«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды
«АМАП — забойцы», «3%», «Кубракоў — фашыст» — такія графіці пакінуў у канцы 2020-га жыхар Заслаўя Сяргей Моніч. Надпісы суд ацаніў у 8 рублёў шкоды, а Сяргея адправілі ў калонію. Былы палітвязень расказаў, што адкрыў для сябе за кратамі. «Няма сэнсу плакаць і прасіць. Ты там не чалавек, а спецкантынгент», — заўважае Сяргей.
Сяргея абвінавацілі ў хуліганстве і абразе прадстаўніка ўлады, а потым дадалі і «наркатычны» артыкул 328. Яго асудзілі на тры гады пазбаўлення волі. Пакаранне 38-гадовы мужчына адбываў у магілёўскай калоніі №15.
«Байсол» адкрыў збор у падтрымку былога палітвязня і яго сям’і — дапамагчы Монічам можна тут.
«Адкуль з’явіўся артыкул 328? Добрае пытанне»
«Як жыў да зняволення? Самае простае жыццё звычайнага чалавека — праца ў гандлі, сям’я. Летам 2020-га да апошніх дзён перад выбарамі не знаходзіў часу праявіць нейкую грамадзянскую актыўнасць, але бачыў, як змяняецца грамадства, і быў гэтаму рады.
Я пайшоў у школу ў 1990-я, памятаю іншыя часы, у тым ліку і тое, як замест правоў чалавека ў школе пачалі вывучаць асновы ідэалогіі. Пасталеў, у мяне ў самога дзеці, і я не хачу, каб яны ва ўсім гэтым удзельнічалі. Таму ў ноч пасля выбараў мог быць толькі на пратэстах. Быў затрыманы і выйшаў якраз 16 жніўня, перад вялікім мітынгам.
Нам казалі, што пратэст мусіць быць негвалтоўны, думаў — напэўна, яны лепш разумеюць, што рабіць. Выходзіў бясконца на маршы па нядзелях, пакуль не адбыўся хапун на Плошчы перамен. Зразумеў, што так дзейнічаць няма сэнсу, і пачаў дзейнічаць па-іншаму, бо тое, што я бачыў на Акрэсціна, было ўжо не разбачыць.
Лістапад 2020-га, у мяне ўжо дзве адміністратыўкі па 23.34. Я тады яшчэ вельмі наіўна верыў у перамогу, зацята даказваў міліцыі, што яны мусяць пераходзіць да нас, пакуль не позна, што ім не даруюць. Пабачыў, што хадзіць са стужачкамі няма сэнсу.
Чуў, што цяперашні міністр унутраных спраў, Кубракоў, выйшаў з заслаўскіх (Іван Кубракоў у свой час кіраваў Заслаўскім аддзелам Мінскага РУУС. — НН). Падумаў, што варта людзям у Заслаўі ведаць пра яго, рабіў стыкеры і лістоўкі, графіці.
А потым сілавікі зладзілі мне засаду, скруцілі, як па тэлебачанні. Пакуль везлі, трохі памялі — думаў, будзе горш.
Адкуль з’явіўся артыкул 328? Добрае пытанне, бо ў мяне ў крыві не было наркотыкаў, і не было маіх адбіткаў пальцаў на пакеціку з наркотыкамі, не было маіх потатлушчавых слядоў (Сяргей паказаў нам тэкст свайго прысуду, там не пазначаныя доказы, што наркотыкі належалі менавіта яму. — НН).
Я бачыў толькі фота таго пакеціка, яго нават не пры мне дасталі з машыны. На першы погляд, гэта пусты пакецік, там некалькі сотых граму наркотыку — пыл. Але каго гэта цікавіць? Быў рады, што мне далі тры гады, бо час змяняўся і я бачыў, як прыязджалі людзі з вялікімі тэрмінамі за каментар ці смайлік.
«Бандыты, маньякі? Вязні на зоне — шэрая, вартая жалю маса хворых, расціснутых і зламаных людзей»
У мяне тады ўжо было двое дзяцей: Дані было пяць гадоў, Ані — тры. У 2020-м, калі я выйшаў з Акрэсціна, так выйшла, што атрымаў там па твары — трохі памялі ў аўтазаку, так што ў мяне быў велізарны сіняк пад вокам. Выходжу, дзеці бачаць усё гэта, яны ведаюць, дзе быў тата. Мы нешта куплялі з імі ў гіпермаркеце, і туды чамусьці прыехала ахова, дык калі Анечка іх пабачыла, адразу перапужалася і папрасілася на рукі — падумала, што гэта «касманаўты».
У матэрыялах справы пазначана, што шкода за надпісы склала 8 рублёў. Але я тры гады сядзеў за свае перакананні і грамадзянскую пазіцыю, колькі там рублёў — справа дзясятая.
