Свет1010

Расійскі блогер сыграў у S.T.A.L.K.E.R.2 і выразаў літару Z на забітым персанажы

Ілья Мэдысан атрымаў вядомасць у 2010-я дзякуючы сваім аглядам на гульні і фільмы. Нядаўна ён перабраўся ў ЗША, але стары занятак не закінуў.

Ілья Мэдысан. Скрыншот відэа

Ілля Мэдысан (сапраўднае прозвішча Давыдаў), які нядаўна перабраўся з Расіі ў ЗША, правёў стрым па гульні S. T. A. L. K. E. R. 2 — працягу культавага ўкраінскага шутара. Аднак пасля жывога эфіру блогера забанілі на платформе Twitch.

Па сеціве разляцеліся скрыншоты і ўрыўкі са стрыму. У адным з іх блогер выразае літару Z на целе забітага персанажа. У іншым кажа, што «страляе на гукі мовы».

Пазней Мэдысан таксама напісаў, што «шэсць гадзін страляў у чувакоў, якія гаварылі на мове»: аўтары S.T.A.L.K.E.R.2 не сталі рабіць рускамоўны дубляж, блогер гуляў у арыгінальную гульню з украінскай агучкай.

У яшчэ адным моманце, калі ў гульні прагучала сірэна, Мэдысан з усмешкай сказаў: «Гэта што, СПА спрацавала?» Стрым, мяркуючы з усяго, сабраў вялікую аўдыторыю: сам блогер напісаў, што ў нейкі момант ягоная трансляцыя была ў топе на платформе.

Пасля стрыму канал Мэдысана заблакавалі за парушэнне правіл супольнасці. Сам блогер яшчэ да блакавання заўважыў, што ўрывак з літарай Z завірусіўся ў інтэрнэце.

«На стрыме я нават не звярнуў на гэта ўвагу, але нейкія шызафрэнікі нарабілі скрыншотаў (прычым першапачаткова іх пачалі форсіць у так званых патрыятычных пабліках) і цяпер згортваюць мне кроў.

Што я магу сказаць на гэты конт? Ды нічога асабліва. Я мог бы пачаць апраўдвацца (чымсьці тыпу патэрна ўдару нажом у гэтай гульні), выдаляць запісы, прасіць прабачэння, але мне нават лянота гэта рабіць, бо заўважыць нешта падобнае мог толькі глыбока заклапочаны чалавек», — заявіў Мэдысан.

Блогер сказаў, што на стрыме, наадварот, абараняў гульню і баяўся, што можа стаць з-за S.T.A.L.K.E.R.2 замежным агентам. І дадаў, што пераехаў з Расіі ў ЗША менавіта дзеля свабоды слова.

«Я паехаў сюды (у ЗША — Заўв. НН) якраз каб не было такіх сітуацый. Каб вар'яты не маглі ўбачыць на целах NPC (негульнявыя персанажы — Заўв. НН) сімволік, якія іх узбуджаюць, каб за гутарковы кантэнт не маглі адправіць на парашу і гэтак далей. Калі тут будзе гэтак жа сама, то які наогул сэнс жыць па-за домам? Гэта для мяне толькі дакажа, што ўвесь свет з'ехаў з глузду і няма сэнсу спрабаваць знайсці адэкватнае месца», — напісаў стрымер.

Пасля блакавання ён напісаў яшчэ адзін кароткі пост:

«Забанілі і забанілі, з*****а [надакучыла] ужо гэта ўсё. Нідзе нічога нельга гаварыць, рабіць, усе вакол крыўдзяцца. Для мяне гэта толькі чарговая нагода падумаць пра тое, чаго вартыя ўсе гэтыя ўяўныя свабоды».

Мэдысан атрымаў вядомасць у рунэце на стыку «нулявых» і «дзясятых» гадоў. Ён вёў папулярныя блогі на рутубе і ютубе, рабіў агляды на фільмы і гульні, спрабаваў сябе ў стэндапе. У 2017 годзе ён трапіў у скандал, калі ў Чачні заўважылі ягоны жарт пра Каран у адным з выступаў. Блогер расказваў, што яму пагражаюць расправай, пазней ён атрымаў паўтара года ўмоўна за распальванне нянавісці і варожасці, але судзімасць была знятая з-за дэкрыміналізацыі артыкула.

У 2019-м блогер уступіў у ЛДПР і стаў памочнікам дэпутата Дзярждумы. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ён выказваўся неадназначна. Спачатку ён ці то жартам, ці то ўсур'ёз заявіў, што збіраецца паехаць на Данбас зняць трэвел-блог.

Пасля пачатку мабілізацыі Мэдысана заўважылі ў Бялградзе. Калі ягонае фота на вуліцах сербскай сталіцы завірусілася, ён апублікаваў пост у сваім звыклым жанры постіроніі, у якім заявіў, што яго запісалі не ў той лагер, ён заўсёды быў пацыфістам і баязліўцам, і ніколі не быў патрыётам. Аднак там жа ён дадаў проста супрацьлеглае:

«Насамрэч я, вядома, застаюся патрыётам і падтрымліваю ўсіх вас, рускіх хлопцаў. Душой я з вамі, але целам знаходжуся ў брацкай Сербіі, бо адчуваю, што змагу тут прынесці больш карысці нашаму народу, бо тут на гэты момант бяспечней і піва «Козел» (чэшскае) каштуе 60 [расійскіх] рублёў».

З Сербіі Мэдысану неўзабаве давялося выехаць: як ён сам сцвярджае, праз канфлікт з фанатамі бялградскай «Црвены звезды». Тыя знайшлі стары стрым Мэдысана, дзе ён назваў сербаў «баязлівымі цыганамі, якія заўсёды здраджваюць сваім саюзнікам».

У верасні 2024 года стала вядома, што блогер пераехаў у ЗША, адкуль цяпер і вядзе стрымы.

Каментары10

  • Рамзанка Дыраў
    22.11.2024
    Загадаў сваім бандытам знайсьці гэтага хлопчыка і вытатуіваць яму зэтку на твары. Ахмат моц!
  • a.hto.tam.idze
    22.11.2024
    Душой з вамі, целам у брацкай.... Амерыцы.
  • .
    22.11.2024
    Для разумення, у чым яны бачаць свабоду.

Цяпер чытаюць

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары

Усе навіны →
Усе навіны

Мікола Дзядок выдаў кнігу пра тэхналогіі контррэвалюцыі3

У Іспаніі памерла 87‑гадовая жанчына, справа якой справакавала цяперашні палітычны крызіс у краіне11

Дзевяцігадовы кітаец пабіў сусветны рэкорд па складанні кубіка Рубіка. Гэта для яго ўжо не першы раз

Мінскі таксіст распрацаваў хітрую схему, па якой амаль задарма завалодаў 12‑цю аўтамабілямі4

Беларускі стэндапер перамог у польскай «Бітве комікаў»2

Кіеў увечары зноў быў пад атакамі, знікалі святло і вада. За дзень ва Украіне загінулі як мінімум 25 чалавек

ЕС анансаваў самае маштабнае пашырэнне санкцыйнага спісу супраць Расіі1

У Ганцавіцкім раёне знайшлі баравік памерам з каску ФОТЫ

На пажарны пост у Хойніцкім раёне прыпоўз тарантул ФОТАФАКТ2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць