Культура

«Быў яшчэ той франт!» Невядомыя факты пра Петруся Броўку

Паэт, перакладчык, празаік, рэдактар прачынаўся а 5—6 гадзіне раніцы і адразу ішоў на шпацыр у парк імя Горкага.

А ў Кіславодск ездзіў разам са сваім кумірам (менавіта так!) Янкам Купалам. Малазнаёмыя факты з жыцця класіка беларускай літаратуры карэспандэнту Мінск-Навінаў распавяла старшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Петруся Броўкі Карына Кушчанка.

Той яшчэ франт

Нарадзіўся Пятрусь Броўка ў вёсцы Пуцілкавічы на Ушаччыне. Як паэт, ён пачаў друкавацца ў Полацку, а ў Мінску атрымаў вышэйшую адукацыю і пражыў тут усё жыццё. Такія звесткі пра нашага літаратара можна знайсці ў амаль кожным біяграфічным даведніку, мяне ж цікавіла тое, пра што там звычайна не пішуць. Асабістыя рэчы, запісы, лісты, дзённікі, фотаздымкі… Менавіта яны дапамагаюць раскрыць сутнасць творчай асобы.

У невялікім пакойчыку, дзе раней знаходзілася спальня гаспадароў кватэры, гасцей музея сустракаюць маўклівыя капялюш, парасон і чамадан. Асабіста для мяне гэтыя рэчы сімвалізуюць вандроўкі, шляхі, сляды… Побач бачу чорны фрэнч. Не з пляча Броўкі: ён узяты з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Гэты фрэнч цудоўна ілюструе моду 1930-х гадоў. У кішэню супрацоўнікі музея паклалі яшчэ і кнігу «Так пачыналася маладосць» — адзінае поўнае выданне паэмы. Пятрусь Броўка быў у маладосці яшчэ тым франтам!

— Захапляцца модай пачаў адразу, калі пераехаў у Мінск. Броўка заўсёды апранаўся элегантна. Былі ў яго гарнітуры, вышыванкі…

На копіі фотаздымка з дыплома за 1931 год ён з паголенай галавой. Нагадвае Уладзіміра Маякоўскага — аднаго са сваіх любімых паэтаў. Пасля смерці расійскага паэта-футурыста Броўка нават пачаў апранацца, як ён. А яшчэ ў той час хлопцы звычайна імкнуліся крышачку скрывіць набок гальштук. Гэта азначала, што перад вамі геній, — усміхаецца Карына Кушчанка.

Хутчэй за ўсё, элегантнасць перадалася Петрусю ад маці. Алена Сцяпанаўна была лепшай краўчыхай у вёсцы: яна не толькі сама шыла і ўпрыгожвала адзенне, а яшчэ і прыдумвала дызайн. На сваім «Зінгеры» жанчына шыла адзенне і на заказ, зарабляючы такім чынам грошы.

Літаратурны рытуал

У хатняй бібліятэцы беларускага класіка сустракаюцца кнігі Тэадора Драйзера, Джэка Лондана, Ганны Ахматавай, пераклады з карэйскай і японскай моў, а таксама тут можна ўбачыць томікі яшчэ шмат якіх аўтараў з розных краін. І, канечне, беларускіх класікаў.

— З дзяцінства хлопец цікавіўся творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Калі б не было гэтых выбітных творцаў, то, магчыма, не было б і Петруся Броўкі. Ён шмат чытаў, любіў не толькі беларускую, але і зарубежную літаратуру, гісторыю літаратуры, сачыў за навінкамі. Заўсёды прывозіў кнігі з вандровак. Яго цікавіла і кніжная культура: пачынаючы з дызайну вокладкі і заканчваючы попытам. Набыццё кніг было для Петруся Броўкі сапраўдны рытуалам. А яго сябра Пятро Глебка нават калекцыяніраваў іх.

Ёсць таксама звесткі, што першымі беларускімі паэтамі, якія пачалі чытаць свае вершы на тэлебачанні, былі менавіта Пятро Глебка і Пятрусь Броўка. Сёння Карына Кушчанка шукае адпаведныя запісы ў архівах.

