроўцы тут сапраўды замяняюць пашпарт і фактычна ўсе дакументы. У самалётах, напрыклад, можна з імі лятаць. Але мусіш нанава здаць усе экзамены, бо беларускі досвед тут не лічыцца. Я здаў даволі хутка, бо гэта было жыццёва неабходна.

І мне вельмі падабаецца стаўленне тутэйшых чыноўнікаў да грамадзянаў. Прыходзіш — заўсёды пасміхаюцца, для цябе — мінімум высілкаў. Вельмі прыязнае стаўленне.

Калі атрымліваў нумар сацыяльнага страхавання, прыехаў у цэнтр, на падыходзе да касы сядзіць вельмі мілая дзяўчына, працягваю пашпарт — яна ўсміхаецца: «Вітаю, я таксама з Беларусі!» Ох, як гэта было нечакана. І не на расейскай мове адказала, што тут нядзіўна, а па-беларуску. Неверагодна! Мы некаторы час проста сядзелі і размаўлялі па-беларуску, абмяняліся кантактамі. Дзяўчына ў Амерыцы больш за 20 гадоў ужо жыве, і па-беларуску да мяне. У дзяржаўнай установе. Фантастычна!

— Увогуле маеш куды пайсці, каб троху паварыцца ў беларускім кацялку — паразмаўляць, паспрачацца з суайчыннікамі?

— Тут, у Флэтчэры, з гэтым троху складана. Але той жа Андрусь Козел — побач: мы можам стэлефанавацца, сустрэцца. Ёсць сябры, якія размаўляюць па-ўкраінску. Украінцы цудоўна разумеюць беларускую мову, і не трэба пераходзіць на іншую. Тут таксама ёсць суполка беларускіх баптыстаў, якія яшчэ раней пакінулі Беларусь праз пераслед. Яны расейскамоўныя, але ж — беларусы, і таксама, калі што, могуць дапамагчы.

Але калі казаць увогуле пра штат, то ў ім дзеяць і буйныя суполкі беларусаў. Напрыклад, у Шарлаце, 100 міляў ад нас, дзве гадзіны ехаць. Там існуюць беларускія асяродкі, ладзяцца імпрэзы, адзначаюцца беларускія святы і даты. Я, на жаль, туды пакуль не дабраўся, бо бракавала часу, але вось 1 чэрвеня ў Шарлаце заграе «J:Mors». Вельмі хацелася б трапіць на канцэрт.

— У любым куточку свету цяпер можна знайсці Беларусь і беларусаў…

— На жаль ці не, але гэта так…

«Не задумваюся пра тое, што будзе заўтра»

— Якою бачыцца табе Беларусь праз акіян?

— Штодня чытаю навіны. Адно што са спазненнем на 7 гадзінаў. Ува ўсім гэтым інфармацыйным вэрхале найбольш адбіваюцца навіны пра затрыманні і пераслед. Навіны пра вайну ва Украіне адышлі на другі план. У першую чаргу насычаешся навінамі з Беларусі, але гэта — затрыманні, затрыманні, затрыманні… І гэта вельмі сумна.

Вось чакаюцца выбары ў КР, дык гэта хоць неяк перабівае павестку пра рэпрэсіі. Чытаеш, сочыш за кандыдатамі — цікава, нават прышпільна.

— У Беларусі меў прасторны дом. Дзе жывяце цяпер? Распавядзі мне пра твой амерыканскі дом.

— Змітру, я некалькі разоў дыскутаваў з эмігрантамі, якія наракаюць, як цяжка легалізавацца і гэтак далей. І гэты аспект мяне зусім не абыходзіць. Я на этапе, які дазваляе мне працаваць і заставацца тут легальна.

Я не задумваюся пра тое, што будзе заўтра. Дом там ці тут. Я вельмі спадзяюся, што вярнуся ў свой дом, які сам збудаваў і які чакае мяне.

Тут мы арандуем жытло. Маем ужо прапанову перазаключыць дамову ў верасні. Гэта кватэра. Але не такая, як у Беларусі ці наагул у Еўропе. Амерыканская — іншая. Тут усё нашмат большае. Амерыканцы вельмі любяць вялікія рэчы. І я ўжо не дзіўлюся, чаму ў іх не кілаграмы, а фунты, не кіламетры, а мілі. Яны вельмі любяць прастору і вялікія абʼёмы. Амерыканская лядоўня ўдвая большая, чымся была ў нас у Беларусі, газавая пліта — удвая большая, мікрахвалёўка — як тэлевізар. У двухпакаёўцы абавязковыя дзве лазенкі і дзве прыбіральні. Яшчэ тры ці чатыры ўбудаваныя шафы, бо мэблі ў амерыканцаў вобмаль. Ведаеш, на гэтым этапе нас абсалютна задавальняе нашая кватэра.

— Ці дужа плаціш за яе, калі параўнаць з заробкам?

— Каб аплаціць жытло, мне трэба працаваць тыдзень на месяц. Прымальны кошт. І нам пашанцавала: мы жывём у вельмі ціхім і спакойным раёне — ніякага крыміналу. Школа — літаральна праз агароджу, відаць з нашага акна. Дзяцей не трэба падвозіць. Такія моманты ў Амерыцы неацэнныя.

— Выдатна. Але скажаш больш канкрэтна, колькі зарабляеш?

— Ох… Амерыканцы ўвогуле не размаўляюць пра заробкі. Гэта лічыцца прадметам дурнога тону.

— Выбачай. Але…

— Добра… Я зарабляю цяпер каля 30 долараў за гадзіну. Калі, напрыклад, узімку я працаваў без выходных, то за месяц прыйшла разлікоўка на 7 тысяч долараў. Гэтых грошай дастаткова, каб сямʼі з чатырох чалавек жыць нармальна.

«У Польшчы цябе камары беларускія могуць пакусаць, а тут — не»

— Ці заўважыў за сабою, што твае беларускія звычкі, чыста чалавечыя, становяцца пакрысе амерыканскімі? У плане ежы, напрыклад…

— Абсалютна так. Пра павольную еўрапейскую раніцу я ўжо сказаў… Калі казаць пра ежу, то я вельмі часта чую і бачу, як беларусы пішуць, як жа яны сумуюць па беларускай згушчонцы ці па чымсьці там яшчэ. І мне падаецца гэта такім глупствам і бессэнсоўнасцю! Як можна сумаваць па ежы?.. Дзіўна. Тут, дарэчы, ёсць расейскія крамы, дзе можна набыць тую ж рагачоўскую згушчонку, якую я люблю больш за глыбоцкую, выбачайце [смяецца]. Знайсці тут можна ўсё. І мяне гэта мала хвалюе.

Сяргей Скулавец разам з жонкаю Святланаю. Фота для рэдакцыі

З новых звычак — вельмі шмат сталі спажываць марозіва і садавіны. Я быў уражаны якасцю садавіны. Прыкладам, турэцкія гранаты, якія мы куплялі ў Беларусі, ніяк не параўнальныя з каліфарнійскімі. Яны тут надзвычай сочныя. А марозіва — таннае, і набываюць яго галонамі (1,3 кг). Набываеш некалькі — ставіш у лядоўню.

А, так, была праблема з кавай. Амерыканцы пʼюць каву, прабач, вёдрамі. Але мне, як толькі прыехаў, мясцовая падалася нясмачнай. Яна іншая, з асаблівым прысмакам. Ведаю, што адзін прадпрымальнік з Украіны хацеў завозіць сюды «Jacobs» з Нямеччыны, але потым разабраўся, што гэта была б вельмі стратная справа праз высокія мытныя квоты. Нічога — звыкліся. Я знайшоў для сябе калумбійскую, даволі прыстойную, дарэчы, каву.

— Ну, з бульбай жа там, напэўна, няма праблемаў? Дранікі маеш з чаго гатаваць?

— Безумоўна. А як без іх! Вольга Чайчыц час ад часу ладзіць гэткую бульба-вечарыну з дранікамі. Ты ж ведаеш, Амерыка — радзіма бульбы, яе тут шмат. Якую захочаш, можаш набыць. Хоць, на нашыя меркі, яна тут дарагаватая. Адзін фунт (каля 0,5 кг. — Заўвага belsat.eu) можа каштаваць 5 долараў. Але для Амерыкі гэта адносна танна.

— Ну нармальна. Значыцца, параіў бы беларусам зʼязджаць у ЗША?

— О, ну гэта цяжкае пытанне! Кожны павінен усведамляць, што гэта вельмі і вельмі далёка ад дому.

Калі ты ў Польшчы — можаш да самой мяжы падʼехаць, цябе камары беларускія могуць пакусаць. А тут — не.

І гэта сумна — не мець хоць нейкага фізічнага кантакту з роднымі і радзімаю. Гэта вельмі складана.

— Ясна, а якую амерыканскую фішку ўжо падгледзеў і прывёз бы ў Беларусь, каб прыносіла карысць радзіме?

— Механізм функцыянальнай бюракратыі. Гэта пра дачыненні звычайных грамадзянаў і дзяржавы. Яны тут зводзяцца да такога мінімуму, што ты проста не адчуваеш нейкага ўплыву ці ціску з боку дзяржавы. Паліцыянтаў практычна не відаць! Напрыклад, абмежаванне хуткасці на дарогах — 45 міляў за гадзіну, але амаль усе пруць з хуткасцю 50—60 міляў за гадзіну. І іх ніхто не спыняе. Ты абганяеш паліцэйскае аўта, і яны на цябе нават увагі не звяртаюць.

