БелАЗ — гэта адно з самых прыбытковых прадпрыемстваў Беларусі. Ён вырабляе кар'ерныя самазвалы. БелАЗ адзіны іх вытворца ў былым СССР і адзін з усяго некалькіх у свеце. Акрамя БелАЗа, іх вырабляюць Caterpillar, Komatsu і літаральна яшчэ некалькі заводаў на ўвесь свет.

Асноўны рынак для БЕЛАЗа — гэта Расія. Туды прадаецца больш за 90% самазвалаў.

У адрозненне ад МАЗа, які апошнія дзесяцігоддзі балансуе на мяжы стратнасці і чыя доля на расійскім рынку ўвесь час зніжалася, БелАЗ не проста прыбытковы, а вельмі прыбытковы, таму што на ўвесь Еўразійскі саюз ён адзіны ў сваім сегменце.

Продажы БелАЗаў у Расію адбываюцца так: жодзінскі завод адгружае прадукцыю на расійскага дыстрыб'ютара — «Гандлёвы дом «БЕЛАЗ», а той размяркоўвае яе па дылерах, за кожным з якіх замацаваны свой рэгіён Расіі.

Такая схема рэалізацыі тэарэтычна абсалютна нармальная, так пабудаваная праца многіх экспарцёраў тэхнікі. Але на практыцы размеркаванне прыбыткаў у ланцугу продажаў БЕЛАЗа перакуленае з ног на галаву і вядзе да несумленнага ўзбагачэння дылераў. Сярод заснавальнікаў ГД «БелАЗ» — беларускі «Прэзідэнцкі спартовы клуб», якім кіруе Дзмітрый Лукашэнка, сярэдні сын кіраўніка Беларусі. Але і непасрэдна дылеры, мяркуючы па ўсім, звязаныя з сынамі Аляксандра Лукашэнкі. Мы гэта пакажам на фактах і лічбах. 

У 2023 годзе дылер «Аўтатэхінмаш», які прадаў 23,7% прадукцыі БелАЗа і ў якім працавала ўсяго 164 чалавекі, атрымаў $66 мільёнаў чыстага прыбытку. У 2022-м — яшчэ $32 мільёны.

Дылер «Б-24», праз якога ў 2023 годзе прайшло 39,7% прадукцыі БелАЗа і ў якім працуе 722 чалавекі, атрымаў у 2023 і 2022 гадах адпаведна $73 мільёнаў і $46 мільёнаў прыбытку.

Для параўнання: на БелАЗе цяпер працуе каля 9600 чалавек (у 2019 годзе гэтая лічба складала 11 185, але аптымізацыя ідзе няўхільна). З 2021 года прыбыткі жодзінскага аўтагіганта засакрэчаныя. Але іх памер можна ацаніць прыкладна, таму што вядомыя лічбы яго прыбыткаў у дакавідныя часы. У 2018 годзе яны складалі ў пераліку па сярэднім курсе беларускага рубля за год $161,3 мільёнаў, а ў 2019 — $127,2 мільёна. У 2022 і 2023 гадах сума хутчэй за ўсё супастаўная, бо супастаўны быў агульны аб’ём продажаў і рэнтабельнасць продажаў (якую мы прывядзем далей) па гадах прыкладна аднолькавая. Так, прыкладам, у 2018 годзе валавая выручка складала $1 мільярд, а ў 2019-м — $788 мільёнаў. З афіцыйных сайтаў гэтыя звесткі пасля 2021-га выдалілі, але яны засталіся ў перадруках.

Вынікае, што дылеры разам узятыя зарабляюць на продажах БелАЗаў сувымерна, а часам і больш, чым сам завод. Цяляткі большыя за карову. Як так? І ці гэта нармальна?