Гарэзы

А дзе любіў адпачываць аўтар лібрэта опер «Міхась Падгорны» і «Алеся»? Канешне, на прыродзе. У Ждановічах знаходзілася любімае лецішча пісьменніка. Унучка Кандрата Крапівы Алена Атраховіч згадвала, што Броўка, Глебка і Крапіва, нягледзячы на свой ужо сталы ўзрост, нагадвалі сапраўдных гарэзлівых хлапчукоў. Зрабілі кожны ў сваім плоце лаз і так хадзілі адзін да аднаго ў госці. А яшчэ спаборнічалі ў пасадцы розных дэкаратыўных дрэўцаў, гулялі ў прэферанс, а Глебка і Крапіва яшчэ і ладзілі шахматныя турніры.

Сведкамі захаплення Петрусём Броўкай прыгажосцю беларускіх пейзажаў з’яўляюцца і карціны ў яго бібліятэцы і кабінеце.

Адна з іх — лірычная «Цішыня» ў вохрыста-зялёных адценнях, напісаная ў 1954 годзе народным мастаком БССР Віталем Цвіркам. Цікава, а якія ж пачуцці выклікаў твор Цвіркі ў самога паэта? Аб чым думаў ён і пра што ўспамінаў, гледзячы на жывапіснае палатно?

Часта адпачываў Пятрусь Броўка і ў санаторыі. У Кіславодск часта ездзіў з Янкам Купалам, бываў і ў Мінеральных Водах.

— З кожнай краіны ці горада абавязкова хочацца прывезці штосьці на памяць, і Броўка — не выключэнне. Ён, у прыватнасці, збіраў каменьчыкі: я выпадкова заўважыла іх на паддоне пад шафай. Прыемна думаць, што амаль 45 гадоў таму да іх дакраналіся рукі паэта. Я, дарэчы, таксама, знаходзячыся за межамі сталіцы, шукаю каменьчыкі. Бо веру: яны захоўваюць у сабе ўсё, што бачаць.

Месца сілы

У 2016 годзе ўзнік праект «1.1.1». Ён прысвечаны тром творцам Ушаччыны: Петрусю Броўку, Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну.

— На працягу аднаго дня супрацоўнікі музея разам з усімі жадаючымі наведваюць некалькі мясцін Віцебскай вобласці — радзіму Рыгора Барадуліна гарадскі пасёлак Ушачы, вёску Бычкі, дзе знаходзіцца музей Васіля Быкава, і хату-музей Петруся Броўкі ў Пуцілкавічах. Праект «1.1.1» ушаноўвае такім чынам памяць гэтых выдатных творцаў і прыцягвае ўвагу да беларускай літаратуры і вандровак па роднай краіне, — адзначае Карына Кушчанка.

У гэтым годзе літаратурная вандроўка адбылася 23 чэрвеня.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай31

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Усе навіны →
Усе навіны

«Бог вельмі ганарыцца працай, якую я зрабіў». Трамп вылецеў на Сусветны эканамічны форум у Давосе10

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?15

Расійская ракета СПА трапіла ў жылы дом у Адыгеі10

Прэм'ер Канады: Стары сусветны парадак не вернецца, сярэднім дзяржавам трэба трымацца разам4

Пад Барселонай сышоў з рэек цягнік, загінуў машыніст, дзясяткі людзей паранены2

Прагноз надвор'я ад Гідраметцэнтра Расіі самы няякасны сярод канкурэнтаў. А якія мадэлі прадказваюць надвор’е найлепш?1

Былая расійская настаўніца стала вярбоўшчыцай замежнікаў на вайну супраць Украіны4

«Анліфаншчыца з Пінска» кажа, што яна не анліфаншчыца і не ў рабстве ў М'янме20

Дэвід і Вікторыя Бэкхэмы моцна не паладзілі са сваім старэйшым сынам. Ён абвінаваціў іх публічна4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай31

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць