Закаханыя ў Мінску хацелі сабраць з падпісчыкаў $10 тысяч на вяселле мары. Колькі ж у выніку ім заданацілі?
Мінчукі Аліна і Яўген не адзін год марылі пра вяселле як у кіно. Аднойчы нават перанеслі свята, бо не маглі яго аплаціць. А сёлета вырашылі папрасіць у інстаграме неабыякавых людзей скінуцца грашыма. Што ж з гэтага атрымалася?
Маладыя людзі пачалі планаваць вяселле яшчэ ў 2022 годзе — за 10 месяцаў да меркаванай даты свята. Яны глядзелі шыкоўныя пляцоўкі для правядзення вяселля, абіралі фатографа, а нявеста вырашала, якую сукенку сабе пашыць. Хутка стала зразумела, што на гэта патрэбна прыкладна два вагоны грошай, якіх маладыя людзі не мелі, але спадзяваліся назапасіць. Але ж не атрымалася, і вяселле прыйшлося адкласці на жнівень 2024 года.
У нейкі момант Яўген спрабаваў пераканаць каханую, што лепей паехаць на паўгода жыць на Балі, чым траціцца на пафаснае свята. Нявеста ж катэгарычна адмовілася. Яе галоўны аргумент быў такі: на адпачынак яны яшчэ паспеюць зарабіць, а вяселле раз у жыцці.
Сёлета ў красавіку Аліна зноў пачала запісваць сумныя сторыс:
«Праз чатыры месяцы ў нас вяселле, а ў скарбонцы 26 даляраў. Кожны раз мы залазім у скарбонку, каб то студыю аплаціць, то рэкламу, то яшчэ нешта. І здаецца, што заробкі быццам не маленькія, але пры гэтым не атрымліваецца адкласці ад слова «зусім». Як людзі на кватэры збіраюць, у мяне ўвогуле ў галаве не ўкладаецца».
Агулам на старонках Аліны і Яўгена ў інстаграме каля 17 тысяч падпісчыкаў. Пара таксама мела невялікі бізнэс — трымала фотастудыю і шоўрум вячэрніх сукенак.
За 73 дні да даты вяселля яны вырашылі абвесціць збор на свята.
— Вы толькі ўявіце, калі 10 тысяч чалавек дашле нам усяго па 1 даляры. Тады мы зможам лёгка здзейсніць сваю мару. А калі больш… Уявіце, які гэта круты эксперымент — паглядзець, якое вяселле можна зрабіць дзякуючы падпісчыкам, — з энтузіязмам казала Аліна ў відэа.
Ролік набраў 39500 праглядаў і выклікаў хвалю хэйту. Не ўсе зразумелі, як можна тэрмінова збіраць грошы на вяселле, калі існуе шмат збораў на лячэнне дзяцей.
— Самае цікавае, што, калі я задаю самае звычайнае пытанне: «А што канкрэтна ў гэтым дрэннага?» — мне яшчэ ніхто не змог адказаць, — здзіўлялася ў сторыс дзяўчына.
Яна тлумачыла, што, мабыць, не трэба было выкарыстоўваць слова «збор», якое зачапіла многіх.
— Мне проста не зразумела, чаму людзей так трыгерыць тое, што нейкая колькасць людзей скіне нам па рублі на вяселле? Вы баіцеся, што ў нас усё атрымаецца і вам будзе няёмка, што вы так не паспрабавалі? Што вам было сорамна прасіць у кагосьці дапамогі?
Але ж першы дзень эксперыменту паказаў, што ідэя Аліны і Яўгена небезнадзейная — ім заданацілі 162 рублі. Дзяўчына распавяла, што сярод першых спонсараў быў пажылы мужчына, які разам з жонкай перавёў закаханым 13 рублёў. Ён таксама паведаміў, што іх шлюб цягнецца 63 гады, і пажадаў пары такое ж працяглае сямейнае жыццё.
Дзяўчына пачала фантазіраваць, якім цудоўным быў бы свет, калі б перыядычна людзі вось так скідваліся па рублі, каб рэалізаваць мару кагосьці — напрыклад, сабраць грошы на адпачынак таму, хто ніколі не быў на моры.
Спачатку справы рухаліся аптымістычна: на другі дзень пара атрымала яшчэ 190 рублёў, на трэці — 210 рублёў. Але ж пасля памер данатаў стаў змяншацца. На чацвёрты дзень пералічылі каля 65 рублёў, на пяты — усяго 5 рублёў.
У хуткім часе закаханыя перасталі рабіць штодзённыя справаздачы.
Апошняе, што яны расказалі ў блогу, — гэта сума данатаў, якую атрымалі ад падпісчыкаў за месяц. Аліна і Яўген паказалі, што на рахунку, які яны завялі для збору на вяселле, каля 669 даляраў.
Нягледзячы на тое, што сабраць 10 тысяч даляраў у інстаграме відавочна не атрымалася, пара ўсё ж зладзіла вяселле — і нават не адно. У іх была і выязная цырымонія, як у галівудскіх фільмах, і жартаўлівае свята ў вёсцы.
Дарэчы, збор грошай з рознай пазітыўнай нагоды становіцца ўсё больш папулярным сярод беларускіх блогераў. Напрыклад, гінекалагіня-блогерка Алена Вайцяховіч, скандал якой з кліенткай дайшоў ажно да Мінздароўя, абвяшчала летам збор грошай на свой дзень нараджэння.
Алена вельмі спадзявалася, што данатаў хопіць на новы айфон, але атрымала ў падарунак 935 рублёў. Блогерка не хавала ў сторыс расчаравання тым фактам, што яна мае больш за 40 тысяч падпісчыкаў, але пералічылі ёй суму, якая не ўразіла.
— Вельмі крыўдна, што шмат людзей задаюць пытанні ў прамых эфірах, знаходзяць адказы на старонцы, але гэта не адбілася ў рэальнай матэрыяльнай падтрымцы нават у 3-5 рублёў. Я засмучаная. Я спадзявалася ў глыбіні душы, што змагу лёгка ўбачыць 5 тысяч рублёў у выглядзе данатаў, улічваючы ахопы па 10 тысяч на дзень і больш, — напісала блогерка пасля свята.
Пара хоча сабраць 10 тысяч даляраў з падпісчыкаў у інстаграме на вяселле мары
Спявак Пётр Ялфімаў зноў ажаніўся
Колькі сёлета каштуе зрабіць вяселле ў Мінску? Рэальныя лічбы ад тых, хто нядаўна схадзіў у ЗАГС
Год таму беларус, які лячыўся ў анкацэнтры, зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. Цяпер пара пажанілася
Каментары
А калі наадварот? Калі кожнаму падпісчыку з 10000 адправіць па 1 даляры? Гэта ж так мала: усяго 1 долар!