Чысты прыбытак, у мільёнах $

2018 2019 2020 2021 2022 2023
Аўтатэхінмаш 20,1 10,9 13,2 12,3 32,7 66,4
Б-24 43,3 29,3 4,8 14,5 45,8 72,5
ГД БЕЛАЗ 30 25,4 1,4 33,6 39,1 46,6
ААТ БЕЛАЗ 161,3 127,2 12,7 няма звестак няма звестак няма звестак

Gens una sumus

Давайце пачнём апавяданне здалёк.

Дразды схільныя пераймаць моды і трэнды метраполіі. Некалі Ельцыну стаў накідваць тэнісны мячык Шаміль Тарпішчаў — у Мінску з’явіўся свой Сяргей Цяцерын. 

З часам ужо ў дзяцей новай расійскай эліты з’явіўся фетыш, які падзялілі дзеці новай беларускай эліты — матацыклы Harley Davidson. На іх селі расійскія мафіёзі, губернатары, бізнэсмены і сілавікі. Неафіцыйны гурток па інтарэсах уладатрымальнікаў аформіўся ў элітарны рух.

Арцём Чайка і Віктар Лукашэнка

Арцём Чайка і Віктар Лукашэнка

У 2012-м у Расіі ўзнік клуб аматараў маркі пад назвай Iron Birds, заснавальнікамі якога сталі бізнэсмен Арцём Чайка, сын экс-генпракурора Юрыя Чайкі, а таксама Віктар Лукашэнка, старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі. Дэвіз клуба запазычаны з Міжнароднай федэрацыі шахмат: «Gens una sumus» — «Мы адна сям’я». 

Расследаванне Фонду барацьбы з карупцыяй пра бізнэс-імперыю Чаек, 2015 год

Як расказваюць нам інфармаваныя суразмоўцы, адразу ж у гэты клуб пабеглі і людзі з кола і пакалення Віктара Лукашэнкі. Напрыклад, цяпер ужо намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Дзмітрый Карзюк, а таксама былы міністр Ігар Шуневіч, «бізнэсмен удачы» Аляксей Алексін — сябры расійскага Iron Birds. І многія іншыя. 

Забаўна, але факт: гучна арыштаваны нядаўна за карупцыю намеснік Шайгу Цімур Іваноў таксама мае ў дэкларацыі няпросты «Харлей Трыумф».

Арцём Чайка і Аляксей Алексін. Фота Tut.by

Арцём Чайка і Аляксей Алексін. Фота Tut.by

Непублічны Віктар Лукашэнка калі і з'яўляецца на публіцы, то часцей за ўсё — у байкерскай скураной куртцы. 

Віктар Лукашэнка на адным з прапагандысціх мерапрыемстваў у кампаніі сяброў-байкераў, уключаючы экс-кіраўніка ДАІ Дзмітрыя Карзюка (ззаду за Віктарам злева) і Дзмітрыя Шакуты, які, як вынікае з расследаванняў гібелі Рамана Бандарэнкі, быў на месцы, дзе пратэстовец атрымаў фатальныя пашкоджанні (другі справа). Фота «Беларусь сегодня»

Віктар Лукашэнка на адным з прапагандысціх мерапрыемстваў у кампаніі сяброў-байкераў, уключаючы экс-кіраўніка ДАІ Дзмітрыя Карзюка (ззаду за Віктарам злева) і Дзмітрыя Шакуты, які, як вынікае з расследаванняў гібелі Рамана Бандарэнкі, быў на месцы, дзе пратэстовец атрымаў фатальныя пашкоджанні (другі справа). Фота «Беларусь сегодня»

Калі стала ясна, што «Харлеі» становяцца магчымасцю ўвайсці ў кола Віктара Лукашэнкі, або як мінімум яго сяброў, то тыя, хто гэтага шукаў, кінуліся ў Маскву купляць матацыклы.

А што значыць купіць матацыкл у афіцыяла? Гэта азначае, што ты туды будзеш прыязджаць і на абслугоўванне, і па экіпіроўку, і па расходнікі.

У Мінску тады ні свайго дылерскага цэнтра, ні свайго сур’ёзнага клуба не было. Ніша была свабодная і яе нехта павінен быў заняць.

Мінскія харлееводы

Гэта зразумелі на той момант сціплыя, мала каму вядомыя дылеры нямецкага Liebherr у Беларусі Юрый Хоміч і Ігар Падгорны, у Беларусі вядомыя па кампаніі «МегаполісІнвест», якія самі былі байкерамі. Яны адкрылі салон Harley Davidson у Мінску, разумеючы, хто туды будзе прыходзіць.

Юрый Хоміч першы справа, трымае парасон над кіраўніком групы кампаній «ЮжУралЗалота». Другі злева — тагачасны міністр прамысловасці Беларусі Пятро Пархомчык. Фота Atim-belaz.com

Юрый Хоміч першы справа, трымае парасон над кіраўніком групы кампаній «ЮжУралЗалота». Другі злева — тагачасны міністр прамысловасці Беларусі Пятро Пархомчык. Фота Atim-belaz.com

«Паралельна з гэтым яны стварылі беларускі філіял H.O.G (Harley Davidson Owners) Minsk Chapter, які самі ўзначалілі і пачалі набіраць людзей, бо дылер надзяляецца такім правам. У беларускі філіял пацягнуліся тыя нашы дзеячы, якія самі ўжо лічылі сябе фігурамі, але ў Iron Birds іх не бралі», — сказаў нам чалавек, пагружаны ў дэталі гэтай гісторыі. 

У 2012 годзе ў Мінску на праспекце Незалежнасці, у раёне парка Чалюскінцаў, адкрыўся дылерскі цэнтр Harley Davidson, які належаў кампаніі «МегаполісІнвест» (у наступным яны пераедуць на Уручча, а потым бліжэй да мэтавай аўдыторыі — у «Арэну Сіці» пад Дразды).

Ігар Падгорны дорыць Арцёму Чайку маляваную карціну таго за стырном байка на фоне Крамля, 2014 год. Фота Hog.by

Ігар Падгорны дорыць Арцёму Чайку маляваную карціну таго за стырном байка на фоне Крамля, 2014 год. Фота Hog.by

У 2012-м, паводле інфармацыі з баз «Белпола», адбыліся першыя продажы матацыклаў. І ў тым жа годзе ў Расіі адкрылася кампанія Хоміча і Падгорнага «Аўтатэхінмаш» — тая самая, якая атрымае эксклюзіўныя правы на продаж БелАЗаў на паўночным захадзе Расіі. 

Аляксандр Лукашэнка на чале калоны

«Хоміч з Падгорным балдзелі — у салон пачалі ездзіць людзі калібра памочніка Аляксандра Лукашэнкі Ігара Яўсеева і чыжоўскага рашалы Аляксея Алексіна. Абодва сапраўды маюць па «Харлеі». 

Усё пайшло, як яны і задумалі — амаль гісторыя поспеху Apple, якую па 10 разоў пераслухалі ўсе, хто быў побач, — кажа нам яшчэ адзін суразмоўца. — Вырашылі, калі ёсць такая магчымасць, пашырацца і выходзіць на вуліцы, прыдумалі прабегі на Курган Славы і тусоўку ў сталіцы Minsk H.O.G Rally. Логіка тут была.

На адкрыццё і закрыццё сезону людзі прыязджалі хто на чым, бо сапраўды цікава, матацыкл — даступная і недарагая для моладзі тэхніка, магчымасць патусавацца, публіцы таксама падабалася. Але ўдалося зацягнуць туды і старэйшага Лукашэнку. У нас жа любяць масавую розную хрэнь кшталту стварыць вобраз масавага руху. Маўляў, усе гэтыя людзі за вас, Аляксандр Рыгоравіч, узначальце нашу калону».

Аляксандр (у цэнтры), Віктар (злева) і Дзмітрый (справа ад бацькі) Лукашэнкі на злёце матацыклістаў у 2016 годзе. Фота: ezolotuhin.com

Аляксандр (у цэнтры), Віктар (злева) і Дзмітрый (справа ад бацькі) Лукашэнкі на злёце матацыклістаў у 2016 годзе. Фота: ezolotuhin.com

У H.O.G Minsk Chapter склад не тое каб вельмі зорны, але і не зусім просты. Безумоўна, там ёсць і проста адданыя марцы людзі, фанаты матацыклаў, рамантыкі дарогі.

Але там і, напрыклад, намеснік старшыні праўлення БПС-Сбербанка Алег Барадко, сын генерала, былога намесніка старшыні Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Шугай, адказны за пастаўкі прадукцыі «Белнафтахіма» на Захад Андрэй Даўкша, зорка расійскага ТВ Вадзім Галыгін, тэхнічны дырэктар «Славянскага базара» Аляксей Адарэнка, шэф «Топ-тура» і ганаровы консул Тайланда Іван Чура ды іншыя. 

Пік славы Minsk H.O.G Rally — 2016 год, калі ўсё сямейства Лукашэнкаў з’явілася на закрыццё сезону. У авангардзе ехала сям’я і яе сябры, а таксама «дарослыя» з Масквы. Астатнія тысячы ўдзельнікаў, збольшага на металаломе — за імі. 

  20 верасня 2020 года. У Беларусі пратэсты, а Юрый Хоміч едзе следам за Віктарам Лукашэнкам на адным з мерапрыемстваў Minsk H.O.G Rally. На ім чырвоны шлем. Фота Sputnik.by

20 верасня 2020 года. У Беларусі пратэсты, а Юрый Хоміч едзе следам за Віктарам Лукашэнкам на адным з мерапрыемстваў Minsk H.O.G Rally. На ім чырвоны шлем. Фота Sputnik.by

Усяго 70 харлееў за дзесяцігоддзе

Наўрад ці харлееўскі бізнэс «МегаполісІнвеста» быў надта прыбытковым. 

Згодна з інфармацыяй Белпола, з 2012-га па першую палову 2021-га «МегаполісІнвест» увёз у Беларусь і прадаў усяго 70 матацыклаў — у сярэднім па 8 за год.

Добра інфармаваны суразмоўца сказаў «Нашай Ніве», што гэтая рознічная дзейнасць дафінансоўвалася з іншых камерцыйных кірункаў Хоміча і Падгорнага. «Харлеямі» гандлявалі дзеля знаёмстваў, а не дзеля прыбыткаў.

«У кабінеце ў Хоміча, над галавой, яго сумеснае фота з Віктарам Лукашэнкам вісіць. Мы сябры! І тэма БЕЛАЗаў у нейкі момант стала тым, чым яны сталі ганарыцца і называць яе ў адказ на пытанне «чым займаешся?» — расказаў «Нашай Ніве» адзін з беларускіх фінансістаў.

  Трэці саўладальнік «Аўтатэхінмаша» Ігар Драздоў (30%) — таксама сябар клуба H.O.G Minsk Chapter і ўказаны на яго афіцыйным сайце. Ён, па інфармацыі з баз «Белпола», таксама звязаны з кампаніяй «МегаполісІнвест»

Трэці саўладальнік «Аўтатэхінмаша» Ігар Драздоў (30%) — таксама сябар клуба H.O.G Minsk Chapter і ўказаны на яго афіцыйным сайце. Ён, па інфармацыі з баз «Белпола», таксама звязаны з кампаніяй «МегаполісІнвест»

«Аўтатэхінмаш» — суперпрыбытковы дылер БелАЗа

Такім чынам, «Аўтатэхінмаш» быў зарэгістраваны ў Расіі ў тым жа 2012 годзе, калі «МегаполісІнвест» у Беларусі пачаў актыўныя продажы «Харлеяў». Заснавальнікі «МегаполісІнвеста» — гэта Юрый Хоміч і Ігар Падгорны. А заснавальнікі «Аўтатэхінмаша» — Юрый Хоміч, Ігар Драздоў і Ігар Падгорны (Падгорны расіянін па пашпарце, але будаваў бізнес-кар'еру ў Беларусі). І вось, «Аўтатэхінмаш» атрымлівае эксклюзіўныя правы на салідную долю расійскага рынку БелАЗаў. 

Асноўныя сродкі БЕЛАЗа — сотні мільёнаў даляраў. У той час як асноўныя сродкі «Аўтатэхінмаша» — 642 тысячы пры выручцы ў больш за $300 мільёнаў (Вось тут дынаміка асноўных сродкаў «Аўтатэхінмаша»).

Мяркуючы па ўсім, «Аўтатэхінмаш» працуе па схеме кансігнацыі — калі аплата за прададзены тавар ажыццяўляецца па факце продажу. Менавіта таму мае мінімум даўгоў. Дзякуючы такой схеме кампанія, офіс якой знаходзіцца ў Смаленску, можа выводзіць у дывідэнды амаль 100% прыбыткаў без пакідання абаротных сродкаў на наступны год, што адлюстравана ў фінансавай справаздачнасці дылера.

Пры рэалізацыі прадукцыі БЕЛАЗа адбываюцца цуды: тавар адзін і той жа, а рэнтабельнасць у кожнага ўдзельніка ланцужка розная — сапраўдная магія.

Для калькуляцыі рэнтабельнасці продажаў мы ўзялі даступныя фінансавыя справаздачы ўсіх трох: жодзінскага ААТ БЕЛАЗ, расійскага Гандлёвага дома БЕЛАЗ і расійскага «Аўтатэхінмаша».

На жаль, з 2020-га фінансавыя справаздачы БЕЛАЗ фактычна засакрэчаны і не публікуюцца, але для ілюстратыўных падлікаў падыходзяць любыя перахросныя справаздачы, якія ўсё ж ёсць (2018, 2019, 2020).

Рэнтабельнасць продажаў удзельнікаў гандлёвага ланцужка пры рэалізацыі прадукцыі завода БЕЛАЗ у Расіі (на прыкладзе аднаго з дылераў ТАА «Аўтатэхінмаш»)

2015 2016 2017 2018 2019 2020 2021 2022 2023
ТАА «Аўтатэхінмаш» (Расія) няма звестак няма звестак няма звестак 25,9% 26% 28,3% 25% 29,5% 29%
ГД БЕЛАЗ (Расія) няма звестак няма звестак няма звестак 7% 6,4% 7% 7,1% 6,3% 6,6%
ААТ БЕЛАЗ (Беларусь) 34,4% 39% 30% 31% 27,9% 29,7% няма звестак няма звестак няма звестак

Так мы бачым, што паказчыкі тройкі адносна стабільныя: рэнтабельнасць БЕЛАЗа пяць год круцілася вакол 30%, рэнтабельнасць ГД БЕЛАЗ гуляе паміж 6 і 7%, а рэнтабельнасць «Аўтатэхінмаша» дэманструе плаўны трэнд на ўздым з 25-26% да 29% у апошнім, 2023 годзе. 

Маючы гэтыя лічбы, зваротнымі калькуляцыямі мы можам вылічыць суадносіны сабекошту і прыбытку, а таксама пралічыць долі кожнага ўдзельніка ў прыбытку.

Каб не мучыць чытача адзінаццацізначнымі лічбамі і працэнтамі, будзем умоўна лічыць, што цана адзінкі прадукцыі завода БЕЛАЗ, якую сплачвае канцавы спажывец, складае 100 рублёў.

