Грамадства1414

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА

Надзея Лазарэвіч — адна з нямногіх высокапастаўленых жанчын на службе Лукашэнкі, якая арыентуецца ў тонкай матэрыі фінансаў. Пасля камандных вышынь у прамысловасці лаяльнасць вынесла яе ў кола вышэйшай наменклатуры — адразу ў намеснікі мэра Мінска. Адтуль дарога ўжо ў міністры ці віцэ-прэм'еры, а можа і ў Адміністрацыю. Але як працягваць набіраць вышыню, калі муж у СІЗА чакае суда, а саму цябе таксама раніцай дасталі з ложка следчыя?

Надзея Лазарэвіч, фота: bobrlife.by

Знаёмыя з Надзеяй Лазарэвіч кажуць, што ў ёй можна было б убачыць такі праваслаўны варыянт Маргарэт Тэтчар (Лазарэвіч вельмі веруе і нават сваю дачку аддавала ў школу пры Свята-Елізавецінскім манастыры) — валявую жанчыну з моцнымі прыроднымі данымі і цвёрдым разуменнем, што лёс нясе яе наверх, а асяроддзе — слухаецца.

Цяпер Лазарэвіч 44 гады. Яна зрабіла імклівую кар'еру, у раннія гады — у 27 — стаўшы начальніцай фінансавага ўпраўлення на Беларускім тэлебачанні. Потым была служба ў «Салеа» Аляксандра Шакуціна, нарэшце — кабінет генеральнага дырэктара «Бабруйскаграмаша».

А гэта вялізнае прадпрыемства. Ад яго выпрацоўкі залежыць у тым ліку, колькі грошай заробяць кашалькі сыноў Аляксандра Лукашэнкі: прадукцыя гэтага завода, як і БелАЗа, у Расіі рэалізуецца праз кампанію «Б-24», якая пакідае сабе большую частку прыбытку. 

Падрабязнасці таго, як устроена нажыва на экспарце дзяржпрадпрыемстваў чытайце тут: «Мы адна сям’я». Дылеры БелАЗа, звязаныя з сынамі Лукашэнкі, зарабляюць, як сам БелАЗ

У 2020-м Лазарэвіч стала агітатаркай за Лукашэнку на Магілёўшчыне, ягонай даверанай асобай. Той любіць жанчын. Лічыць, што яны не здольныя адабраць уладу. 

У месяц пачатку вайны Лазарэвіч паднялі ў сталіцу, у намесніцы мэра Мінска, а праз год і ў першыя намесніцы. На грудзі павесілі медаль «За працоўныя заслугі». 

З Качанавай і маці Колі Лукашэнкі Ірынай Абельскай. Лазарэвіч крайняя злева. Фота: інстаграм Лазарэвіч

Таксама яна стала намесніцай старшыні Беларускага саюза жанчын, такім чынам, атрымаўшы беспасярэдні доступ да Наталлі Качанавай і Наталлі Эйсмант. 

Усё ішло па-сапраўднаму добра і, можна было падумаць, так і працягнецца. 

«Але ўжо пару месяцаў Лазарэвіч іншая. Стала як пабіты сабака, падціснула хвост», — апісвае раптоўныя перамены ў натуры наш суразмоўца.

Ён жа тлумачыць, што найбольш імаверная прычына метамарфозы ў тым, што сям'я Лазарэвіч у гэтыя месяцы праходзіць цераз тое ж самае выпрабаванне, што і дзясяткі тысяч іншых беларускіх сем'яў — людзі ў пагонах забралі ў наменклатурнай зоркі мужа, пакінулі без бацькі 13-гадовую дачку.

Надзея Лазарэвіч з сям'ёй, фота з яе інстаграма

А сама чыноўніца не толькі не здолела дапамагчы, але і вымушана трымаць добрую міну, засядаць у камісіях з мучыцелямі свайго каханага, нахвальваць сістэму, якой служыць, і спадзявацца, што, можа, пасля суда яго памілуюць. 

Мужа Надзеі Лазарэвіч зваць Алег Сахно. Ён на чатыры гады маладзейшы за жонку. Пара разам з 2007 года, выхоўваюць дачку.

Інфармацыю аб тым, што муж Надзеі Лазарэвіч арыштаваны і знаходзіцца ў СІЗА, «Наша Ніва» спраўдзіла ў некалькіх ягоных былых калег.

Алег Сахно злева. Справа — ягоны былы намеснік Пётр Вараб'ёў. Ён таксама больш не працуе. Фота: belpharmprom.by

Але мы не ведаем дакладнага артыкула абвінавачвання. Па біяграфіі Алега Сахно можна выказаць здагадку, што абвінавачванне звязанае з карупцыяй. 

У маі 2023 ён быў прызначаны начальнікам буйнога дзяржаўнага холдынга «Белфармпрам», які ўключае ў сябе восем фармацэўтычных прадпрыемстваў. Для Лукашэнкі фармацэўтыка — стратэгічная галіна, якая павінна не толькі замяніць замежныя лекі айчыннымі аналагамі, але ў ідэале яшчэ і прадаваць гэтыя аналагі за мяжу, прыносячы валюту ў краіну.

Але на высокай пасадзе Сахно прытрымаўся толькі год.

Ужо 12 чэрвеня 2024 года калектыву прадставілі новага генеральнага дырэктара Ігара Мітрафанава разам з намеснікам. А фота Сахно і ягоных намеснікаў з сайта зніклі. 19 чэрвеня 2024 года — апошні дзень, калі Алег Сахно быў у анлайне. 

Пра свайго мужа ў інтэрв'ю Лазарэвіч адгукаецца выключна цёпла. 

«Алег — мудры муж. Ён дазваляе мне адчуваць, што я галоўная», — расказвала яна. 

Праз месяц пасля затрымання мужа яна давала вялікае інтэрв'ю СТБ, дзе пра яго не сказала ні слова, але ў канцы, у «рэцэпце свайго жыцця», выдала: «Працаваць на 200%. Кахаць на 200%. Самае галоўнае — гэта каханне і вера».

Надзея Лазарэвіч, фота з яе інстаграма 

У гэтай гісторыі ёсць і яшчэ адзін нюанс. Па словах суразмоўцаў «Нашай Нівы», гэтым летам кашмарылі і саму Надзею Лазарэвіч: дома праводзілі вобшук, а яе, як цяпер кажуць, «ненадоўга забіралі».

Колькі часу яна правяла ў ізалятары, невядома, але вядома, што з працы яе не звольнілі, а значыць — абвінавачванне не выставілі.

Тады лагічна будзе выказаць здагадку, што Лазарэвіч, калі і сапраўды правяла ў засценках час, то не больш за тры дні. Ці былі звязаны пытанні да яе з мінулымі месцамі працы, або арышт вынікаў з прыгодаў мужа — невядома. 

Надзея Лазарэвіч (справа) разам з Вольгай Чамаданавай і Аляксеем Талаем, фота з яе інстаграма

«Дзякую бацькам, а вучуся ў Аляксандра Рыгоравіча. […] Займаю ясную ідэалагічную пазіцыю і не баюся ісці ў бой за нашага прэзідэнта», — Лазарэвіч можа ў розных выразах хваліць чалавека, без санкцыі якога немагчыма правесці вобшук ці арыштаваць чалавека з ягонага кадравага рэзерву. 

Надзея Лазарэвіч (справа) з былым намеснікам міністра ўнутраных спраў, дэпутатам Аляксандрам Барсуковым (у цэнтры) і Дзмітрыем Балабам

Дык што гэта такое было: жорсткая праверка выскачкі на лаяльнасць — як будзе дзейнічаць, ці не адрачэцца? — або расчараванне і збіццё на ўзлёце? Даведаемся, калі гісторыя скончыцца.

Каментары14

  • политзек
    14.11.2024
    Вообще плевать..
    Я всех этих подельников вообще за людей не считаю. биомусор.
    и не надо это удалять...
  • даведка
    14.11.2024
    Надя после задержания отсыпалась прямо во время сладкой речи любимого вождя.

    https://i.ibb.co/PZDpSsQ/Lazarevich.png
  • Лол
    14.11.2024
    Надакучылі вы сваімі квазі расейскімі назвамі мэраў, губернатарамі і віцэ- мэрамі. Намесніца старшыні мінскага гарвыканкама. Так правільна.

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла10

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Усе навіны →
Усе навіны

Дабрацца маршруткай з Гродна ў Віцебск можна будзе без перасадак — гэта адзін з самых доўгіх маршрутаў у краіне4

У Магілёве на пераходзе насмерць збілі двух пешаходаў1

Падатковая злавіла таксіста, які вазіў ад вакзала ў Мінску да Ждановіч за 105 рублёў. Ён трапіў на 180 тысяч9

У дзень выбараў у Мінску грамадскі транспарт будзе бясплатным4

У Мінску рабочыя затрымалі кур'ера махляроў3

У заходняй навуцы расце цікавасць да Беларусі. Але з перашкодаў не толькі матрошкі ды чабурашкі35

У Варшаве напалі на дырэктара праграмы Каліноўскага18

Больш за 100 сайтаў за 12 хвілін. Hoster.by расказаў пра масавую атаку на беларускія сайты

Вольга Лойка: Усё ідзе да таго, што Беларусь не давядзецца далучаць сілай — яна сама ўпадзе ў рукі Расіі16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла10

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Галоўнае
Усе навіны →