Грамадства1919

Як склалася жыццё вундэркінда з Жодзіна, які ў 12 гадоў паступіў у медыцынскі ўніверсітэт?

У 2015 годзе 12-гадовы Цімур Сушко стаў студэнтам медыцынскага ўніверсітэту. Ён казаў, што марыць трапіць на Алімпіяду-2020 як плывец, а таксама хоча стаць нейрахірургам. З першым не склалася, а ці стаў вундэркінд доктарам?

Тут і далей фота з сацсетак Цімура Сушко і яго таты

Бацькі Цімура з гонарам расказалі журналістам, што сын у дзевяць месяцаў добра размаўляў, у год — патрабаваў набіраць ваду ў ванну і па тры гадзіны там плаваў, а ва ўзросце двух гадоў нават умеў чытаць.

Трэба адзначыць, што тата з мамай шукалі вельмі розныя (і небанальныя) варыянты развіцця талентаў сына. Напрыклад, у YouTube ёсць відэа, на якім 11-гадовы Цімур (тады ўжо 11-класнік жодзінскай школы №8) займаецца ў школе Вольгі Чурылінай у Маскве. Экспертка нібыта дапамагала хлопчыку развіваць экстрасэнсорныя здольнасці.

На відэа настаўніца кажа хлопчыку, што яму трэба здагадацца, які малюнак выбрала яго маленькая сястрычка Воля. Дзяўчынка выбірае малюнак з манга. Цімур схіляе галаву і павольна перакладае лісты малюнкам уніз — і ў выніку дастае тое самае манга.

Цімур прафесійна займаўся плаваннем і расказваў, што плануе прыняць удзел ва Алімпіядзе-2020. Трэнеры казалі: у таленавітага хлопца ёсць шанцы праз некалькі гадоў увайсці ў склад моладзевай зборнай краіны.

Мяркуючы па наступных інтэрв'ю, першыя месяцы ў ВНУ былі для Цімура вельмі насычанымі: ужо ў 6:30 у яго пачыналася першая трэніроўка ў басейне, потым былі заняткі ва ўніверсітэце, а потым — зноў плаванне. Да дому ён звычайна прыязджаў у 21:00 — і яму ж патрэбна было нешта зрабіць па вучобе. Падчас спаборніцтваў Цімур адсутнічаў на занятках, а потым спрабаваў самастойна дагнаць аднакурснікаў. Шчыра кажучы, не кожны дарослы чалавек змог бы доўга вытрымаць такі рытм жыцця.

У адным з інтэрв’ю Цімур расказаў, што адносіны з аднакурснікамі ў яго не склаліся — у асноўным праз тое, што ўсе яны былі старэйшыя гадоў на пяць. Але пры гэтым адзначаў, што ставіліся да яго добра. А выкладчыкі паблажак не рабілі і іспыты прымалі гэтак жа строга, як і ва ўсіх астатніх студэнтаў.

У 14 гадоў хлопец ужо меў каля 200 узнагарод на розных спаборніцтвах. З вучобай на дзённым аддзяленні БДМУ ўсё было не так добра: пасля першага курса хлопцу прыйшлося ўзяць акадэмічны адпачынак. Цімур тлумачыў гэта тым, што толькі вучыцца ў медыцынскім універсітэце для яго было нескладана, цяжэй за ўсё аказалася адначасова добра вучыцца і добра выступаць на спаборніцтвах.

Падчас акадэмічнага адпачынку хлопец працягнуў займацца плаваннем: у яго было па дзве трэніроўкі па буднях і па адной у выходныя дні. Цімур выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту, заняў трэцяе месца ў першынстве Мінска сярод дарослых. А яшчэ дэбютаваў у чэмпіянаце Беларусі.

У 2017 годзе журналіст «Трыбуны» сустракаўся з Цімурам і быў вельмі ўражаны знешнім выглядам падлетка. У свае 14 гадоў той вымахаў да 184 сантыметры і насіў абутак 43 памеру. Тады Цімур казаў, што пасталеў і з верасня вернецца да заняткаў у БДМУ.

Ён нават стаў удзельнікам працоўнай групы ў Інстытуце фізіялогіі Акадэміі навук. Цімур у кампаніі навукоўцаў працаваў над прафілактыкай посттраўматычнай шкоды хрыбетніка і галаўнога мозгу. Вынікам працы сталі публікацыі ў амерыканскіх і швейцарскіх навуковых часопісах.

Тады ж Цімур распавёў, што часцей за ўсё чытае падручнікі, але любімай кнігай лічыць «Маленькага прынца» Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Сваім кумірам падлетак называў Майкла Фелпса, які заваяваў на Гульнях 23 золата. Сам Цімур марыў пра алімпійскія гульні ў Токіа. Але прызнаваўся, што любіць з сябрамі паганяць на роварах, згуляць у футбол ці зарубіцца ў доту.

Далей нешта пайшло не так. У 2019 годзе «Трыбуна» заўважыла, што поспехі падлетка ў плаванні перасталі ўражваць. «У канцы мінулага года Цімур плаваў за мінскую каманду «Трактар» у міжнародным турніры на прызы Сяргея Каплякова, і на двухсотметроўцы брасам заняў 13-е месца — мякка кажучы, сярэдні вынік для плыўца, які некалькі гадоў таму марыў трапіць на Алімпійскія гульні ў Токіа», — пісала выданне.

Як удалося даведацца «Трыбуне», праз ад'езд за мяжу асабістага трэнера Ігара Нежанца тынэйджар узяў паўзу ў занятках плаваннем. Аднак паведамлялася, што коўч хутка вернецца, а 16-гадовы Сушко зноў пачне трэніравацца.

Пасля ў медыйнай прасторы вельмі мала звестак пра жыццё Цімура.

У 2019 годзе ў адным са СМІ Васіль Сушко (тата хлопца), казаў: «Мы сёлета напісалі заяву на адлічэнне з медыцынскага ўніверсітэта, ён скончыў два курсы. Мы зрабілі выснову, што нельга сумяшчаць вялікую прафесію доктара і плаванне».

Бацька таксама паведамляў, што пасля гэтага хлопец пачаў вучыцца ў БНТУ на спартыўна-тэхнічным факультэце. Падкрэслівалася тое, што ўсе рашэнні тата і сын абмяркоўвалі і прымалі разам.

Што з вундэркіндам цяпер? На Цімура Васільевіча Сушко зарэгістравана фірма ў Смаленску — ТАА «Сінэргія», дзе той з’яўляецца дырэктарам з 2023 года. Заснавальніцай «Сінэргіі» з'яўляецца яго маці Святлана Сушко.

Раней «Беларуская дзелавая газета» пісала аб тым, што менавіта «Сінэргія» стала ўладальнікам СААТ «Белавежскія сыры» (знаходзіцца ў горадзе Высокае Брэсцкай вобласці). Цяпер Святлана Сушко пазначана як заснавальніца ТАА «ГД «Белавежскія сыры».

Атрымліваецца, Цімур пакінуў у мінулым мары пра Алімпіяду і працу доктарам і вырашыў займацца сямейным бізнэсам.

Тата Цімура — Васіль Сушко — наадварот кінуў бізнэс, каб рэалізаваць дзіцячую мару і стаць спеваком. Як ён сцвярджае, пакінуў свой пакет акцый «Белавежскіх сыроў» маці сваіх дзяцей. Па версіі былой жонкі — Святланы Сушко — яна сама выкупіла ў яго пакет акцый і самастойна ператварыла праблемнае прадпрыемства ў прыбытковае.

Васіль Сушко цяпер пазіцыянуе сябе як «беларускага мільянера, які спявае». Сёлета ён атрымаў узнагароду ад расійскага «Радыё Шансон». На той жа цырымоніі ўзнагароджання «Шансон года — 2024» дыплом далі і нявестцы Лукашэнкі, якая піша песні пад псеўданімам Ганна Сялук.

Каментары19

  • Алилуя
    11.09.2024
    Просто порадую, что папа наконец отцепился от детей и свои мечты стал воплощать сам
  • Абармот
    11.09.2024
    В 9 месяцев хорошо разговаривал? А чего они его тогда в том возрасте в мед не отдали?
  • Одобрямс
    11.09.2024
    Парень молодец, но родители перестарались. И вот ради чего было забирать и ребенка детство? Уверен, что он сейчас даже смотреть в бок бассейна не хочет

На сустрэчы Снапкова з бізнэсам адзін з запрошаных заклікаў зняць відэазварот «Надо!» Як адрэагавалі астатнія?12

На сустрэчы Снапкова з бізнэсам адзін з запрошаных заклікаў зняць відэазварот «Надо!» Як адрэагавалі астатнія?

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускія навукоўцы незвычайным чынам праверылі ўзрост невядомага раней цудатворнага абраза2

Палітвязня Аляксандра Арановіча будуць судзіць па новай крымінальнай справе. З ім няма сувязі амаль 5 месяцаў

Адпусцілі дадому 6 чалавек. Што вядома пра пацярпелых у ДТЗ з маршруткай пад Барысавам

Іран рыхтуе магутную атаку на Ізраіль з удзелам арміі12

Упершыню ля Чырвонага касцёла ў Мінску не было знічоў і малітваў1

Першая беларуская касмічная турыстка Марына Васілеўская прадае свой айфон33

Санду ўпэўнена перамагае ў другім туры выбараў у Малдове32

Хто лепшы для Беларусі — Трамп ці Харыс? Парадаксальная думка Шрайбмана14

Допіс беларускі-псіхолага пра сэкс з грузінам-Апалонам выклікаў міжгендарную сварку32

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На сустрэчы Снапкова з бізнэсам адзін з запрошаных заклікаў зняць відэазварот «Надо!» Як адрэагавалі астатнія?12

На сустрэчы Снапкова з бізнэсам адзін з запрошаных заклікаў зняць відэазварот «Надо!» Як адрэагавалі астатнія?

Галоўнае
Усе навіны →