2018 2019 2020
Сабекошт (пры цане адзінкі прадукцыі 100 рублёў) 47,61 руб 50 руб 46,9 руб
Прыбытак (пры цане адзінкі прадукцыі 100 рублёў) 52,39 руб 50 руб 53,1 руб
Прыбытак дылера «Аўтатэхінмаш» 25,9 руб (49,4% ад прыбытку)  26 руб (52% ад прыбытку) 28,3 руб (53,2% ад прыбытку)
Прыбытак дыстрыб'ютара «ГД БелАЗ» 5,1 руб (9,7% ад прыбытку) 4,7 руб (9,4% ад прыбытку) 5 руб (9,4% ад прыбытку)
Прыбытак вытворцы БелАЗ 21,39 руб (40,8% ад прыбытку) 19,3 руб (38,6% ад прыбытку) 19,8 руб (37,2% ад прыбытку)

Калі мы не памыляемся, то «Аўтатэхінмаш» стабільна пакідае сабе больш за палову прыбытку.

Натуральна, тут трэба зрабіць папраўку на заробак дылера на сэрвісных паслугах, але гэтая папраўка істотна не памяняе парадку лічбаў і сутнасці карціны, бо БЕЛАЗы — гэта вельмі дарагія машыны з вельмі дарагімі расходнікамі, і асноўная дададзеная вартасць ствараецца ў цэхах жодзінскага завода, а не механікамі са смаленскай групы тэхпадтрымкі. 

З кім звязаны дылер «Б-24»

Пра іншага аналагічнага дылера «Б-24» паўтара года таму вычарпальна расказаў Беларускі расследавальніцкі цэнтр. «Б-24» таксама замацаваны за асобным рэгіёнам Расіі.

Калі пра сувязь «Аўтатэхінмаша» са старэйшым сынам Аляксандра Лукашэнкі, Віктарам, можна толькі вылучаць гіпотэзы, то сувязь «Б-24» з сярэднім сынам Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрыем, прасочвалася больш чым выразна.

БРЦ высветліў, што як мінімум у 2018 і ў 2020 гадах Ганна Лукашэнка — жонка сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрыя, — працавала ў Гандлёвым доме «БелАЗ». Гэта тая фірма, якая прадае тэхніку жодзінскага канцэрна ў Расіі. Нагадаем, што сярод заснавальнікаў ГД «БелАЗ» — беларускі «Прэзідэнцкі спартовы клуб», якім кіруе Дзмітрый Лукашэнка. 

З 2007 года «Прэзідэнцкі спартовы клуб» валодаў трацінай гандлёвага дома, але да 2019-га гэтая доля вырасла да 45 %. Астатняя частка фірмы належала галаўной кампаніі «БелАЗ». 

Сяброўства па бізнэсе або бізнэс па сяброўстве?

Усяго на тэрыторыі Расіі ў ГД «БелАЗ» каля дзясятка партнёраў. «Б-24» — найбольшы з іх. Па стане на 2022 год ягонымі саўласнікамі былі Аксана Тачкова і Алена Лагун.

Першую ў расійскай прэсе называюць жонкай Канстанціна Макарава, дырэктара па прававых пытаннях ГД «БелАЗ». Другая — жонка Віктара Кулуева, былога кіраўніка рады дырэктараў таго ж гандлёвага дома. Агулам Кулуеў з жонкай валодаюць долямі як мінімум у чатырох кампаніях, якія займаюцца дыстрыбуцыяй і сэрвісным абслугоўваннем жодзінскай тэхнікі ў Расіі.

У 2020 годзе муж і жонка ўвайшлі ў топ-10 беларусаў, якія больш за ўсіх зарабілі ў Расіі. Чысты прыбытак іх кампаній з 2017 года — каля 176 мільёнаў даляраў, што толькі ў два разы менш, чым чысты прыбытак самога «БелАЗа». Каля паловы гэтай сумы ўладальнікі выплацілі сабе ў якасці дывідэндаў.

Акрамя таго, у 2018 годзе кампанія Алены Лагун і Аксаны Тачковай «Б-24» трапіла ў топ-500 найбуйнейшых кампаній Расіі па выручцы.

Такія даходы дазваляюць Кулуеву і Лагун весці раскошны лад жыцця. Як высветліў БРЦ, кампанію ім часта складалі Дзмітрый і Ганна Лукашэнка. Дзякуючы «Кіберпартызанам», БРЦ знайшоў у членаў дзвюх сем'яў 11 сумесных пералётаў.