Усюды рацыянальны падыход: на чырвонае святло можаш спакойна павярнуць направа, калі не ствараеш перашкодаў, а на святлафорах няма жоўтага святла, каб ашчаджаць час. Калі раптам адбываюцца нейкія стасункі з паліцыянтамі, то яны такія ветлівыя і спакойныя, што беларусу аж цяжка сабе ўявіць. Такі вось падыход — лагічны, рацыянальны і ў той жа час грунтоўны.

Сяргей Скулавец. Крыніца: Julia Cialpuk / Facebook

«З настальгіяй гляджу на бычкоў — чорных, прыгожых, укормленых»

— Чалавечны. У цябе не было жадання заняцца ў Амерыцы тым, чым займаўся ў Беларусі?

— Каб гэтым займацца, патрэбная зямля. Так, я з настальгіяй гляджу на палеткі фермераў, калі еду на машыне. На бычкоў… Чорных, прыгожых, укормленых. Іх тут шмат.

Людзі гадуюць фактычна ў такіх жа абʼёмах, якія былі ў мяне. Тут робіцца вялікі ўхіл на мармуровае мяса, з быкоў гэрэфардскай пароды. Яны ёсць і ў Беларусі. Толькі што тут трава круглы год. Лукашэнка ж таксама калісьці націскаў, што вось мы будзем вырошчваць мармуровую ялавічыну, бо яна вельмі дарагая…

— Па журналістыцы не сумуеш? Можа, папісаў бы троху?..

— Шчыра?.. Пасля той вострай размовы з сынам — не, не хочацца. Хочацца ўсё гэта перажыць найперш. Часам праглядаю вакансіі, бо розных медыяў для расейскамоўных тут дастаткова. Проста з цікавасці. Але каб у іх працаваць, трэба было б змяніць штат, горад, ізноў адаптавацца і праходзіць праз усё гэта. Так што не, не хочацца пакуль што. Я не гатовы. Ні я, ні сямʼя.

— Ох, я ж пра Трампа забыўся спытацца! Еўропа вельмі баіцца ягонага вяртання. А што там Амерыка?

— Ведаеш, мы, беларусы, прывыклі да таго, што прэзідэнт вырашае ўсё. Але Штаты — гэта дэмакратыя, дзе прэзідэнт — асоба, яка адказвае за важныя пытанні, але да канца, што і як будзе, ён не вырашае. Ёсць парламент, Канстытуцыйны суд, якія могуць накласці на рэзалюцыю прэзідэнта вета. Таму я не сказаў бы, што прыход Доналда Трампа тут чакаецца як катастрофа. Гэта будзе мець нейкі адбітак, але не будзе катастрафічным. Гэта па-першае.

Па-другое, я жыву ў паўднёвым штаце, рэспубліканскім, побач Флорыда, якая лічыцца радзімаю Трампа. Тут вельмі шмат можна пабачыць білбордаў на ягонае падтрыманне. У той жа час яго вельмі шмат крытыкуюць. І настаўнікі дзецям у школах спакойна апавядаюць пра рызыкі ягонага вяртання. Ну але неадукаваныя людзі, якія жывуць у горах, падтрымліваюць палітыку Трампа і гатовыя галасаваць за яго. Але катастрофы дакладна не будзе, калі ён прыйдзе да ўлады.

 Не, не хочацца катастрофы. Хочацца цуду. Уяві: заўтра ты прачынаешся, чытаеш навіны — і разумееш, што Беларусь ужо свабодная. Тваё рашэнне.

— Пакую рэчы, набываю першы ж квіток на самалёт — і лячу дамоў.

— Упэўнены?

— Так, на 100 адсоткаў!

Каментары1

  • пракоп
    26.05.2024
    усе добра алеж старэйшы сын расце ватнікам .

Дзмітрыеў расказаў немцам, чаго Лукашэнка можа хацець ад Еўропы24

Дзмітрыеў расказаў немцам, чаго Лукашэнка можа хацець ад Еўропы

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр Мікалай Крыжаноўскі

Пад Дамаскам знайшлі масавае пахаванне ахвяр рэжыму Асада

Участкам у Сочы, які належаў Беларусі, валодае былы ахоўнік Лукашэнкі4

«Люстраныя клеткі»: сінтэтычнае жыццё, што можа знішчыць чалавецтва5

Ці можна ў гарадскім двары самачынна паставіць ялінку?1

Памёр Пятро Бурсевіч1

Для большасці людзей пратэінавыя дабаўкі непатрэбныя. Але ў некаторых выпадках яны карысныя

Гамяльчанка купіла ялінку з жывым «падарункам». Цяпер не ведае, чым карміць1

Мінчанка назбірала ў снежні тазік грыбоў. Сярод іх быў нават баравік

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзмітрыеў расказаў немцам, чаго Лукашэнка можа хацець ад Еўропы24

Дзмітрыеў расказаў немцам, чаго Лукашэнка можа хацець ад Еўропы

Галоўнае
Усе навіны →