Зона ў нечым падобная да арміі — гэта мужчынскі калектыў, прыгнечанне волі. У мужчынскім свеце без моцы нікуды, калі ты мацнейшы, размова ідзе па-іншаму. Так што трэба проста быць моцным і лепш туды не трапляць, бо гэта не палепшыць вас. Хаця нейкія моманты пайшлі мне на карысць, я б не прачытаў столькі Пялевіна, калі б я быў на волі, бо тут у нас іншае — жыццё, праца, — але гэта невялікі плюс. Таксама ты правяраеш тое, чаго раней баяўся, праходзіш праз гэта і разумееш, што і гэта магчыма вытрымаць.
Напэўна, для мужыка гэта няблага, бо ты робішся мацнейшым і больш упэўненым у сабе, але асоба дэфармуецца, асабліва ў тых, хто сядзіць доўга.
Бандыты, маньякі? Вязні на зоне — шэрая, вартая жалю маса хворых, расціснутых і зламаных людзей.
Бачыў кучу трагічных выпадкаў, калі чалавек з-за гарэлкі схапіўся за нож, далей не памятае, і вось ён суседа і заваліў. А потым чарніла з яго выйшла, і цяпер на гэтага страшнага забойцу глядзець шкада.
Туды трапляюць 18-гадовыя закладчыкі — памятаю сябе ў 18, такімі вельмі лёгка кіраваць. Можа, у яго яшчэ не было жыццёвага прыкладу перад вачыма, яго выхоўвала мама ці бабуля, то, канечне, ён афігевае ад гэтага ўсяго. Ён пачынае пераймаць паводзіны кагосьці мацнейшага, а гэты моцны з маргінальнага асяродку, і малы вучыцца нечаму непатрэбнаму.
«20 сутак правёў у камеры з вар’ятам без адной рукі, а на другой у яго былі вялізныя кіпцюры»
Мы ўвесь час чакалі, што нас вызваляць. Калі я заехаў у зону, было лета. Глядзеў на тамтэйшыя таполі і думаў, што не пабачу іх жоўтымі ці без лісця. Але ішоў час, нічога не змянялася. Для мяне мяжой стала забойства Зельцара — даведаўся пра яго, калі выйшаў з ШІЗА. Усе вязні былі вельмі рады, што тады прышылі і кадэбэшніка.
Людзі бываюць розныя, у кожнага свая псіхіка. На чалавека ёсць шмат рычагоў ціску, нават без прымянення фізічнай сілы: адбяруць пасылку ў таго, хто любіць паесці, або цыгарэты ў таго, хто любіць курыць — вы проста не паверыце, на што гатовыя людзі дзеля цыгарэт. Людзі ламаюцца, у кожнага свая мяжа трываласці.
Мяне ўразіла, колькі на зоне пенсіянераў, хворых, эпілептыкаў. Лета, 30 градусаў, а форма адзення — чорная сінтэтыка, і на шыхтаванні пад сонцам вязні падаюць адзін за адным, і маладыя, і дзядулькі. Адсутнасць вітамінаў, дрэннае харчаванне, часта празмернае ўжыванне цыгарэт, кавы — праз усё гэта страта прытомнасці там робіцца частай справай.
У людзей падае эмпатыя, я сам яе там страціў і стаў больш жорсткім. Быў там адзін эпілептык не з нашага атраду. Прыходзіць ён да нас у атрад, а ў нас субота, мянтоў не было, ён раптоўна падае ў калідоры тварам наперад і пачынае біцца падбародкам аб падлогу. Разбіў падбародак, з рота цячэ кроў, увесь сіні, як ізастужка. А іншы вязень кажа: «Прыпёрся падыхаць далей ад дома, мужыкі, выкіньце яго!» То-бок галоўнае, каб ён, калі што, не тут памёр.
На мяне ціснулі праз звар’яцелых, якім месца ў бальніцы. Не ведаю, чаму яны ў зоне, але ім у нечым можна болей, чым іншым. Я 20 сутак правёў у камеры з вар’ятам без адной рукі, а на другой у яго былі вялізныя кіпцюры, ледзь дамогся, каб іншыя вязні яго пастрыглі і памылі. Спачатку я яму спачуваў, але хутка ўжо глядзеў на яго зусім па-іншаму. Ён пастаянна забываў, што адбываецца, пытаўся — ці мы дома, ці нам дадуць пакурыць, паесці?
Гэтая сістэма збольшага аднолькавая да ўсіх, але палітвязні паводзяць сябе па-рознаму. Узяць нашага Ромку Пратасевіча: разумею, што, можа, я не прайшоў праз тое, праз што прайшоў ён, але спадзяюся, што ў мяне хапіла б моцы, прыстойнасці і духу не пайсці на такое. Ведаю прыклады менш медыйных хлопцаў, якія годна сядзелі, паехалі на крытую турму і дагэтуль сядзяць. У іх дзеці, жонкі з медычнымі праблемамі, пажылыя мамы і таты, але яны захоўваюць гонар, наколькі гэта магчыма.
«Няма сэнсу плакаць і прасіць. Ты там не чалавек, а спецкантынгент»
Што яшчэ застаецца «экстрэмістам», акрамя як паміраць на прамзоне ці на бессэнсоўных рэжымных мерапрыемствах? Я чытаў. Салжаніцын дагэтуль актуальны, мне вельмі спадабаўся ў яго «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», там апісваецца звычайны дзень простага вязня недзе ў Сібіры таго часу.
Гэта будзе блізка кожнаму вязню і сёння, бо за кратамі ў цябе кожны дзень аднолькавы.
Калі вызваліўся, я 56 дзён прахадзіў на волі, адзначаўся ў міліцыі, калі трэба было. Неяк пайшоў туды ў апошні раз, бо збіраўся з’язджаць, мяне паклікалі наверх пагутарыць. Старэйшая следчая закінула нагу за нагу ў сваім міні і пачала расказваць, як ім не праблема мне прыдумаць артыкул. Зразумеў, што я тут бяссільны, хаця гэта было вельмі цяжкае перажыванне — пасля ўсяго зноў так упасці, навошта я туды прыйшоў?
Спакойна сказаў ёй, што супраць сябе не сведчу, рабіце сваю працу. Пасля ўсіх тых жорнаў ведаю, што гэта адзіны варыянт, няма сэнсу плакаць і прасіць. Ты там не чалавек, а спецкантынгент.
Гэта былі мае самыя цяжкія суткі за тры гады. Шмат сядзеў адзін, адседзеў некалькі месяцаў у ШІЗА, але такога ж не памятаю, ІЧУ ў параўнанні з 2020 годам і цяпер — розныя рэчы: прыбралі пасцелі і нават паліцы са сценаў, 12 чалавек у камеры для палітычных на чацвярых — норма, антысанітарыя стала мацнейшая. Яны зрабілі Акрэсціна стандартам і цяпер жадаюць укараніць гэта паўсюль, нібыта начальнікі РУУС імкнуцца праявіць сябе як мага больш жорстка.
Вызваліўся ўвечары, прыехаў дахаты і не паспеў яшчэ паесці, як пачуў званок у дамафон — сілавікі. Не адчыніў ім, яны сышлі. А далей мне дапамаглі з эвакуацыяй, і 1 снежня 2023-га апынуўся ў Польшчы. Толькі на днях атрымаў дакументы і нарэшце магу афіцыйна працаваць — усталёўваю мэблю пад замову. Простая праца, каб не памерці з голаду і, магчыма, некаму дапамагчы.
Маю знаёмых, якія не могуць даказаць статус палітуцекача, бо па факце іх не пераследавалі, але і ў Беларусь яны не могуць вярнуцца, так і жывуць. Я адседзеў, але ёсць людзі, якім аб’ектыўна цяжэй.
Шмат людзей яшчэ не вызваліліся і сядзяць у вельмі цяжкіх умовах, і не ўсе такія вядомыя, як Калеснікава. Узяць хлопчыка 18-19 гадоў з тэрмінам у 12 гадоў і артыкуламі па тэрарызме і распальванні варажнечы, а далей за інтэрнэт яго справы не пайшлі — вось табе і тэрарыст. А тэрмін такі, што калі ўсё пойдзе як цяпер, яму там яшчэ доўга марынавацца.
Адчуваю злосць ад бяссілля. Адна справа — Пуцін ці Лукашэнка, ясна, якія яны. Але канкрэтны маёр, які цябе скручвае, прэсуе, потым нехта прыдумляе справу і цябе судзіць — у мяне не ўкладваецца ў галаве, як яны гэта робяць. Яны думаюць, што нічога асабістага: закатаю я гэтага малога цяпер на 12 гадоў, дык гэта проста мая праца. У кагосьці праца — вуліцу месці, а ў іх — людзей саджаць».
«Байсол» адкрыў збор у падтрымку былога палітвязня і яго сям’і — дапамагчы Монічам можна тут.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця
«У СІЗА мы з мамай прыдумалі ўмоўны знак». Сын вядомай актывісткі Таццяны Канеўскай расказаў, што перажыў
«Калі чуеш свіст куляў над галавой, гэта не надта прыемна». Былы палітвязень — пра няўдалыя ўцёкі за мяжу
Каментары
Ніякай нармальнай будучыні не будзе ў беларусаў, пакуль не асэнсуюць савецкі камуністычны таталітарызм, які працягваецца ў Беларусі.