Геаграфія іх вандровак была абмежаваная: у 2011 годзе з-за падаўлення паслявыбарных пратэстаў Дзмітрый Лукашэнка патрапіў пад еўрапейскія санкцыі. Кулуеў і надалей лятаў у ЕС з жонкай Дзмітрыя — Ганнай Лукашэнка. У 2011 годзе яны разам наведалі Вену і Франкфурт.

У 2013 годзе сем'і адправіліся ў падарожжа ўжо ў поўным складзе: Дзмітрый і Ганна Лукашэнка з дзецьмі і Кулуеў з жонкай і дзіцем. 22 сакавіка яны на прыватным бізнэс-джэце вылецелі з Мінска ў Стамбул. 

Там Дзмітрый Лукашэнка адзначыў сваё 33-годдзе. У Турцыі кампанія правяла 9 дзён. 

Журналісты падлічылі, што кошт адных толькі адпачынкаў Ганны Лукашэнкі перавышаў і яе афіцыйны заробак, і зарплату яе мужа Дзмітрыя ў «Прэзідэнцкім спартовым клубе», ягоным адзіным афіцыйным месцы працы (за 2016 год, напрыклад, ён афіцыйна зарабіў каля $30 тысяч).

Куды прападаюць прыбыткі «Аўтатэхінмаша»?

І тут мы падыходзім да важнага дзіўнага моманту, які суправаджае гіганцкія прыбыткі расійскіх дылераў БелАЗа памерам дзясяткі мільёнаў даляраў штогод. Грошы зарабляюцца — але іх не відаць. Ні мінскія дэвелаперы не назіраюць укладанняў «Аўтатэхінмаша» ў нерухомасць, ні банкіры — у вытворчасць. 

«Складваецца ўражанне, што парушаны баланс адносінаў. Бізнэсу, якому дазвалялася сядаць на схемы, Лукашэнка заўсёды выстаўляў нейкі кантракт: кшталту тут пабудуйце гэта, там пабудуйце тое, тут прафінансуйце гэтае. Але «абавязкі» гэтых хлопцаў нідзе не засвечаныя. А значыць, тут справа глыбейшая», — выказаў «Нашай Ніве» меркаванне мінскі банкір. 

Уласнікі «Аўтатэхінмаша» ў Расіі кожны год выводзяць чысты прыбытак дывідэндамі, але дзе і ў каго пасля апынаюцца гэтыя грошы?

Мы знайшлі толькі намёк, паўадказ. Можа быць, нашы калегі з іншых СМІ здолеюць знайсці больш за нас.

Сінгапурскія афшоры

Дзякуючы «Белполу», мы атрымалі займальны, але стараваты дакумент: беларуская кампанія «МегаполісІнвест» бярэ ў доўг у сінгапурскай кампаніі HDE Machinery пазыку на $200 тысяч пад 0%. Пры гэтым, займ пералічваецца кампаніяй HDE Machinery на рахунак брытанскай кампаніі — еўрапейскага дыстрыб’ютара матацыклаў Harley Davidson — па абавязках беларускай кампаніі.

Шапка дакумента  

Шапка дакумента

У гэтым кантракце няма нічога крымінальнага, з эксклюзіўных умоваў вынікае толькі тое, што гэтыя дзве кампаніі — беларуская «МегаполісІнвест» і сінгапурская HDE Machinery — узаемазвязаныя, а таксама што «МегаполісІнвест» фінансуе набыццё матацыклаў з рахункаў HDE Machinery.

Калі мы праверылі сінгапурскую кампанію, то аказалася (згодна з выпіскай з сінгапурскага рэгістратара), што там было тры дырэктары, сярод якіх два беларусы: Ігар Мішанёў і Дзмітрый Шэршань. А таксама нейкі мясцовы чалавек па імені Richard Chan Wah Cheong.

Гэтая кампанія валодае іншай сінгапурскай кампаніяй — BELAZIA PTE LTD, у якой гэтыя ж людзі ў дырэктарах, а таксама той жа сакратар.

А самой HDE Machinery валодае трэцяя кампанія WNC PTE LTD, якая ўжо цалкам аформленая на Richard Chan Wah Cheong.

Хто такія Ігар Мішанёў і Дзмітрый Шэршань? Па даных з выпісак «Белпола» — людзі, звязаныя з беларускай кампаніяй «МегаполісІнвест». Па словах сведкаў, Мішанёў — гэта непасрэдны бізнэс-партнёр Хоміча і Падгорнага ў Беларусі. Мы бачылі і дакумент, дзе «сінгапурац» Мішанёў выпісвае на «расіяніна» Падгорнага даверанасць. 

Ігар Мішанёў (злева) і Дзмітрый Шэршань — людзі, звязаныя з беларускай кампаніяй «МегаполісІнвест» і адначасова саўладальнікі сінгапурскай кампаніі

Ігар Мішанёў (злева) і Дзмітрый Шэршань — людзі, звязаныя з беларускай кампаніяй «МегаполісІнвест» і адначасова саўладальнікі сінгапурскай кампаніі

Чым займаюцца сінгапурскія кампаніі і навошта такая шматпавярховая афшорная структура? Без ведання ўнутранай кухні любая тэорыя будзе спекуляцыяй. 

Але ў адзін з разгледжаных гадоў абарот «пустой» афшорнай кампаній Хоміча і Падгорнага, аформленай на падстаўных асоб, амаль супадае з памерам дывідэндаў, выведзеных з расійскага «Аўтатэхінмаша». Далейшы лёс гэтых сродкаў адсачыць немагчыма. 

Прэзідэнцкі від спорту

Па звестках на канец 2022 года (якія ўжо схаваныя з публічнага доступу), 45% «Гандлёвага дома «БЕЛАЗ» належалі Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу. Здавалася б, дзе спорт, а дзе продаж БелАЗаў.

Калі мы кажам «Прэзідэнцкі спартыўны клуб», насамрэч мы маем на ўвазе яго нязменнага кіраўніка Дзмітрыя Лукашэнку, які пад шыльдай клопату аб спорце запраўляе бяспройгрышным латарэйным бізнэсам, прымае «падарункі» ад камерсантаў на рахункі сваёй арганізацыі, а таксама забудоўвае Мінск. 

Выглядае, што менавіта Дзмітрый Лукашэнка мае вырашальны голас у пытанні, хто будзе дылерам у Расіі і каму будуць адгрузкі. 

Актуальны поўны спіс дылераў знайсці ў публічным полі немагчыма, і прынцыпы, па якіх прадукцыя адгружаецца толькі ім — і ніякім іншым кампаніям! — невядомыя.

Пры гэтым штогод у топах самых прыбытковых бізнесаў у Расіі з беларускім капіталам аказваюцца дзве кампаніі-дылеры БЕЛАЗ: «Аўтатэхінмаш» і «Б-24».

На рэалізацыю праз дзве гэтыя кампаніі ў 2023-м прыйшлося больш за палову вырабленай на БелАЗе тэхнікі і камплектуючых (23,66% — «Аўтатэхінмаш», 39,7% — «Б-24»).

І дзве кампаніі з адносна сціплым штатам маюць прыбыткі, сувымерныя з прыбыткамі самога завода. 

Пакуль жодзінскі завод у асобныя гады траціць увесь свой прыбытак на выплаты па крэдытах, кампаніі без асноўных фондаў, якія нічога не вырабляюць, а толькі перапрадаюць, трацяць прыбытак на выплату дывідэндаў.

Усё гэта адбываецца пад шматгадовую, бязлітасную, тэатральную крытыку пасярэднікаў з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі. 

Клас
49
Панылы сорам
14
Ха-ха
15
Ого
16
Сумна
21
Абуральна
99