Спявачка PALINA апублікавала кранальны пост пра свайго 18-гадовага брата, які загінуў у ДТЗ
22 верасня ў аўтакатастрофе загінуў 18-гадовы футбаліст Фёдар Паланейчык — брат спявачкі PALINA (Паліны Рэспублікі). Сёння Паліна апублікавала пост, прысвечаны яму.
«Два тыдні таму здарылася самая страшная ноч у маім жыцці: мой родны малодшы брацік Федзя, так бы мовіць, зліўся з каткі (геймерскі выраз, які азначае пройгрыш у раўндзе гульні — НН). Зусім жудасна ў 18 гадоў разбіўся на машыне.
Прышпільвайцеся. Заўсёды! Дарога каварная. Машына перавярнулася на пустой і роўнай жвіровай дарозе на хуткасці 60 км у гадзіну. Быў бы прышпілены, усяго б гэтага не здарылася.
Усё стала зусім па-іншаму. Імгненна так шмат смецця знікла з галавы. Шмат адкрыццяў пра смерць і пра жыццё. Абедзве куды цікавей і складаней, чым пра іх думаеш.
Я Федзю вельмі люблю і вельмі ім ганаруся. Ён смешны і добры чалавек.
Падводзіць нейкі вынік не хочацца. Сям'я — гэта назаўжды, проста цяпер мы разам у нейкай іншай форме.
Беражыце любімых і запісвайце ім кружочкі. А яшчэ ў дупу гэтыя бясконцыя трывогі. Інвестуйце сваю энергію, грошы і час у каханне. Я вельмі рада, што мы не прае*аліся і шмат якаснага часу правялі разам», — напісала Паліна.
Каментары